Шкада разбітых мар… (Дарашкевіч)
Шкада разбітых мар… Верш Аўтар: Янук Дарашкевіч Крыніца: Маркотныя зоркі, 2014 |
Шкада разбітых мар… На цёмным дне жыцця
Блішчаць яны маркотна, быццам зоры.
Шкада мінуўшых дзён… Бяздольнае дзіця,
Я не правёў вас вольна на прасторы.
Без мэты не прайшлі. І цяжка ўспомніць мне,
Што не зыймаць вас болей на паперы,
Што вы нішто, што вы прайшлі, ва сне
Без гонару, без працы ды без веры.
І годы праляцяць, і згіне след па іх,
Як гіне след ў густым тумане ночы,
І вечнасць не аддасць часінаў дарагіх,
Не ўбачаць іх мае навекі вочы.
А ўсё ж такі я жыў, хоць сумны як пясняр,
Любіў адну, яна мяне любіла…
Шкада мінуўшых дзён… шкада разбітых мар…
Іх верне мне сырая маць-магіла.