Імчыцца стралой, паўночнай парой,
Муж знатны ў багатым уборы,
Магутнае сілы, у зброі цяжкой
І гукнуў басьпечна ў глушы лесавой:
—„ Якое-ж мне можна быць гора!
Так едзе ён рысьсю, гудзіць глушыня,
Тутняць аб карэньні капыты.
Аж з дуба, няўзнак, хтосьці, скок, на каня—
—„Гэй, хто за плячмі там, яка чартаўня?
„Самной сьцеражыся і квіта!“
І шчупае войнік свае павужы,
Шукае у кождай аборы,
Аж чуе адказ ён:—„я тут ня чужы!
З мінуўшчынай, брат, ты дармо ня дружы—
Вязеш-бо Ўсяславава гора“
Ну, лжы сабе,—кажа—ночна ты блаж,
Запраўды было-бы то дзіва!
Якая твая там з Ўсяславам то зьвязь?
Ў Сафійскім саборы, крывіцкі сьпіць князь,
А гора як бытцам йшчэ жыва?!
І далей ён едзе, чакаючы дня,
З заплечнікам борзка па бору.
Аж, зноў, да яго хтосьці, скок, на каня
І шэпча на вуха:—„Той мне не раўня:
Я, вою, Масквіцкае гора“.
—„Ох, бачна, ня ў добры я выяхаў час!
Бач, напасьць якая бывае!
Што шышак яловых тут сыплецца вас!“
Так думае войнік, хмарнейшы што раз,
А конь ужо крокам ступае.
І конскую сілу знурыла цягло,
Ен стаў патыкаціся скора—
А тут, вось, ізноў хтосьці, скок, за сядло.
—„Якога там беса яшчэ прынясло?!“
—„Я, брацейка, ляшскае гора!“
—„Далоў вас! І мейсца німа за сядлом;
Мне плечы зусім адушыла!
—„ Не, вою, як селі далоў не зыдзем!
І едуць яны на каню што вазом
І ломіцца конская сіла.
—„Эх, думае войнік,—каб з лесу ды вон,
Ды ў поле,— памчаўся-б ў прасторы!
І як так бяз бою я трапіў ў палон?
Чужае, бач гора валоч прымушон—
Чужое, —мінуўшчыны гора!“
|