Вёска, о ціхая вёска мая,
Колькі ты зносіш нешчасьцеў,
Колькі бед зносіць сямейка твая,
Колькі дарэмных напасьці!
Цёмные ночы абселі цябе,
Скрылі дарожкі-пуціны,
Марная ўрода па ўсякай сяўбе,
Крывы, убогі хаціны.
Летам труд цяжкі, хваробы ў зіму;
Родзіць магіла магілу;
С сьвечкай прайдзі, страсяні старану:
Смокчэ бязхлебіца сілы.
Мучышся, вёска, непраўдай старой…
Рукі, працягнеш з надзеяй:
Небо заплачэ халоднай слатой,
Вецер уздохі разьвее.
Вецер і моц, знаць, табе прынясе
С песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядолей.
|