Чарнец (Шаўчэнка/Клімковіч)

Чарнец
Паэма
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Міхась Клімковіч
Крыніца: Кабзар — с. 155—156

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У Кіеве на Падоле
Было колісь… І ніколі
Не вернецца, той часіне
Не вярнуцца на Ўкраіну,
Не вярнуцца… А я, браце,
Усё ж буду спадзявацца,
Спадзявацца і чакаці,
Песняй жалю паддаваці.

У Кіеве на Падоле
Была калісь наша воля,
Без халопа і без пана,
Сама сабе у жупане
Гэтак весела, удала
Аксамітам шлях свой слала.
Па шаўках, бывала, крочыць
І нікому ўбок не збочыць.

У Кіеве на Падоле
Казакі гуляюць.
Як вадзіцу вядром-цэбрам
Віно разліваюць.
Закупілі ўсе падвалы,
Шынкі з шынкаркамі,
Мёд, віно п’юць запарожцы
Поўнымі карцамі.
А музыка раве, йграе,
Людзей пацяшае.
А з Брацтва голас бурсацтва
Моўчкі пазірае.
Няма голай школе волі,
А то б ухапілі…
А каго ж там з музыкай
Людзі абступілі?

У штанах чырвоных аксамітных
Мяце пыл вуліцы матнёй,
Ідзе казак. «Ой, час пражыты!
Што робіш ты? Але пастой!» —
Стары ударыў крэпкім ботам,
Аж закурыўся пыл! Вось так!
Яшчэ падняў сабе казак:

      — Па дарозе рак, рак,
      Няхай будзе так, так!
      Як бы гэта, маладзіцы,
      Пасеяці мак, мак!
      Дам ліха я запяткам,
      Абцасам ліха дам.
      Дастанецца й перадам!
Ой запяткам ліха скора -
Набраліся мукі й гора!
Дам ліха я запяткам,
Абцасам ліха дам,
Дастанецца й перадам!

Аж да Мяжыгорскага Спаса
Пратанцаваў сівы.
А за ім і таварыства
І ўвесь святы Кіеў.
Датанцаваў аж да брамы,
Крыкнуў: — Пугу! Пугу!
Прынімайце, чарняцы, вы
Таварыша з Лугу!
Тыя браму адчынілі,
Казака ўпусцілі.
І зноў браму зачынілі,
Навек зачынілі
Хто ж то з светам развітаўся?
Хто ён быў, сівы той?
Сямён Палій, запарожац,
Ліхам недабіты.

      Ой высока сонца ўсходзіць,
      Ды нізка заходзіць.
     Ў доўгай расе ў сваёй келлі
      Стары чарнец ходзіць.
      Ідзе чарнец у Вышгорад,
     На Кіеў дзівіцца,
      Пасядзець на ўзгорку ціха,
      Ціха пажурыцца.
      Ідзе чарнец Дзванковую
      У яр ваду піці,
      Ўспамінае, як то цяжка
      Было ў свеце жыці.
      Ідзе чарнец зноў у келлю,
      У сцены нямыя,
      Ўспамінае свае леты,
      Леты маладыя.
      Бярэ кнігу ён святую,
      Голасна чытае...
      А думкаю далёка,
      Далёка вітае.

Сціхае голас, галава
На кнігу нікне… Як жывое
Братэрства Сечы баявое
Паўстала ў келлі… Як сава.
У вочы гетман зазірае.
Бэрдзічэў… бой… музыка грае…
Кайданы бразгаюць… Масква,
Бары, снягі і Енісей…
І пакаціліся з вачэй
На расу слёзы… Бі паклоны!
І плоць старэчую ўсмірай.
Святую біблію чытай
І слухай, як званы трызвоняць
А сэрцу, дзед, не патурай.
Яно цябе ў Сібір вадзіла,
Яно цябе ўвесь век дурыла,
Прыспі яго і занядбай
Сваю Барзну і Хвастаўшчыну.
Загіне ўсё, ты сам загінеш.
Не ўспомняць нават, каб ты знаў…
І цяжка інак зарыдаў,
Чытаць пісанне ён пакінуў,
Хадзіў па келлі ўсё, хадзіў,
А потым сеў і зажурыўся:
— Нашто я на свет радзіўся,
Сваю Украіну любіў?

Завыў на вутрань са званіцы
Вялікі звон. Чарнец устаў,
Надзеў клабук, ўзяў з паліцы
Старыя чоткі, кій узяў
І за Украіну маліцца
Стары чарнец пашкандыбаў.


Орская крэпасць 1847 —

Масква 1858