Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/III/Б/Зьмітрок Бядуля/Пад родным небам/Псальмы паўночныя

Пяе струна… Псальмы паўночныя
Верш
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
⁂ (За мною курганы вячыстыя…)
Іншыя публікацыі гэтага твора: Псальмы паўночныя.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Псальмы паўночныя.

Псальмы паўночныя, — кветкі расістыя
Сэрца сьмяротнага сьпевы вячыстыя,

Птушкамі лёгкімі зьнізу насіліся,
Ў неба халоднае скрыдламі[1] біліся.

Пчолкі маўклівыя — зоранькі пільныя
Іх сустракалі там цішай магільнаю.

Месяц палохаў іх сном-таямніцаю,
Скрыдлы кадзіліў ім злой агнявіцаю.

Хмары іх вабілі шэрай пуцінаю,
Путалі-блыталі цьмой павуцінаю.

Далі трывожылі сінімі дахамі,
Процьмай бязьмежнаю, белымі страхамі.

Псальмы паўночныя — ягадкі сьпелыя —
З неба вярнуліся асірацелыя.

Песьня за песьняю ўніз пакацілася,
Сэрца ад жаласьці ціха разьбілася.


  1. Полён. — крыльлямі.