Чарку дай, Браце… (1926)

Чарку дай, Браце…
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Казімір Сваяк
1926 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чарку дай, Браце…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КАЗІМІР СВАЯК.


Чарку дай, Браце…

(Апавяданьне вершам).

Выдавецтва „Сялянскай Нівы“

Вільня1926.

Беларуская Друкарня ім. Францішка Скарыны.

1. ВЯСНА.

Чарку дай, Браце; — гэты раз нап’юся,
Каб пазабыці ўспамін ядавіты…
Хочаш ты ведаць? Расказаць баюся,
Як быў я ласкі калісь прагавіты
Боскай на небе, на зямлі — дзяўчыны.
Смяесься, Браце?… Ох, пазнай прычыны.

Я быў студэнтам. Рад вырваўся зь вёскі
На сьвет шырокі з журбою пазнаньня.
Змогшы сумлевы, пазнаў агонь боскі,
Што дух мой кінуў ў вечнае змаганьне
З крыўдай нявольнай, з горкаю бядою,
Зь мерзлай аблудай, доляй праклятою.

З мудрасьці ўсенькай «пяць слоў» навучыўся,
Зьмест іх — пагляд мой увесь замыкалі, —
Аб гэтых «словах» пісаць я маніўся
Мудрую Кнігу… Там-бы вы чыталі
Першае слова аб «Ім», аб Спрадвечным
Ў праяве быту свайго безканечным.

Другое слова «Людзтвом» называю.
Трэцяе «Язьняй»: сам сябе пісаці
Я там маніўся… Ах, прыпамінаю
Ход мае думкі: думаў называці
Сябе ды зь — ёю — «чалавекам цэлым»:
Ў Любасьць — Ідэю верыў сэрцам сьмелым.

Слова чацьверта звалася «Народам».
У гетым слове хацеў я азначыць,
Што дзікім мечам, ці граніцай — зводам
Душы народнай нельга перайначыць.
Пятае слова «Вечнасьць» рысавала, —
Над шчасьцем быту людзкога гадала.

Вясною раньней адзьдзел Кнігі першы
З душы пламеннай крывёй быў пісаны:
Кожнае слоўца і усенькі вершы
Начой бязсоннай былі размышляны…
Краска вясною сьніць усьцяж аб сонцы,
Але — й за краскі… плацяцца чырвонцы!


2. ЛЕТА.

Чарку дай, Браце… Ня туды я еду…
Розум мой кволы цяпер страпянуўся
Цяжкім ўспамінам. — агарнуў я веду
Тагды умела, а дух мой прачхнуўся
І воляй дужай здабываў адразу
Правы сусьвету — правы без адказу.

Розум мой біўся з думкаю адною,
Што сэрца неяк наўзгад дыхтавала:
Ці жыці трэба навек сіратою
Адным на сьвеце, ці каб дапаўняла
Лёс мой жыцьцевы любая дзяўчына,
Спрадвечнай «язьні» маей палавіна.

Як я ўлюбіўся — сам добра ня знаю!
Толькі ня меў я адгэтуль спакою, —
І днём і ночай над тым размышляю,
Хто яна, гдзе, за каторай гарою…
Раз яе відзеў на адным гуляньні
І цяпер думаў толькі аб спатканьні.

Лёс пашчасьлівіў, пазнаў яе блізка,
Скора здружыўся і мог згаварыцца,
Слоўца па слоўцу, пагнаў нас вятрыска
І пачалі мы шмат шчыра любіцца, —
І душы нашы адну цесьню зналі,
А сэрцы нашы сонцам аддыхалі.

Відзелісь часта, жыці было трудна
Ў доўгай разлуццы. Кончыўшы заняткі
Йшлі мы, гдзе сонца нам сьвяціла цудна,
І гдзе зьбіралісь з ваколіц дзяўчаткі
Краскі зрываці, як калі купаці
Ножкі і грудкі і — песьні пяяці.

Заходы сонца нас тады дзівілі;
Рыбку дзяўчатам лавіць памагалі,
У цёмнай ночы зоркі мы малілі,
З дрэўцам і траўкай аб шчасьці шапталі;
Месяц дзівіўся нашаму бадзяньню
І багаславіў шчыраму каханьню.

Аб чым найболей тады гаварылі?
Ўсё з мае Кнігі: «Бог» — «Шчасьце Людзкое»,
«Любоў» і «Вечнасьць» у вадно злучылі,
«Народу» мейсца далі немалое;
Было нам добра жыць ў ціхой улудзе,
А то й запраўды ў незгаданым цудзе.

Як першы зоркі свой твар уяўлялі,
Мы йшлі да рэчкі; дзівы аглядалі,
Ракі лавілі, бучы застаўлялі,
Як дзеці смешна ў вадзіцы гулялі —
І раскладалі агоньчык маленькі,
Рыбку варылі і пяклі апенькі.

І так мы лета правялі шчасьліва,
Матка прырода была нам апека.
Ніводна думка прыземна тужліва
Ня трула сэрца «нас двух» — чалавека:
Любоў спрадвечна «нае двух» заручыла,
Ночка і месяц навек пажаніла.


3. ВОСЕНЬ.

Вецер быў востры, вязлая дарога.
Неба балотны расьцягала хмары,
Пуста наўкола, ні духа жывога.
Поле, гнілы крыж. Ля дарогі чары
Якіясь піша чыйсь сьлед на балоце,
Ні зьвера ні птушкі ня чуваць ў чароце.

Еду дамоўкі, трэ’ дакончыць дзела
Не пустамельлем, а жывым парадкам.
Дома работа ўсенька насьпела:
Парадак ў хаце ёсьць шчасьця задаткам,
Кончыў навуку, гаспадарыць трэба
І сваёй мілай прыхіліці «неба».

Ўсё прыгатую і можна на зімку
Зь ёю прыехаць дзяліці лёс долі.
Дом во ўжо новы, тут з маёй дзяўчынкай
Буду я жыці; хай знае даволі,
Што яе бытам розум мой трывожу:
Шчасьце ўдзяржаці да сьмерці варожу…

Дарогай струджан, заснуў як забіты
Сном скамянелым, аж мне цяжка стала.
Была ўжо поўнач… Раптам потам зьліты
Віджу я зьяву: «яна» умірала!…
Над ложам ейным мужчына схіліўся,
У грудзі дзявоцкі як вужак упіўся…

Я разбудзіўся і спалохлым зорам
Ўкруг азірнуўся. Ночка прасьвятлела
І месяц чысты сьвяціў ясакорам,
Што страж дзяржалі ля хаты самлелай
Сном спрацаваным. Як ў люстры дзяўчына
Адбіўся у лужы ў двары пад калінай…

Жах сэрца сьціснуў мне. Ня сну я баюся,
Але якогась прачуцьця дзіўнога:
Штось зь «ёю» будзе… Сон-жа той здаваўся
Дзіўны мне надта і з боку другога, —
Гдзе твар я відзеў гэтага мужчыны,
Што гадам ўпіўся да маей дзяўчыны?!

Ён мне знаёмы, але скуль ня знаю.
Брунэт высокі, два зубы зламаны,
Пахне памадай… ня прыпамінаю…
На дзьве паловы волас расчасаны,
На грудзёх знак якісьціка носе —
Знаёмы мне ён, ці можа здалося?

О восень, восень — сьмерці уяўленьне,
Восень пажоўклай прыроды грабніца,
Восень поэта ў засьвет лятуценьне,
Восень запеваў вятраных тайніца…
Колькі ты сьвежых магіл адчыняеш,
Колткі ты сьлёзаў горкіх разьліваеш!…

Сумам мне сэрца яна уквяліла
Ад тэй во ночы, капі ледзь жывая
Люба здалася… Ах, нейкая сіла
Ёсьць гдзесь над намі, што асьцерагае…
Я мушу ехаць назад неўспадзейна,
Бо затужуся дома безнадзейна.


4. ЗІМА.

Вагон. Праз вокны, як у дзіўнай раме,
Бягуць парадкам лес і мёртва ніва.
Сонца зьнячэўку нехаця загляне,
І, азірнуўшы падарожных крыва
За іх някемства, вочы закрывае
Хмарай-хусьцінай, або ў лес зьбягае.

Сонны іх твары, гаворка ляніва,
І бразг калёсаў нейкі такі жудкі,
І погляд часта відаць палахлівы,
І сон іх нейкі так трывожна чуткі;
Прэцца машына неяк пярунліва,
То парай чмыхне — сьвісьне агідліва.

Сталі. Праз вочы змучаны з прасоньня
Бачу я нейку новую фігуру:
Прысеў на лаўцы, глянуў праз ваконьне,
Ўсіх азірае, папіросу кура…
І раптам чую сваё я іменьне,
На жах няясны і разам зьдзіўленьне:

«Сяброчку — братка! Не пазнаў, дальбог-жа…
«Ня помніш школы у Гайскім павеце?
«Ах, як век гэты зьмены ў твары множа,
«Як сьмешна зманна на гэтым тут сьвеце…»
І дай так далей прошласьць ўспамінаці,
Адно хваліці, другое ругаці.

Быў — кажа — ў войску… Вясёла жылося,
Хоць было цяжка як жылі «у полі».
Цяпер нічога больш не асталося,
Як ажаніцца, бо гуляць даволі…
«Цяпер зь дзяўчынкай трэба разьвітацца,
«Ўзяць сабе жонку і за дзела брацца.

— А гдзе-ж дзяўчына? — нясьмела пытаю.
— «Э, доўга баяць. Жыў зь ёю дзяцінна…
«Еду, успомнець — сама узывае…
«Гы прыйдзеш заўтра у раннай гадзіне
«Нагаварыцца, ўспомнеці старое,
«Ты нешта церпіш! Цябе супакое».

Так гаманіў мой знаёмы ваяка,
А мне здалося, што я не надарма
Зь ім у вагоне спаткаўся аднака:
Лёс нам здарае вельмі гаспадарна…
Позна вярнуўся, лёг адразу спаці
З румкаю заўтра мілу павідаці.

Сон быў спакойны, як райскай нядзелі.
Сьніў, што зь ёй разам краскі мы зрывалі,
Што каля рэчкі удваіх сядзелі,
Што кветкі разам у ваду кідалі,
Што адна толькі патанула кветка
І штось сказала накшталт: «малалетка!»

Зямелька зрана акрылася сьнежкам,
Як гаспадыня зімачку спаткала
На-поў гасьцінна, а на-поў з усьмешкам:
І ўжо пакоі дзе жыць паказала,
Устаў я можа крышачку зарана,
Але што-ж зробіш з душой разыгранай!

Думаю: Люба йшчэ ўстаць не захоча,
Сон ёй трывожыць гэты раз ня буду, —
Йду да ваякі, хай мне пабалбоча
Аб нашым прошлым: адгоне прыблуду
Журбу сваёю насьмешкай з жанчыны,
Казаў-бы «грэхам яна ёсьць мужчыны».

Сяброк мой шустры увайшоў ціхенька,
Быў ўжо адзеты, пробаваў, гітары.
— «Эх, меў ў руках я ўжо яе даўненька,
«Але — пст! Ціха, — там у мяне «чары»!
«Крышку замнога дзяўчыначка піла,
«І чарка хітра з ног яе зваліла.

Сказаўшы гэта, прачыніў ён дзьверы…
На софе мяккай ляжала дзяўчына!
Грудзі адкрыты, твар як-бы з паперы
Бледы і гідкі (і ня без прычыны)…
Над целам сонным сяброк мой схіліўся,
Цалункам прагным ёй у грудзі ўпіўся…

Зусім ня помню што са мной зрабілась…
Як бязпрытомны я глядзеў праз дзьверы…
Яна! Так! Люба!… Навет прабудзілась
І вочы ейны сумныя бязь меры…
Стралою рынуў адтуле я вонкі,
За думкай страшнай пабег наўдагонкі.

Хапіў рэвольвэр і ляцеў да рэкі,
Гдзе ў сьне мы кветкі сёдня пакідалі.
Рэчка замерзла. А маей уцекі
Тутка, здаецца, груганы чакалі:
Зь лесу ўзнялася іх грамада цэла
І крыкам злосным ў неба загрымела.

Як труп у тое я месца зваліўся,
Гдзе мы калісьці агонь раскладалі, —
Біў сабе грудзі і сьлязьмі заліўся…
Раптам рэвольвэр адкінуў найдалей,
Бо сьмех шалёны хапіў з тэй прычыны:
Што «шлях з жанчынай ёсьць грэхам мужчыны».

Цяпер ня знаю, гдзе яна, што зь ёю:
Пашто крывавіць — рану свайго сэрца?
Часам здаецца, што яна маёю
На векі будзе, хоць-бы ў паняверцы.
Так кажа сэрца, а розум рагоча…
Чарку дай, Браце! Нап’юся ахвоча.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.