Як чутно, дык гэтак, мусі,
У нас па цэлай Беларусі:
Кожан[2] двор і кожна хата
Мае прыказак багата.
У кожнай справе, у кожным дзеле,
Як падумаеш тыкеле;[3]
А сьпісаць іх усе з натуры,
Дык валовай мала скуры.
Але прыказкі ўсе гэты
Ня ліхой бываюць мэты,
Іх прыкеміць[4] толькі штука,
А там кожнаму навука.
У аднэй вёсцы даўнавата
Жыў адзін мужык багата,
Так, як іншы раз бывае,
Калі ў масьле сыр плывае:
Меў і грошай, і будынку,
І харошую скацінку,
Меў дачушку і сыночка,
Удалога адзіночка.
А пражыўшы веку спора,
Як прачуў канец свой скора,
Залёг стары у краваці,[5]
Ды дзяцей к сабе стаў зваці.
„Дзеткі — кажа, мае мілы,
Я ўжо блізак да магілы!
Табе, дочка, трэба будзе
З волі божай пайсьці ў людзі.
А ты, сынку, як бог здарыць,
Калі будзеш гаспадарыць
Вэдле[6] бацькаўскага ладу,
Дык старога помні раду:
Калі ты ідзеш з сахою,
З возам, з бараной, з сяўнёю,
Не кажы, ідучы з дому:
„Памажы, божа“ нікому!
А другое, знай, ці чуеш,
Як арэш, ці барануеш,
Ды дамоў будзеш адходзіць,
Абгародзіць не зашкодзіць. А нарэшце, помні гэта,
Ці то восень, вясна, лета,
Ці зіма, каб круглым годам
Табе яда была з мёдам“.
Расказаўшы гэта сыну,
Ён у тую-жа часіну,
Так казалі ўсе аб гэтым,
І расстаўся з божым сьветам.
Яго пекна[7] пахавалі,
Успамінкі, бач, спраўлялі,
Прадаўшы на то карову,
Далі на мшу[8] трырублёву,
А яшчэ тры разы столькі
Занясьлі у манаполькі.
Прызабыўшы крыху гора,
Сястра замуж вышла скора,
Брат быў справіў ёй вясельле
І ўсяго на навасельле
Даў і нават ня скупіўся,
Ды жаніцца сам маніўся.
А натуру[9] меўшы шпарку,[10]
Ўзяўся сам за гаспадарку.
Як ідзе ці едзе можа,
То ня дасьць „памажы божа“;
А араць ідзе з сахою,
Вязе плоту воз з сабою,
І як толькі араць годзе,
Што ўзарэ, тое гародзе.
Посьле даў сабе выгоду:
Накупляў і пшчол[11] і мёду.
Есьць уволю і сыцее,
Але штось не багацее.
Парой ня ўсее, ня уробіць,
Дык і збожжа ўжо ня родзіць,
І карысьці нямаш з плоту,
Ды сагнаў з мёду ахвоту.
Схмурнеў хлопец наш, казалі,
Ды сьмяяцца з яго сталі:
Ці пашкоджана сяліба,
Ці з мазгоў сыйшоў ён хіба?
Ён то раз неяк вясною,
Сеўшы ў полі пад мяжою,
Аб сваім думаў няшчасьці,
Плакаць стаў і бацьку клясьці.
Што ня шэньціць[12] і ня родзіць.
Аж мяжою падыходзіць
Да яго дзядок старэнькі,
Увесь як галубок сівенькі,
І з кіëчкам, торба бела
На плячы ў яго вісела,
Ды каптанік на ім новы,
На нагах лапці ліповы,
З яго вочак сьвятлом біла.
Стала хлопцу неяк міла!
А як стаў, разгаварыўся,
Дык хлапец чуць не расплыўся.
Дзядок стаў пытаць паволі,
Чаго плача ён на полі?
Ці бацькоў мо’ сьмерць забрала?
Ці няшчасьце напаткала?
Ці жыцьцё табе дадзела?
Гавары мне, сынку, сьмела!
„Не, ня маю я нічога,
Ані крыўды да нікога.
І ніхто мне не пашкодзіў:
Мяне бацька мой зазводзіў!“
Ды прызнаўся перад дзедам,
Як той есьці казаў з мёдам,
Гарадзіць пашню[13] на полі,
Прытым не казаць ніколі,
Ідучы на поле з дому,
«Памажы, божа» нікому“.
Паківаў дзед галавою:
— „Сынку, робіш ты ня тое
І на бацьку дарма брэшаш,
А за гэта цяжка грэшыш.
„Паможы, божа“ ня даці —
Гэта значыць не заспаці
І старацца, мой саколе,
Чым найраней выйсьці ў поле.
Дык ня ты ўжо дасі людзям,
Табе кожан даваць будзе.
З гарадзьбой рэчы такія:
Узгарэш ганцы другія,
Абжэнь[14] сошкай ці баронкай,
Абгародзіш баразёнкай.
З мёдам-то такая справа:
Кожная салодка страва,
Зьясі смачна, мёд пачуеш,
Калі добра папрацуеш“.
Рокшы[15] гэта, дзед старэнькі
Зноў мяжою праз засьценкі.
Ўжо далёка апынуўся,
Пакуль з думак быў ачнуўся
Наш хлапец; ніхто аднача
Нідзе дзедку не пабачыў, Скуль узяўся і дзе дзеўся
І што ён рабіць тут меўся,
Хто ён быў, ніхто ня знае.
Быццам сам бог! — хлапец бае.
Бо з той пары ў яго ў хаце
Скора найшлося багацьце,
Стала зноў радзіць на полі
І ўсяго было даволі.
А суседзі яго тыя,
Людзі злосныя, благія,
Што сьмяяліся, брахалі,
Завідаваць яму сталі.
Гэтак бывае часамі,
Але ведаем і самі,
Што на сьвеце так бывае:
Хто працуе, той і мае.
|