Што значыць пан, што мужык, а што хам

Што значыць пан, што мужык, а што хам
Артыкул
Аўтар: Напалеон Чарноцкі
1918
Крыніца: Вольная Беларусь, 1918. — №11—12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




От, скажуць, чалавек рэвалюцыю праспаў, ці са ўсім зварьяцеу! Прысьпело яму гаварыць аб тым, што было, чаго німа ды ні будзе—аб леташнім сьнегу. Німа ужо ні паноў, ні мужыкоў,усе таварышы, усе граждане! А хама ніколі ні было: гэтым брыдкім словам даўней кожны мужыка лаяў, хто толькі ні лянаваўся. А цяпер ніхто ні пасьмее.

Можа вам так здаецца, а мне думаецца іначай.

Даўно мне рупіло напісаць аб гэтым, толькі я усё баяўся, што маё пісьмо цэнзар пакалечыць, а людзі ні зразумеюць. Рэвалюцыі я ні праспаў, —дзякую ды кланяюся ёй нізка за тое, што усякай веры, усякаму народу і яго роднаму слову волю дала. За рэшту паклонімся і ёй і сабе тагды, як слово целам стане,бо яна надавала гэтулькі абяцанак, што усяго адразу споўніць ні зможа.

Цяпер паслухайце,—калі ласка, як я разумею пана, як мужыка, як хама. Што значыць пан? Скуль гэтае слово узялося? Можа вучоныя людзі ведаюць. Многа вучоных слоў асталося нам ад даўнейшых грэкаў. Лёгка было б тлумачыць, калі-б то напэўна было, што гэтае слове ад іх пайшло. У іх яно азначало—«ўсё».

Даўней праўдзівы пан ўсё, што трэба ведаў, аб усім за усіх дбаў і усе яго слухалі. Такім справядлівым вялікім панам быў колісь у нашай старонцы беларуска-літоўскі вялікі князь, Ягайло. Ён ды яго меншыя паны, што яму раіць, судзіць ды ваеваць памагалі,—ведалі тое, што, як на Польшчу, так і на Русь-Літву кругом ласы ворагі—татары, туркі, Масква, наперш—немцы-крыжакі налягаюць. Ведалі, што ім адзін на адзін ні даць рады, ды у 1385-м гаду у Крэві (цяпер маленькае мястачко у Ашмянскім павеці) па добрай волі зрабілі першую установу уніі, злучылі дзьве вялікія дзяржавы у вадну, яшчэ большую дзяржаву, захаваўшы кожнай яе право, мову ды звычай. Ведалі што трэба, — усе іх паслухалі. Ды вышло ні кепска.

Крыжакі немцы год за годам ваевалі Польшчу і Літву нібы-то за тым, каб шырыць у Літве хрысьціянство. Хрысьціянство Ягайла пашырыў сам ды выбіў немцам з рук гэты козыр. Гэта ні памагло. Хрысьціянство—гэта адгаворка для для папы і суседзяў, а немцам трэба было нашай зямлі. Яны ні спыніліся ваеваць. Цяпер усе найбагатшыя народы зрабілі«коаліцыю»—ваенную хэўру, проціў немцаў ды рады даць ні могуць. А тагды нашы дзяды зрабілі тое самае ды далі рады: у 1410 годзі народы рознай мовы і веры - беларусы і палякі,—без залезных да блізка таго, што без усякіх дарог, па балотах і лясох, сабраліся у вадно вялікае войско пад адным панам, пад тым самым Ягайлам, ды у вадной вялікай бітве на жыцце і сьмерць пад Грунвальдам, сярод тых самых цяперашніх Мазурскіх вазёр, дзе у цяперашней страшэннай вайне, пад дурным панам, марне згінуло стольку расійскаго войска, разьбілі немцаў, так што ад іх колькі сот год спакойна было. (Ягайло быў натта разумны беларускі князь: ён умеў гаварыць толькі па-беларуску і. жывучы у Польшчы, як польскі кароль, надта сумаваў па роднай беларускай мові).

Яшчэ аднаго пана добра спамянунь мушу. Як раз сто год прамінуло ад яго сьмерці. Памяць яго нідаўна па усяму краю і за краем спаміналі у кась целах набажэнствам, на народных сходах прамовамі і песьнямі. Спаміналі лепш за сьвятога. Называўся ён саўсім ні па-панску—Касьцюшка. Радзіўся сынам нібагатаго пасэсара у Мерачоўшчыні, у Гродзенскай зямлі. Аб ём напісаны цэлыя кніжкі, — вялікія і малыя. Справядлівы гісторык, Корзон, па старых паперах шукаючы, даканаўся. што нехта з яго дзядоў радзіўся у нашай старонцы простым чалавекам, каторы так і называўся па імяні Касьцюшка, ўсё роўна—што Костусь. За нейкія заслугі, мусіць ваенныя, папаў у шляхту ды з імя зрабіліся прозьвішча для патомкаў, значыцца, гэта кроў с крыві нашай, косьць с косьці нашай, а гляньце, што вырасло далей. Нашаму Тадэушу Касьцюшцы давялося радзіцца тагды, калі гінула Польшча, а з ёю Беларусь-Літва, калі суседзі—Расія, Аўстрыя, Немцы толькі цікавалі хітрасьцю ды сілай іх на кускі разарваць. Стаў ён пучыцца таго, што у той час было найпільней.—у добрай ваеннай школі,—як проці сілы ворагу сілу да розум свайго народу паставіць. Прышла вайна. Ён быў ужо ахвіцэрам ды адразу паказаў, што нідарма еў хлеб у школі: вытрымаў трудную бітву пад Дубенкаю з мацнейшым ворагам. Але лядакі апошні кароль польскі, Станіслаў-Аўгуст,—царыцы Катарыны палюбоўнік,— ні даў ваеваць далей, панадзеяўшыся на яе ласку. Тая ласка ды нямецкая хітрасьць вялі далей край да згубы. Касьцюшка выехаў за граніцу у Парыж, дзе у той час ладзілася першая у сьвеці Вялікая Французская рэвалюцыя. І яе навукі ні прапалі для яго дарма. Тая самая вольная Амэрыка, куды вашыя людзі апошнімі часамі езьдзілі дзеля добраго заработку ды вольнага жыцця, тагды яшчэ ні мела свае волі, а трымала яе пад сваёю уладаю ды ціснула падаткамі старая Англія. Амэрыка надумалася сілаю вырабіцца на волю. І французская рэвалюцыя і Касьцюшка мелі такія думкі, што за волю трэба усюды ваеваць, дзе толькі есьць няволя. У Амэрыцы і цяпер німа шмат гатовага войска, а тагды і саусім ні было. Народу было ні багата, народ быў найбольш просты — гаспадары-фэрмеры, ды ваеваць саусім на пачатку ні умелі.

Натта-ж ім прыдаўся Касьцюшка, вучоны артылерыйскі ахвіцэр, умеючы крэпасьці будаваць ды бараніць. Ні мало ён мусіць памог, калі. кончыўшы шчасьліва цяжкую вайну, народ падзякаваў яну апроч енэральства ды крыжа найвышэйшай заслугі—яшчэ валікімі грашыма ды вялікім шматам мямлі. А ведаеце, што гэты дзіўны чалавек зрабіў? Ён ні за грошы біўся, а за волю чужую. Грошай узяў сябе, колькі трэба, а большую часть запісаў на школы ды на выкуп з няволі нэграў,—чорных людзей. Бо ен волю любіў шчырэй, як амэрыканскі народ таго часу. Той вольны амэрыканскі народ ні саромеўся яшчэ трымаць чорных людзей у горшай ніволі, як нашыя паны сваіх падданных. Касьцюшка сароміўся за іх. Ні мілы яму быў заслужаны супакой з багацтвам, бо ведаў, што за шырокім морам яго бедны родны край гатоў папасьці у апошнюю няволю ды хоча ад яе бараніцца. А у польскім народзе тыя, што яшчэ мелі розум да сумленне, зразумелі, што на гэтую цяжкую барацьбу, хоць быў каранованы кароль, ні найці лепшаго начальніка, як Касьцюшка. Ды зрабілі яго начальнікам усяго народу—дыктатарам. Далі яму безмерную уладу—сваёю волей, адным сваім подпісам, які хоча стары закон адмяніць, які хоча новы установіць, каго хоча сьмерцю пакарае. А ен гэта прыняў на свае плечы ні дзеля панавання, а як цяжкую службу народу. Ні трэбаваў сабе прысягі, а сам на кракаўскім рынку народу прысягнуў, што будзе яго бараніць, покі хопіць сілы. Ды зрабіў ён Ддобры, мудры пачатак: выдаў такую грамату, што мужыком подданным, каторыя пойдуць ад ворагаў край бараніць, трэба даць волю ды землю. Мужыкі падзякавалі яму і народу, —жыцця свайго ні шкадуючы, бралі першыя гарматы блізка таго, што голымі рукамі, касамі, надзетымі на штарц. А ён, шануючы іх, заміж енэральскаго блішчастага мундзіру. злажыў на сябе мужыцкую сьвітку ды ваеваў с тым войскам, якое здолялі сабраць, покі сіл. Хоць трохі ім с пачатку шанцавало, але-ж ні далі рады проці трох мацнейшых суседзяў. Ў цяжкай бітве пад Мацыевічамі Расійцы разьбілі войско Касьцюшкі, самога Касьцюшку, пакрытага ранамі, паднялі без духу ды узялі у няволю. Посьля выпусьціў яго хворага цар Павал. Дажыў ён свой век за граніцаю, тужачы толькі аб тым, «каб яшчэ раз давялося за родны край паміраць». Манілі яго на службу вялікімі абяцанкамі Наполеон і Александр, першыя паны і ваякі свайго часу, а ён ні верыў царом. Ён ведаў праўду на сто лет наперад, што адзін народ ні выйдзе на волю праз адну царскую ласку, а выйдуць тагды усе, як шмат народу адразу паборуцца за волю за усіх. Роўна у сто лет ад яго сьмерці Расійская рэвалюцыя, як ветрам зьмяла апошняго ніудалаго цара, што душыў Беларусь і шмат іншых народаў, што жылі у быўшай Расіі. Спаўняецца думка Касьцюшкі.. Трэба і можна мець веру, што паміж вольных народаў будуць і беларусы. Каму цяжка верыць, ніхай спамяне Касьцюшку. Ён радзіўся у нашай зямельцы. Ен кроў с крыві нашай, косьць с косьці нашай. Ні благая мусіць кроў, калі з яе вырастаюць, такія людзі, як Касьцюшка, Міцкевіч і ці мала другіх, што прыдбалі ні аднаму народу сьвету і волі.

Гісторыя цікавая ды мудрая навука. Яна жывіць душу народу у дні цяжкай нядолі. Але усей гісторыі адразу ні перакажаш. Тут толькі успамянута, якія даўней былі вялікія і справядлівыя паны ды на што яны былі патрэбны народам.

Калі скажаце: «то было даўней; тагды вялікія паны думалі за увесь народ, давалі яму сваю мудрую раду і кроў у патрэбу пралівалі. Але што далей, то яны драбнелі, бэсьціліся ад гультайства; далей за грошы кожны быў панам; далей панам быў кожны, хто меў блішчастыя гузікі,—гэтае панстве больш народу каштавало, як яму карысьці давало.» Калі скажаце гэтак, то я пярэчыць ні буду. Толькі прыпомню яшчэ тое, што кожны чалавек мог бачыць сваімі вачымі у нашыя дні. Скажам, у вёсцы пажар. Які-такі суседні пан прыляцеў на добрым кані першы. Бачыць—ратунку ніякага німа,— толькі галосяць ды рэчы без толку ды складу кожны свае у поле валоча. А хаты. што пад ветрам, усе згарэць павінны. Ен першы лезе на стрэху той хаты, дзе агонь можа спыніць; ён крычыць нясьці воду ды камандуе ісьці куды трэба другім, і лае тых. што ні слухаюць. Людзі яго паслухалі спынілі агонь. Дзесяткі хатаў асталіся цэлы, а то-б згарэлі. Ўсе роўна, хто ён быў той пан—ці з вялікага, ці з малога двара, ці поп, пі ксёндз, ці захожы бойкі салдат, ці мудрэйшы вясковы гаспадар,—добра, што ён тут быў у патрэбі. Цераз яго асталіся людзям тысячы дзён дарэмнай работы.

Далей, углядаючыся уважне у гэтую каламесіцу з сьмерці, голаду, няволі ды волі, што нарабіла вайна, мы бачым сваімі вачыма, што гэта вера у сваю кроў, у сваю мову — у беларусаў сапраўды расьце. Мы ведаем, што даўней кожны наш салдат як мага стараўся падладжывацца пад расійскую мову, а цяпер ні натта —гаворыць, як маці навучыла. Даўней каталіцкае духавенство баялося дапусьціць беларускую мову у касьцёл, бо казённыя прадажныя падхлебнікі пападаліся паміж найгоршых ксяндзоў, а казна паўсюды кіравала па тое, што беларусаў саусім німа да мову іх усюды памаленьку падменьвала расійскай. А цяцер німа чаго баяцца: духавенству адкрыта лягчэйшая, карацейшая дарога да народнай душы праз родную мову і, трэба спадзевацца, што духавенство гэтую дарогу пратрэ і пашырыць.

Ведама, вайна апроч той волі, што ідзе, ды шалёных танных грошай, што параскідала па людзях, дала нашым вёскам шмат грузу-попялу, ямаў, садоў з абгрызенаю карою, а людзям сьмерць, перапалак і распусту. Але-ж ні усюды. Відзеў я і такое дзіво на фронці. Беларуская вёска за пяць вёрст ад фронту, здаецца, як усе—лясы высячаны, поле ды агароды натоптаны, часть хатаў згарэла. З мужчын толькі дзяды асталіся. А дзяўчаты ды кабеты—пякнейшыя, як звычайна, ды сьвежыя, як кветкі. Ніхто іх ні пасьмеў зачапіць, хоць разбэшчанае войско праз тры гады топча вёску. Працуюць, мыюць, шыюць салдатам на машынках—грошы зарабляюць, а больш нічым—шануюць добрую кроў, ні хочуць яе бэсьціць. Ды салдаты іх шануюць і трохі баяцца. Калі сілаю пруцца, куды ні трэба — гэта я бачыў сваімі вачыма—адна с цэпам стане на парозі проці цэлай роты, наробіць крыку да ні пусьціць, як мядзьведзіца гнезда бароніць. Гэтыя самыя салдаты, што паміж сябе на дварэ усё сваіх нішчасных мацяраў без патрэбы брыдка спамінаюць, прыдуць у хату, дзе чыстая беларуская сямья жыве, вядуць з ёю гутарку то вясёлую, то смутную ды разумную, і ніхто брыдкага слова ні скажа, бо бачуць, што тут і дачку і матку шанаваць трэба. Аб гэтакіх людзях у нас даўней казалі: жывуць, як паны.

Можа вам здаецца, што я саўсім зьбіўся с панталыку. Не! Я толькі ось што паказаць хачу: — у праўдзівым панстве бывае часам такая сіла, што больш за сярэдняга чалавека разумее, далей заўтрашняга дня відзіць, а людзі яго шануюць ды слухаюць без прынукі. Гэтакая вялікая ды чыстая сіла Касьцюшкі прывяла, як мы бачылі, куды трэба увесь народ у сто лет посьля яга сьмерці. Ды найменшая сіла гэтага гатунку згодзіцца яшчэ на тое, каб праз яе людзі былі падабнейшыя да людзей, чым да сьвіней. Як бачыце, майго панства ні пазнаць ні па палацах, ні па кішэні, ні па адзежы, ні па старых паперках, а толькі па тым, што яно людзей з гразі падымае, да лепшай будучыны вядзе ды сьвеціць.

Тая самая рэвалюцыя паказала, што ёсьць і другі, лягчэйшы спосаб панавання. Бачыш людзкое стадо, якое топчацца па мейсцы, ні ведае куды яму ісьці. Дагадайся, чаго яму сягодні хочацца найбольш. Хочацца ды боязна—ні ведаюць, ці можна. Ні думай доўга, што с таго далей будзе. Калі хочаш панаваць, а гаварыць гладка ды моцна умееш, выскачы наперад ды брашы: ні кажы таго, чаго ні спадабаюць, пагладзь іх словам па галоўцы, скажы ім, што яны — соль зямлі, што зрабіць тое, што ім хочацца ні толькі можна,—трэба: падагрэй іх, паддай пары ды вядзі куды хочуць. Можа ім выпіць хочацца, а ты ведаеш, дзе гарэлка схована. Вядзі! Будзеш панам, пакуль давядзеш, пакуль напьюцца. А што далей будзе — ні ведаю. Можа ім ні толькі гарэлкі хочацца, можа якога іншага дабра. Можа хочацца панаваць, кіраваць наймудрэйшаю палітыкай, — гаспадарыць, хоць ні ведаюць, с катораго канца пачаць. Усё роўна, —спосаб гэтакі самы, як з гарэлкаю, а мэта гэтаго панавання трохі даўжэйшая, але-ж ні натта доўгая. Ось гэтакае панство без далёкай сьветлай мэты, без дарогі, без чыстых рук, хоць за ім тысячы народу пойдзе, адусюды хамствам сьмярдзець будзе ды усіх сваіх падданых у балото няволі завядзе. А па вучонаму, па-грэцку, называецца гэта «дэмагогія».

___________________

Дурань той, што усякаго мужыка «хамам» лае. Хто ж ні ведае, што значыць «мужык» у народзі? — Тое самае, што колас у полі, што сосна у бару, што дуб у доброві. Колас бывае пусты ці поўны, здаровы ці ржавы. Дрэво гэтак само — гладкое ці крывое, здаровае ці трухлявае. Ды зрабіць з іх можна усё усякое — абы добрая школа ды выраб. Магчымасьці таго, што з мужыка, як с кожнага здаровага чалавека, можа вырасьці—граніцы німа. Толькі трэба вытыкаць моцную граніцу паміж мужыком ды хамам.

Справядлівы мужык ні натта баіцца сьмерці. А калі пажыў і шчыра папрацаваў ды дзетак падгадаваў, як то звычайна бывае, — то спатыкае сьмерць, як салдат чыстую адстаўку. Ен ведае, што па его сьмерці сьвет ні кончыцца што па ім застанецца нешта дарожшае за яго. За бацькаўскую землю, за веру, —а дзе скаштаваў праўдзівай волі,—то і за волю, ён што дзень біцца гатоў, а калі давядзецца, то моўчкі паміраць.

Хаму здаецца, што за яго жыцце, за яго скуру нічога дарожшага на усём сьвеці німа. Яму кажуць:—ідзі на фронт, бараніць ад ворагаў старую родную землю ды новую волю. А ён, як ўюн с сеткі, вырабляецца усімі праўдамі і ніпраўдамі, бо думае, а часам без сораму кажа: «На чарта мне тая земля і воля, калі мяне покуль што забіць могуць; калі ужо канешне трэба на фронці вартаваць, то вазьміце майго бацьку, яму 80 лет — усё роўна паміраць пара,—а мяне дамоў пусьціце! Да мяне немцы можа ні дойдуць, а калі загорнуць і маю землю, — пайду у Сібір, там для усіх хваце, абы я цэлы астаўся!»

Справядлівы мужык ні любіць, каб над ім хто панаваў, але ж і яму ні над кім панаваць ні трэба, апрач свайго поля, стада ды саду.

Хам усіх паноў баіцца. Яму той пан, хто мае грубшую кішаню, больш блішчастых гузікаў (гэты тавар за вайну з рэвалюцыею—праўда — натта патанеў). Яму пан нарэшці і той, хто мае мацнейшы голас, цяжэйшы кулак, (гэты зноў тавар без меры падаражэў). За тым, хаму натта панаваць хочацца за абы якую цану, хоць на мінуціну, над усякім, хто за яго блажэйшы.

Справядлівы мужык абы чым ні гандлюе: ён прадае сваю працу ды лішні, а у патрэбі і нілішні, прыбытак ад гаспадаркі. Ні мае на прадажу ні веры, ні зямлі бацькаўскай. Ніхай яму хто спрабуе скрыўдзіць жонку, або дачку, ды грашмі, або кароваю за тое заплаціць,—хоць то найбольшы пан будзе, ён яго забіць або спаліць, гатоў. Ен малако, калі прадае, то толькі ад каровы, — ні дагадаецца зачэрпаць у студні. Ен за грошы, ці за гарэлку у судзе сьведкай ні будзе.

У хама, па цане гледзючы, усё купляць можна. Калі яго дачцэ пан рабіў байструка ды даваў за тое грошы ці карову,—ён дзякаваў пану за ласку ды думаў сабе па хамску і па гаспадарку разам: «перад людзьмі—сорам, але ж кабецкая чэсьць—ні мыло, ні змыліцца, а як разбагацеем, людзі аб сорамі забудуцца».

Што яму Бог! Ен, жывучы ці паміраючы, надае папом грошай, то Бог будзе за ім.

Што яму навука!— навука у кніжках; накупіць шмат кніжак, найме за свае грошы вучоных людзей, — будзе мець навуку. Купіць хвартэпіян — будзе мець і музыку.

Што яму чалавек нібагаты ды справядлівы? Хам купіць адвакатаў, газэтных пісак, паліцыю ці міліцыю—ды таго чалавека з граззю зьмешае, у варэшці згноіць.

Прачытаўшы гэта, справядлівы мужык скажа: «трэба прызнацца, што і паміж мужыкоў шмат хамаў завялося». А я скажу-—праўда! Ці толькі паміж мужыкоў? Паміж панаў і падпанкаў бадай ішчэ больш. Німа чаго дзівіцца. Хам найбольш у няволі родзіцца ды плодзіцца. Праўдзівай волі рэвалюцыя толькі трохі дала нам пакаштаваць. Шмат хто так пакаштаваў, што упіўся: ён ужо нікога ды нічога ні баіцца, усё ведае, усё можа, усё пад сябе горне. А другі наадворот—усяго забыўся, усяго адрокся, ніхай другія камандуюць, абы яго жывым пусьцілі.

Яшчэ я мушу спамянуць адзін гатунак патайнога мужыцкага хамства, натта нібезпечны для той самай волі, каторую рэвалюцыя нясе, а яна паміж пальцаў ёй сыпецца і топчацца у гразі.

У 1905 годзі была нібыто рэвалюцыя. Былі посьля выбары у Думу. Ніколі ні забудуся аднэй вольнай, шчырай гутаркі з мужыкам у тыя часы. Разгаварыліся мы з ім у дарозі, якіх людзей у Думу трэба выбіраць. Разгаварыліся без усякага інтарэсу, ні я яму, ні ен мне нікога па імяні ні раіў, ні па партыі. То я скажу, то ен скажа—разумнага, сьмелага, з добраю моваю, такога-сякога. Так у нас складна ішло! Толькі я кажу на астатках: «ды трэба ж, каб той чалавек на грошы ні натта быў ласы, каб яго голасу нельга было купіць ні за якія грошы». Задумаўся цяжка, уздыхнуў мой мужык, сказаў шчыра ды смутна. «Ой, гэта трудна!» ды замоўк. А я так зразумеў: заглянуў ён у сваю бедную душу ды у душу суседзяў, а там на дне патайны голас шэпча: «голас прадаць? прадалі людзі—сьведкі па усіх судох, ад свайго валаснога пачынаючы за малыя грошы, за пачастунак, а калі у той Думе за голас будзе хто большыя грошы даваць, хто ж тут вытрывае, каб ні прадаць? Гэтакі тавар нічога ні каштуе, ні на вошта у гаспадарцы ніпатрабны, а грошы—усякаму згодзяцца».

Мы ведаем, што з нашымі мужыцкімі дэпутатамі у Думу найбольш так яно і вышло: мяркавалі выбіраць чым найлепшых, паехалі яны у Пецербург, а там на іх с пачастункам, з дарэмнаю кватэраю чорная сотня цікавала ды блізка таго, што усіх купіла, галасамі іхнімі камандавала народу на горо ды сорам.

Па справядлівасьці спамяну яшчэ аб асаблівым панскім хамстве. Ні так даўно ставілі у Вільні памятку царыцы Кацярыны ІІ, нібыто вялікай. На памятцы пісалі: «адарваное вярнула». Брэхня! Літва-Беларусь. як мы ведаем, ніколі даўней да Маскоўска-Пецербурскаго царства ні належыла, с Польшчаю - злучалася па добрай волі. Ні вызваліла яе Кацярына, ні вярнула, а украла, заграбіла у той самы час, калі Касьцюшка з людзьмі што найлепшымі стараліся, як мага, даць усяму народу лепшае жыцце, право, сьвет ды волю.

Першая яе работа у нашым краю была у тым, каб раздарыць сваім палюбоўнікам 30 тысяч «мужыцкіх душ» з безмернымі землямі разам. Былі падарованы і такія, даўней вольныя, мястэчкі, як Ліпініцкі у Ашмянскім павеці, дзе толькі праз Кацярыну пачалі народ на паншчыну ганяць.

Дык вось запрасілі на гэтае сьвято каля памяткі Кацярыны колькі паноў. Я ні скажу, што яны былі таму рады; ні скажу, што усе, але ж нікаторыя адказаць ні пасьмелі ды прышлі пакланіцца чучалу той, што грабіла ды у кайданы вязала іх дзядоў. Вось гэтага ні назваць іначай, як—панскае хамство. Траплялося яно ні раз і пры другіх аказіях і у той самай Думі. Трапляецца і цяпер, у рэвалюцыю, калі старыя і новыя падпанкі і паны, часам і рэвалюцыйныя міністры, абы толькі набраць у рукі ды утрымаць больш улады, патураюць кожнаму людзкому гурту, што моцна крычыць ды кулакі паказывае; патураюць са страху, як даўней цару патуралі: проці розуму і сумлення раздаюць народу уселякія абецанкі, хоць ведаюць, што споўніць нельга і палавіны. А хто ж над намі ды над гэтулькімі народамі Расіі панаваў? Хто нас у зямлю таптаў апошнія часы перад рэвалюцыяй? Мікалай ІІ, дрэнная лялька! Які ж ён пан, калі яго ў 2-3 дні усе слугі пакінулі? Ніколі ён ні панаваў. Хам на хаме стаяў, хамам паганяў. Чым спрытнейшы, чым лягчэйшае трухлявае сумленне меў, тым вышэй залез. Над ім, над яго уласнаю сямьёю, над яго міністрамі доўгі час стаяў — вы чулі? такі справядлівы ніскрэбаны хам — Распуцін, — сыбірскі канакрад, пьяніца, жарабец двуногі.

Куды ж яна дзелася уся гэтая чарада без ліку? Пабіць—мала каго пабілі, у вастрог мала каго з іх пасадзілі. Ні уся ж рэшта трухлом разсыпалася, ні усім рэвалюцыя новое сумленне уставіла. Зубы нілёгка, ніскора уставіш, а сумленне - куды трудней. Ні думайце, што я вас клічу цяпер вышуківаць іх, біць ды ў вастрог садзіць. Не! Калі мяне пытаюць, хто з іх найбольш вінаваты, я скажу—ніхто! А калі вінаваты, то ні нам іх судзіць, бо і мы вінаваты, што гэтакую дрэнь над сабою цярпелі, пакуль яны ні пасыпаліся ад ваенна-рэвалюцыйнай буры, як перасьпелыя грушы з дзерава. Я ні клічу вас біць каго небўдзь, апроч тых, нібы-то «нашых», што б’юць, грабюць, паляць, сваіх безвінных людзей. Я за тое шаную беларусаў, што яны на кроў ні ласы. Можа яны за тое беларусамі называюцца, малую славу на сьвеці маюць, што ні усе векі іх жыцця рукі у іх былі ні такія чырвоныя ад пралітай людзкой крыві, як у другіх народаў. Такі быў да гэтай пары лад на сьвеці, што той народ больш славы меў, каторы больш чужога дабра загроб ды крыві праліў. Так было! Але ж, як гэтая праклятая ды разам благаславенная вайна кончыцца, так далей ні будзе! Яна скора сама сябе зьесьць. Людзі, дзякуючы ёй, здаволюцца ваеваць на усе часы.

Да вайны Расія была тым найбольшым ды лядака збудованым астрогам, у каторым хамская хэўра сілаю дзержала народы. Ваеваць варт было толькі за волю. А суседзкія гранічныя сваркі міжнародны міравы суд без вайны разбярэ. Гэтага усе народы хочуць.

Ні аднаго найбайчэйшаго енэрала сьвет ні пашанаваў ды ні пашануе так, як нашаго Касьцюшку. Пашанаваў за тое самае, што ён меў найчысьцейшую душу ды рукі, што ліў кроў сваю ды чужую толькі за волю свайго ды чужога амэрыканскага народу, што ні мог цярпець няволі ні нашых падданых, ні нават няволі чорнага чалавека, раней за усіх аддаўшы свае грошы на яго выкуп, на школы яму, за тое, што будучы дыктатарам, начальнікам народу у вайне, у рэвалюцыі, чалавеку зьвязанаму, асуджанаму, ніводнага сьмертнага прыгавару ні падпісаў.

Хацеў я с хамам скончыць, а зьбіўся на тое, што так да хама падобна, як зорка да жабы. Варочаймося назад!

Ні вайна, ні рэвалюцыя ні кончылася. Ды хам ні прапаў скрозь землю. Адзін прытаіўся, як мыш пад мятлою, другі перакінуўся на службу да чужынцаў, трэці абярнуў чырвонаю ганучкаю блішчасты гузік, чацьверты назваў сягоння «таварышам» таго самага мужыка-салдата, с каторага учора скуру драў ды па твару яго біў і стаў чым хутчэй вучыць таго, што сам умеў—бяры, бяры, бяры,—усе, што рукой дастанеш, ды брашы, брашы, брашы так, каб найдурнейшым таварышам спадабалося, (а найдурнейшы—заўсёды найбольшы) ды будзем с табою панаваць лепш, чым даўней панавалі. Добра рэвалюцыя пачалася-—мала крыві каштавала. Ды найбольшая ж яе і наша беда у тым. што хам яе гэтак збэсьціў. На хамскі розум выходзе -- рэвалюцыя гэта такая карова, што павінна зараж жа, ні гледзючы на страшэную вайну, даваць народу без перадыху, без корму, ні толькі малако, але гатовую сьметану і масло, а усякі мужык-гаспадар знае, што як будзеш карову залішне даіць, то малако не пойдзе, а выдаіш хіба кроў. Ды льецца сюд-тут гэта нівінная нінатрэбная кроў, гараць людскія гнёзды, гарыць сьпірт, а у ім смажуцца пьяныя людзі, гараць запасы гатовага збожа ды цукру, хоць яго даўно ні хватае. Ды там, дзе гэта чаўпецца, німа такога пана, каб моцным голасам крыкнуў—годзі, стой!—ды каб паслухалі адразу. Дзе ж ратунак? Паслаць у Сібір за царом? Ні варт! Ад яго адзін смурод застаўся ды безгаловая хамская чарада без ліку, а тут моцнай душы ды моцнай рукі трэба.

Дзе ж найці тую душу, адну для усей рэвалюцыі, для гэтулькіх народаў уселякай веры ды мовы? Ні варт шукаць таго, чаго ні згубілі. Аднэй душы для усіх ніколі ні было, быў толькі адзін для усіх астрог. Кожны народ павінен сам сабе падняць, ачысьціць ды злажыць сваю затоптаную, паломаную у няволі грамадзянскую душу. Ачысьціць перш усяго ад хамства. Паставіць сабе перад вочы лепшыя думкі сваіх сьвятых нябошчыкаў ды сваіх жывых людзей, найсьмялейшых, з найлепшымі галовамі, з найчысьцейшымі рукамі. Сказаць ім - рабіце плян новай уласнай хаты. Ніглядзець, як гэтыя людзі адзетыя, дзе яны радзіліся, —у хаці ці у палацы, у якой партыі запісаны,—толькі як яны жылі, што рабілі перад рэвалюцыіяй, што рабіць умеюць. Даць тым выбарным людзям веру ды послух. Ды узяцца ставіць новы будынак новага вольнага жыцця хоць так, як шмат дзе у нас касьцёлы будавалі, калі схацелі—ды стало можна. Выбралі у камітэт падобных людзей, як я казаў вышэй, давалі складку зямлёю, цэглаю, каменням, дзеравам, грашыма, простаю ды вучонай работаю. А хаму, калі будзе употай рабоці замінаць, сказаць у вочы, што ён—хам. Калі будзе брахаць, сказаць, што ён брэша. Гэтак ужо будуюць палякі сябе будынак, гэтак робіць Украіна, Літва,—усе народы, што сваім новым, лепшым жыццём жыць хоча. Гэтак і вялікарусам, нашым даўнейшым паном, будаваць сабе трэба. Ёсьць на чом, ёсьць з чаго, аж за лішне! Толькі ім цяпер цяжэй — разбэсьціліся бедныя, сабе праўдзівай волі ніколі даўней ні знаўшы ды пануючы над гэтулькімі народамі. Цяжка ім адвыкаць ад панавання, прывыкаць да работы. Ды душа у іх маладая, мягкая, бурліць, як нівыстоіўшая брага. Сьпірытус у ёй ужо ёсьць, але усе сварацца, як яго дастаць, каб быў найчысьцейшы. Пасварацца, пабядуюць ды дастануць. Старога ліха ні памятуючы, мы ім зычым, як найлепш—каб пашанцавало. Але ж покуль што, нат шмат сьліны на гутарку ды часу марнуюць, і сабе і другім кепска памагаюць.

Кожны народ сам аб сабе, аб сваёй роднай зямельцы дбаць павінен. Гэтак само скажым братом беларусам: мужыкам, работнікам, вучоным ды простым ды паном пры іх супольнай згоднай рабоце для роднаго народу, для краю - памажы Божэ!

А хам ніхай усюды скрозь зямлю заваліцца, ніхай з насення зьвядзецца, або лепш, хам чалавекам стане, калі зможа.

Тагды толькі прыдзе праўдзівая воля.