Наша вёска Мужык
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Аб мужыцкай долі
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мужык (Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мужык.[1]

Што я мужык, усе тут знаюць,
І як ёсьць гэты сьвет вялік,
З мяне сьмяюцца, пагарджаюць,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Чытаць, пісаць я ня умею,
Ня ходзе гладка мой язык,
Бо толькі вечна ару, сею,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Бо с працы хлеб свой дабываю,
Бо зношу лаянку і крык,
І сьвята рэдка калі знаю,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Галеюць дзеці век бяз хлеба,
Падзёрты жончын чэравік,
Не маю грошы на патрэбу,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Заліты потам горкім вочы;
Ці я малы, ці я старык,—
Працую, як той вол рабочы,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Як хвор ды бедзен—сам бяруся
Лячыць сябе: я чараўнік!
Бо я бяз доктара лячуся,—
Бо я мужык, дурны мужык.
Што голы я, павінен згінуць,
Як той у лесе чэшчавік,
І, як сабака, сьвет пакінуць,—
Бо я мужык, дурны мужык,
Але, хоць колькі жыць тут буду,
Як будзе век тут мой вялік,
Ніколі, братцы, не забуду,
Што чэлавек я, хоць мужык.
І кожны, хто мяне спытае,
Пачуе толькі адзін крык,
Што хоць мной кожны пагарджае,
Я буду жыць!—бо я мужык!




  1. Верш гэты быў надрукованы ў мінскай рассейскай газэце «Сѣверо-Западный Край». 15/V 1905 г. № 746; Гэта першы мой выступ у Беларускай літэратуры. Аўтар.