Цёмна й глуха ўсюдых, — людзі!..
Цёмна й глуха ўсюдых, - людзі! (Урывак з паэмы «Дзяды») Аўтар: Адам Міцкевіч 1823 Пераклад: Макар Краўцоў Крыніца: Беларускае слова, 1927. - №3 - с. 2-3 |
урывак з II часткі. Іншыя пераклады гэтага твора: Дзяды (Міцкевіч). |
Гусьляр (кіраўнік абрадаў). – Старац першы з хору. – Хор сялян і сялянак.
КАПЛІЦА, ВЕЧАР.
Хор.
Цёмна й глуха ўсюдых, — людзі!
Што тут будзе, што тут будзе?
Гусьляр.
Зачыньце дзьверы капліцы
І станьце ўкруг дамавіны;
Ні воднай лямпы, ні сьвечкі
Ў вокнах завесьце тканіны,
Хай месяц, што там бліскае,
Праз шчыліны не ўгледае.
Толькі рупна, ў воднай хвілі.
Хор.
Як казаў -так і зрабілі.
Хор.
Цёмна й глуха ўсюдых, — людзі!
Што тут будзе, што тут будзе?
Гусьляр.
Чысцовыя душачкі!
Ў якойськольвечы старане:
Ці тая, што гарыць ў смале,
Ці, — што мерзьне на дне рэчкі,
Ці што, дзеля вялікшых кар,
Ў сырое ўшчэпленая пнішча,
Калі грызе у печцы жар,
Плача жаласна і пішчэ:
Кожна сьпяшы да грамады!
Грамада хай тут зьбярэцца!
Сягоньня сьвяткуем дзяды!
Зыходзьце у сьвятыя ўзьмежжа,
Тут і пацер вам знайдзецца
Есьць піцьцё тут, ёсьць і ежа.
Хор
Цёмна й глуха ўсюдых, — людзі!
Што тут будзе, што тут будзе?
Гусьляр.
Дайце мне жменю кудзелі.
Запаляю, вы ж з пасьпехам
Як вагонь у гору стрэле
Падганяйце яго дэхам;
Вось так, далей хай імчыць
Ажно на ляту згарыць.
Хор.
Цёмна й глуха ўсюдых, — людзі!
Што тут будзе, што тут будзе?
Гусьляр.
Ўперад вы лёгкія духі,
Што між гэнага падолу
Цемразі і завірухі,
Нуды, плачу і мазолу,
Заблішчэлі і згарэлі
Бы тая жменька кудзелі,
Хто з вас ветраў блудзе шляхам,
Не ўзьляцеў да небных краін,
Таго лёгкім, ясным знакам
Прызываем, заклінаем.
Хор.
Кажце, што каму бракуе?
Хто галодны, смагу чуе?
Гусьляр.
Гляньце у гору, над намі,
Што там пад стольлю бліскае?
— Залацістымі крыламі
Дзецяў двое калыхае.
Як лісток з лістком ў павеве,
Кружаць над царквы вярхолкам;
Як голуб з галубком на дрэве,
Так ангялок грае з анёлкам.
Гусьляр і старац.
Як лісток з лістком ў павеве,
Кружаць над царквы вярхолкам;
Як голуб з галубком на дрэве,
Так ангялок грае з анёлкам.
Ангялок да аднэй з сялянак:
Да мамы ляцім, да мамы.
Не спазнала-ж матка Юзі?
Я-жа Юзя, той-жа самы!
Вось сястрычка мая, Рузя.
Цяпер дом наш—раю брамы.
Тамака лепш чым у мамы.
Глянь! Галоўкі ў зор вянкох,
Вопраткі з косак сьвятляных,
А ў кожнага з нас на плячох
Двое крыльляў матыльчаных.
Ў раі ўсё добра гэтак,
Што дзень то гульня іная,
Дзе ступім — траўка ўзрастае,
Дзе кранем — там поўна кветак.
Ды хоць ўсе там добра гэтак,
Мучыць нас нуда й трывога,
Ах, мама для тваіх дзетах
Спынена ў неба дарога!
Хор.
Ды хоць ўсё там добра гэтак,
Мучыць іх нуда й трывога,
Ах мама для тваіх дзетак
Спынена ў небе дарога!
Гусьляр.
Чаго жа трэба для душы
Каб дастацца ёй да неба?
Ці просіш ўздыхнуць да Бога?
Ці аб частунак салодкі?
Есьць тут сыр, масла, пірагі,
Яблыкі ёсьць і ягодкі.
Чаго жа трэба для душы
Каб дастацца ёй да неба?
Ангялок
Нічагуські нам ня трэба.
Праз лішню слодач на зямлі
Няшчаснымі зрабілісь мы.
Я ў працяг жыцьця маёга
Горкага ня знаў нічога;
Пяшчоты, цукеркі, сваволі,
А што зраблю, дык усё — цаца!
Пяяць, скакаць, бегчы ў поле,
Нарваць кветак для Разалькі,
Вось была ўся мая праца,
Яе-ж праца — гуляць ў лялькі!
На дзяды жа мы зьявілісь
Не каб вы за нас малілісь;
Ня трэба нам ахвярнай мшы,
Ні малака, ці пірагоў.
Просім гарчыцы два зярны,
А гэны дар, такі прасты.
Лепш будзе ўсякіх адпустоў!
Бо чуйце і разважце добра людзі,
Што паводле Божага наказу,
Хто ня зьведаў бяды — горачы ні разу,
Той і ў небе шчасьлівым ня будзе!
Хор
Бо чуйце і разважце добра людзі,
Што паводле Божага наказу,
Хто ня зьведаў бяды — горачы ні разу
Той і ў небе шчасьлівым ня будзе!
Гусьляр.
Анялочкі вы мае
Што жадалі, то бярыце,
Кожный хай зярнё бярэ,
Цяпер з Богам адыдзіце!
Калі ж к просьбам душа глуха:
Ў імя Айца, Сына, Духа!
Ці бачыш Панскі крыж ?
Ня хочаце ежы тое,
Пакіньце-ж нас у спакоі,
А кыш! а кыш!
Хор.
Калі-ж к просьбам душа глуха:
Ў імя Айца, Сына, Духа!
Ці бачыш Панскі Крыж?
Ня хочаце ежы тое,
Пакіньце ж нас у спакоі,
А кыш! а кыш!
(Зданьні зьнікаюць)
Канец зьявы 1-ай.