Цудоўная дудка
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.org/2009-05-25-13-14-53/item/tales-folk/tales-folk-073.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Даўно яно было ці нядаўна, так ці не так, — цяпер ужо напэўна ніхто і не ведае.

Ну, дык раскажам мы тое, што дзяды расказвалі сваім унукам, а ўнукі — сваім унукам,

Жылі некалі ў адным краі людзі ў згодзе ды ў ладзе. Зямлі многа, усюды вольна — адзін аднаму не перашкаджалі, а прыйдзе да каго бяда — адзін аднаму памагалі, бяду перамагалі.

Але вось панадзіўся аднекуль лятаць у той край страшэнны змей. Пачаў ён лятаць, людское дабро хапаць, сабе ў змяінае логава цягаць.

Нацягаў дабра,— дзяваць няма куды! Надумаўся ён тады сабе харомы будаваць. Ды сам рабіць і не ўмее, і лянуецца. Не прывык змей працаваць. Пачаў ён людзей лавіць, у сваё змяінае царства насіць.

Наловіць людзей і прымушае іх харомы будаваць, глыбокімі канавамі абкопваць, высокімі насыпамі абсыпаць, густою агароджаю абстаўляць. А служкам сваім — цівунам ды гайдукам — загады дае: людзей не шкадаваць, біць іх, караць.

Робяць людзі на змея як дзень, так ноч, працуюць, гаруюць, горкую долю праклінаюць, без пары паміраюць.

А змей усё новых людзей хапае. Нарабіў ён сабе людскою працаю безліч харомаў, праклаў між імі дарогі, наставіў платоў-агароджаў.

Пухнуць людзі з голаду, мруць як мухі. І чым далей, тым горай: няма ратунку ад змея.

Але вось пастарэў змей, знясілеў і ляжыць, як здыхата, не можа ўжо людзей і іхняе дабро хапаць.

Тым часам змеевы служкі — цівуны ды гайдукі — самі панамі парабіліся ды пачалі са змеевых харомаў распаўзацца, за людзьмі ганяцца. І стала людзям яшчэ горш ад паноў, як ад таго дохлага змея. Нідзе ад іх не схаваешся: запаланілі яны ўвесь край.

А каб не быць да людзей падобнымі, навыдумлялі сабе паны розных імён ды прозвішчаў. Хто назваў сябе Ваўком, хто Мядзведзем або іншым зверам, хто Каршуном, Варонай, а хто якім дрэвам.

Вось адкуль і ўзяліся паны Ваўкі, Свінскія, Асінскія… Простых жа людзей цяпер яны іначай як быдлам і не называлі.

Служаць людзі дохламу змею, служаць панам, апошняе ім аддаюць, а самі ў голадзе ды холадзе за працаю свету не бачаць.

Гэтак і жывуць. Адны паміраюць, другія нараджаюцца, а палёгкі няма ніякай. І ніхто не ведае, што зрабіць, каб жыццё змяніць.

Ды вось нарадзіўся ў тым краі хлопчык. Быў ён вельмі ж слабенькі: як заняпаў змалку, дык ніяк і паправіцца не можа. Такі ўдаўся кволы, што нават паны яго не чапаюць, на паншчыну не ганяюць: нікому ён не патрэбны.

Вырас ён ужо, у гады ўвайшоў, а ўсё толькі з дзецьмі гуляе, як маленькі. І празвалі яго людзі Іванкам Прасцячком.

Сядзіць Іванка Прасцячок узімку на печы, цацкі з лучынак складае, а ўлетку пясок на прызбе перасыпае.

Трапілі аднойчы ў тую вёску, дзе жыў Іванка Прасцячок, тры старцы-падарожнікі. Куды ні зойдуць — усюды пуста, ні жывой душы: усіх паны на работу пагналі.

Убачылі старцы на прызбе Іванку і зайшлі на яго двор адпачыць.

Селі, адпачылі, люлькі тытунём набілі. Памацалі ў кішэнях — ды ні ў кога крэсіва няма, каб агню выкрасаць. Просяць старцы ў Іванкі агню. Пайшоў Іванка ў хату, набраў з прыпечка жару ды вынес старцам.

Закурылі старцы люлькі, падзякавалі Іванку і пытаюцца, што ён дома робіць.

— Пясок на прызбе перасыпаю,— адказвае Іванка.— Бо ўсё роўна, што ні рабі, то на паноў ідзе…

Паслухалі старцы Іванку, галовамі паківалі, потым леры ўзялі ды гучна зайгралі.

Першы раз зайгралі — вялікі розум Іванку далі.

Другі раз зайгралі — талент да слова і музыкі далі.

Трэці раз зайгралі — на паноў у сэрца гневу нагналі.

Пайшлі старцы, а Іванка чуе, як светла стала ў яго думках, як гнеў на паноў забушаваў у сэрцы… Пачаў ён за справу брацца, у свет збірацца.

Зрабіў дудку-весялушку ды так зайграў, што не толькі людзі,— звяры і птушкі заслухаліся.

І стаў Іванка між людзей хадзіць, на цудоўнай дудцы іграць, праўду пра змея і яго слуг казаць.

Пачалі людзям вочы адкрывацца. Убачылі яны, што вялікая крыўда на свецё жыве: адны пануюць, а другія гаруюць, адны багаццю ліку не маюць, а другія з голаду паміраюць.

І дзе ні пройдзе Іванка, — людзі там розуму ад яго набіраюцца, за вілы і сякеры хапаюцца ды з ліхімі панамі змагаюцца.

Думаюць паны, гадаюць, як Іванку са свету звесці.

Пачалі яны войска збіраць, Іванку шукаць. Чуюць голас на ўсходзе — шусь туды. Шаблі звіняць, пікі, як лес, тарчаць, гарматы, як гром, грымяць, а Іванкі нідзе не відаць…

Спыняцца паны з войскам, слухаюць, стаяць. Аж раптам чуюць голас на захадзе — Іванкава дудка іграе, людзей навучае, на вялікую бітву ўзнімае. Толькі пошчак ідзе-гуляе ад сяла да сяла, ад краю да краю.

Кінуцца паны на захад. Коні як віхор ляцяць, шаблі звіняць, гарматы страляюць, а дзе Іванка — не знаюць.

І з таго часу змеевым слугам ні ўдзень ні ўночы няма спакою. Як толькі дудку пачуюць, дык адразу мароз у іх па скуры пойдзе, бо чакаюць яны сабе бяды, як вол доўбні.

Дудка ж свішча, дудка іграе, пошчак далёка па свеце гуляе, людзей збірае. Яго ні злавіць, ні з гармат не забіць. Усюды ён шлях пракладае, ніякіх межаў не знае.

Іграе дудка, іграе, а прыйдзе час — усіх паноў пазнішчае.