Хусціна (Шаўчэнка/Клімковіч)
Хусціна Паэма Аўтар: Тарас Шаўчэнка Арыгінальная назва: Хустина Пераклад: Міхась Клімковіч Крыніца: Кабзар - с. 158-159 |
Ці на тое божжа воля?
Ці такая яе доля?
Расла ў наймічках дзяўчына,
Пакахала сіраціну.
Небарак, як голуб, з ёю
З бесталаннаю сваёю
Ад зорачкі да зорачкі
Сядзяць сабе у ўдовачкі.
Сядзяць сабе, размаўляюць,
Ды прачыстае чакаюць.
Дачакалі... З Чыгірыну
Па ўсёй слаўнай Ўкраіне
Звон вялікі раве-звоніць,
Каб сядлалі хлопцы коней,
Каб вастрылі шаблі, пікі
Каб ішлі на пір вялікі,
На вяселле, на ігранне,
На крывавае гулянне.
У нядзельку ды ранюсенька
Сурмы-трубы заігралі.
Ў паход, у дарогу хлопцы-кампанійцы
З ранняй зоркай выязджалі.
Ды выпраўляла ўдава свайго сына,
З горкім плачам бедачына.
Ды выпраўляла сястра свайго брата,
А сірата сіраціну.
Як выпраўляла - каня напаіла
Да зарніцы у крыніцы,
Выносіла збрую, шаблю залатую,
Яго стрэльбіцу-гакаўніцу.
І праважала тры полі, тры мілі,
Развіталася ў даліне.
Падарыла шоўкам шытую хусціну,
Каб успомніў на чужыне.
Ой хусціна, хусціначка!
Мярэжана-шыта.
Толькі й славы той казацкай—
Сядзельца пакрыта.
Вярнулася, сумавала
На шлях біты паглядала,
Ўбіралася, чакаючы,
Надзеі не губляючы.
А ў нядзельку хадзіла
Выглядаці на магілу.
Прайшло лета і другое,
Чакае дзяўчына,
На трэцяе кампанійцы
Ідуць на Ўкраіну.
Ідзе войска, і другое,
А за трэцім — ціха…
Не глядзі ты, сіраціна,
Вязуць табе ліха,
Вязуць труну з тваім мілым,
Кітайкай пакрытым.
А за ёю з старшынамі
Ідзе ў чорнай свіце
Сам палкоўнік кампанійскі,
Сечавік заўзяты.
За ім ідуць есаулы,
Плачуць небажаты.
Нясуць паны есаулы
Казацкую зброю:
Парубаны панцыр літы
З шабляй залатою
І тры стрэльбы-гакаўніцы
I тры самапалы...
А на зброі... казацкая
Кроў пазасыхала.
Вядуць каня варанога,
Капыты разбіты...
А на ім тваёй хусцінкай
Сядзельца пакрыта.
Орская крэпасць 1847— Ніжні Ноўгарад 1858. Сакавіка 8