Цары (Шаўчэнка/Глебка)

Цары
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
1858
Арыгінальная назва: Царі
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




 Сястра старая Апалона!
Калі б вы часам, хоць на час,
Прыдыбалі б такі да нас,
Ды, як бывала у дні оны,
Узвысілі б свой божы глас
Да оды пышна-баявое,
Дый захадзіліся абое
Цароў, напрыклад, апяваць!
Бо як папраўдзе вам сказаць,
Дык вельмі ўжо і мне самому
Абрыдлі тыя мужыкі,
Пакрыткі, панічы, панкі;
Хацелася б сагнаць аскому
На каранованых галовах,
На тых памазанніках божых…
Ды што ж? Не ўтну! А як паможаш,
Пакажаш птахаў тых упрах
Скубці і патрашыць, дык, можа,
Й мы патрымаем у руках
Памазаннікаву чупрыну.
Пакіньце ж свой святы Парнас,
Прыдыбайце хоць на гадзіну
Ды хоць старэнькі божы глас
Узвысьце, дзядзіна! Ды ладам,
Ды добрым складам, хоць на час,
Хоць на гадзіначку у нас
Мы венцаносную грамаду
Пакажам спераду і ззаду
Сляпым людзям. У добры час
Давай пачнём, мая парада!

      У Ерусаліме не бачна нікога.
Вароты замкнёны, як быццам чума
Ў Давідавым месце, захованым богам,
Сядзіць на пляцы. Не, чумы — дык няма!
А горшае ліха, благая часіна
Пакрыла Ізраіль: царова вайна!
      Князі царовы, і ўсе сілы,
      І юнакі, і ўвесь народ,
      Замкнуўшы ў горадзе ківот,
      Гурмой у поле павалілі
      І там у бітвах сірацілі
      Маленькіх дзетачак сваіх.
      А ў месце маладыя ўдовы,
      Ў сваіх святліцах адмысловых
      Замкнуўшыся, дзяцей малых
      Калышуць, плачучы. Прарока,
      Давіда, прагнага цара,
      Клянуць свайго гаспадара.
      А ён, узяўшыся у бокі,
      Па даху кедравых палат
      У срэбнай рызе пахаджае
      І, нібы кот той, пазірае
      На сала, на зялёны сад
      Суседа Гурыя. А ў садзе,
      У тым зялёным вертаградзе,
            Вірсавія купалася,
            Як у райскай плыні,
            Таго Гурыя сябрыня,
            Царова рабыня;
            Купалася сабе з богам,
            Грудзі свае мыла
            І цара свайго святога
            У дурні пашыла.
Сцямнела, і, цемрай кругом ахінёны,
Сумуе ў дрымотнасці Ерусалім.
У пышных палацах, нібыта шалёны,
Давід пахаджае — о цар неўпынёны!
І сам сабе кажа: «Я… Мы павялім!
      Я цар над божым над народам!
      І сам я — бог маёй зямлі!
      Я — ўсё!..» А трохі потым
      Рабы вячэру падалі
І кубак добрага сікеру…
І цар сказаў, каб на вячэру…
Рабы рабыню прывялі,
Такі ж Вірсавію. Няўрокам —
Да божага цара-прарока
Сама Вірсавія прыйшла
І павячэрала, сікеру
З прарокам выпіла й пайшла
Крыху спачыць пасля вячэры
З сваім царом. І Гурый спаў.
Яму й не снілася, вядома,
Што ціха дзеялася дома,
Што з дому цар яго украў
Не золата, не серабро,
А лепшае яго дабро,
Яго Вірсавію украў.
А каб не ведаў ён аб шкодзе,
Дык цар забіў яго, і годзе!
А после цар пры ўсім народзе
Заплакаў трохі, абдурыў
Псалмом старога Анафана…
І зноў вясёлы, і зноў п’яны
Каля рабыні захадзіў.
Святыя так цары жывуць.
А як жа простыя? Не знаю,
І раю вам таго не знаць
Ды і ні ў кога не пытаць,
Каб не зашкодзіла, бывае!..

      Давід, святы прарок і цар,
Не вельмі быў благачасцівы.
Была дачка ў яго Фамар
І сын Амон. І нам не дзіва:
Бываюць дзеці і ў святых,
Ды не такія, як другіх,
А іншыя… Амон шчаслівы,
Прыгожы першы сын яго,
Ляжыць, хварэючы чагось.
Давід і стогне, і рыдае,
Рве рызу, попел пасыпае
З бяды сабе на галаву:
«Я без цябе не пажыву
І дня адзінага, мой сыне,
Мой лепшы, дарагі хлапчына!
Не ўбачу сонца і зару,
Я без цябе памру, памру!»
І, плачучы, ідзе да сына,
Ажно трушком нібы бяжыць,
А той, бугай сабе здаровы,
Ў харомах сваіх кедровых
Ляжыць,— аж стогне, а ляжыць.
Смяецца з дурня; аж галосіць,
Аж плача, бедны, бацьку просіць,
Каб да яго Фамар прыйшла.
«Мой добры бацька і мой цару!
Скажы сястры маёй Фамары,
Каб коржыкаў мне напякла
Ды каб сама і падала,
Пакаштаваўшы іх, устану
І ачуняю я». Назаўтра рана
Фамар спякла і падала
Для брата коржыкі. За рукі
Амон бярэ яе, вядзе
Ў пакоі цёмныя, кладзе
Сястру на ложак. Ломіць рукі,
Сястра рыдае і, рвучыся,
Крычыць да брата: «Схамяніся!
Амоне, браце мой здрадлівы!
Адзіны браце мой! Я… Я…
Сястра адзіная твая!
Дзе дзецца мне? Дзе грэх жахлівы
І сорам дзець? Цябе самога
І бог, і людзі праклянуць!..»
Не памагло-такі нічога!..
Вось так царэвічы жывуць,
      Дурэючы на свеце.
Любуйцеся, людскія дзеці.

І вось пражыў Давід на свеце
      Ужо нямала год.
Абнядужаў, пакрывалі
Старога рызамі яго.
А ўсё ж такі не награвалі
Ката блудлівага свайго.
Вось хлопцы і прымеркавалі
(Натуру воўка добра зналі!)
І, каб нагрэць яго, ўзялі
Найлепшых за царыц красою
Дзяўчат старому навялі —
Хай грэюць кроўю маладою
Свайго цара. І прэч пайшлі,
Замкнуўшы дзверы за сабою.
Аблізаўся кот нядошлы
І распусціў сліны.
Кіпцюры распасцірае
Да Саманцяніны,
Бо была сабе на ліха
Лепшая між імі,
Між дзяўчат,— нібы лілея
Пышная ў даліне
Паміж кветак. Ды яна вось
І грэла сабою
Цара свайго, а дзяўчаты
Між сабой гулялі
Голенькія. Як яна там
Грэла, я не знаю,
Знаю толькі, што цар грэўся
І… і не позна ю.

      Па двары ціха пахаджае
Стары вясёлы Рагвалод,
Дружына, юнакі, народ
У золаце навокал ззяюць.
У князя свята: выглядае
З Літвы ён князя-жаніха
У сваты да дачкі Рагнеды.
      Перад багамі Лель і Лада
Агонь Рагнеда развяла,
Алеем пахкім паліла
І сыпала на вугаль ладан,
Нібы валькірыі, навокал
Танцуюць, цешацца дзяўчаты
            і прыпяваюць:
            «Гой, гоя, гоя!
            Новыя пакоі
            Кветкамі ўбіраці
            Ды гасцей чакаці!
      За Полацкам, як тая хмара,
Чарнее пыл. Бягом ляцяць
Хлапцы і сівыя баяры
З Літвы вясельных сустракаць.
Сама Рагнеда з Рагвалодам
Пайшла з дзяўчатамі, з народам.
      Не з Літвы йдзе князь спадзяваны,
Шчэ незнаёмы, ды чаканы,
А там з Кіева турам-буйвалам
Па Рагнеду йдзе, ідзе вепрышчам
Владзімір князь з кіяўлянамі.
      Прыйшлі, і горад абступілі
      Кругом, і горад запалілі,
      Владзімір князь перад народам
      Забіў старога Рагвалода,
      Паця народ, княжну пая.
      Адыдзе ў воласці свая —
      Адыдзе з шумам. І растлі ю,
      Рагнеду тую маладую,
      І пражане ю, і княжна
      Па свеце блукае адна,
      Не зробіць з ворагам нічога.
      Дык вось наколькі ў іх святога
      У тых царах!

      Бадай іх каты расціналі
Усіх цароў, гадзюк людскіх!
Дакука з імі, каб вы зналі!
Як дурань ходзіш каля іх,
Не знаеш, як і дзе ступіці!
Дык што, парайце, мне рабіці
Цяпер з паганымі? Скажы,
      Сястра старая Апалона!
Наўчы, галубка! Памажы
Палазіць трохі каля трона!
Каралечкі, як зараблю,
Табе к Вялікадню куплю.
Дык пададзімся ж у лакеі
І дбайна ў новенькай ліўрэі
Пачнем цароў сваіх любіць.
Шкада і алавок тупіць,
Бо дзе няма святое волі,
Не будзе там дабра ніколі.
Навошта ж нам сябе дурыць?
Хадзем у селішчы, там людзі,
А там, дзе людзі,— добра будзе;
Там будзем жыць, людзей любіць,
Святога госпада хваліць!


Кос-Арал 1848 С.-Пецярбург (?) 1858