Гэткай пары на сьвеце
Роўных ім не было:
Ён арлом мог глядзеці,
Ей да твары ўсё шло.
Без яго ей ня жыці,
А яму без яе,
Думка ў думку злажыці
Так умелі свае.
Не чэпалі іх мукі,
І ні крыўда, ні плач,
Да ўсяго мелі рукі—
Толькі знай, толькі бач! Слава йшла полем-борам,
І то йшла ня бы як—
Ажно цёмненькім зорам
Было завідна так.
Скуль яны узяліся,
Гэта ім толькі знаць;
Да іх кожны маліўся,
Ці за іх—не згадаць!
Так жылі, многа сьцёрлі
Лет сваіх маладых;
Як жылі, так памёрлі,
Пахавалі так іх.
Так патухла іх імя,
Дый праз завід, ці што,
Не заплакаў над імі
І нідзе, і ніхто.
Толькі чулые людзі
Ўзнесьлі насып з зямлі,
Далі камень на грудзі,
Напіс важны далі:
«Дзьве душы Бога просе,
«Каб хоць так бедным ім
«На тым сьвеце жылося,
«Як тут з імі жывым.
«Бо жыла так прыгожа
«Гэта пара адна:
«Ён быў Голад нябожэ,
«А Няволя—яна».
|