Шляхам жыцьця (1913)/II/Сьпека

Лета Сьпека
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Заклятая кветка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьпека (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Сьпека.

Прыскам палае і жарам,
Жарам дрыжыць, зіхаціць,
Як-бы сьвет вечным пажарам
Хочэ абняць і спаліць.
Звугліла высі—загоны,
Звугліла долы—лагі,
Завалакла лес зялёны
Ў чорные дыму кругі.
Сьцежкі заслала агніцай—
Белым пякучым пяском,
Выссала рэчкі-крыніцы,
Ў дно іх зірнула агнём.
Саванам бледна-замглёным
Сьвета душу спавіла,
Потам крывава-чырвоным
Вочы зямлі заліла.
Крык-жальба вырвецца з губаў
К сонцу с плакучых грудзей,—
Сонцэ зіяе загубай,
Сонцэ сьмяецца, як зьмей.