Шляхам жыцьця (1913)/IV/Зажынкі

За касой Зажынкі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Жнеям
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зажынкі (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зажынкі.

Натачы, кавалёк,
Вострым-востра сярпок,
Атпусьці, назубі, загартуй;
І ляшчынкі кусок
Атпілуй, кавалёк,
Нову ручку вазьмі дарыхтуй.
Насьпяліўся шнурок,
Бье паклон каласок,
Спаважнеў, пасівеў, шэлясьціць.
Пойдзе ходам сярпок,
Туды-сюды, скок-скок!
За сяло пабяжыць, пабяжыць.
Страшыў ніўку грамок,
Сухата і дажджок;
Птушка колас ляцела клеваць;
Шлі заломы, урок,—
Не збаяўся хлябок!—
Памажы, Божэ, толькі зажаць!
Ляжэ сноп у снапок,
Стане мэтлік, крыжок,
Не акіне і песьня шнурка!..
Будзе рад бедачок,
Звозіць скарб у тачок,—
Вось яна с мазалямі рука!