Шляхам жыцьця (1913)/III/Заручыны

С табою… Заручыны
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Доўгажданная
Іншыя публікацыі гэтага твора: Заручыны (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заручыны.

Далёкай, нялёгкай сьцяганы хацьбой,
Пад хвойкай высокай мы селі с табой,
Як цар і царыца;
Шурпаты не жаты сох верас ля ног,
Спаў белы сплясьнелы пад шышкамі мох,
Над цёмнай крыніцай.
На сучча, плятуча, паўзла дзермеза,
Блішчэла нясьмела раса, як сьлеза,
На лісьцях лазовых;
Каронай зялёнай дзед-бор патрэсаў,
І шумам задумам законы пісаў
Ў негаданых словах.

Нам моўча, як ночай, мігцелі агні,
Падгалей міргалі абгніўшые пні,
Як варта на стражы,
І ціха суліхай сьцікалася цень,—
За горы, за моры атходзіў наш дзень,
Мінуты ўжо важыў.
Ўжо клаўся на часе мрок сумна нямы,
І поўнач на помач, палохаці сны,
Незначна падклікаў,
С-пад сосны выноснай ты ўстала, я ўстаў…
Над намі сукамі шум-бор хахатаў
Без памяці, дзіка…