Што кажух, то не вата
Што кажух, то не вата Апавяданне Аўтар: Карусь Каганец |
Крыніца: http://knihi.com/Karus_Kahaniec/Byvaly_Jur_u_Miensku.html |
Давялося раз зімой гарадскому панічу паехаць у двор на імяніны.
Прыехаўшы па чыгунцы на станцыю, ён пайшоў на сяло, што ад станцыі за паўвярсты было; каб падводу наняць, бо яшчэ трэба было вёрстаў з чатырнаццаць канём ехаць. Вось зайшоў ён у адну хату, а там якраз абедаць садзіліся. Ён зняў шапку і кажа:
- Дзень добры!
- Дзень добры! - адказваюць.
- Ці не завезлі б мяне туды і туды?
- Чаму ж не, можна, - кажа гаспадар, пагадаўшы.
- А колькі ж хочаце за хурманку?
- Аб цане то мы змяркуемся, а цяпер сядзьце, капусты сербаніце, бо да таго двара няблізка.
- Дзякую! я ўжо гарбату піў.
- Ну, як воля ваша.
Гаспадар, пад'еўшы, не спяшаючы, закурыў люльку, сказаў цану, катора панічу проці гарадскіх паказалася зусім малой, але ён з тым не пахваліўся: і яму грош, знаць, не дарма даецца. Пасля гаспадар апрануў кажух, надзеў шапку і пайшоў запрагаць. Запрогшы каня, прыйшоў у хату і, зняўшы з жэрдзі кажуха, дае яго падпрануць панічу; але паніч не адважыўся апрануць мужыцкага кажуха і кажа:
- Дзякую! у мяне пальто на ваце.
- Ну, як воля ваша, - кажа гаспадар. Аднак жа як ішлі садзіцца ехаць, то гаспадар узяў з сабой кажуха ў запас.
Вот яны едуць. Спачатку панічу цёпла паказалася, але, праехаўшы вёрстаў пяць, бачыць гаспадар, што паніч стаў корчыцца, каўнер настаўляць, шапку на вушы нацягваць і носам сёрбаць. Гаспадар і пытае:
- А можа кажух, паніч, надзенеш?
- Не! дзякую.
Едуць далей.
Праехалі яшчэ вярсты са дзве, бачыць гаспадар, што паніча сталі дрыжыкі прабіраць, і пытае:
- А можа кажух, паніч, надзенеш?
- А добра, бо штось халаднавата.
Даў яму кажуха апрануць і едуць далей. Ужо і да двара блізка, ажно бачыць гаспадар, што паніч неяк бледнаваты; дык пытае ў яго:
- А што, панічу, не сцюдзёна цяпер?
- О, не! цяпер цёпла.
- А можа паніч есці хоча?
- О, і дужа хачу.
- А што, панічу: што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата? Але пацярпі, паніч, хвіліну, незабавам прыедзем! - І паказаў яму пугаўём на той двор, каторы ўжо відаць было.
1911 г.