Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата (1931)/Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата

Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата
Аповесьць
Аўтар: Яраслаў Гашак
1923 (пераклад 1931 года)
Арыгінальная назва: cs:Osudy dobrého vojáka Švejka za světové války/Švejk jede s polním kurátem sloužit polní mši
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Швэйк з фэльдкуратам едуць адпраўляць палявую імшу
глава X часткі І рамана «Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка»

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Швейк за дзяншчыка ў фэльдкурата.

Ужо трэці дзень служыў Швейк за дзяншчыка ў фэльдкурата[1] Отто Каца, але бачыў яго праз гэты час усяго адзін раз. На трэці дзень зьявіўся дзяншчык паручніка Хэльміха з загадам, каб Швэйк прышоў і забраў свайго пана.

Дарогай ён паведаміў яму, што фэльдкурат паспрачаўся з паручнікам і пашчапаў піяніна: цяпер ён п'яны як пласт і ня хоча ісьці дахаты.

Паручнік Хэльміх таксама п'яны і выпхнуў фэльдкурата на калідор, дзе той і сядзіць на падлозе пад яго дзьвярмі ды тухне.

Калі Швейк зьявіўся на месца, ён раскатурхаў фэльдкурата, а калі той нешта буркнуў і троху расплюшчыў вочы, ён казырнуў і адрапартаваў:

— Маю гонар зьявіцца, пане фэльдкурат. — А што вам тут трэба?

— Так што загадалі вac завесьці, пане фэльдкурат.

— Значыцца, вы мяне павінны завесьці... А куды-ж мы пойдзем?

— Да вас на кватэру, пане фэльдкурат.

— А навошта мне йсьці да сябе на кватэру? Хіба я не на сваёй кватэры?

— Ні ў якім разе, пане фэльдкурат, вы на калідоры ў чужым доме.

— А яааак я сю... сюды трапіў?

— Так точна, вы прыходзілі ў госьці.

— У госьці?.. У го-госьці... я... ня... прыххходзіў... Памммыляецеся...

Швэйк падняў фэльдкурата і прыставіў яго да сьцяны. Фэльдкурата тузала з боку ў бок. Ён паваліўся на Швэйка і сказаў:

— Здаецца, я вввалюся. Вввалюся, — пераказаў ён і засьмяяўся дурным сьмехам.

Нарэшце, Швэйк патрапіў прьціснуць фэльдкурата да сьцяны, і той зной зачаў быў дрымаць.

Швэйк узбудзіў яго.

— Што вам трэба? — праказаў фэльдкурат з дарэмнай патугай спаўзьці па сьцяне і асесьці на дол. — Хто вы такі, уласна кажучы?

— Так што, — адказаў Швэйк, зноў як мага прыціскаючы да сьцяны фэльдкурата, — я ваш дзяншчык, пане фэльдкурат.

— У мяне няма дзяншчыка, — з патугай выгаварыў фэльдкурат, зноў спрабуючы ўзваліцца на Швейка, — і я не фэльдкурат. Я сьвіння! — дадаў ён з шчырасьцю п'янага чалавека. Пусьцеце мяне, вашэці, я з вамі незнаёмы.

Барацьба скончылася поўнай перамогаю Швэйка. Швэйк скарыстаў яе ў тым кірунку што звалок фальдкурата па сходах у вэстыбюль, дзе той зноў стаў упірацца, каб ня выходзіць на вуліцу.

— Я з вамі незнаёмы, вашэці, — бесьперастанку гаварыў ён Швэйку пад час барацьбы. Хіба вы знаеце такога — Отто Каца? Гэта я і ёсьць.

— Я быў у біскупа, — гвалтаваў ён ушчарэпіўшыся ў парадныя дзьверы. — Увесь Ватыкан цікавіцца мной, разумееце вы гэта?

Швэйк адкінуў розныя «так точна» ды «ні ў разе» ды «маю гонар» і загаварыў з фэльдкуратам чыста па-сяброўску.

— Кінь, я табе кажу, — крыкнуў ён, — а то дам я табе па хары... Хадзем дахаты, ды й па тым. Ані слова больш.

Фэльдкурат выпусьціў дзьверы і наваліўся на Швэйка.

— Добра, пойдзем куды-небудзь, але толькі да Шухі я не пайду, я там завінаваціўся.

Швейк ці то выпхнуў ці то вывалак яго з вэстыбюлю і пацягнуў па тротуары ў той бок, дзе быў яго дом.

— Што гэта за пан? — спытаў нехта з гледачоў на вуліцы.

— Гэта мой браценьнік, — адказаў Швэйк. Яго пусьцілі на пабыўку і ён прыехаў адведацца мяне, ну і набраўся з радасьці, бо ён ня думаў, што я ужо памёр.

Фэльдкурат, які высьвістваў нейкую опэрэтачную мэлёдыю, якую ніхто-б не пазнаў, пачуў апошні сказ, выпрастаўся і зьвярнуўся да падарожных з словамі:

— Хто з вас памёр, той няхай у трохдзенны тэрмін зьявіцца ў штаб корпусу за дазволам на адданьне ягонага цела зямлі па хрысьціянскаму абычаю.

Потым ён удаўся ў маўчаньне, адно лучыў, каб дзяубануць носам у тротуар, тымчасам, як Швэйк валок яго пад пашкі дамоў.

Нахіліўшы галаву наперад і цягнучы ногі, якія ён блытаў, нібы кошка з перабітай хрыбцінай, фэльдкурат на паўголаса выводзіў "Domіnus vobіscum"[2].

Каля месца, дзе стаялі рамізьнікі, Швэйк пасадзіў фэльдкурата пад сьцяну і пашоў згадзіць рамізьніка, каб давёз яго пана дамоў.

Адзін рамізьнік заявіў, што гэтага пана ён добра знае, што ён яго неяк вазіў, ды й пракаяўся.

— Усю фурманку мне запаскудзіў, драўшы казлы, — шчыра апавядаў ён, — і нават не заплаціў за дарогу. Дзьве гадзіны я яго вазіў, пакуль ён, нарэшце, знайшоў, дзе ён жыве. І толькі праз тыдзень, пасьля таго, як я разы са тры да яго заходзіў, ён даў мне ўсяго за ўсё пяць крон.

Пасьля даўгіх перамаўленьняў адзін рамізьнік усё-ткі згадзіўся завезьці яго дадому.

Швейк вярнуўся да фэльдкурата, які ўжо ўправіўся заснуць. Капялюш у яго (ён зазвычай хадзіў у цывільным) нехта зьдзеў з галавы і панёс з сабой.

Швэйк раскатурхаў яго і з дапамогай рамізьніка пасадзіў на фурманку. Там фэльдкурат канчаткова самлеў і, улічаючы Швэйка за палкоўніка Юста, камандзіра 72-га пяхотнага палка, колькі разоў узапар пераказаў:

— Ня злуй, таварыш дарагі, што я табе кажў «ты», бо я-ж — сьвіньня.

Нейкі час здавалася, нібы ад трасеньня ў хурманцы ён троху ачулеў. Ён выпрастаўся і зачаў сьпяваць нейкую нікому невядомую песьню. Можа, гэта быў плод яго ўласнай фантазіі.

Але неўзабаве ён ізноў упаў у поўнае зьнясіленьне і, зьвяртаючыся да Швэйка, спытаў яго, падміргваючы адным вокам:

— Ну, як вы сёньня сябе адчуваеце, васпані?

— А куды вы едзеце сёлета на дачу? — запытаў ён па невялікай паўзе і, бачачы ўсё падвойна, паказаў пальцам на Швэйка. — Абач, у вас ужо дарослы сын?

— Сядзеш ты, нарэшце? — гукнуў на яго Швэйк, калі фэльдкурат надумаў быў узглабацца з нагамі на сядзеньне. — Ня думай, што я ня здолею прывучыць цябе да парадку...

Фэльдкурат прыціх і маленькімі сьвінячымі вачмі стаў пазіраць з фурманкі, дрэнна ўсьведамляючы, што з ім дзеецца.

Ён пераблытаў усе разуменьні і, зьвяртаючыся да Швэйка, у замяшаньні сказаў яму:

— Адчынеце мне прыбіральню першае клясы, бабуля.

І разам з гэтым памкнуўся спусьціць штаны.

— Зараз-жа зашпіліся, чорт сьвінячы! — цыкнуў на яго Швэйк.

— Усе рамізьнікі цябе ўжо знаюць; аднаго разу ты ўжо абблюваў усю фурманку, а цяпер яшчэ гэта. І ня думай, што ты зноў здолееш не заплаціць, як тады...

Фэльдкурат мэлянхолічна ўзьлёгся галавой на рукі і запеў: «Ніхто мяне не кахае»... Але зараз-жа перапыніў свае сьпевы і праказаў:

— Даруйце, мой даражэнькі, вы — ёлуп! Я магу пець, што мне ўздумаецца.

Ён, відаць, хацеў высьвістваць нейкую мэлёдыю, але замест яе з вуснаў у яго сарвалася такое гучнае: «Тпррр», што фурманка спынілася.

Па Швэйкавай пропозыцыі яны зноў крануліся ў дарогу, і фэльдкурат пачаў запальваць свой бруштынавы муштук.

— Не гарыць, — праказаў ён у роспачы, зглуміўшы на гэтую справу цэлы карабок запалак. — Гэта вы мне ўсё гасіце.

Адылі ён зноў адразу згубіў нітку гутаркі і зачаў сьмяяцца.

— Во, пацеха. Мы зусім адны ў транваі. Ці праўда, колега?

Ён стаў капацца ў сваіх кішэнях і крыкнуў:

— Я згубіў свой білет. Стойце, стойце, я павінен знайсьці свой білет.

Потым пакорліва махануў рукой.

— Усё роўна, едзь...

Нарэшце, ён стаў лапатаць нешта зусім бязглуздае:

— У большасьці выпадкаў... Так, усё ў парадку... У кожным выпадку... Не, вы глыбока мыляецеся.. На другім паверсе... Дайце веры, васпані, справа ідзе не пра мяне, а пра вас... Чалаэк, дайце рахунак... Я — ушчэнт...

У паўсьне ён пачаў спрачацца з нейкім уяўлёным супраціўнікам, які нібы-та сьпіраўся за права сядзець у рэсторане ля вакна. Потым ён зблытаў фурманку, у якой ехаў, з поездам, высунуўся з вакна і стаў крычаць па-нямецку і па-чэску: «Німбург, перасядка!»

Швэйк уцягнуў яго назад, і фэльдкурат забыўся на поезд і стаў перадражніваць розную жывёлу. Больш за ўсё ён забаўляўся пеўнем, і яго «кукарэку» зычэла перамогай.

Колькі хвілін ён быў дужа жвавы і непакойны і памыкаўся выкінуцца з фурманкі, лаячы людзей, паўз якіх ім даводзілася праяжджаць, хуліганамі. Шпульнуў на брук сваю насоўку і стаў вымагаць, каб рамізьнік суняўся, бо ён згубіў свой багаж, потым стаў апавядаць:

— У Будвэйсе быў адзін барабаншчык... Ён ажаніўся.. А праз год ён памёр... Хіба-ж гэта ня дужа добры анэкдот?

І рагатаў, як дуркаваты.

Праз увесь гэты час Швэйк абыходзіўся з фэльдкуратам з няўмольнай жорсткасьцю.

З прычыны розных спроб фэльдкурата вытварыць якую-небудзь штуку, накшталт таго, каб вываліцца з фурманкі, або паламаць сядзеньне, Швэйк раз-по-раз садзіў яму пад бакі, і фэльдкурат прымаў гэта з нязвычайнай пакорай.

Толькі адзін раз ён зрабіў патугу ўзбунта вацца і выскачыць з фурманкі, заявіўшы, што ня хоча ехаць далей, бо ведаў, што замест Бурвэйса ён прыедзе ў Бодэнбах. У момант Швэйк ліквідаваў яго спробу і прымусіў яго сесьці на старое месца, стараючыся ня даць яму заснуць. Разам з гэтым ён ласкава і далікатна яго ўгаварваў:

— Глядзі, ня спаць у мяне, сьцерва!

У фэльдкурата раптам зноў зрабіўся прыпадак мэлянхоліі, і ён пачаў хліпаць, пытаючыся ў Швэйка, ці была ў яго маці.

— Я зусім адзінотны на белым сьвеце, браточкі! — хліпаў ён. — Пашкадуйце-ж мяне!

— Годзе, не скандаль, — угаварваў яго Швэйк, — сьціхні, а то ўсе скажуць, што ты п'яны.

— А я далібог-жа нічога ня піў, таварыш, — адказаў фэльдкурат, — я зусім цьвярозы.

Раптам ён устаў і казырнуў па-вайсковаму.

— Маю гонар далажыць, пане палкоўніку, я п'яны. Я сьвіньня! — падхапіў ён зараз-жа сьледам за гэтым з адчайнай, шчырай безнадзейнасьцю.

І, зьвяртаючыся да Швэйка, стаў настойліва прасіць і маліць:

— Выкіньце-ж мяне з аўтомобілю! Нашто вы бярыцё мяне з сабой?

Ён зноў сеў і замармытаў:

— Навокал месяцу ўтвараюцца колы... Ці верыце вы ў няўмірушчасьць душы, пане капітан? Ці можа конь трапіць у рай?

Ён пачаў быў зычна галёкаць, адылі раптам стаў сумны і млявы і пільна паглядзеў на Швэйка, зазначыўшы:

— Прабачайце, вашэці, я з вамі ўжо недзе сустракаўся. Ці ня бывалі вы ў Вене? Я памятаю вас яшчэ з сэмінарыі.

Здэклямаваўшы колькі ўрыўкаў лацінскіх вершаў, ён заявіў:

— А далей я ня ведаю, і таму выкіньце мяне вон! Ну, чаму вы ня хочаце мяне выкінуць вон, да д'ябла? Са мной нічога ня зробіцца, далібог.

— Мне хочацца хлюпнуцца носам у зямлю, — прызнаўся ён рашучым тонам.

— Ах, добры паночку, — мілосна стаў ён прасіць, — даражэнькі мой, дайце мне аплявуху.

— Адну ці дзьве? — запытаўся Швэйк.

— Дзьве!

— Калі ласка...

Фэльдкурат голасна лічыў аплявухі, якія даваў яму Швэйк, і быў бясконца здаволены.

— Эх, любата! — крыкнуў ён. — Гэта карысна для жывата, дапамагае страўнасьці. Дайце мне, калі ласка, яшчэ адзін раз поўху.

— Шчыра дзякую! — сказаў ён, калі Швэйк здаволіў яго хаценьне. — Сып да краю. Разьдзярэце мне яшчэ камізэльку, прашу вас.

Ён стаў выказваць самыя дзіўныя жаданьні. Так, ён захацеў, каб Швэйк адарваў яму нагу, задушыў яго, абгрызаў яму ногці і вырваў усе кірмашовыя зубы.

Ён выказваў ахвоту прыняць мучальніцтва і вымагаў, каб Швэйк адцяў яму галаву і кінуў яе ў торбе ў Малдаву.

— Мне дужа да твару быў-бы вянец з зорачак навакол галавы, — зазначыў ён у захапленьні. — Штук дзесяць я бадай узяў-бы.

Потым ён стаў гаварыць пра скачкі, але неўзабаве перайшоў на балет, на якім, аднак, тож ня доўга затрымаўся.

— Вы танцуеце чардаш? — запытаў ён Швэйка. — А танец медзьвядзёў? Во гэтак...

Ён хацеў быў падскочыць, але паваліўся на Швэйка, які надаваў яму таўхянёў і паклаў на сядзеньне.

— Я нечага хочу, — загарлаў фэльдкурат, — але ня ведаю, чаго! Вы ня ведаеце, чаго я хочу? — Адылі, што мне за клопат, чаго я хочу, — дадаў ён сур'ёзна і лагодна пахіліў галаву. — А вам, вашэці, таксама да гэтага клопату мала. Я вас ня знаю. Якое вы маеце права гэтак нахабна глядзець на мяне? Вы ўмееце фэхтаваць?

На момант ён стаў дужа заўзяты і памкнуўся сьцягнуць Швэйка з сядзеньня.

Калі Швэйк яго ўціхамірыў, не пасароміўшыся выявіць сваю фізычную перавагу, фэльдкурат запытаўся:

— Што ў нас сёньня: панядзелак ці пятніца?

Яму карцела таксама высьветліць, ці снежань цяпер ці ліпень, і наогул ён паказаў вялікія здольнасьці ставіць самыя рознастайныя пытаньні.

— Вы жанаты? Ці любіце вы швэйцарскі сыр? А ў вас дома былі клапы? Што, у вашага сабакі была чума?

Ён удаўся ў шчырую таварыскасьць. Ён рас казаў, што за ботфорты, стэк і кульбаку ён астаўся вінаваты, што колькі год таму ў яго быў трыпер і што яго лячылі марганцава-кіслай сольлю.

— На што-небудзь іншае ня было ні часу, ні сродкаў, — ікаючы, паведаміў ён. — Можа гэта вы ўважаеце за крыўду? Але мяркуйце самі, што я мог зрабіць? Вы ўжо прабачайце. Тэрмосамі, — казаў ён далей, забыўшыся, пра што была вось толькі гутарка, — завуцца судны, у якіх яда ці піцьцё могуць захоўвацца з іхнай першапачатковай тэмпэратурай... А як вы ўважаеце, колега, якая гульня больш справядлівая: жалезка ці дваццаць адно? Як сабе хочаш, а я з табой недзе ўжо сустракаўся! — крыкнуў ён, пнучыся абняць Швэйка ды пацалаваць абсьлюмачанымі вуснамі. — Па мойму, мы разам хадзілі ў школу. Ах ты, добрая твая душа! — мякка гаварыў ён, гладзячы сваю ўласную нагу. — Як ты падрос з тэй пары, як мы ня бачыліся. Але цяпер радасьць нашае сустрэчы прымушае забыцца на ўсе мае пакуты.

У ім адкрылася поэтычная жылка, і ён стаў апяваць зварот шчасьліўцаў да сонечнага сьвятла і палкае каханьне.

Потым ён апусьціўся на калены і стаў маліцца: Ave, Maria», рагочачы на ўсё горла.

Калі яны суняліся перад ягонай кватэрай, было дужа цяжка выцягнуць яго з фурманкі.

— Мы яшчэ ня прыехалі! гвалтаваў ён. — Ратуйце! Мяне хочуць скрасьці! Мне трэба ехаць далей!

Яго выкалупалі з фурманкі, як смаўжа з яго чарапашкі. З момант здавалася, быццам яго разьдзяруць на кавалкі, бо ён зачапіўся нагамі за сьпінку сядзеньня. Але потым ён гучна зарагатаў, што яму ўдалося іх ашукаць.

Яго перацягнулі па вэстыбюлі і сходах у кватэру і павалілі яго там, як куль, на канапу. Ён заявіў, што плаціць за аўтомобіль ня будзе, бо ня ён яго згадзіў, і больш за чвэртку гадзіны прышлося даводзіць яму, што гэта быў просты рамізьнік.

Але і тут ён ня даў свае згоды і ўсё спрачаўся, што езьдзіць толькі на фіакрах.

— Вы хочаце мяне абдурыць, — гаварыў фэльдкурат, многазначна падміргваючы Швэйку й рамізьніку. — Мы-ж ішлі пеша.

І раптам, у прыпадку шляхетнасьці, ён кінуў рамізьніку свой портманэт.

— Вось, бяры сабе ўсё. Я магу гэтулькі заплаціць. На адзін крэйцар больш ці менш — мне начхаць.

Правільней было-б сказаць, што яму начхаць на трыццаць шэсьць крэйцараў, бо больш у портманэце і ня было. На шчасьце рамізьнік зрабіў яму строгую ператруску, ня сьціхаючы памінаць пра нейкія аплявухі і поўхі.

— Ну, дык і дай мне аплявуху, — праказаў фэльдкурат. Няўжо-ж ты думаеш, што я ад яе перакулюся? Ды я пяць штук вытрымаю, і ня міргну.

У фэльдкуратавай камізэльцы рамізьнік знайшоў пяцікронавую манету. Ён пайшоў, наракаючы на сваю долю і на фэльдкурата за тое, што той яго затрымаў і ня даў яму як мае быць зарабіць.

Фэльдкурат ледзьве-ледзьве заснуў, бо бесьперастанку строіў нейкія пляны. Ён ладзіўся брацца за самыя рознастайныя рэчы: іграць на роялі, хадзіць у танцклясу і наўчыцца смажыць рыбу.

Потым ён дэкляраваў Швэйку, што ажэніць яго з сваёй сястрой, якой у яго зусім і ня было, і пажадаў, каб Швэйк занёс яго на пасьцель. Нарэшце, ён заснуў са словамі, што ён патрабуе, каб яго улічылі за чалавека, які мае аднакавую вартасьць з сьвіньнёй.


∗             ∗

Калі назаўтрага ўраньні Швэйк увайшоў у пакой да фэльдкурата, той ляжаў на канапе і натужана разважаў аб тым, як магло здарыцца, каб яго так дзіўна аблілі, што ён прыліп штанамі да скураной канапы.

— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, — растлумачыў Швэйк, — што вы ўначы...

Колькі слоў высьветлілі фэльдкурату, як глыбока ён памыляўся, думаючы, што яго нехта абліў.

Прачнуўшыся з надзвычай цяжкой галавой, фэльдкурат быў у панурым настроі.

— Ніяк ня ўспомню, — сказаў ён, — якім парадкам я трапіў з ложка на канапу?

— Вы там зусім і ня былі. Ці толькі мы прыехалі, адразу паклалі вас на канапу, бо далей у мяне не хапіла сілы.

— А што я нарабіў? Можа я чым напракудзіў? Ці ня быў я п'яны?

— Ушчэнт, — адказаў Швэйк, — як пласт, пане фэльдкурат, ў друзачкі. Можа-б вы перапрануліся ды памыліся?

— У мяне такое пачуваньне, быццам мяне зьбілі, — жаліўся фэльдкурат, — ды яшчэ смага... Ці ня біўся я ўчора?

— Да гэтага не даходзіла, пане фэльдкурат. А смага — гэта вынік смагі ўчорашняе. Ад яе ня надта лёгка пазбыцца. Я знаў аднаго сталяра, дык ён у першы раз напіўся трыццаць першага сьнежня тысяча дзевяцьсот дзесятага году, а першага студзеня тысяча дзевяцьсот адзінаццатага году ў яго зранку была такая смага й пахмельле, што ён купіў гарэлкі ды селядзец і зноў напіўся, і робіць гэта штодня ўжо больш, як чатыры гады. І ніхто яму рады ня дасьць, бо ён па суботах купляе сабе селядцоў на цэлы тыдзень. Гэта ўжо такі калаўрот, як часам казаў у нас адзін фэльдфэбэль у дзевяцьдзесят першым палку.

Фэльдкурат быў да краю прыгнечаны цяжкім пахмельлем. Каб хто пачуў тады яго разважаньні, дык-бы падумаў, што трапіў на лекцыю доктара Аляксандра Батэка: «Распачнём вайну не на жыцьцё, а на сьмерць з д'яблам алькоголя, які адбірае ў нас лепшых людзей» — а хоць узяўся чытаць ягоную кніжку «іскры этыкі», праўда, з некаторымі зьменамі.

— Я разумею, — разважаў фэльдкурат, — калі чалавек п'е якія-небудзь людзкія трункі, як, скажам, арак, мараскін ці каньяк, а гэта-ж учора я піў яленцавую гарэлку. Дзіўлюся, як я здолеў яе піць. Брыдкі трунак. Хай-бы гэта была, прынамсі, вішнёўка. Вымудраць людзі розную гідасьць ды п'юць яе, як ваду. У гэтае, яленцавае ані смаку, ані колеру, адно горла дзярэ. Хай-бы гэта, скажам, была сапраўдная яленцавая настойка, якую я аднойчы піў у Маравіі. А ўчорашняя яленцавая была на нейкім дрэўным сьпірытусе ці мо на дрэўным алеі... Бачыце, як адрыгаецца?.. Гарэлка, гэта — атрута, — павёў ён на другое. — Яна павінна быць сапраўдная, орыгінальная, а не згатаваная халодным спосабам яўрэямі. У гэтым сэнсе з гарэлкай тое самае, што і з ромам, а добры ром — рэдкая рэч. Каб была пад рукой сапраўдная арэхавая настойка, яна-б мне паправіла жывот. Такая арэхавая настойка, як у капітана Шнабэля ў Брусцы.

Ён пачаў поркацца ў портманэце.

— У мяне ўсяго па ўсім трыццаць шэсьць крэйцараў. Што, калі прадаць канапу... — разва жаў ён. — Як вы ўважаеце, Швэйк? Купіць хто-небудзь? Гаспадару я скажу, што пазычыў каму ці што яе ўкралі. Ці можа не, канапу я пакіну, а пашлю-тку я вас да пана капітана Шнабэля, хай ён мне пазычыць сто крон. Ён надоечы выйграў у карты. Калі там нічога ня выйдзе, дык вы пойдзеце ў Врошовіцы, у кашары да паручніка Малера. Калі і там не пашэнціць, дык вы падайцеся ў Градчаны да капітана Фішэра. Яму вы скажэце, што мне канцом патрэбна плаціць за фураж для каня (якога я прапіў). А калі і там у вас ня выйдзе, заставім рояль. Хай будзе, што будзе. Я вам напішу колькі слоў на ўсіх. Кажэце ўсім, што пільна трэба, што я сяджу без капейкі. Наогул, выдумляйце што-хоця, адно з пустымі рукамі не варочайцеся, а то пашлю на фронт. Ды спытайцеся за адным заходам у капітана Шнабэля, дзе ён купляе гэту арэхавую настойку, ды купеце дзьве пляшкі.

Заданьне гэта Швэйк справіў з надзвычайнай удачай. Яго прастадушнасьць і шчырае аблічча абуджалі поўную даверлівасьць да ўсяго таго, што ён казаў. Швэйк улічыў за патрэбнае ўмацаваць фэльдкуратаву просьбу і перад капітанам Шнабэлем, і перад капітанам Фішэрам, і перад паручнікам Малерам ня толькі тым, што фэльдкурату трэба плаціць за фураж, а яшчэ й тым, што ён канечна павінен плаціць алімэнты.

Грошы ён дастаў усюды.

Калі ён вярнуўся з экспэдыцыі і паказаў фэльдкурату, які ўжо памыўся і перапрануўся, трыста крон, той асалапеў ад зьдзіўленьня.

— Я ўзяў усе адразу, — сказаў Швэйк, — каб вам не давялося заўтра ці пазаўтраму зноў рупіцца пра грошы. Усё ішло досыць гладка, але перад панам капітанам Шнабэлем мне выпала ўсё-ткі ўкленчыць. Сьцерва якая! Аднак, калі я сказаў яму, што вам канечна патрэбна плаціць алімэнты...

— Алімэнты? — спалохана перапытаў фэльдкурат.

— Ну вядома, алімэнты, пане фэльдкурат, адступныя дзяўчатам. Вы-ж мне сказалі, каб я што-небудзь выдумаў, а нічога іншага мне ня прышло на думку. У нас адзін шавец плаціў алімэнты пяцём дзяўчатам адразу. Ён проста вар'яцеў, і таксама пазычаў на гэта грошы. Дык кожны спагадаў. Пыталіся ў мяне, што за дзяўчынка, дык я сказаў, што вельмі прыгожанькая, што ёй няма яшчэ пятнаццаці год. Пыталіся адрас.

— Спрытна абарудвалі вы гэтую справу, няма чаго казаць! — вохнуў фэльдкурат, схапіўшыся за галаву, і засігаў па пакоі. — Які сорам. А тут яшчэ галаву ломіць.

— Я ім даў адрас аднэй глухой бабулі на нашай вуліцы, — растлумачыў Швэйк. — Я хацеў абрабіць гэту справу як мае быць: загадалі, значыць — спаўняй. Да рэчы, там у пярэднім пакоі прышлі па рояль. Я іх прывёў, каб яны завезьлі рояль у лёмбард, пане фэльдкурат. Гэта не пашкодзіць, калі прыбяруць рояль. І павальнее ў хаце, і грошай у нас з вамі будзе больш — прынамсі на нейкі час будзем забясьпечаны. А калі гаспадар будзе пытацца, што мы хочам зрабіць з роялем, я скажу, што ў ім парваліся струны, і што мы яго адпраўляем правіць на фабрыку. Швэйцарысе я так і сказаў, каб яе ня дзівіла, што будуць выносіць рояль і класьці на воз. У мяне ўжо і на канапу ёсьць купец. Адзін знаёмы — мэбляй гандлюе. Па абедзе зойдзецца. Цяпер на скураныя канапы цана добрая.

— А больш вы нічога не нарабілі, Швэйк — у роспачы запытаў фэльдкурат, не пакідаючы трымацца за галаву.

— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, я прынёс замест дзьвюх пляшак арэхавае настойкі, той самай, што купляе пан капітан Шнабэль, пяць, каб у нас завёўся сякі-такі запас... З роялем можна выпраўляцца? А то, каб не зачынілі лёмбард...

Фэльдкурат махнуў безнадзейна рукой, і праз пяць хвілін рояль ужо ўскладалі на воз.

Як Швэйк вярнуўся з лёмбарду, фэльдкурат сядзеў перад адкуркаванай пляшкай арэхавае настойкі і лаяўся, што на полудзень яму далі недасмажаны шніцэль. Фэльдкурат быў зноў «у гумары». Ён заявіў Швэйку, што ад заўтрашняга пачынае новае жыцьцё, бо піць гарэлку — гэта агідны матэрыялізм, а яму належыць жыць духоўным жыцьцём.

Ён філёзофаваў блізка з паўгадзіны. Як адкаркавалі трэцюю пляшку, прышоў гандляр старой мэблі, і фэльдкурат прадаў яму канапу за нікчэмную цану, ды яшчэ ўгаворваў гандляра астацца пагутарыць з ім і быў дужа нездаволены, калі гандляр адмовіўся тым, што ідзе яшчэ паглядзець начны столік.

— Шкода, што ў мяне гэтага няма! — з жалем сказаў фэльдкурат. — Чалавеку цяжка пра ўсё загадзя паклапаціцца.

Пасьля таго, як пайшоў гандляр старой мэблі, фэльдкурат завёў гутарку са Швэйкам, з якім і расьпіў наступную пляшку. Частка гутаркі была прысьвечана асабістым поглядам фэльдкурата на жанчын і на карты. Сядзелі доўга. І вечар засьпеў Швэйка ў сяброўскай гутарцы з фэльдкуратам.

Адылі пад ноч адносіны зьмяніліся. Фэльдкурат вярнуўся да свайго ўчарашняга стану, пераблытаў Швэйка з нейкім іншым і казаў яму:

— Толькі ня йдзеце. Памятайце таго рыжага юнкера з абозу?

Гэта ідылія цягнулася датуль, пакуль Швэйк не сказаў фэльдкурату.

— Ну, годзе! Лезь у пасьцель і тухні. Чуеш?

— Лезу, любы, лезу... Чаму-ж ня лезьці? — мармытаў фэльдкурат. — Памятаеш, як мы разам хадзілі ў школу, і я за цябе выконваў заданьні па-грэцкаму? У вас дача, здаецца, у Збраславе? Вам можна ехаць туды на параходзе па Влтаве? Ведаеце, што гэта — Влтава?

Швэйк прымусіў яго зьдзець чаравікі і распрануцца. Фэльдкурат слухаўся, але протэставаў перад нявіднымі слухачамі:

— Вось маеце, панове, — зьвярнуўся ён да шафы і фікуса, — як са мной абыходзяцца мае сваякі! — Ня вызнаю ніякіх сваякоў! — разьлютаваўся ён, калі Швэйк клаў яго на ложак. — Хай паўстане супроць мяне зямля і неба, я й тады зракуся іх.

І ў пакоі разьлёгся фэльдкуратаў хропат.


∗             ∗

На гэту самую пару прыпадае і Швэйкава візыта на сваю былую кватэру да свае старое служкі пані Мюлер. Швэйк засьпеў у хаце толькі стрэчную пані Мюлер, якая, плачучы, паведаміла яму, што пані Мюлер арыштавалі ў той самы вечар, як завезьлі Швэйка на вайсковы набор. Старую судзіў ваенны суд, і дзеля таго, што не знайшлі ніякае віны, яе завезьлі ў концэнтрацыйны лягер у Штэйнгоф. Ад яе быў ужо ліст. Швэйк узяў гэтую сямейную рэліквію і прачытаў:

«Любая Ганначка!

Нам тут дужа добра, і ўсе мы здаровы. У мае суседкі па ложку сыпны — а ёсьць і чорная. — Зрэшты ўсё добра. Яды ў нас досыць, і мы зьбіраем на суп бульбяную. — Чула я, што пан Швэйк ужо, — дык ты як-небудзь даведайся, дзе ён ляжыць, каб па канцы вайны мы маглі прыбраць яго могілку. Забылася табе сказаць, што на гары ў цёмным кутку, у скрынцы асталося шчанё фокстэр'ер. Вось ужо некалькі тыдняў, як яго не кармілі, з тэй самай пары, як прышлі па мяне. — Я думаю, што ўжо позна, і што сабачка таксама». —

Праз увесь ліст была чырвоная пячатка:

«Прагледжана цанзурай Імп. Кар. Концэнтрацыйны лягер, Штэйнгоф».

— І сапраўды, сабачка быў ужо няжывы! — хліпала стрэчная сястра пані Мюлер. — А пакой свой вы-б цяпер і не пазналі. Там цяпер жывуць швачкі. Яны зрабілі там дамскі салён. На сьценах скрозь моды, і кветкі на вокнах.

Стрэчная сястра пані Мюлер не магла ніяк супакоіцца. Пасьля доўгага хліпаньня і жалабы, яна зрэшты затурбавалася, ці ня ўцёк Швэйк з вайсковае службы ды мо' хоча цяпер і на яе наклікаць бяду, загубіць яе. І яна пачала абы ходзіцца з ім, як з самым заўзятым авантурыстым.

Швэйк зарагатаў.

— Пацеха! Гэта мне надта падабаецца. Во што, пані Кэйр, вы маеце рацыю, я ўцёк. Але для гэтага мне давялося забіць пятнаццаць вахмістраў і фэльдфэбэляў. Толькі вы анікому пра гэта не кажэце.

І Швэйк вышаў з свае ўласнае кватэры, якая была да яго такая негасьцінная, аддаўшы папярэдне загад:

— Пані Кэйр, у мяне ў пральні каўняркі і манішкі, дык вы іх захавайце для мяне, каб, вярнуўшыся з вайсковае службы, я меў ува што апрануцца. А таксама прасачэце, каб у маёй шафе з адзежай не завялася моль. А тым паненкам, што сьпяць на маім ложку, шчырае прывітаньне...

Швэйк зазірнуў таксама і ў шынок «Каля чары». Убачыўшы яго, Паліўцова жонка заявіла, што не нальле яму піва, бо ён, напэўна, дэзэртыр.

— Мой чалавек, — завяла яна старую гісторыю, — быў такі асьцярожны, — сядзіць, небарака, нямаведама за што. А гэткія людзі ходзяць па волі ды яшчэ ўцякаюць з вайсковае службы. Пра вас ужо на тым тыдні зноў пыталіся... Мы сьцеражлівейшыя за вас, — скончыла яна сваю прамову, — ды й нажылі ўсё-такі бяду. Ці ўсім-жа гэтак шанцуе, як вам.

Сьведкай гэтае гутаркі быў паджылы чалавек; сьлесар са Сьміхава. Ён падышоў да Швэйка і сказаў:

— Будзьце ласкавы, пачакайце мяне на вуліцы, мне трэба з вамі пагутарыць.

На вуліцы ён разгаманіўся з Швэйкам, улічаючы яго паводле шынкарчынае рэкомэндацыі за дэзэртыра. Ён паведаміў Швэйку, што ў яго ёсьць сын, які таксама ўцёк з вайсковае службы і цяпер перабывае ў бабулькі, у Ясені каля Іозэфова. Не зважаючы на Швэйкавы ўгаворы, што ён зусім не дэзэртыр, сьлесар уціснуў яму ў руку дзесяць крон.

— Гэта вам на першы абыход знадабіцца, — сказаў ён, цягнучы Швэйка за сабой у віньніцу на рагу, — я вам цалкам спачуваю, і мяне вам няма чаго баяцца.

Швэйк вярнуўся дахаты позна ўначы. Фэльдкурата яшчэ ня было дома. Ён прышоў толькі пад раньне, узбудзіў Швэйка і сказаў:

— Заўтра паедзем адпраўляць палявую імшу. Заварыце чорнае кавы з ромам... Ці мо’, яшчэ лепш, згатуйце грог.

  1. Фэльдкурат — палкавы ксёндз.
  2. Госпад з вамі.