Цішку Гартнаму (Колас)
Цішку Гартнаму Верш Аўтар: Якуб Колас |
Трудная дарога, праца, гараванне,
Доўгія гады.
А навокал цемра, злыдняў скагатанне,
Над працоўным людам здзекі, наруганне —
Ўсё было тады!
Але рушыў смела ты ў сваё блуканне,
Моцны, малады,
Каб у далеч тую, у яснае ранне
З песнямі змагання, іскрамі світання
Пралажыць сляды.
След праложан, браце, знойдзен шлях шырокі
Для працоўных мас.
Хоць сачыла ліха ўсюды твае крокі,
Не прапаў жа ў пушчы голас адзінокі,
I агонь не згас.
Нашым вольным гоням, дзе лягла пуціна,
Даў і ты свой дар,
I цябе за гэта, як дбалага сына,
Прывітае шчыра родная краіна.
Дык жыві ж, пясняр!
1928