Хто з намі, хто проціў нас

Хто з намі, хто проціў нас
Публіцыстыка
Аўтар: Лявон Гмырак
1914
Крыніца: Газэта «Наша Ніва», № 2, 9 студня 1914 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто з намі, хто проціў нас.


Усё болей ды болей шырыцца і развіваецца беларускі культурна-національны рух. Прыбываюць новые сілы: паэты, пісьменнікі, грамадзкіе працоўнікі. Хутка расходзяцца у народзе беларускіе газэты, календары, кніжкі… праз што усё больш ды больш цяпер людзей, каторые ведаюць, што яны беларусы, што навучыўшыся добраго ў чужых—свайго чурацца нельга.

Вось дзеля гэтаго на нас цяпер болей звертаюць увагі усе нашы суседзі, як прыяцелі, так і ворагі с паміж іх. Пакуль беларусы маўчалі і ніякай національнасьці у нас не было—датуль мала хто аб нас ўспамінаў. Возьмем хацябы аднашэньне да нас расейцоў. Тые людзі с паміж расейцоў, каторые, як цяпер уселякіе чорнасоценцы, казалі, што ніякіх перамен у жыцьці працуючаго народу ня трэба, што нібыто яму і так добра жывецца, а усіх, як яны называюць, інородцоў трэба ціснуць, каб зрабіць іх расейцамі. Гэтые людзі рэдка калі спаміналі нас, мабыць думаючы, што і так ужо «заснула Беларусь, навекі заснула».

Вялікіе пісьменьнікі, паэты, публіцысты, грамадзянскіе дзейцы, вучоные—праславіўшые расейскае імя на ўвесь сьвет (пасярод іх прыхільнікоў чорнасоценства у тэй ці другой форме, так якбы і зусім не было)—ды іх прыхільнікі,—голасна кажучы, што шмат ў чым патрэбны перамены, каб палепшало народнае жыцьцё,—заступаліся за ўсіх прыгнечэных. Але і яны неяк забываліся аб тым, што беларускі народ гэта адзін з найболей прыгнечэных і пакрыўджэных,—з якога бы боку на яго не глянуць, мала на яго зверталі увагі.

Жадаючы перамен у народным жыцьці, дзеля каторых шмат яно палепшало-бы, жадаючы гэтаго для ўсіх ресейскіх грамадзян, само сабой яны не выключалі адгэтуль і беларусоў. Гаротная доля нашаго селяніна не магла ня кінуцца ім у вочы і расейскіе пісьменнікі нераз малевалі яе у сваіх творах. З гэтаго боку мы на расейскае грамадзянства жаліцца не маем што. Але аб тым, што ў беларусоў ёсць такжэ і національные патрэбы, што для таго каб глыбей і шырэй пранікла культура у народную массу у вусіх школах вучыць трэба па беларуску і агулам завясьці у вусіх установах (інстытуціях) нашаго краю родную народу мову, аб гэтым паступовые расейцы неяк зусім мала гаварылі. Гарача баронючы національных правоў тых жывушчых у Расеі народоў, каторые самі за іх змагаліся, лепшые расейскіе людзі аб нас мала гаварылі, дзеля таго, што і самі мы сваіх національных правоў не баранілі, а ім са стараны мала было і відаць, ці нам што гэткае трэба ці мо і не. Усё-ж такі, некаторые выдатные расейцы што пісалі аб Беларусі навуковые працы, лепей пазнаўшы пры гэтым наш край і яго патрэбы, зусім ясна і цьвёрда высказалі думку, што беларусы—гэта аддзельны народ. Аб гэтым пісалі: знаменіты расейскі гісторык Пыпін, этнограф Безсонов і інш. Пісалі яны шмат часу перад тым, як пачалося беларускае національнае адраджаньне, і тым большае значэньне маюць іх словы.

Цяпер, калі ня толькі асобные людзі а і беларуская народная масса памаленьку пачынае рабіцца національна сьвядомай, усё гэта зусім перэмянілося.

Націоналісты, і усе, хто з імі, многа пішуць аб Беларусах, шкада толькі што страшэнна мала там праўды, сумленнасці, логікі, а ўсё найболей брэхня, выдумкі, даносы, лаянка;—чаго толькі яны аб нас не пісалі, якой напрасліны не ўзвалівалі; ніякіх уступак і палягчэньнёў ня хочуць яны нам даць, а усё выступаюць супроціў.

Іначэй цяпер адносіцца да нас і паступовая Расея. Цяпер, калі мы змагаемся за сваё національнае права, то не мінуюча трэба даць і ім нейкі адказ: ці прызнаць гэтые дамаганьня справядлівымі, ці не. Вось тут мы можэм сказаць, што дайжэ ўся паступовая Расея за нас. У 3-ай і 4-ай Думе паступовые дэпутаты выступалі ад імені сваіх фракцій с прамовамі, у каторых баранілі правоў другіх народоў,—успаміналі нас кажучы, што наша мова павінна мець такіе-ж правы, як і ўсе іншые. Час ад часу заступаюцца за нас у сваіх стацьцях публіцысты. «Беларускі Навукова-Літаратурны Гурток Студэнтоў Пецярбурск. Увівэрс.» сустрэціў дужа прыхільнае аднашэньне са стараны прафэсароў, некаторые пры гэтым болей абшырна выказалі свае думкі аб беларушчыне, праміж іншымі прыхільна да нашаго народу адносяцца такіе выдатные вучоные, як Шахматов, Овсяніко-Куліковскій, Карскій і др. Але ўсёж такі нельга змоўчыць і таго, што зусім мала пішуць аб нас расейскіе паступовые газэты і часопісі, рэдка калі баронюць нас. Гэта тым болей прыметна, што націоналісты і ўселякіе іх сябрукі, наадварот, надта многа увагі звертаюць, калі паступоўцы прызнаюць справядлівасць нашых дамаганьнёў, то часьцей павінна-б былі гаварыць аб нас.

Якбы там не было, але надта добра і тое, што сымпаціі гэтай стараны з намі, а не з нашымі супраціўнікамі. Гэта мае для нас вялікае моральнае значэньне, і мы заўсёды можэм сказаць адказываючы на пытаньня, хто у расейскім грамадзянстві з намі, а хто супроціў нас.

Лявон Гмырак.

Ад Рэдакціі: Аб тым хто пры нас з другіх суседніх народоў, будзе у чародных нумарах.