Гук грому Ціха ўночы
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 24, 14 верасьня 1924 г., б. 3
Ярэм Дуб

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XXIX.
Ціха ўночы.

Ціха ўночы. Зоркі гараць высока—высока ў цёмным небе, глядзяць адтуль на цёмную зямлю, на якой панура раскінуліся вёскі, гарады, сярод якіх нядоля пануе, нуда і злосьць, на якой сьлёзы льюцца рэкамі і морам бушуе край…

Чаму так хораша ў небе?

Чаму?

Чаму няма там ні сумных гарадоў, ні вёсак, ні сьлёз? Чаму там вечна пануе спакой і нейкая радасьць ахопіць душу і сэрца, калі глянеш у далёкае неба, пакрытае зоркамі і нейкі сум апануе, калі па ім хмары бягуць і плачуць дажджом?..

А выйдзе месячак поўны на неба, агорне ціхім сьветам цёмную зямлю…

Маліцца тады жадае душа, плакаць аб нядолі, аб нудзе, што вечна над сэрцам пануе…

Ціха ўночы, Гараць зоркі…

Яны бачаць усё, ім відаць з вышыні, дзе ўсе яны, мае дарагія, па кім душа і сэрца баліць…

Дык гэтай ночкай маліцца буду я, каб пачуў мяне Бог…

Каб дапамог мне ўратаваць маю старонку ад нядолі, каб вёскі яе, гарады былі поўны шчасьця, лепшае долі, нябеснай цішыні…

Каб мір панаваў назаўсёды!

Каб болей ня чуў я, ня ведаў, ня бачыў ні сьлёз, ні крові…

Божа! У гэтым Ты нам дапамажы! Каб было так ціха, як уночы…

Ціха ўночы.

Дзяргач.