Шляхам жыцьця (1913)/VII/Груган

Каралі Груган
Верш
Аўтар: Уладзіслаў Сыракомля
1913 год
Арыгінальная назва: Kruk
Пераклад: Янка Купала
Ў сьвет!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Груган (Сыракомля/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Груган.

Спанад лесаў, спанад хмараў
Груган вылетае,
Сеў пад вёскай на папары,
Груганят склікае.
На вялікай, знаць, быў згубе
Ў далёкіх старонках:
Рука правая у дзюбе
З залатым пярсьцёнкам.

—Эй, скажы, груган незнаны,
Скуль ты прыбываеш?
Скуль пярсьцёнак пазлачаны,
І руку скуль маеш?—
За гарамі, ой, дзяўчына,
Страшны бой вядзецца;
Кроў ліецца ручаінай,
Труп на труп кладзецца.

Зарывае люд рабочы
Ссечаны галовы,
На малойцаў грудзі, вочы
Сыплюць наспы новы.
На курганах на бедачых
Воўчы рык чуваці;
Не адна галосіць, плачэ
Сірата і маці.

Сьлязьмі горка залілася
Бедная дзяўчына:
—Вось калі я дажылася
Нешчаснай часіны!
Ой, руку я ўжо пазнала!
Той, чыя,—не ўстане:
Гэты персьцень даравала
Міламу ў разстанні.