Цішка Гартны (1923)/Выбраныя творы/Песьні Гарбара

Помніш?! Песьні Гарбара
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1923 год
Сявец
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьні гарбара.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьні Гарбара.

I

Я — рабочы, гарбар;
Рыцар працы цяжкой,
Я з залезнай душой,
З сэрцам палкім, як жар.

Іскры ў вочах маіх,
А залеза ў руках,
Скура гнецца ад іх
Ў адзін міг, ў адзін мах.

Ці задушша, ці чад —
Ўсё на сэрцы маім,
А спужаць вораг-кат
Не здалее нічым.

Я здружыўся з трудом,
Я ў ім рос, я ў ім крэп;
Запрацованы хлеб
Люблю мець за сталом.

Не хачу, ня прывык
Склаўшы рукі хадзіць:
Я — гарбар-працаўнік,
Я жыву — каб рабіць!

II

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей
І на шчасьця прыход
Не заплюшчвай вачэй!

Песьню волі сьпявай
У дыму, ў духаце,
І надзея твая
Няхай кветкай цьвіце.

Бо дзе сіла жыве,
Дзе работа кіпіць,
Там насеньня зярнё
Лепшай долі ляжыць.

І ты мукай сваёй
Глебу ладзіш яму,
І сам сееш яго
Ў заарану зямлю…

Не здавайся, гарбар,
Ты за працай сваей:
Глебу пільна гатуй
І ў ёй шчасьце, брат, сей!

III

Я — гарбар малады,
Я вясёлы ўсягды,
Як працую — пяю.

Цэлы дзень за сталом
Я з сабачкай, з нажом
Бясьсьціханьня стаю.

І вясёл, і рачыст,
Я пад грук і пад сьвіст
Цяжкі труд прадаю.

Вось ў дыму, у брыдзе
Для братоў для людзей,
Шчасьце, долю кую.