Шляхам жыцьця (1913)/VI/Чатыры крыжы

У Піліпоўку Чатыры крыжы
Верш
Аўтар: Янка Купала
1913 год
За чаркай
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чатыры крыжы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чатыры крыжы.

Як Лявон прашчаўся с хатай,
Як стаў ў сьвет зьбірацца,—
Пакланіўся маме, тату
І Прачыстай Матцэ.
Пакланіўся, памаліўся,
Выплёўся за вёску,
На мяжу, як сноп, зваліўся
Пад крывой бярозкай.
Паліліся самі сьлёзы,
Хоць даўно не плакаў…
Ўстаў, пашоў, як нецьвярозы,
Далей небарака.
Смольлю вецер лез у вочы,
Хмары палівалі;
Пушча страшыла у ночы,
Людзі ў дзень чэпалі…
.............
Як Лявон прашчаўся с сьветам,
Як дамоў вертаўся,—
Ні с пацехай, ні с прыветам,
Кажуць, не спаткаўся.
Ўсюды добра, дома—лепей,
Дзе гуляў дзяцінай,
Дзе ніхто цябе ня чэпе
Так, без дай прычыны.
Да сваей даплёўся вёскі
І... пляцецца далей,
Дзе магілкі, дзе бярозкі
Ля крыжоў стаялі.
Тры крыжы там небарака
Новенькіе ўбачыў..
Сеў пад імі і заплакаў—
Па сваіх, нейначэй.
.............
Першы—маткі, другі—таткі,
Трэйці—Паланеі;
Ў месяц стаў ешчэ адзін крыж
На магільнай кнеі….