Хто к лесу, а хто к бесу
Хто к лесу, а хто к бесу Фельетон Аўтар: Янка Купала |
Збор твораў у 9 т. Том 8 / Мінск, Маст. Літ., 2002 |
— Ці ты бачыў калі слабоду? — пытае адзін мужык другога.
— Бачыў, — кажа другі.
— Ну, а як яна выглядае?
— Не самавіта, — калі табе праўду казаць. Стаіць у нейкім балоце; Будынкі пападгнівалі, у зямлю паўязджалі; мох на іх парос, шчыты вецер пазрываў; вокны ў хатах лучынкамі ды анучамі пазалатываны; людзі нейкія абарваныя, у лапцёх, зацяганыя, згаладалыя і перапужаўшыся, — бо трэба табе ведаць, што пад той час, як я быў, наехалі "госці" і па-свойму слабаджанаў абучалі нагайкамі...
— Аб якой ты гэта вярзеш слабодзе?
— Ну, аб Слабодзе Нагайкаўскай воласці Усмірыцельскага вуезду, што недалёка ад Прыгонава і Вісельнева.
— Ну і заехаў жа ты, брат! Я пытаю аб слабодзе, што нам дарована маніфэстам!
— Ага! Зразумеў!.. Ну, выбачай, сватка, гэтакай слабоды мне яшчэ не здарылася бачыць!..
Каментар
правіцьАпублікавана ў газеце "Наша ніва", №27, 17 жніўня 1907 году за подпісам Янук з-пад Мінска.