Хут
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца: http://skarby.in/hut.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У каго ў хаце паселіцца Хут, таму ён вельмі спрыяе ў жыцці: золатам з невядомых скарбаў адорвае, снапы з далёкіх чужых палеткаў у гумно прыносіць. Зрэдку Хута можна ўбачыць увечары на небе. Калі ён ляціць і зіхаціць агнём, дык золата дзесьці знайшоў; калі ж чуваць толькі лопанне крылаў, а самога не відаць — збожжа нясе.

Хута трэба заўсёды шанаваць і смачна карміць. І не забывацца, што любімая Хутава страва — яечня. Таму гаспадыня, падсмажыўшы яйкі, спяшаецца на гарышча, ставіць каля коміна міску і кліча:

— Хут, Хут, хадзі сюды, з’еш яечню!

Вернецца гаспадыня ў хату, а Хут пачынае есці. І абавязкова праз дзень ці два гаспадарам дабром аддзячыць. Тут, на гарышчы, Хут і жыве, а лётае, дзе яму захочацца. Ён таксама можа лёгка перакінуцца ў палена, корч ці старое кола.

Кажуць, быў такі выпадак. Адзін парабак падслухаў, што гаспадыня паклікала Хута есці, пачакаў, калі яна вярнулася ў хату, і з’еў яечню сам. Хут страшэнна раззлаваўся, напэўна, падумаў, што з яго пакпілі: паклікалі снедаць, а міска — пустая… У той жа дзень падпаліў ён сядзібу — і хату, і гумно, і хлеў. Збівалі людзі пажар, збівалі, але не далі рады. Стаяць, глядзяць на галавешкі. Непадалёку старое кола ляжыць. Нікому ў галаву не цюкнула, што гэта Хут. Не стала яму дзе жыць, вось ён у кола і перакінуўся.

— Навошта, каб яно згарэла! — сказаў сусед пагарэльцаў і перакінуў кола ў свой двор.

І зажыў той дзядзька прыпяваючы. Усё ў яго ладам пайшло: і жыта добра радзіла, і ўсякае багацце паплыло ў хату.