Цішку Гартнаму (Маракоў)
Цішку Гартнаму Верш Аўтар: Валеры Маракоў 1928 |
Такім мяцежным, непаўторным
Пяецца горда песнь жывых
І тым,
Хто ўчора ў бурах чорных
Пеў думы-песні маладых…
І я ўстрывожаны…
Я, кволы,
Прынёс табе з радзімых ніў
Напеў бунтоўны і вясёлы,
Якім гарэў,
Якім я жыў!..
Зямля пуцін і раздарожжаў,
Зямля сумуючых раўнін —
Не палюбіць цябе
Няможна.
Я палюбіў цябе, твой сын.
Жыццё, і песні, і змаганне
Праз горкі лёс,
Праз свет надзей
Ў вяках
Паднятым сцягам стануць
Над грамадой жывых людзей.
Дык, непаўторным — свет і слава,
Для непаўторных —
Песнь жывых…
І песнь пральеццца пеннай лавай
З грудзей паўстаўшых,
Маладых