Чалавек, які не радзіўся

Чалавек, які не радзіўся
Аўтар: Міхась Чарот
Крыніца:http://mihascharot.ru/storie/3-chalavek-yaki-ne-radziusya.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Старшыня валаснога выканаўчага камітэта быў сёння нешта не ў духу. Увесь час сядзеў на мяккім крэсле, стукаў пальцамі па стале і ні з кім не гаварыў.

— Непарадкі вялікія на воласці… Сельсаветы не выпаўняюць усіх загадаў… А зверху каго цягнуць? Вядома, мяне, старшыню, які ні днём ні ноччу не мае вольнай хвіліны, — вырвалася ўрэшце абурэнне старшыні ў крыклівых словах.

Пісар Хапунчык, той самы пісар, які нёс гэту пасаду ў воласці і ў старыя часы, злосна ўсміхнуўся, паглядзеў ва ўсе куткі канцылярыі і сказаў:

— А вось усё праз тое, што вы не адзін тут гаспадар, пане… гм-м… таварыш старшыня… Успомніце, даўней на ўсю воласць адзін старшыня і пісар — яго правая рука, а справа гэтак ішла, што куды там… А як старшыня баяліся вясковыя старасты! Ге-ге!.. Рабілі ўсё ад аднаго слова… Не тое, што цяпер: кіпу папер спішаш на загады, а яны і вухам не вядуць… Ну, а пасля гэтыя аддэелы, загадчыкі… Адным словам, пан… гм… гм… таварыш старшыня, дзе шмат нянек, там дзіця без носа…

— Годзе! — гаркнуў старшыня. — Ты якім быў чортам, такім і астаўся… Мы — рабочыя і сяляне — павінны душыць усякую эксплуатацыю і буржуазію, а табе яшчэ царскаю гарэлкаю пахне!..

— Выбачайце, самагонам Шчыпаравым…

— Даволі — больш рашучым голасам крыкнуў старшыня і пачаў абнюхваць вопратку, ад якой сапраўды крыху пахла самагонам і самасейным тытунём…

Старшыні было не да жартаў… Яго мучыла думка, як выйсці чыстым ад рэвізійнай камісіі, якая на днях павінна з’явіцца ў воласць. А больш усяго яго непакойна тое з’явішча, што новы загадчык зямельнага аддзела, які прыехаў з павета замест старога, зразу пачаў арганізоўваць пры воласці камуністычную ячэйку і агітаваць яго, старшыню, каб таксама запісаўся ў ячэйку…

Як быць і што рабіць? На гэта пытанне старшыня і шукаў у «нутры сваей асобы» адказу. Тым часам было каля дванаццатай гадзіны раніцы, і ў воласць пачынаў сходзіцца народ… Каму трэба, а каму і не трэба — кожны селянін лічыў за абавязак схадзіць у воласць, каб даведацца, што чуваць.

Раптам дзверы пакоя старшыні адчыніліся і нясмела выглянуў твар хлапца…

— Табе што трэба? — запытаў старшыня.

— Я да вас, таварыш старшыня, — ціха адказаў хлапец і ўвайшоў у пакой…

— Да мяне? А па якой справе?

— Ды як бы вам сказаць… Я жаніцца хачу…

— Ну дык што? Я табе не перашкаджаю… жаніся… А я тут пры чым?.. ідзі ў аддзел загсу…

— Я быў, таварыш старшыня, дык там без метрыкі не хочуць запісваць… Кажуць, каб метрыку дастаў…

— А то як жа?

— Дык, бачыце, метрыкі няма…

— Як няма? Што значыць няма? Кожны хрышчоны чалавек павінен мець метрыку… Ты што, згубіў яе? — запытаў старшыня.

— Не згубіў, а сама згубілася, як нашага прыходу царкву перабудоўвалі на школу…

— Бог, бог пакараў, — падхапіў пісар, які ўвесь час слухаў іх размову.

— Ды які чорт бог, — злосна агрызнуўся хлапец, — поп кніжкі пазабіраў ды неяк пагубляў, а можа, прадаў у крамку селядцы заварочваць, а ты вось круці галаву…

— Як няма метрыкі, — адказаў начальніцкім тонам старшыня, — значыцца, нічога не будзе… Запісацца няможна…

— Але ж у мяне дакументы ёсць, — упарта даказваў хлапец. — Паслужны спіс, што быў у войску, а цяпер дэмабілізован…

— Што мне твае спісы ды распісы! — гукнуў злосна старшыня. — Мне патрэбна папера, каб я бачыў, дзе ты радзіўся, калі ты радзіўся, хто цябе хрысціў і калі цябе хрысціў, як цябе хрысціў…

— Навошта ўсё гэта, таварыш старшыня?

— Як навошта? А можа, ты зусім не радзіўся? Ты яшчэ мяне вучыць уздумаў?..

— Як жа, таварыш старшыня, не радзіўся, калі я вось тут стаю ў вашым пакоі…

— А можа, ты — гэта не ты, а хто-небудзь іншы! Мала вас такіх прахвостаў ёсць…

— Дык мяне ж веска ведае, чый я і калі радзіўся… Яна можа пасведчыць, — гаварыў хлапец, не разумеючы і сам, што казаць далей…

Старшыня ўсхапіўся з крэсла і крыкнуў:

— Хто ведае? Што ведае? Мала ведаць; трэба, каб на паперы было напісана і пячаць прыкладзена, што такі і такі грамадзянін сапраўды радзіўся, што подпісам і пячаткаю сцвярджаецца. Разумееш ты, пень дурны? Годзе час займаць… Дастань метрыку ды жаніся… ідзі…

Хлопец пацеляпаў ад здзіўлення і выйшаў… Настуля з нецярплівасцю чакала Язэпа, каб даведацца, што яму сказалі ў воласці…

Язэп увайшоў да Настулі засмучоным.

— Ну што, Язэпка, — першая запытала Настуля, — хутка будзем жаніцца?..

— Трэба радзіцца, а пасля жаніцца…

— Што ты кажаш? Даволі жартаў, кажы праўду, бо чакаць алы не маю…

— Ды які, а там чорта жарты, — загаварыў Язэп, — няма метрык, дык старшыня даказаў, што я не радзіўся… і я нічым не мог яго ўпэўніць…

— Хіба яго зіркачы павылазілі… Ты ж перад ім сам стаяў…

— Мала гэтага… ён кажа, можа, ты — гэта не ты, а хто іншы… Не ажаню, кажа, пакуль метрыкі ад папа не прынясеш… А той, кудлаты чорт, згубіў, каб ён галаву сваю згубіў… Як быць і што рабіць — розуму не знаходжу…

— Вось і жаніся ў нашы часы, — казала праз слёзы Настуля. — Даўней паехаў да папа: раз, два — і гатова… А цяпер і старым станеш, пакуль цябе гэтыя саветы ды камітэты ажэняць…

Не спалася ўсю гэту ноч ні хлопцу, ні дзяўчыне. Думу думалі, як ажаніцца…

— Ага, ведаю, ведаю… Там у вас царкву скасавалі… Дрэнна, дрэнна… але нічога… Да мяне шмат вашых прыязджае… Пойдзем жа да пакояў… або вось у садок, у бяседку… там лавачка, столік…

Пры гэтых словах бацюшка зірнуў на кішэню Язэпа, адкуль выглядала затычка бутэлькі з самагонам…

— Што скажаце добрага?

— Хачу, бацюшка, метрыку дастаць… інакш жаніцца не можна… Старую метрыку наш бацюшка згубіў.

— Гм… Як жа так… Гэта то няможна, бо выдаваць метрыкі мы можам толькі тым, хто ў нашай царкве хрысціўся, а іначай…

— Ці не можна, бацюшка, ну, так… Запісаць у кніжку, нібыта я тут хрышчоны, і выдаць метрыку?

— Гэта, мілы, супроць законаў царкоўных… На гэта я не згаджуся…

— А як жа быць?

— Трэба падумаць…

Бацюшка зірнуў на кішэню… Язэп зараз жа дагадаўся і выцягнуў бутэльку на стол.

Язэпа непакоіла адно — хутчэй дастаць метрыку ды ехаць у воласць.

— Вось што, — сказаў падвыпіўшы бацюшка, — мы гэту справу ўладзім… Табе трэба яшчэ раз ахрысціцца…

— Як гэта ахрысціцца?

— Ды так, нібы ты не радзіўся… ну няхай і радзіўся, але быў дагэтуль нехрышчоным, а цяпер мы цябе ахрысцім…

— Я не разумею, бацюшка, як гэта зрабіць? Ды смешна неяк, што я не радзіўся, у той час, калі я тры гады ў Чырвонай Арміі ваяваў. А цяпер, значыць, зноў жыць спачатку. Але я не памаладзею?

Бацюшка пачаў рагатаць… Пасля выпіў чарку, закусіў агурком і сказаў:

— Не ўсё так страшна, як табе здаецца. Трэба пазваць кумоў, нават можна тых, якія раней цябе хрысцілі… Усадзім цябе ў халодную ваду, скінуўшы адзенне, памажам алеем, адчытаем малітвы, і ты чалавек…

— А цяпер я хто, па-вашаму? — запытаў, насупіўшы бровы, Язэп, якому хмель таксама «стукнуў» у галаву…

— Цяпер ты таксама чалавек, але не маючы права называцца ім.

— Па праўдзе, бацюшка, я хацеў бы без усякіх гэтых штук атрымаць метрыку…

— Не, — перабіў, — на гэта ні адзін бацюшка не згодзіцца, тым болей «хрысціць» не па закону дарослага, які заўтра зможа расказачь іншым і падарваць аўтарытэт царквы святой…

— Ну, добра! Я згодзен на ўсё, але каб гэта ўраз было зроблена…

— Гэта ў нас хутка… Толькі раней, як водзіцца, вам трэба ахрысціцца ў воласці, запісацца, значыцца, ну, а ў мяне астаноўкі не будзе.

— Зноў у воласць? — запытаў здзіўлена Язэп.

— Так, так, інакш мы царкоўных трэбаў не творым, тым больш над дарослымі…

Язэп як апантаны выскачыў з бяседы, адвязаў каня, сеў на воз і памчаўся дамоў.

Стары Супрон, бацька Язэпаў, ужо некалькі разоў рыхтаваўся да вяселля сына, але вяселле ніяк не клеітся… Усё наваранае і напечанае з’ядалі і пачыналі рыхтавацца зноў.

Супрон, адчыняючы сыну вароты, запытаў:

— Ну, што? Усё наладжана?

Язэп хацеў са злосці змоўчаць, а пасля, перадражніваючы бацьку, загаманіў:

— Нала-аджана! Нала-аджана! Няма мяне — вось і ўсё… А яшчэ бацька! На свет пусціць мог, а ахрысціць як трэба не мог… Вось праз тваю ласку езджу ад аднаго чорта да другога і нічога зрабіць не магу.

Супрон разявіў рот і лавіў кожнае слова, не ведаючы, у чым справа.

— Чаго ты пазіраеш? — гукаў Язэп, седзячы на возе. — Няма мяне! Разумееш, няма, я яшчэ не радзіўся…

У гэты самы вечар па просьбе Супрона, які лічыўся паважаным чалавекам на ўсю вёску, старшыня сельсавета склікаў сход, каб вынесці ўсім вобчаствам пастанову, што сын Супрона Дразда, Язэп Супронаў Дрозд, сапраўды радзіўся…

Першае слова на сходзе ўзяў Рыгор Канцавенька, яму сказаў:

— Таварышы, грамадзяне і кабеты! Нам іншай улады не трэба, як толькі савецкую. Мы любім яе, яна нас бароніць. Мы самі ўлада, бо мы сяляне і рабочыя, значыцца, нам таксама трэба жаніцца, як усім сялянам і рабочым, але старшыня нашай воласці беракрат, і ён гэтага не хоча. Хто не ведае нашага цяперашняга старшыню і хто не ведае Язэпа Дразда, які радзіўся і хоча жаніцца, а старшыня, гэты беракрат, кажа, што Язэп Драздоў не радзіўся, і не хоча, каб ён жаніўся… Я чуў некалькі дзён назад, як гэты самы Язэп даказваў старшыні, што ён радзіўся і тры гады праліваў кроў за нас у Чырвонай Арміі, а гэты беракрат, п’яніца казаў, што не. Я стаяў за дзвярыма ў воласці, і мне хацелася вылаяць старшыню за гэту несправідловасць, якую ён наносіць Язэпу, а значыцца, і ўсяму вобчаству і савецкай уладзе, за якую Язэп змагаўся… Ведаеце, мужчыны, што я сам гарэлку на хрэсьбінах Язэпа і помню як цяпер, што, прыйшоўшы дамоў, моцна палаяў жонку.

— Правільна! Правільна! — чуліся галасы з грамады. Пасля выступалі іншыя прамоўцы, і ўсе даказвалі аб несправядлівасці старшыні, што ён патрабуе ад Язэпа яшчэ раз радзіцца толькі дзеля таго, каб здабыць нейкую там метрыку, якая і ламанага гроша не варта. У канцы сходу слова ўзяў старшыня сельсавета.

— У маім вобчастве няма такіх, якія не радзіліся, — гучна сказаў ён, — і тое, што старшыня воласці паклёп узводзіць на Язэпа Дразда, гэта ёсць правакацыя, якая караецца савецкімі законамі і міравым судом… Язэп Дрозд радзіўся, бо ён служыў у Чырвонай Арміі і, як дэмабілізаваны чырвонаармеец, мае права ўступіць у законны шлюб з Настуляю, якая таксама хоча выйсці за яго замуж.

Усё было занесена ў пратакол і падпісана ўсімі граматнымі грамадзянамі вёскі.

Пасля сходу Супрон пазваў лепшых прамоўцаў і пачаставаў іх нарыхтаваным ядзеннем на вяселле.

Назаўтра — ні свет ні зара — Язэп з пратаколам быў у воласці і чакаў старшыню. Пісар прачытаў пратакол, паглядзеў скоса на Язэпа і сказаў:

— Што гэта ты вёску бунтуеш? Ты ведаеш, што за гэта можа быць? ні можна гэткую пастанову выносіць? Гэта ж супроць законаў Савецкай Канстытуцыі!

— Там нічога такога няма, — гаманіў дрыжачым голасам Язэп. — Калі воласць не верыць, што я радзіўся, то вось мая веска аб гэтым на агульным сходзе пасвядчае… Маны там няма.

— А метрыка дзе? — запытаў прыўстаўшы пісар.

— А навошта мне метрыка, калі цэлае вобчаства сведчыць, што я радзіўся, калі радзіўся, як радзіўся — чытайце самі.

— Царква, царква трэба каб пасведчыла… Тады ты паедзеш у горад ды ў натарыўса знімеш копію… іначай напрасна парог абіваеш…

— Мне бацюшка сказаў, што трэба нанова хрысціцца, каб атрымаць метрыку…

— Ага, так!.. Тады з гэтай справай прыедзеш заўтра да старшыні — ён у нас хрысціць, жэніць і хавае… даходная стацця, нікому ўступіць не хоча…

Цэлы тыдзень прыязджаў Язэп у воласць, але не мог злавіць старшыні ні дома, ні ў воласці.

Нарэшце Язэп спаткаў старшыню на вуліцы і пайшоў за ім у воласць.

— Ты што? Зноў жаніцца? — спытаў старшыня, апускаючыся ў крэсла.

— Куды там, раней хачу ахрысціцца, каб метрыку атрымаць; без яе ж вы не запісваеце. А вось пратакол вобчаства, што я сапраўды радзіўся, у чым вы тады сумняваліся.

Старшыня, не чытаючы, сунуў яго ў кучу папер на стале, пасля, паскробшы патыліцу, сказаў:

— А сведкі ў цябе ёсць? Кумы гэтыя самыя?

— Няма…

— То прыедзеш заўтра з кумамі ды не з парожшмі рукамі — гэткі хрышчэнні павінен сам добра ведаць.

Язэп абрадаваны паехаў дамоў.

На другі дзень воласць была паўнютка напхана сялянамі. Чутка аб тым, што прыедзе хрысціцца дарослы чалавек-чырвонаармеец, разнеслася па ўсіх ваколічных вёсках. На нехрышчонага чалавека ехалі за шмат вёрст паглядзець, як на нейкі цуд.

Грамада таўкалася і чакала, калі прывядуць гэтага дзіўнага чалавека… Нехрышчоны даўно хадзіў паміж грамады і смяяўся, калі ў яго самога пыталі, ці хутка прыедзе хрысціцца гэты цікавы чалавек. Але, нікога не пабачыўшы і не дабіўшыся толку, грамада стала разыходзіцца…

У гэты самы час небывалае з’явішча адбывалася ў пакоі старшыні.

Калі, запаўняючы бланкі, старшыня спытаўся, калі навароджаны з’явіўся на свет, кумы пачалі пераглядацца, а Язэп сам адказаў:

— Дваццаць чатыры гады і тры месяцы і сем дзён таму назад, а пятай гадзіне ўвечары, калі гналі пастухі з поля…

Старшыня выпусціў з рук пяро і сказаў:

— Па закону належыць запісаць дзіцё ў працягу трох дзён, за ўсе прасрочаныя дні павінны заплаціць штраф… Гэй, пісар, вазьмі шчоты і падлічы, колькі штрафу трэба ўзяць з Супрона Дразда за тое, што так доўга не хрысціў сына.

— О, як вы законы добра ведаеце, — сярдзіта крыкнуў Язэп, — скулу вам, а не штраф… Гэта здзекі з мяне. Я не папушчу.

— Я пры выпаўненні сваіх абавязкаў, — гаманіў хутка старшыня і мерыўся, як бы выскачыць з пакоя… Язэп пачырванеў ад злосці і ўвесь пачаў трэсціся…

— Шэльмы вы, а не гаспадары нашы… Вам бы сем скур з чалавека драць, як столькі часу на фронце ваяваў за правы працоўных. Няма сілы больш цярпець ад гэтакіх паганцаў, як вы…

Старшыня памкнуўся нырнуць у дзверы, але Язэп хапіў яго за грудзі і гэтак пасадзіў у крэсла, што той зрабіўся белы як палатно.

Пісар нёс паперы на подпіс да старшыні, але, пачуўшы гармідар, выскачыў у схадавую і клікнуў двух міліцыянераў.

Язэп не паспеў аглянуцца, як яго міліцыянер хапіў ззаду за локці і крыкнуў:

— Не варушыся — страляць буду!

Але Язэп гэтак «паварушыўся», што адзін міліцыянер адчыніў сваёю асобаю дзверы і выкінуўся ў калідор, а другі збіў з ног пісара і паваліўся ў куток каля печы.

Старшыня, пабачыўшы, што няма як уцячы, стаў на крэсле і пачаў ва ўсё горла крычаць:

— Лю-у-у-дзі! Сюды!.. Забіва-а-ае!

Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, каб у гэты час не ўвайшлі незнаёмыя людзі з вялікімі жоўтымі партфелямі…

«Рэвізія», — мільганула ў галаве старшыні, і ён, стану нерухома з расчыненым ротам.

Так, гэта была рэвізія, якую новы загадчык земаддзела запатрабаваў у спешным парадку абрэвізаваць справы воласці.

Тры незнаёмыя чалавекі разам з прадстаўніком толькі што ўтворанай валасной камуністычнай ячэйкі не маглі дагадацца, куды яны папалі і што ўсё гэта азначае.

Вартаўнік грамадзянскага спакою — міліцыянер, што ляжаў каля печы, хутка падняўся, абтрос шынель і прылажыў руку да казырка.

Прайшло некалькі мінут маўчання. Язэп дагадаўся, што гэта вышэйшае начальства, і першы загаманіў:

— Вось паглядзіце, таварышы, як ідуць справы ў нашай воласці…

Старшыня закашляў, даючы знак, каб Язэп маўчаў, і пачаў злазіць з крэсла.

— Маўчаць не буду! Няхай вышэйшае начальства бачыць, як намі кіруе воласць… Якія ў нас гаспадары… А вось іх абаронцы, — сказаў Язэп, паказваючы пальцам на міліцыянера. — Усім ім мала вяроўкі…

Незнаёмыя таварышы, выслухаўшы скаргу Язэпа, сказалі, каб ён ішоў дамоў, што ўсё будзе ўладжана — яго справа будзе вырашана ў першую чаргу…

Язэп, кінуўшы злосны погляд на старшыню і плюнуўшы ў бок міліцыянера, адзеў шапку і выйшаў. Рэвізія пасля кароткай размовы з старшынёю пачала пераглядаць паперы. Першае, што папала ім у рукі, гэта быў пратакол сельскага сходу аб справе Язэпа Дразда. На пратаколе чырвоным чарнілам была напісана гэткая рэзалюцыя: «ЗАГС. Выканаць. Лічыць Язэпа Дразда не радзіўшымся, як не маючага аб гэтым належачага пасведчання, і жаніцца з якой бы ні было дзяўчынай забараняецца, пакуль не будзе прадстаўлена оная з прылажэннем на ей царкоўнай пячаці.

Старшыня Віка: Андрэй Стрэмка».

Тры незнаёмыя чалавею па парадку перачыталі адзін за другім гэту рэзалюцыю, усміхнуліся і адлажылі пратакол убок.

Старшыня патрохі пачаў набірацца смеласці… Ён нават міргнуў пісару, каб той даў загад прынесці крэслы для рэвізійнай камісіі.

А Язэп у гэты час, пакрыўджаны, як ніколі ў жыцці, плёўся дахаты, разважаючы, што рабіць далей. У глыбокім задуменні, пераходзячы праз канаву, не заўважыў, як пад ім пахінулася кладка, і ён ускочыў па пояс у ваду.

Выкарабкаўшыся з канавы, пачаў на чым свет стаіць лаяць старшыню і папа. У часе непамернай злосці яму запала ў галаву думка зрабіць так, як яшчэ ні адзін з хлапцоў не зрабіў у іх вёсцы. 3 гэтай новай думкаю Язэп, выкруціўшы мокрыя анучы, пашыбаваў дахаты.

Настуля, адна з прыгажэйшых дзяўчат у вёсцы, вельмі любіла Язэпа і не мела больш цярплівасці чакаць шлюбу… Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыю валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі…

Сёння Настуля спаткала Язэпа, як і заўсёды, са слязьмі на вачах… Язэп жа быў вясёлы, як ніколі. «Пэўна, удалося наладзіць справу», — падумала Настуля, глянуўшы на Язэпа, і сама паморшчыла твар непадробнай усмешкай.

— Гатова! Ты мая жонка! — загукаў Язэп, вітаючыся з Настуляй.

— Няўжо? Значыцца, мы ажэнімся?

— Эгэ! Ды яшчэ як! Аж свету моташна стане!

— Як жа гэта? Няўжо не так, як усе людзі жэняцца?

— Куды там! Сама бачыш, што я не такі чалавек, як усе — я чалавек, які не радзіўся… Ну, значыцца, можна і ажаніцца і аджаніцца не так, як усе людзі…

— Дрэннае ты нешта надумаў, Язэпка… пачынаю я палохацца… нават сон нецікавы бачыла…

— Што сон? Сон… Набрала ў бабскую галаву чагосьці нядобрага, ну і сніш тое, што не трэба… А вось ты выдумала б тое, што я…

Пры гэтых словах Язэп моцна абняў Настулю і гэтак горача пацалаваў у яе пухленькія губкі, што сэрца дзяўчыны задрыгала, як птушка ў клетцы.

У хаце нікога не было, апрача іх дваіх. Настуля шчыранька прыгарнулася да Язэпа, пачала ўсхліпваць і скардзіцца на свой дзявочы лес.

Змрок, нібы аканцамі, захінуў вокны, у хаце зрабілася цёмна. Седзячы на ложку з Настуляю, Язэп апавядаў пра ўсё тое, што яму прыйшлося перажыць апошнямі днямі, калі шукаў папер на права быць чалавекам, на права ажаніцца з той дзяўчынай, якая сэрцу яго міла.

Настуля ўвесь час слухала, але не магла дагадацца, да чаго хіліцца гэта размова. Урэшце Язэп сказаў коратка і выразна:

— Давай, Настулька, будзем жыць так, без запісу ў воласці, без шлюбу ў царкве, бо далей я не пайду кланяцца рознаму чорту. Ды навошта ўсе гэтыя працэдуры? Хіба ж, шчыра кахаючы адно другога, без усяго гэтага няможна жыць? Вось падумай харашэнька, абмазгуй, а больш сэрцам адчуй, ці можна зрабіць так, як я кажу? Прыслухайся да сэрца свайго — яно не ашукае цябе. Думка гэта запала ў маю галаву сёння, калі я ішоў з воласці ды ўкінуўся ў канаву. І скажы: праз што і за што пакутаваць будзем?

Засмучаная Настуля, нібы вады ў рот набраўшы, маўчала. Нешта дрэннае дзеелася на яе дзявочым сэрцы.

— Я на ўсё згодна, — прашаптала яна, бліжэй тулячыся да Язэпа, — але мама… Я нават сама адзін раз ужо сказала, што да папа не трэба ехаць. Ого! Яна як залямантуе ды і кажа: «Не радзіўся той чалавек, які возьме цябе без шлюбу». Ну, што далей гаварыць. Бацьку так-сяк можна ўламаць.

— Ды мае бацькі таксама падымуць гармідар, калі скажу аб сваім плане… Але ведай, што больш я ні да папа, ні да старшыні і кроку не зраблю — няхай яны згінуць з метрыкамі сваімі… Вось падумай, памяркуй, і зробім так, як я кажу…

— А калі не…

— Калі так не будзе, як я кажу, то плюну на ўсё і паеду куды вочы глядзяць…

Тым часам увайшлі ў хату бацькі Настулі, і прыйшлося запаліць агонь…

Язэп праз некалыкі хвілін развітаўся і пайшоў дахаты…

Але гэтым не кончылася гісторыя гарачага кахання сялянскага хлапца і дзяўчыны. Як толькі Язэп і Настуля выказалі свае думкі бацькам, пачалася калатніца ў абедзвюх хатах. Па ўсёй вёсцы і нават у аколіцы нібы ў бубен білі пра тое, як Язэп Дрозд жэніцца.

— Нібы чорт зеллем паганым падкурыў хату Супрона Дразда і Змітрука Карча, — казалі сяляне, чуючы кожны дзень сварку ў іх хатах.

Ды ці можна не сварыцца?.. Дзе ж гэта відна, каб гэтак жаніцца? Узяў за руку ды павёў дзяўчыну дахаты!

А Змітрук Корч, бацька Настулі, дык ужо быў згодзен. Толькі маці казала, што выракуся дачкі, хоць і роднае дзіця.

Непакой быў ва ўсёй вёсцы. На Язэпа пазіралі як на нейкага казачнага героя, які крадзе сабе жонку, які не пабаяўся старшыню натаўчы і нават міліцыянераў. Аб апошнім здарэнні ведала ўся воласць, і кожны, апавядаючы пра гэта здарэнне, дабаўляў што-небудзь і ад сябе, асабліва пасля таго, як змясцілі старшыню з пасады і пасадзілі ў халодную.

Язэп жа трымаў сябе горда і казаў, што як ён казаў, гэтак і будзе. Так яно і было.

Адзін раз у нейкі прысвятак Язэп угаварыў сваіх бацькоў і зараз жа пабег да Настулі.

Яшчэ ў сенцах быў чуцён плач Настулі і прыгаворванне:

— Калі не хочаце выдаць замуж так, як мы хочам, то вось нарочна вазьму ды зраблю дзіцё!.. Няхай вам сорам будзе, што дачка ваша байструка радзіла.

Маці і рот разявіла.

— Дык вось чаго ты хочаш?.. Добра, добра!.. Выгадавала дачушку на сваю галаву… Чаму я цябе, у начоўках купаючы, не ўтапіла?.. Можа, ты ўжо… што гэтак табе карціць замуж?..

— Як захацела… слухаць вас не буду, — сказала Настуля і рынулася да дзвярэй.

У гэты час дзверы адчыніліся і на парозе стаяў Язэп. Настуля, нібы непрытомная, абхапіла Язэпа за шыю і пачала цалаваць.

Маці як сядзела на лаўцы, так і аслупянела. А бацька ўзяў люльку і пачаў пазіраць у акно.

— Ну, што? Не хочаце выдаваць за Язэпа, як мы хочам, то я сама пайду, — сказала Настуля, пазіраючы на бацькоў.

Бацькі моўчкі пераглянуліся.

— Язэп, пойдзем! Калі твае бацькі не прымуць у хату, то месца знойдзем — свет вялікі.

— Ды мае згадзіліся так жаніцца, як я хачу…

— Ага! Раз так, то… бывайце, татка і мамка, здаровы… Пасагу мне вашага не трэба; жывы будзем ды здаровы — здабудзем усё… Да мяне прыйдзеце — гасцямі дарагімі будзеце, дармо што супроць вашай волі замуж выходжу…

Сказаўшы гэта, Настуля скаканула праз парог у сенцы і пацягнула за сабою Язэпа.

— Настулька! Настулька, — загаласіла маці, — пачакай… Дай жа хоць благаслаўлю на дарогу…

— Гэт, старая мянташка, — злосна забурчаў бацька, — кажу, не разбівай дзіцяці шчасця. Не пярэч, калі хочуць жаніцца… Ці нам не ўсё роўна, як яны ажэняцца? Абы жылі ў згодзе ды дастачы…

Маладыя вярнуліся…

Пасля слёз маткі і яе прычытання, калі ўжо абое старыя згадзіліся выдаць дачку без усякіх загсаў і шлюбаў, Язэп не сцярпеў і сказаў:

— А ўсё-такі, Настулька, наша ўзяла! Які ж я дурны быў, што абіваў парог папу ды воласці… І скора і гладка. А каханне, напэўна ж, ад гэтага не зменіцца…

— Яшчэ мацней будзем кахаць адно другога, — перабіла Язэпа Настуля і абхапіла рукою за шыю…

А праз два тыдні такі баль задалі бацькі маладых, што веска, як жыве, не бачыла.

І зажылі Язэп з Настуляю на дзіва ўсяму свету… А сялянства вёскі пазірала на маладую пару, ківала галавой, прыцмоквала языком ды гаварыла:

— Вось табе і ажанілася… Вось табе без папа і без воласці. Усім бы так прыгожа жыць, як Язэпу з Настуляю…

Астаўся ў памяці толькі той сход, на які рабілі пастанову, што Язэп радзіўся… Гэта не забывалі… І калі на якім-небудзь сходзе крычалі сяляне выбраць Язэпа Дразда, то абавязкова хто-небудзь ды гукне:

— Язэп Дрозд не радзіўся…

— Як не радзіўся, калі ёсць пастанова сходу, што радзіўся, — адказваў другі…

І ўся грамада рагатала.