Чатырыста гадоў друку на Беларусі

Чатырыста гадоў друку на Беларусі
Артыкул
Аўтар: Максім Іванавіч Гарэцкі
1926
Крыніца: [1]

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У канцы 15-га і ў пачатку 16-га веку на Беларусь сталі даплываць з Заходняй Еўропы першыя павевы ідэй гуманізму. Гуманізм як сацыяльная з'ява быў пратэстам супроць сярэднявечнага прыгнечання асобы чалавека. I ў гэты час у нашым краі знайшоў ён падрыхтаваны грунт для свае прышчэпкі, прыняўшы тут свой краёвы выгляд. I характэрна, што першы выдатны прадстаўнік беларускага гуманізму, доктар медыцыны і філасофіі, пісьменнік і, наогул, культурны дзеяч Францыск Юрый Скарына, выйшаў з мястовай дэмакратыі, з сям'і полацкіх купцоў сярэдняй заможнасці, а памагалі ў яго працы прадстаўнікі віленскай гандлёвай буржуазіі. Бо не арыстакратыі ж і шляхце было тады клапаціцца або хоць думаць аб сацыяльнай нерабудове жыцця ў Вялікім княстве Літоўскім. Становішча ж рабочай і сялянскай масы таге часу, мяркуючы хоць бы па Літоўскім статуце, было гэткае беспрасветнае, што з не боку, пэўна ж, не магло быць руху ў гэтым кірунку. Таксама, калі гуманізм у нас падрыхтаваў магчымасць для шырэйшага развіцця на краёвым сацыяльным грунце Рэфармацыі,— першыя рэфарматы для рэвалюцыі, калі можна так сказаць, а не для адной моды, як было з боку магнатаў, выйшлі з бяднейшай часткі шляхты; прычым землеўласнік, хоць і дробны, Васіль Цяпінскі, бараніў усё ж права хрысціяніна на зямельную ўласнасць, а Сымон Будны і другія, што былі не звязаны падобнымі класавымі інтарэсамі, выступалі і супроць зямельнай уласнасці.

Увесь 16-ты век па Беларусі, як і ў другіх еўрапейскіх старонках, вызначаўся, на свой лад і час, сацыяльнымі ўзрухамі, рэвалюцыямі на сацыяльным грунце, але ў рэлігійным выглядзе, у рэлігійных формах. З гэтай гістарычнай асаблівасцю мы і павінны лічыцца, з гэтым гістарычным аб'ектывізмам мы і павінны падыходзіць да ацэнкі культурнай працы Скарыны як пачынальніка беларускага друку. Шмат прычын было, чаму ён быў матэрыялістам у сваёй выдавецкай практыцы, а не мог быць матэрыялістам у сваім светапоглядзе.

Для нас у даным выпадку цікаўна не столькі тое, што якраз друкаваў Скарына, якія ідэі праводзіў у сваіх прадмовах да кніг, колькі тое, што з яго імем звязан вялікі этап у культурным развіцці нашага краю. Нам цікаўна, ці можам мы знайсці і ўзяць сабе што-небудзь за навуку з яго працы для сённяшняй нашай працы на культурным полі і для сённяшняга нашага змагання за вызваленне чалавецтва з-пад капіталістычнага ўціску і асобы чалавека і класа пралетарыяту і сялянскай беднаты.

Скарына радзіўся каля 1490 г. Грамаце вучыўся па Псалтыру ў доме бацькоў у Полацку — зразумела, па рукапісным Псалтыру, бо друкаваных кніжак у краі тады яшчэ не было. Потым ён нейкім выпадкам трапіў у сваё сталічнае места — Вільню, звярнуў на сябе ўвагу сваімі здольнасцямі і з дапамогаю багатых людзей, купцоў, паехаў вучыцца за граніцу, у Польшчу, у Кракаўскі універсітэт, які і скончыў з дыпломам кандыдата. Не здаволіўшыся гэтым, ён едзе яшчэ ў Італію, у найлепшы тады для ўсяго свету Падуанскі універсітэт, дзе і абараніў дысертацыю на дыплом доктара медыцыны і філасофіі. Зрабіўшыся перадавым і вучонейшым чалавекам свае эпохі, ён шукае новых ідэй у іх найлепшым выглядзе, падарожнічаючы па Заходняй Еўропе, едзе ў Нямеччыну, знаёміцца з Марцінам Лютэрам, але збліжэння ў іх няма. Лютэр нават не верыць, каб з нейкай «Скіфіі» мог быць гэты вучоны малады чалавек, ён думае, што гэта — спакуснік-д'ябал у вобразе чалавека, і Скарына застаецца прававерным гуманістам, набожным, культурным адраджэнцам свае цёмнай бацькаўшчыны. Ён шукае шляху для найлепшага і найпамыснейшага прыкладання сваіх здольнасцей і свае веды — і бачыць яго ў перакладанні на родную мову і друкаванні кніг. У сваім краі не дазваляе нізкі ўзровень тэхнікі, і ён найперш арганізуе друкарню ў Празе ў Чэхіі. Яшчэ з 1491 г. у Кракаве нейкі Швайпольт Феоль друкаваў кірылаўскія царкоўнаславянскія кнігі з некаторымі асаблівасцямі беларускай мовы, але тых асаблівасцей замала, каб лічыць іх беларускімі. Феоль жа неўзабаве мусіў кінуць сваю працу, бо быў абвінавачан у ерасі і ўцёк у Угоршчыну (Венгрыю). Так што першая прыбліжаная да народнай беларускай мовы друкаваная кніга выйшла з пражскай Скарынінай друкарні 6-га жніўня (аўгуста) 1517 г. Гэта і быў пачатак беларускага друку (Псалтыр).

Пачатковым годам друку на Беларусі лічыцца 1525 г., бо з гэтага года захавалася першая кніжка з Скарынінай друкарні ў Вільні, перанесенай з Прагі («Апостал»). Дня на кнізе не паказана, але паказана, што «месеца марта».

Скарына выдрукаваў блізу ўсю Біблію, друкаваў і іншыя меншыя кніжкі, адны перакладаючы на беларускую мову, а другія толькі прыбліжаючы да яе заменаю забытых славянскіх слоў жывымі, народнымі беларускімі.

Асабліва цікаўны яго прадмовы да кніг, бо гэтымі прадмовамі ён пашыраў свае ідэі.

Ён навучае сваіх чытачоў імкнуцца да асветы, чытаць, развівацца, працаваць не толькі для свае карысці, а для «паспалітага добрага», значыцца, для ўсенароднага дабра, для культуры свайго краю і г. д. Ён друкуе свае кнігі, як «детем малым початок всякое наукі, граматы», ён друкуе кнігі, каб яны былі даступны і незаможным людзям (бо рукапісную кнігу, як дужа дарагую, мог купіць толькі пан або цэлае таварыства, царква, манастыр), і друкуе кнігі такога фармату, каб не былі дужа дарагія (як, скажам, уся Біблія ў адной кнізе), друкуе часткамі. Пэўна ж, у яго быў і камерцыйны падыход, бо трэба было звярнуць затрачаны капітал, а грошы ў яго справу ўкладалі багатыя купцы. I ўсё ж ён разарыўся, яго засудзілі на канфіскацыю маёмасці, і памёр ён у беднасці і недастатках. Сам ён быў і перакладчыкам, і карэктарам, і рысавальшчыкам, а часам і складальнікам (наборшчыкам).

Выдадзены яго кнігі дужа хораша, чотка, на добрай паперы з рысункамі. Яго друкарскую тэхніку пераймалі друкары на Украіне, у Маскоўшчыне і ў другіх старонках, нават у Заходняй Еўропе. Па часе выхаду яго Біблія займае трэцяе месца (першая друкав. [аная] — нямецкая, другая — чэшская, трэцяя — Скарыны). Цяпер яго кнігі незвычайная рэдкасць, бо шмат іх папалілі ў часе рэлігійнага расколу ў Маскоўшчыне. Толькі ў Лондане, у Брытанскім музеі, ёсць найболей поўны камплект яго кніжак.

Такім чынам у марцы 1925 г. мы будзем спраўляць чатырохсотгоддзе друку на Беларусі, пачынальнікам якога быў гэты выдатны культурны працаўнік нашага краю.