Шляхам жыцьця (1913)/II/Над Свіслочай

Над Нёманам Над Свіслочай
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Над Іматрай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Над Сьвіслачай.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Над Свіслочай.

(У Корзюках).

Плаўна Свіслач-рэчка
Ў даль плыве, бяжыць;
Над крутым абрывам
Панскі дом стаіць;
Зелянеюць вольхі,
Па краёх рэкі,
Высяцца над імі
Сумна Корзюкі.
Відзен горад здаля,
Горад Мінск стары,
Пнуцца важна к небу
Коміны, муры.
Гулка далетае
Дзікі свіст машын,
Ды прыпеўкі жабаў
З рэчкі і лагчын.
Між прысад гасьцінцам,
Між палёў селян,
Едзе, пераходзе
То мужык, то пан.
Ўсюж гэту мясьціну
Небо абняло,
Залацістым сонцэм
Хараство ўпляло.
Рэчка, луг, гасьцінец,
Горад, Корзюкі
Разрываюць думкі
На усе бакі.
Сам сабой не знаеш,
Што рабіць, як жыць:
Ці ляцець у горад,
Ці ў Корзюках сьніць?
Ці пайсці гасьцінцам
Долі ў сьвет шукаць,
Ці рэцэ, русалкам
Галаву аддаць?…