Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/З ранейшых вершаў/Волат

Прыйдзеце Волат
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Ад крыві чырвонай…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Волат (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Волат[1].

Сьмерць… Бура… Трывога…
Ня йдзі, ой, ня йдзі ты, асілак-юнача!
Ляжыць прад табою страшная дарога,
Пагінеш, пагінеш… няйначай!

Чырвоныя коні пад небам нясуцца,
Пярун і грымоты ўвакруг раздаюцца,
І страх і атрута ўвесь сьвет абляглі…
І нішчыцца ўсё на зямлі…

І кроў… І руіны…
Ой, горкая будзе, дзяцюк, твая доля!
Сьмерць зрэжа касою — бы кветку-расьліну,
Груган зьнясе косьці па полю…

„Пайду! Я жадаю п’янець! загарэцца!
„Ўсім сьветам магу кіраваць я, здаецца,
„І пушчанай богам імпэтнай стралой
„Памчуся ўгару над зямлёй!

„Мне полымя! Сілу!
„Люблю я лунаць, бы арол, па абшары…
„Віхор нясе гібель, капае магілу…
„І цемрай ахоплены хмары…

„І пруцца, і рвуцца, і пеняцца хвалі,
„І плачуць, і скачуць, — о, волю ім далі! —
„А мора шалёнае — брацейка мне,
„А бура — ў грудзях у мяне!

„Я — цар уладарны![2]
„Я — сьмерці таварыш! Я славай кірую!
„Я — сонца адвечнага сын сьветазарны!
„Я з сілай сьмяротнай ваюю…

„Я волю з жалезных зубоў вырываю!
„Свой гнеў праз мяне бог на сьвет пасылае!
„Я помста за мора няшчасьця і сьлёз!
„Мне шаг ад зямлі да нябёс!..

Памчаўся далёка…
Прапаў!.. І ня вернецца сьмелы ніколі —
Яго ня убачыць ўжо матчына вока…
І грудзі парвуцца ад болі.

Яму пахвалы за адвагу ня трэба —
Яму шлях агністы — зарніца у небе,
Ён — шчасьце, дыханьне адважных людзей…
Ён — песьня старых і дзяцей…



  1. Дужы чалавек, асілак.
  2. Старабаўг. — валадарны.