Шляхам жыцьця (1913)/V/Песьняру-Беларусу

Брату ў чужыне Песьняру-Беларусу
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
Наша песьня
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песняру-беларусу.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Песьняру-Беларусу.

Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песьняру?
Як у шуканні вечным хлеба
Знайсьці яснейшую пару?
О, не хадзі к другім за радай,—
У пушчы сонца не шукай!
Дабудзь с сваей душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.
Хай сэрцэ сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцэ,
Ты песьні выгалась свае!
За родну песьню будзь ваякай,
Ня жджы заплаты ад людзей.
Песьняр—слуга слугі усякай,
Песьняр і цар усіх царэй!
Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесные ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам Бог!
Падслухай шэпты зямлі—маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пашла весьць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.
Шчасьлівы ты, ці нешчасьлівы,
Будзі сыноў сваей зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Незгаслы сьветач распалі!
Глядзі—ўскалышыцца, прачнецца.
Мільённы прыспаны народ,
І вокліч славы пранясецца,
Песьнярскай славы з роду ў род.
Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
І важна слаўлен, песьнярыста,
На той сьвет зойдзеш, як лісток.
Памёр песьняр.—Над белым крыжэм
За годам год перэбяжыць;
Непамяць імя пеўца зліжэ,
А песьня будзе жыць і жыць!