Покліч бацькі Шарак ці Брысь
Верш
Аўтар: Станіслаў Булак-Балаховіч
19 жніўня 1927 году
Крыніца: Вершы генерала
Верш «Шарак ці Брысь» перадрукаваны з часопісу «Полымя рэвалюцыі», 1931, № 3, дзе ён быў адрэцэнзаваны нейкім Л. Капланам. Верш — фактычна адказ на карэспандэнцыю з арыгінальнай назвай «Белавеская тыгра» ў адной з польскіх газетаў. У інтэрв'ю карэспандэнтцы гэтае газеты генерал сказаў, што марнуе свае магчымасці ў дадзенай палітычнай сітуацыі і бачыць верагодным пераход са сваім атрадам на службу да французаў. Польская знешняя палітыка ні ў якой меры не спрыяла вызваленню Беларусі, кіпучая ж натура генерала патрабавала дзеянняў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





Шарак ці Брысь


Дала мне назву тыгра злога,
Калісь сказала, што сьлізкі вуж,
Што воўчых, лісьіх ёсьць рысак многа,
Што я ня Бацька, што я ня муж,

Сябе самога цаню я ўмеру,
Кажу ад сэрца: ня тыгр, ня рысь,
Я больш падобны сабацы вернай,
Што называюць: Шарак ці Брысь.

Што верны стораж вартуе строга,
Якога лупіць слуга і пан,
Як на суседа забрэша злога
Ці вые з больлю ад даўніх ран.

Другім сабакам — другая доля:
Як пан абедаць — ім кіне штосьці,
Аб іх заслугах — пісалі ўволю,
На іх глядзелі з-за мора госьці.

Аб Брысю весткі так паўтаралі:
Лайдак-сабака, зусім ня ўдаўся,
Калі другія зьвяроў ганялі,
Авечак гнаў ён, да птушак краўся.

Замала мае ён дысцыпліны,
Яго цягнула адна здабыча:
Сьцягнуў ён дзесьці кумпяк вяндліны,
Натура воўча да шкоды кліча.

І лаюць Брыся, чым як змога.
Ня хоча мякка ніхто глядзець,
А хутка будзе ізноў трывога,
Ды ўстане шчэ раз стары мядзьведзь.

Як можна болей сабакаў трэба,
Падобных Брысю, пры боку мець,
Ня біць, ня лаяць, а даць ім хлеба,
Слабых бо зломіць стары мядзьведзь.


19.VII.1927 г.