Штодзень вялі мяне шляхі…
Штодзень вялі мяне шляхі... Аўтар: Мікола Сурначоў |
Штодзень вялі мяне шляхі
З краю ў край жаданы,
Ад старай дзедаўскай страхі
Да мазанак гліняных,
Ад зацвітаўшых паплавоў
Да выкашаных ніваў, — І ўсюды я, як свой, ішоў,
Вясёлы і шчаслівы.
То я на Волзе з-пад вясла
Раскідваў смех дзявочы,
То мне Кахетыя нясла
Віно і мёд ахвоча.
Дзе вінаград да глебы звіс
І шэпча таямніча,
Нясла мне, хвораму, кумыс
Чарнявая калмычка.
То на уральскі краявід
Не мог я надзівіцца,
То плакала прад мной наўзрыд
Палтаўская крыніца.
Казачка цёплым каймаком
Гасцінна частавала,
Бялюткі расчыняла дом,
Як сына абдымала.
І толькі б дзе ні ваяваў,
Дзе б ні быў у траншэі,
Такіх, як на радзіме, траў,
Такіх густых завеяў,
Такіх світанняў і крыніц,
Крутых віроў, палонак,
Такіх, як нашы, зараніц,
Як на Сажы сасонак, —
Я не знайшоў, як ні хацеў
Знайсці ў другой мясціне.
І доўга мой акопны спеў
Журыўся па айчыне.
1-шы Беларускі фронт