Хто вінавайца вайны

Хто вінавайца вайны
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
1917
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», №5, 9, 11. - 1, 26 ліпеня, 3 жніўня 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як земляробам патрэбна зямля, дык гэтак прамыслоўцам — фабрыкантам і заводчыкам — патрэбны рынкі. Уся моц селяніна-земляроба ў зямлі, а сіла прамыслоўца ў рынках. Чым больш рынкаў у прамыслоўцаў, тым ім лепей і выгадней. Калі няма рынкаў, дык няма куды збываць тавары, а як няма гандлю, дык няма прыбыткаў. Тагды прамыслоўцы прымушаюцца спыняць свае фабрыкі і заводы. Прамыслоўцы застаюцца без барышоў, а рабочыя без работы. Адгэтуль мы бачым, што інтарэсы капіталістаў-прамыслоўцаў і інтарэсы фабрычных рабочых пры капіталістычным ладу моцна паміж сабой звязаны. Страта і недахват рынкаў шкадлівы не толькі фабрыкантам і заводчыкам, але і тым рабочым, што працуюць на фабрыках і заводах. Гэта вельмі важна, і хто хоча ўразумець сэнс цяперашняй вайны, той павінен гэта запамятаць.

Расія — дзяржава вялікая, народу ў ёй многа, а значыцца, і рынкі яна павінна мець шырокія. Ліха толькі ў тым, што народ наш надта бедны і неасвечаны і не мае культурных патрэбаў. Не маючы грошаў, ён не можа купляць таго, што вырабляецца на фабрыках і заводах, а не маючы добрай асветы, ён ужо сам не цікавіцца тым, што робіцца на свеце. На што яму, напрыклад, кніжкі, газеты, тэатры, калі ён і чытаць не ўмее. Самадзяржавіе ціснула яго, трымала ў цямноце, а палёгкі людзям не давала. Каб зрабіць сялянам палёгку, дык трэ было адабраць у паноў зямлю, а каб даць яму асвету, дык трэ ўцякаць самому, бо асвечаны чалавек ніколі не згодзіцца, каб адзін чалавек панаваў над ім ды вычвараў што забажаецца. Самадзяржавіе гэта ведала, а дзеля таго і трымала народ без асветы, у муштрах і паняверцы. Каб народ як-небудзь не даведаўся аб чым-колечы сам, па ўласнаму даследу, дык яно панастаўляла ўсюды жандармаў, паліцэйскіх і шпігаў. Мы памятаем, што яно вырабляла з тымі людзьмі, што хацелі адкрыць людзям вочы. Іх лавілі, садзілі ў турмы, катавалі, засылалі ў Сібір на засланне, стралялі і вешалі.

Прамыслоўцы і ўсе багатыры-капіталісты разумелі, што трымаць народ у беднаце і неасвечанасці нядобра. Перш-наперш ім жа самім невыгодна: з бедным і цёмным чалавекам многа не нагандлюеш і шмат грошаў не заробіш. Бедны чалавек на рынку часта не бывае, у крамах мала што купляе, а ўсё мяркуе, каб як абысціся хатнімі дастаткамі. Купіць там солі ці гузік які, а сам ходзіць у лапцях і ў зрэбнай кашулі. Тым часам прамыслоўцы або, як кажуць, капіталісты, мала дбалі пра тое, каб скінуць цара з яго пякельным панаваннем. Хоць ім гэта і карысна было б, але ж яны баяліся. Хто яго знае, як яно там выйдзе, а цар можа арыштаваць ды кінуць у вастрог, а то й на засланне справадзіць. Багатаму чалавеку страшна турма, як таму д’яблу крыж. Хто прывык жыць у раскошы й дастатку, той напэўна не адважыцца выйсці на вуліцу змагацца з царызмам. Вось мы й бачым, што рэвалюцыю рабілі не багатыры ці капіталісты, а рабочыя і салдаты — усё народ бедны, катораму ў змаганні з царызмам няма чаго траціць, апроч кайданаў і таго жыцця, што туманіла яму вочы. Багатыры сядзелі сабе ў залачоных пакоях, папрыбіраныя ў шоўк і аксаміты, пілі салодкую каву і гарбату, а пра тое й гадкі не мелі, што народ пухне з голаду, а салдаты мруць на вайне без куль і гарматаў. Яны ведалі, што гэта дрэнна і нават спачувалі енку людзей, але каб дапамагчы людзям, каб паўстаць ды скінуць цара, дык не — гэтага яны баяліся і рабіць не хацелі. Бо з царом зручней было жыць, ён памагаў ім эксплуаціраваць (дзерці) людзей і не саўсім дрэнна абыходзіўся.

Дык заміж таго, каб збавіцца ад цара ды ўзбагаціць свае ўласныя рынкі дзеля прадажы тавараў у сябе дома, капіталісты ўвайшлі ў хеўру з царом ды разам з ім дурылі голаў народу. У 1904 годзе яны павандравалі былі ў Карэю, каб там заграбастаць сабе рынкі. Карэя ўласных фабрыкаў і заводаў не мела, а тым часам абысціся без таго, што вырабляецца на фабрыках і заводах, аніяк нельга. Дый ласы карэйцы на ўсялякія чырвоныя стужкі — чырвонаму, кажуць, кожын дурань рад. Вось і сунуліся туды нашы капіталісты са сваім гандлем, каб панабіваць сабе кішэні. Але за карэйскімі рынкамі сачыў Японец. Японскім прамыслоўцам карэйскія рынкі патрэбны былі самім, і пускаць туды чужых не мелася жаднай рахубы. Ушчухалася спорка, каторая, як мы памятаем, скончылася вайной. Тагды Расія не толькі не разжылася на новыя рынкі, а, наадварот, яшчэ страціла сама добры кавалак уласнай зямлі (Сахалін). А колькі народу згінула на вайне, колькі страціла марна народных грошаў і ўсяго іншага — і пералічыць трудна. Кажуць, што падрахункі вайны з японцам падлічваюцца яшчэ й досі. Народ сцяміў тагды, хто вінавайца вайны і паўстаў, каб скінуць цара з яго хаўруснікамі, але справіцца тагды (1905 г.) з самадзяржаўным ладам не здолеў. Бунтаўшчыкоў пералавілі, адных павесілі, другіх аддалі на катаргу ці ў Сібір на засланне, трэціх пасадзілі ў турмы.

Прайшло тры-чатыры гады, народ замёр і прытаіўся пад дружным гвалтам царскіх супыннікаў. Каб задушыць паўстаўшы народ, царскія прыхвасні не шкадавалі ні бізуноў, ні куль, ні шыбеніц. Перапалоханыя паўстаннем капіталісты сцішыліся, покі не абурыліся ды зноў не заварушыліся. Нароблены тавар доўга ляжаць на складзе не можа — хутка пачне гніць і псавацца. Трэба шукаць ратунку. І капіталісты пачалі разнюхваць, ці не пахне дзе рынкам. Водзячы носам у паветры, яны хутка даведаліся, што ў Турцыі, напрыклад, умацаваўся ўжо немец. З Кітая і Карэі прагналі — туды і скрыпацца няма чаго — схвацяць за каршэль ды вышпурнуць. Тым часам, прырадзоная памаўзлівасць не давала спакою. Паблізу, у суседстве, была Персія, што ляжыць у нас па-за Каўказам. Вось туды і павандравала наша дыпламатыя пад кіраўніцтвам прамыслоўцаў-капіталістаў.

Праўда, на поўдні Персіі ўжо гаспадарылі англічане, але паўночны бок гэтай старонкі, суседні з намі, быў яшчэ волен. Англічане і немцы ахвотна згадзіліся аддаць Расіі на карыстанне гэты бок Персіі, або, як кажуць дыпламаты, прызналі «сферу расійскага ўплыву». Тут, моў, гаспадаруй сабе на здароўе, але, проша пана, не замінаць нам там, дзе мы ўжо пабудаваліся. Трэба сказаць, што англійскія і нямецкія прамыслоўцы не вельмі вараваліся расійскіх. Фабрыкі і заводы ў іх лепшыя, тавары таннейшыя і гатунку мацнейшага, а значыцца, расійскія прамыслоўцы канкурыраваць (змагацца) сваімі таварамі на рынку не маглі і мала ім перашкаджалі. За тым-та яны так лёгка і згадзіліся на «сферу расійскага ўплыву», і сама справа ўладзілася без вайны і звадкі.

Вось гэтак, пасля ганебнай і прыкрай карэйскай авантуры, пачалася персідская авантура, з каторай кешкаюцца і да гэтага часу. Персія афіцыяльнай вайны нам не рабіла, а тым часам, дзякуючы гэтай авантуры, нам даводзіцца, ваюючы з туркамі, змагацца і з персамі.

Зразумела, што персам не надта спадабалася, што чужыя людзі без дай прычыны пачалі там гаспадарыць, як у сябе ў кублі. Пачаліся сваркі, звадкі і нават забойства. А дыпламатам нашым гэтага толькі й бажалася. Знайшлася зачэпка. «Дык вы бунтавацца?» — захадзіліся дыпламаты. — Не хочыце нашых падарункаў (тавараў), не разумееце, дурні, што мы вас прыйшлі навучаць вуму-розуму?! Паслаць сюды войска! Зацкаваць іх казакамі!"

І войска паслалі, і да гэтага часу там ваююць. Соткі тысячаў нашых салдатаў — сялян, працаўнікоў зямлі і рабочых злажылі косці свае ў далёкай персідскай зямлі. На што іх кінула туды вар’яцкая рука самадзяржавія? Завошта ўміралі яны там, на чужой-чужаніцы? Яны не ведалі і не ведаюць бацькі і маткі іх дагэтуль, за што гінулі сыны іх на чужой старане! Хіба цар і яго служкі казалі каму, што яны робяць? Хіба яны радзіліся з кім ці пыталіся ў каго аб чым-небудзь? Ніколі на свеце! Яны прымусам забіралі людзей, гналі іх, як бязмоўную гавяду, і ніколі ні з кім не рахаваліся. Цёмны народ ішоў ды яшчэ песні спяваў у дарозе: «Ай да цар, ай да цар, праваслаўны гасудар!» Праціўна і горка, брыдка і жаль сэрца кроіць…

Калі збянтэжанаму японскаю аплявухаю самадзяржавію ўдалося ўціхамірыць казакамі Персію, дык гэтым не давялося супакоіць англічан. Рэч у тым, што па суседству з Персіяй, каля вядомага старасвецкага горада Багдада, ляжыць найбагацейшая ў свеце старана, Індыя. За гэтую зямлю ўхапіліся англічане аберуч і трымаюць яе як мага. Яны цупка ўчапіліся за яе і даражаць ёю больш за ўсё на свеце. Індыя — багаты, але не прамысловы і малакультурны край. Англійскім прамыслоўцам і чыноўнікам тут проста лахва. Яны набіраюць тут грошы па поўнай жмені і вяртаюцца дадому багатырамі.

Аб гэтым даведаліся немцы. Разабрала іх зайздрасць. Што рабіць? Германія ад Індыі далёка, апроч таго, паміж імі стала на дарозе Турцыя. Праўда, яна нічога не робіць, але як-ніяк замінае. Вось нямецкія прамыслоўцы праз сваіх хітрых дыпламатаў лісліва падлезлі к туркам і выманілі ў іх дазвол пабудаваць жалезную дарогу ад сваёй сталіцы Берліну праз Канстанцінопаль (турэцкая сталіца) да Багдада. Такім чынам яны спадзяваліся трапіць са сваімі таварамі ў багатую, вабкую Індыю.

Пасуванне немцаў на Багдад перапалохала англійскіх капіталістаў. Яны ўгледзелі небяспеку свайму ўладарству не толькі ў паўднёвай Персіі, але й у самой Індыі. І, трэба сказаць, мелі на гэта пэўную рацыю. Нямецкая прамысловасць к гэтаму часу ўмацавалася, акшталцела і стала вырабляць тавары таннейшыя і не горшыя за англійскія. Уся моц Англіі — яе прамысловасць і гандаль, а першым дзелам тыя рынкі-калоніі, куды яна возіць на продаж свае завадскія і фабрычныя вырабы. Калі папусціцца, каб убіўся сюды немец, дык, напэўна, страціш палавіну сваіх рынкаў. А чым чорт не жартуе — немец хітры і ўпарты, тавары мае добрыя, дык можа зусім іх выціснуць з гэтых пажытачных рынкаў. Тады — безгалоўе, ні ўзад, ні ўперад — хоць жывым у труну кладзіся. Страта рынкаў, як вышэй казалася, шкадліва не толькі прамыслоўцам, але і тым рабочым, што ў іх працуюць. Адгэтуль зразумела, чаму гэтак лёгка англійскія і нямецкія рабочыя паслухалі свайго ўраду ды згадзіліся на вайну. Адгэтуль мы бачым і тое, чаму ім так трудна замірыцца, не давёўшы вайны да канца. Дапраўды, калі, скажам, на вайне перамогуць англічане, французы і рускія, дык немцаў прагоняць адусюль і гандляваць забароняць. А калі перамогуць германцы, дык будзе наадварот. Тады паспыняецца шмат фабрыкаў, заводаў; рабочыя страцяць работу, заработкі ды апынуцца на вуліцы, у цяжкім становішчы.

Вось тут і завязаўся той вузел пракляты, той востры канфлікт паміж гасударствамі, каторы немагчыма было ўладзіць згодай і каторы, канец-канцом, стаў вінавайцам страшэннай, сусветнай цяперашняй вайны.

Англіі і Расіі не пад густ было, што немец завітаў на Турэччыну, але немцы не маглі добраахвотна пакінуць Турцыю. Турцыя — багаты рынак для нямецкіх прамыслоўцаў, а таксама надта прыгодны край дзеля перасялення, або, як кажуць, для каланізацыі. Край гэта багаты, ураджайны, і лепшага месца трудна знайсці для тых людзей, што не маюць прытулку дома. Народу ў Германіі многа, лік яго з кожным годам расце і павялічваецца, а тым часам само гасударства, сціснутае з усіх бакоў чужымі дзяржавамі, пашырацца не магло. Трэ было шукаць сабе месца пад сонцам. «Гасударства не дрэва, — пісаў адзін немец, — расці ўвыш яно не можа, а мусіць пашырацца ў бокі». Гэта значыць — хочаш жыць, дык старайся зямлі, начай — безга-лоўе. Вось чаму нямецкія сяляне так моцна і згодна трымаюцца за Вільгельма і вось чаму не хочуць рабіць замірэння без перамогі. Вільгельм ваюе якраз за тое, што патрэбна людзям: ён хоча пабольшыць сваё гасударства. Адгэтуль мы бачым, што нядобра рабілі нашыя сяляне, уцякаючы з сваёй роднай зямелькі. Яны астаўлялі пустое месца для нямецкай каланізацыі і тым несвядома памагалі немцам лягчэй дабіцца сваёй мэты. Кінуўшы сваю хатку, нялёгка вярнуцца дадому: той памрэ ад голаду і пошасці, а той прымайструецца на чужыне дый думаць кіне аб сваёй зруйнаванай сялібе. Дужы і згодны народ павінен трымацца за зямлю як мага. Без зямлі чалавек, як рыба без вады.

З другога боку, англічане гэтаксама не маглі памірыцца з тым, што Германія рыхтуецца ўмацавацца ў яе пад бокам, на дарозе, і саўсім недалёчка ад Індыі. Згадзіцца на гэта яна не мела жаднай рахубы. Гэта б значыла, што яна, Англія, па добрай волі падпускае ваўка да чарады авец, гэта б значыла, што яна сумысля адказваецца ад найбагатшых калоній на свеце і ад той працы і страт, якія палажыла яна на тое, каб захапіць гэтыя калоніі і пабудавацца там. Два мядзведзі, кажа прыказка, у адным логавішчы ўжыцца не могуць. Немагчыма ўжыцца побач і Англіі з Германіяй.

Вось гэтак, непрыкметна, нарвала тая скула, каторая прарвалася страшнай, нечуванай ў гісторыі вайной. Там, дзесь на краі свету, пачаў бэрсацца той вузел, разглядаючы каторы людзі з жахам узіраліся ў таёмную будучыну. Усе дзяржавы ўзброіліся. Кожны год яны трацілі страшэнна вялікія грошы на кулі, бомбы і гарматы, трымалі пад руж’ём вялікую моц войска, чакаючы таго страшнага мамента, калі гістарычны прымус рыне іх у крывавую бойню. Не будучы прарокам, вучоныя за колькі год наўперад казалі, што справа скончыцца вайной. Калі на кладцы стрэнуцца двое і ніводзін не захоча вярнуцца назад, каб уступіць дарогу другому, дык бойка пэўна пачнецца, бо прастаяць на месцы, сціскаючы ад злосці кулакі, доўга немагчыма. Ці пан, ці прапаў, а развязаць спорку трэба. Хто каго скіне з кладкі, чый будзе верх — англічанкі ці немца — хутка пабачым. Завіруха пачалася, трэці год яна свішча і бушуе, і скончыцца павінна.

Калі чорныя хмары завалакуць яснае неба, калі пойдуць па небу грымоты й маланка, калі свет сцішыцца, замрэ й абамлее, дык немагчыма людзям стрымаць навальніцу. У справах палітычных і грамадзянскіх падзеі людскія ўчыняюцца і кіруюцца варункамі, ад густу людзей незалежнымі. Гэта мы бачым на сучаснай вайне: ніхто з нас вайны не хоча, а тым часам ваяваць трэба. Рэчы, звычайныя рэчы — карысць і прыбытак пануюць на свеце, а чалавек у іх найміт, будзь ён хоць тройчы Вільгельм германскі. Людзям здаецца, што яны самі робяць сваю гісторыю, як здаецца, што мы па ўласнаму бажанню носім свае вопраткі. Гэта здаецца, што слонца ўсходзіць і заходзіць, а дапраўды, прынамсі, датычна той часткі бязмежнага свету, каторая завецца сланечнай сістэмай, дык слонца стаіць нерухома, а наша зямля кружыцца каля слонца.

Грамадзянскія стасункі ўсведамляюць (определяют) па-літычны і жыццёвы погляд людзей і кіруюць іх чыннасцю. Гістарычныя з’яўленні можна ўмеркаваць, як магчыма ўрэгуляваць віраватую рэчку, але затрымаць ці змяніць іх кірунак на ўласны густ, па ўласнаму кшталту, і пусціць на гладкі, жаданы шлях паступовасці — гэта покі што людзі зрабіць не могуць. Надыдзе час, і час гэны не за гарамі, калі людзі самі стануць будаваць сваё жыццё, або, як гэта кажуць, людзі самі пачнуць рабіць гісторыю, але цяпер, у наш час прамысловасці і капіталізму, гісторыя чыніцца па варунках, ад нас не залежных. Адгэтуль не трудна зразумець, што не лгуць немцы, як кажуць, што яны не хацелі вайны. Гэтаксама справядліва і наадварот, што Англія, Расія, Францыя і інш. не жадалі гэтай сусветнай бойкі. Вінаваты ўсе наогул і ніхто паасобку.

Адгэтуль жа відаць памылковасць і таго погляду, што быццам гэтая вайна апошняя і што, скончыўшы яе, людзі ўмовяцца раз назаўсёды жыць згодна, па-братэрску, а калі з’явіцца задзіра, дык прымусам заставяць яго сядзець ціха. Але гісторыя вучыць, што людзі, змогшыся на вайне, як пеўні ў бойцы, не раз умаўляліся паміж сабой на вечны мір, — толькі нічога з гэтага не выходзіла. Гэты жаданы ўсімі «вечны мір» трываў роўна столькі, сколькі трэ было часу, каб людзі зноў не пасварыліся. А сварыліся яны заўсёды, як толькі інтарэсы кіруючых станаў суседніх дзяржаваў стыкаліся на адной дарозе. Стрэўшыся, моў тыя казляняты на кладцы, інтарэсы гэтыя разыціся па добрай ахвоце не могуць. Дый разыціся няма як — кладка заўсёды вузкая, а вярнуцца назад нельга, бо гісторыя пасуваецца ўперад на моцы няўхільных законаў капіталістычнага ладу.

Стаяць нерухома гісторыя не можа, бо гісторыя — гэта само жыццё людзей, а жыццё павінна развівацца ды ісці ўперад, калі не жадае памерці. І вось дзяржавы, стрэўшыся на адной пуцявіне, спіхаюць адна другую з дарогі і коштам крыві, мора слёз і гора расчышчаюць сабе сцежку. Вайна скончыцца, і людзі будуць жыць вольна, згодна і па-братэрску, але не цяпер, покі існуе лад промыслу і гандлю, або лад капіталізму. Покі існуе ўласнасць на зямлю і на ўсе прылады і начынне прамысловага (хвабрычнага і завадскога) вырабу, покі зямля і прамысловасць трымаюцца паасобнымі людзьмі ў кожным гасударстве, покі ўласнікі зямлі, хвабрыкаў і заводаў маюць на ўвазе толькі свой, асабісты інтарэс, сваю асабістую карысць і нажыву, да таго часу вайна будзе вісець над жыццём людзей, будзе пагражаць у магчымасці. Покі ўсё гэта існуе і не перажыта, покі не зруйнаваны капіталістычны лад дзяржаўнага будавання, да таго часу людзі не могуць быць пэўнымі, што вайна ці там, ці тут зноў не загарыцца. Вайна скончыцца, і з вайною людзі расквітаюцца навекі толькі тады, як запануе па ўсём свеце сацыялізм. Тады людзі сапраўды выскачаць з царства прымусу і гвалту ў царства вольнасці, братэрства і згоды.

Цікава, што за гадоў колькі наўперад французскія і нямецкія вучоныя, пытліва ўглядаючыся ў таёмную будучыню, пісалі, што вайна пачнецца якраз у Сербіі, па дарозе ад Берліна праз Канстанцінопаль на Багдад. Так яно і выйшла. У Сербіі забілі аўстрыйскага наследніка. Потым выявілася, што ўчынілася гэта не выпадкова, а наўмысля, дзякуючы розным дыпламатычным махлярствам. Надта ж бо нямецкім капіталістам і прамыслоўцам хутчэй хацелася прабрацца к Багдаду, дзе разлягаецца багатая мясцовасць — Месапатамія. Але на дарозе да гэтага вабкага краю стаяла Сербія, невялічкая сама па сабе, але ўсё-такі са сваім уласным вокам. Вось і трэ было выдумаць зачэпку, каб сапхнуць з дарогі сербаў. Так, без дай прычыны, чапляцца нязручна і брыдка — і суседзі ворага глянуць, а тут — на табе: забілі наследніка! Гэтакага здарэння дачакаць трудна. «Помста, помста!» — лямантавалі нямецкія імперыялісты. Аўстрыякі ў цеснай згодзе з немцамі або, справядлівей сказаць, камандуючыя станы тых і другіх і слухаць, бач, не хацелі, калі сербы запрапанавалі ўсё, абы ўладзіць справу згодай, справядліва кажучы, што не вінавата ж цэлае гасударства ў тым, што натварыла адна вар’яцкая рука. Тым часам немцы рабілі ўсё ад іх залежнае, каб скарыстаць гэты мамент дзеля сваёй заваявацельнай мэты.

Такім чынам, Аўстрыя пайшла вайной на Сербію, абвясціўшы, што яна прымушана гэта зрабіць праз тое, што Сербія не хоча здаволіць іх «справядлівага» пачуцця помсты за забітага «наследніка». Але «умысел тут был иной», і Сербія вінавата была толькі тым, што немцам хацелася есці.

Маючы таёмны зговар з Германіяй і згоду з ёю, Аўстрыя дамагалася праглынуць Сербію разам з суседнім маленькім каралеўствам, на назву Чарнагорыя. Яны рыхтаваліся захапіць усе землі на беразе Адрыятычнага мора і квапіліся ўмацавацца ды стаць паўнамоцным гаспадаром на Балканах.

Але жаданне Аўстрыі запанаваць на Балканах не пад густ было самадзяржаўнай Расіі. Расія сама квапілася на гэта, і памаўзлівасць Аўстрыі станавілася папярок дарогі — гэта перашкаджала яе інтарэсам. Расія глядзела на ўсе балканскія народы (сербы, баўгары, чарнагорцы і інш.) як на сваіх малодшых братоў, за каторымі яна, на моцы сваяцтва і большасці, самім лёсам прызначана апекаваць, назіраць і захіляць ад напасці, кіруючыся той думкай, што не цяпер, дык у чацвер, а ўсе «славянскі ручьи» павінны «слиться в русском море», хоць ад адной думкі злучыцца з самадзяржаўнай Расіяй «малодшых братоў» кідала ў жар і праймаў халодны пот. Камандуючыя станы Расіі пазіралі на славянскія народы як на цэглу і кафлю для будаўніцтва моцы і гонару велікарускага дзяржаўства. «Усе — дзеля Масквы, а Масква — гаспадыня» — так мыслілі расійскія імперыялісты.

Квапячыся прашыцца гаспадарным братам на Балканы, Расія чакала толькі зручнага мамента. Мала гэтага, зайздросная і памаўзлівая, яна рахавалася за адзін прысест захапіць і Канстанцінопаль з тамтэйшымі пралівамі, а турак прагнаць зусім. Як мы ведаем, першыя міністры Часовага Урада насіліся з думкай гэтай, як кот з кілбасой — так шкода было багатырам расійскім расстацца з вабнай марай аб Царградзе. Трэба сказаць, што колісь-та там, дзе цяпер туркі, было Грэцкае царства, адкуль мы, славяне, злучаныя цяпер у Дзяржаве Расійскай, атрымалі веру. І толькі трымаючыся гэтага дрыгвянага грунту, расійскія імперыялісты — прамыслоўцы і капіталісты — матывуюць і маральна апраўдваюць сваё права на захват Канстанцінопаля. З гэтага мы бачым, што калі вымагае таго інтарэс кішэні, дык сама рэлігія, справа сумлення і Бога, ідзе на падмогу зайздрасці багатыроў. У справах нажывы і рабунку багатыры не маюць нічога святога і самога Бога гатовы ўжыць дзеля карысці і зыску…

Як ведама, на пагрозы Аўстрыі пайсці вайной на Сербію Расія старога самадзяржаўнага ладу без попыту ў працоўнага народу мабілізавала сваё войска. Нібы ў адказ на гэта Германія, хаўрусніца Аўстрыі, абвясціла сваю мабілізацыю. А Англія з Францыяй, быццам стоячы на грунце агульнай справядлівасці і абараняючы ад крыўды Сербію, заступіліся за Расію. Карты былі стасаваны, раздадзены і… крываўніца пачалася.

Англійскім і французскім прамыслоўцам Расіі нябоязна. Расія ім нястрашная, бо дзяржава яна малакультурная і саўсім непрамысловая. Фабрыкаў і заводаў у яе мала, тавары вырабляюцца дорага, кепска і тандэтнай З таварамі тандэтнага і брыдкага вырабу змагацца або, як кажуць, канкурыраваць на сусветных рынках немагчыма. Ім боязна было нямецкіх прамыслоўцаў, нямецкіх тавараў. Але Расія вялікая, мае шмат войска і ў гэтым сэнсе як не трэ лепей можа стаць ім на дапамозе. Злучыўшыся з ёй, можна пабіць немцаў. Тым-та й не дзіва, што Францыя і Англія, вольныя і ганарыстыя, не паганьбавалі трымаць хеўру з самадзяржаўнай Расіяй, з каторай яны самі пакеплівалі і называлі барбарскай і гвалтаўніцай. Але як патрэбавалася бараніць кішэнь ад немцаў, дык «барбарства» Расіі не пашкодзіла іх кампанейству і сяброўству. Што Расія бедная і не мае добрых ваяўніцкіх прыладаў — гэта не бяда, — затое людзей, салдатаў многа і шмат рознай зямлі. Куль і гармат можна надаслаць, а пад зямельку і грошаў пазычыць няважка. Дый Амерыка стане ў прыгодзе — яна даўно ўжо кастрыцца на немца, баючыся іх суседства на моры.

Усё пайшло як па-пісанаму. Нават Амерыка не стрымалася ды ўблыталася ў гэту страшэнную вайну. Японія зрабіла хітрэй за ўсіх. З самага пачатку вайны яна захапіла на моры ўсе нямецкія калоніі ды гаспадарыць там, як у сябе дома. Сваім учынкам яна напудзіла Амерыку. Тая агледзелася, што Японія, бадай што, страшней за немца. Яны ворагі на моры. Папускацца гэтым не мае рахубы. А тым часам і прыгразіць японцу нельга, бо Японія хаўрусніца Англіі, з каторай сварыцца не выпадае.

За гэтую вайну Амерыка страшэнна разбагацела, гандлюючы гарматамі і збожжам. Дайшло да таго, што грошы пачалі траціць сваю каштоўнасць — такую гібель яна нагандлявала. Швед, напрыклад, дык той загадаў не пускаць больш у свой край чужога золата, каб не патаннела тое, што маецца дома. Такім чынам, вайна, спачатку багаціўшая нейтральныя дзяржавы, пачала нарэшце шкадліва адбівацца на іх дзяржаўнай гаспадарцы. З крыніцы прыбытку яна стала багнай патапельніцтва. Паўстала пытанне аб тым, ці не пара б ужо скончыць вайну? Спачатку галава Амерыкі, прэзідэнт Вільсан, папрабаваў ласкай угаварыць ваюючыя дзяржавы памірыцца. Дзеля гэтага звяртаўся да іх з лістамі, або, як кажуць, з «пасрэдніцкімі нотамі». Ён пісаў, што вайна — гэта чыстае непаразуменне, што, на яго погляд, дык ніхто і не бажае пакрыўдзіць нікога, што калі спыніцца ды ўважна намысліць, дык хутка можна прыйсці да згоды. Тым часам яго ніхто не паслухаў, і з пасрэдніцтва яго нічога не выйшла. Трэба было шукаць іншага ратунку. І Амерыка знайшла сабе выйсце.

Як-ніяк, а вайна вечна цягнуцца не можа. Сваім гандлярскім нюхам Амерыка пачула, што хутка справа пахіліцца да згоды. Прыйсці на дзяліцьбу з голымі рукамі не мае сэнсу. Гэта саўсім не выпадае. Трэба ўзброіцца і на дзяліцьбу завітаць з войскам і гарматамі. Тады стрэнуць яе з пашанай і кожнае слова на міравом пасядзэнні меціме сілу і павагу. Ваюючыя дзяржавы змогуцца, патомяцца і будуць пільна прыслухвацца да таго, што скажа яна, свежая, дужая і ад ног да галавы ўзброеная. А сказаць ёй шмат чаго трэба. Перш-наперш Японія захванабэрыла, а потым і з немцам парахавацца не шкодзіць. Але як гэта зрабіць? Як умяшацца ў гэтую сусветную бойню? Яе вораг на моры — Японія. Задзірацца з ёй не выпадае: яна хаўрусніца Англіі, а сама Англія, па-сваякоўску, сябруе з Амерыкай і ніколі папярок дарогі не стаяла. І Амерыка пачала прыдзірацца да Германіі. З пачатку вайны, калі ўсю ўвагу займаў іншы інтарэс, інтарэс кішэні, дык яна й вухам не вяла, што Германія топіць яе караблі. Скажа там слоў колькі дакору і — толькі таго. Не было часу сварыцца: яна гандлявала і набівала кішэні. Цяпер іншая справа. Кішэнь набіта, нават драцца пачынае, і ўсе грошы гатовы рассыпацца чарапкамі, як у таго зайздроснага жабрака ў бойцы. Трэба спяшацца. Што прабачалася спачатку, таго нельга дараваць цяпер. Да Германіі прыдрацца было лёгка. Амаль не штотыдня тапіла яна амерыканскія караблі і на пратэсты Амерыкі не звяртала ўвагі. Дастаўляючы Англіі збожжа і ваяўніцкія прылады, Амерыка тым самым варожа ставілася да Германіі. Германіі было ўсё роўна — ці будзе ваяваць з ёй Амерыка, ці не будзе. Прынамсі, рукі развяжуцца. Амерыка ляжыць далёка ад Германіі, і немец разумеў, што, ваюючы з ім, тая асаблівай шкоды не зробіць, як і Японія, напрыклад. Скончылася тым, што Амерыка абвясціла вайну Германіі сама і пачала падбухторваць на гэта суседак. Як мы самі бачым, Германіі ад гэтага не горш, не лепей. Амерыканцы ўсё гатуюцца і, мабыць, доўга яшчэ гатавацца будуць, а вайна як ішла, так і йдзе. Не памыліўся немец, калі на вайну з Амерыкай не звяртаў асаблівай увагі. Памылілася Амерыка, бо канца вайны не відаць штосьці…

Так склалася тая падзея, што ўскалыхнула ўвесь свет і немаведама, калі скончыцца.

На падрахунак англійскіх вучоных гэта нечуваная ў гісторыі вайна за першыя два з паловай гады каштуе больш за 200 мільярдаў рб. і страцілася забітымі і раненымі больш за 20 мільёнаў людзей. Адгэтуль відаць, што не за пакрыўджаную справядлівасць вядзецца вайна, а за штось бліжэйшае сэрцу ваюючых дзяржаваў.

Дык хто ж пачаў вайну, хто вінавайца гэтай крывавай тапельніцы, сусветнага згубства, мора крыві, слёз і пакуты? Пачаў гэту вайну і вінавайца гэтай вайны той сацыяльна-эканамічны лад дзяржаўнага будаўніцтва, імя каторага капіталізм. Яда і трунак гэтага пана-капіталізму — зыск, прыбытак і нажыва, а сэнс жыцця яго — бястхланная жадоба.

Калі ўзяць агулам народ расійскі, англійскі, французскі, балгарскі, турэцкі, сербскі, бельгійскі, дык гэта вайна, яшчэ ніколі не бывалая па ліку людскіх ахвяр і жорсткасці, не патрэбна яна простаму народу — рабочым і сялянству. Ядыная нагарода і ўцеха за тыя ахвяры, за пакуту, слёзы і гора, што прынесла з сабою вайна для нас, сучасных грамадзян Дзяржавы Расійскай, — гэта рэвалюцыя, збаўленне ад цяжкага самадзяржаўнага панавання. Раскідалі самадзяржаўны лад не тыя кволыя рукі рабочых і салдатаў, што былі пад час рэвалюцыі ў Петраградзе, а несканчоныя ахвяры вайны, што невядомымі курганамі рассыпаны па палях Беларусі, Польшчы, Галіцыі, Літвы і Валыні. Дзякуючы ім, гэтым пакутнікам, мучальнікам самадзяржаўнага вар’яцтва, над Расіяй узышло слонца вольнасці і збаўлення. На касцях бацькоў, сыноў і братоў сваіх мы пабудуем сваё новае жыццё.

Але вайна ідзе. Палавіна краю нашага адрэзана і знішчана вайною. Жывое цела многапакутнай бацькаўшчыны нашай разрэзана надвае, і гэтак застацца не павінна. Скінуўшы самадзяржавіе, мы ваюем ужо за ўласны інтарэс, за зямлю і волю народа.