Шляхам жыцьця (1913)/III/Хмарка і Маладзік

Ястрэб Хмарка і Маладзік
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Русалка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Хмарка і маладзік.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хмарка і Маладзік.

Над задумаю ніў
Маладзік бледны плыў,
Дзіваваўся з жыцьця,
Што ў нізу без пуцьця
Спало сном нежывым.
Хмарка свой бледны лік,
Дзе лунаў маладзік,
Ціхавейна ўзняла,
Шопат-рэч павела
Так с суседам сваім:
— Маладзенькі ты мой,
Абніміся са мной,—
Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!
Будзем цені снаваць,
Бледнатой спавіваць
Мёртва-сьпячну зямлю,
З ёй заводзіць гульню—
Сеяць сум тут і там.
З вутлых сетак, як цін,
Я сплелася с краплін,
І мяне—сірату,
Як плыву ў высату,
Страшыць сонцэ не раз.
А ты лепшай душы,
Жаль ка мне акажы;
Буду цешыць цябе
Я ва ўсякай журбе,—
Дык прымі ў добры час…
Маладзік звесялеў,
Падмігнуў ціха ей:
—Маладая мая,
Выгледаў цябе я
Ўжо даўно ў вышыне.
Я тут—сам—адзінок,
Якбы той каласок,
А ты, хмарка-імгла,
Мне нуду развела,—
Прытуліся-ж ка мне…
Ты—царыца, я цар…
На зямлі молад, стар
З-пад наплеценых пут
Нам завідаваць тут
Будзе з века у век.
Мы і ночкай, і днём
То ўсплывём, то сплывём
Вольна так, згодна так,
І ўжо волі ніяк
Не дадзім мы на зьдзек.
.............
Абняліся яны,
Як вясенніе сны,
І гуляюць адны
Ад вясны да вясны
На сум вечны людзям.
Цені-сеткі снуюць,
Песьню-змову пяюць:
—Паплывём, паляцім,
Каб было абаім
Вольна, весела нам!..