Гэй, капайце, далакопы,
Яміну-магілу,—
А шырока, а глыбока,
Колькі хваце сілы.
Так капайце днём і ночай,
Помачу склікайце,—
Бо ў тым доле хаваць будзем,
Беларусь хаваці.
*
Гэй, ударце, загудзеце,
Званы з усіх вежаў,
Каб ніхто ўжо пары гэтай
Дома не залежаў.
Так зьвініце, не кідайце,
Дружыну склікайце… Хаўтуры ўжо свае будзе
Беларусь спраўляці.
*
Гэй, зайграйце ў мільён струнаў,
Слаўные музыкі,
Каб аж водгалас каціўся,
Як ёсьць сьвет вялікі.
Так іграйце, каб было ўжо
І глухім чуваці,—
Каб маркотна не было спаць
Беларусі-маці.
*
Гэй, зьбірайцесь на памінкі,
І сыны, і дочкі,
Справім гучную бяседу
Пад аслонай ночкі.
Сабірайцесь, дый ня сьніце
Галасіці звонка,—
Памінаць бо толькі будзем
Родную старонку.
|