Хто я?
Верш

XIX стагодзьдзе
Крыніца: Вольная Беларусь. — 26 мая 1918. — №19. — б. 147

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто я?


Пытаешся, браце, хто я, з якога краю?
З-за Віслы, з-за Немну, ці з-за Дунаю?
Есьць рэчка, Сьвіслач, малая на сьвеці,
А там шмат збожжа й кветак расьце у леце;
Там дзяучаты, як красныя кветкі,
А хлопцы — як пінскія дубы-сталеткі.
Зямліца-маці багата слывець,
Але рэдка хто у дастатку жывець.
І кветкі вянуць часта без пары,
І дубкі сьсякаюць уражы тапары.
Кветку сьцінае ні суш, ні мароз, —
Гінуць яны ад нашай нядолі і сьлез.
Кожын там енча, долю праклінае
І горо пры чарцы адзін апівае.
Я, часам, з другам пры чарцы засяду,
Запяю песьню хоць можа без складу.
У гэтай песьне і радасьць і сьлезы мае.
Браце! таго кахаю, хто ад сэрца пяе.
Хто я? — паляк, беларус ці літвін—
Бог прауду ведае толькі адзін;
Я-ж хачу працаваць увесь свой век,
Каб заслужыць на імя чалавек.

(З архіву М. Земкевіча).

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.