Цьвёрдая скура (1931)/Каза і ўсемагутны бог

Хахолка Каза і ўсемагутны бог
Апавяданьне
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЗА І ЎСЕМАГУТНЫ БОГ

Вялікі і Малы Караджынач! Дзьве вёскі, падобныя па сваіх інтарэсах і розныя па сваёй сутнасьці! Справа ў тым, што Малы Караджынач ляжаў у Сэрбіі, а вялікі — у Турцыі. Насельніцтва гэтых абедзьвюх вёсак, разьмешчаных у горнай мясцовасьці, з усяе моцы пялася, каб як прахарчавацца. Галоўнай крыніцай іх існаваньня былі авёс ды лёгкія горныя козы.

Калі сяляне прадавалі коз, то ў Малым Караджыначы рабілі гэта для таго, каб заплаціць падаткі сэрбскаму каралю, а ў Вялікім — каб заплаціць дзесяціну падышаху. Гэта было ўсё адно. Розьніца была толькі ў найменьні. Праваслаўных садзілі ў вастрог за нявыплату падаткаў, а магомэтан — за нявыплату дзесяціны.

У Малым Караджыначы на царкве жаўцеў пазалочаны таннаю пазалотаю крыж і такою-ж пазалотаю быў вызалачаны паўмесяц, які тырчэў на мячэці Вялікага Караджыначу. І крыжамі і паўмесяцамі гандляваў купец-армя- нін, які жыў недалёка ў адным з прымежных гарадкоў. Калі аднойчы туркі пабялілі сваю мячэць, праваслаўныя таксама сваю царкву вымазалі белаю вапнаю. І ў той час, як праваслаўныя званілі ва ўсе званы, на другім баку мула намагаўся перакрычаць звон: „Алах ёсьць алах“, „Вялікі алах“.

А калі мула Ізрым канчаў свае заклікі і злазіў з мінарэту, дык, закурыўшы люльку, ён ішоў пагутарыць з праваслаўным папом Богуміравым. Звычайна яны сыходзіліся каля вадаспаду, які адмяжоўваў Османскую імпэрыю ад каралеўства Сэрбскага.

Поп Богуміраў таксама курыў люльку. Іх гутарка пачыналася звычайна спрэчкамі пра бога.

Потым тон размовы спадаў, і алах і ўсемагутны бог адступалі назад, даючы дарогу ня менш жывому пытаньню аб козах.

Справа ў тым, што абодва служкі боскія займаліся гадоўляй коз і кожны выстаўляўся сваімі посьпехамі. Можа яно было так, што ў іх уяўленьні гэтыя козы ня былі звычайнымі козамі, а магометанскімі і хрысьціянскімі козамі.

— Мае козы сыцейшыя за тваіх, — выхваляўся поп.

— Сыцейшыя? Скажы мне, на ласку, дзе ты бачыў гэткую, як мая Міры, ну, гэтую чорную, ведаеш? Якая-ж яна прыгожая! Рогі ў яе, як у венгерскае каровы. Гэта было чыстай праўдай. Ад казы Міры пайшлі маладыя козы — і ўсе адна за адну ладнейшыя.

Мула Ізрым казаў, што ў яе вочы прыгажэйшыя, як у дачкі старасты — Кюлют. Калі ён быў у больш узьнятым настроі, дык нават сьцьвярджаў, што ў гэтую казу перасялілася душа аднае гурыі, якая была ў пасланстве прарока Гаўрылы.

І вось якраз па гэтай казе і сумаваў поп Богуміраў. З гэтай казой ён падняў-бы завод свае чарады, якая цяпер пасьвілася на горах і то зьнікала за вялікімі каменнымі глыбамі, то зноў зьяўлялася на парослых убогай расьліннасьцю шэрых кручах, шчыплючы траву.

Вадаспад шумеў. Вось над Балканамі забліскацелі першыя зоркі.

— Слухай, мула, — сказаў поп Богуміраў, — твая Міры не такога ўжо хараства, але маёй чарадзе яна магла-б спатрэбіцца. Ці бачыш, мая лепшая каза па волі боскай здохла. Пад густ прышлася госпаду богу…

Поп перахрысьціўся.

— Вялік алах! — выгукнуў мула, — мая каза непрадажная.

— Слухай, мула, — стаяў поп на сваім, — твой алах не такі вялікі, як праваслаўны бог. Ці рабіў ён якія-небудзь цуды? Ці пасылаў ён вам цудатворцаў? Мой бог, напрыклад, можа па сваёй волі боскай зрабіць з мяне цудатворцу, тады як ты на ўсё жыцьцё застанешся няверкам, бусурманам. Я, з ласкі боскае, магу ўваскрашаць мёртвых, а ты да самае сьмерці будзеш раўсьці з мінарэту: „алах ёсьць алах“ і круціцца на месцы, як хворая на матыліцу каза.

Гэта закранула Ізрыма.

— Ну і дурная-ж твая душа! — выгукнуў ён. — Наш Магомэт назнарок забараніў уваскрашаць мёртвых. Ваш бог нават і мёртвым не дае спакою! Вось што, калі ты мне ўрачыста заявіш, што ня здолееш уваскрашаць мёртвых, дык я прадам табе сваю казу Міры.

Поп ўзяўся шчыра думаць: з аднаго боку каза Міры — об‘ект яго палкіх жаданьняў, з другога — ён павінен перад гэтым бусурманам нечага зракацца.

Тымчасам мула спакойна, як і раней, усё пыхкаў люлькаю. Сіняваты дым падымаўся ў прыцемках ночы над далінай. У душы папа ішло вялікое змаганьне — браліся загрудкі адданасьць козам з адданасьцю ўсемагутнаму богу.

— Мула Ізрым, бедны, няверны чалавек, — нарэшце, адважыўся поп, — я дапускаю і нават сьцьвярджаю, што я не магу, нават, каб і бог так хацеў, уваскрашаць мёртвых. Што-ж ты з мяне возьмеш за гэтую казу?

Пачаўся бясконцы торг. Мула хацеў за сваю казу Міры пару іншых коз і на прыдачу сотню піястраў.

Поп даваў адну казу і пяцьдзесят піястраў, а потым набавіў яшчэ пяцьдзесят з умоваю, што алах зусім не алах.

— Алах — зусім не алах, — паўтарыў мула, і дадаў, — таму што пяцьдзесят піястраў грошы зусім немалыя.

Так поп Богуміраў купіў казу у мулы Ізрыма.

*

На другі дзень казу Міры прывялі да папа.

Быў ясны сонечны дзень, як звычайна на Балканах перад восеньню.

У такі час чалавеку робіцца радасна. А асабліва радасна было папу Богуміраву, бо ён вёў на повадзе свой новы здабытак — казу Міры, вёў яе ад вадаспаду ўгару да калодзежу, што на вяршыні Мэгадышта. Пры гэтым ён быў у вясёлым настроі.

Прышоўшы да калодзежу, ён акунуў у яго купленую ў Ізрыма казу і сьпяваў „Госпадзі памілуй!“ І хоць каза была куплена шляхам зрачэньня ад усемагутнага бога, — яна не павінна была заставацца мусульманкай.

І поп Богуміраў ахрасьціў мусульманскую казу, ня гледзячы на тое, што яна заўзята брыкалася.