Шляхам Змаганьня/Не паддавацца

Змагацца і дзеяць Не паддавацца
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1935 год
За плотам могілкаў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не паддавацца! (Казлоўскі).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЕ ПАДДАВАЦЦА.

Калі віхор пачне бандыцкія напевы,
І вые з посьвістам спад плотаў і вуглоў;
І злосна ўздымаецца, каб гнуць галіны дрэвы,
Ламаць і штурхацца, ляцець на стрымгалоў —

Трысьцінка кволая прад сілаю сагнецца,
Але ня дасьць, аднак, сябе пераламаць.
Калі пасьля віхор загіне, пранясецца —
Бадзёра голаву ізноў пачне трымаць.

Так трэба й нам, браты, віхром не паддавацца
І не пазволіць ім сябе пераламаць:
Пры добрых поглядах заўсёды аставацца,
Бадзёра голаву прад ворагам трымаць.

Бывае, што рака узбурыцца вясною,
Зімовы бруд увесь з палёў сабе усьсе
І плюне сьнежнай і мутнаю сьлюною
На твар абхопленай прырэчнай паласе;

Магутным гоманам гудзіць, або рагоча
І дзікім голасам захопніцкім раве,
Разводзьдзем—потапам усё заліці хоча —
Здавалася-б—ніхто прад ею ня ўжыве.

А траўка кволая, маленькая такая,
Патрапіць коранем ў сырой зямлі сядзець,
Захопніцкі імпэт разводзьдзя прачакае,
Пасьля каб вырасьці, прыгожа зарунець.

Хаця здараецца захопніцка навала
Яе маленькую пяском ўсю занясе—
Яна усётакі, хоць трудзіцца нямала,
Спад ілу вырвецца, галоўку паднясе.

Так трэба й нам, браты, бадзёра ўсім трымацца,
Імпэт захопніцкі каб нас не перамог.
А будуць нас душыць — ня трэба паддавацца,
Хаця-б сам сатана гнясьці нас ім памог.

А вось бывае так, што летняю парою
Ўсе хмары цёмныя зьбіраюцца зусюль;
Наперад пруцца ўсе вялізнаю гарою,
Захопніцка плывуць, няведама і скуль;

На цёмным дыване маланкаю зазяюць,
Галосяць громамі і бураю задзьмуць,
Далоняй чорнаю палеткі абхапляюць,
Каб ліўнем-потакам згары на іх хлюснуць.

Але ўвесь іх імпэт ня страшны ёсьць палеткам.
Маланка, лівень, гром ня шкодзяць ім зусім,
Ды гэта на‘т яшчэ прыносіць сьвежасьць кветкам
І чысьціць лепясткі ад пылу краскам ўсім.

Так-сама й нам, браты, ня страшныя ёсьць хмары
Чужынцаў—ворагаў, што к нам зусюль плывуць.
Ня страшныя ёсьць нам пярунаў іх удары,
Што хітрай подласьцяй душу народну бьюць.

А іхні лівень на‘т нам змые рэнэгатаў,
Ачысьціць наш народ ад рознае брыды.
Але ня чэпіць нам радзімых нашых хатаў,
Што прастаялі ўжо бязлікія гады.

А прыдзе вось зіма; дае свае загады,
Грызе марозамі і сьнегам ўсім плюе.
Здавалася-б — ужо няма ніякай рады —
Надоўга ўсё яна ў аковы закуе.

А бачыш — сонейка вясьнянае прыгрэе,
Загляне соладка зіме у злосны твар.
Зіма як ня злуе, як з ветрам ня дурэе,
А ўсёткі пойдзе проч—вясна ўжо гаспадар.

І нас замаразіць зіма ужо ня зможа,
Ня будзе ўсьцяж яна віхуры паднімаць,
Загляне сонца нам і праўда пераможа,
І будзем вольна мы Крывіцкі сьцяг трымаць.