Што рабіць?
Публіцыстыка
Аўтар: Фабіян Акінчыц
1934 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 8 (10) ад 20.XII.1934 г., б. 3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што рабіць?

Цяжкое матэрыяльнае становішча, у якім апынулася ў межах Польшчы беларуская інтэлігенцыя, пхае яе да нацыяналнага рэнэгацтва.

Толькі здрадаю Беларускаму Народу многія нясумленныя адзінкі спадзяюцца паправіць абставіны свайго асабістага жыцьця. Кідаюць усё, выракаючыся ня толькі нацыянальнага „я“, але кладуць у ахвяру пачуцьцё асабістага гонару і робяць гэта ў тых мэтах, каб зачапіцца за некую сумліўную пасаду і „выйсьці ў людзі“.

З сумам трэба прызнаць, што, запраўды, становішча нашай інтэлігенцыі, асабліва моладзі — проста жудаснае.

Да „надпрадукцыі“ інтэлігенцыі, што наглядаецца ў сучасных буржуазных дзяржавах, прыходзіцца дадаць яшчэ спэцыфічныя абставіны, у якіх апынуліся беларусы, засуджаныя на заўсёднае беспрацоўе.

Бяз сумліву, гэтакі стан рэчаў вельмі цяжкі і ня кожны мае столькі маральных сілаў, каб яго вытрымаць.

Вялікая крыўда творыцца Беларускаму Народу, асабліва моладзі, якой трэба пакутаваць за грахі сваіх спаўшых нацыянальна бацькоў, ня змогшых здабыць сабе незалежнасьці сваей бацькаўшчыны тады, як здабылі яе нават народы слабейшыя ад Беларускага.

Але тое, што прайшло — ужо ня вернеш… Трэба лічыцца з тым, што маем.

Як-бы цяжка ні жылося, ня можна шукаць палёгкі ў нацыянальным рэнэгацтве, бо яно здольна „ўратаваць“ толькі адзінкі, найбольш слабавольныя і безвартасныя.

Агул беларускай беспрацоўнай інтэлігенцыі не разлічае і, каб нават хацеў, ня можа разьлічыць на гэтакі сродак, бо адпаведнымі дзейнікамі бяруцца пад увагу ня толькі этнічныя прыкметы, але і „рэгіональныя“.

Гэтак напрыклад, мы часта спатыкаем у віленскай польскай прэсе нараканьні на прышлы, пераважна паліцыйскі элемэнт, каторы выціскае адусюль тутэйшых палякоў, не залічаючы іх да „rdzennych“[1].

Дзе-ж пры гэткіх абставінах беларускаму інтэлігенту спадзявацца на нейкае здабыцьцё сабе правоў на працу ў дзяржаўных установах Зах. Беларусі…

Гэтакай надзеі ня можа быць, дзякуючы палітычнай і грамадзкай структуры сучасных капіталістычных дзяржаў, (аб якой многія з оптымістаў запамінаюць), дзе на становішчы эксплёатаваных апынуліся цэлыя народы, ня змогшыя з тае, ці іншае прычыны здабыць сабе палітычнае незалежнасьці.

На нашу думку, выхад для маладой беларускай інтэлігенцыі можа быць толькі адзін — гэта шукаць магчымасьцяў да прытарнаваньня сваей агульнай і фаховай веды сярод свайго народу. Трэба тут, а не ў чужым для нас асяродзьдзі, тварыць варштаты працы і не выракацца Беларускага Народу, як гэта робяць некаторыя, а наадварот, падышоўшы да яго бліжэй, старацца ўсьведамляць народныя масы і іх арганізоўваць.

Працу знайсьці можна, толькі трэба адкінуць стары інтэлігенцкі забабон, быццам адзіным заняткам для чалавека адукаванага ёсьць урадовая пасада.

Трэба тварыць коопэратывы, а калі гэта немагчыма, — прыступаць да гандлю прыватнага, пачынаючы хаця-бы ад прадажы найдрабнейшых рэчаў. Людзі, маючыя сельска-гаспадарскую веду мусяць дасканаліць гаспадарку. творачы сельска - гаспадарскія сябрыны. Ёсьць прыклады на Зах. Беларусі, калі паасобныя энэргічныя і інтэлігентныя адзінкі асягнулі значны матэрыяльны пасьпех наладзіўшы пчалярства.

Ня мейсца тут разводзіць пра практычныя крокі, якія павінен распачаць кожны беларускі інтэлігент пазбаўлены працы.

Хочам зацеміць толкьі адно: нацыянальнае рэнэгацтва, або вырачэньне беларускай справы накарміць усіх ня зможа.

Яно можа даць хлеб (і то не надоўга) толькі выразным здраднікам Беларускага Народу, але рэч зусім немагчымая, каб гэтакая „заслуга“ прычынілася да паляпшэньня лёсу больш значнай часткі інтэлігентных людзей.

Неабходнасьць працы ў нацыянальным кірунку вымагаецца ўсімі абставінамі нашага жыцьця і як-бы хто колечы не хацеў выкруціцца ад свайго грамадзкага абавязку ён мусіць прыйсьці да перакананьня, што гэта немагчыма.

Усякі думаючы чалавек бачыць, што толкьі гуртуючыся з сябе падобнымі беларусамі, што знаходзяцца ў такіх — куды лягчэй можна адшукаць ратунак, якога пры іншых умовах знайсьці немагчыма.

Трэба прызнаць, што ў гэтым кірунку ў нас, прынамсь арганізаваным спосабам нічога ня зроблена.

Ня чуваць таксама, каб беларуская беспрацоўная інтэлігенцыя забірала голас у гэтай так паважнай для нас справе.

Усё неяк робіцца паціхеньку і кожны стараецца ўціснуцца на ўрадовую пасаду, трымаючыся за хвалды якога-небудзь „вплывовэго“ панка.

Так жыць далей немагчыма. Мусім напасьледак усьведаміць сабе адну элемэнтарную праўду, што ніхто нам не паможа, апрача нас амых.

А для таго, каб мы былі ў стане сабе памагчы — трэба адпаведна арганізавацца і дзеяць плянова, ні на мінуту не запамінаючы пра свае нацыянальныя заданьні.

Ф. Акінчыц.

Заўвагі

правіць
  1. У польскай мове rdzenny — карэнны