Цячэ вада ў сіне мора… (Шаўчэнка/Купала)
Цячэ вада ў сіне мора… Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Янка Купала Крыніца: https://knihi.com/Taras_Saucenka/Dumka_vada.html |
Іншыя пераклады гэтага твора: Цячэ вада ў сіне мора… (Шаўчэнка). |
Цячэ вада ў сіне мора,
Ды не выцякае;
Шукаў казак сваю долю,
А долі не мае.
Пайшоў казак на край свету;
Грае сіне мора,
Казацкае грае сэрца,
А думка гавора:
«Куды йдзеш ты, не спытаўшы?
На каго пакінуў
Бацьку, маці старэнькую,
Маладу дзяўчыну?
Не тыя ў чужыне людзі,
Цяжка з імі жыці;
Паплакаці не з кім будзе,
Ні пагаварыці».
Сядзіць казак на баку тым —
Грае сіне мора,
Думаў, долю ён сустрэне —
Спаткалася гора.
А жоравы лятуць сабе
Дадому ключамі,
Плача казак — шляхі біты
Зараслі цярнямі.