Што такое нацыянал-дэмакратызм

Што такое нацыянал-дэмакратызм
Аўтар: Тамаш Грыб
1935
Крыніца: Запісы БІНІМ, Нью-Ёрк - Менск. - №35. - 2012. - с. 105-169 (першакрыніца: Іскры Скарыны. 1935. № 5. С. 4—48)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У бальшавіцкім друку за апошні час з дня ў дзень паўтараюцца баёўныя словы: „мы выкрылі й разграмілі“ — „партыя выкрыла й разграміла“ — „органы аховы пралетарскае дыктатуры выкрылі й разграмілі“. І нібы ў адказ на гэта: „вораг разьбіты, але недабіты“ — „засталіся яшчэ недабіткі“ — „мусімо завострыць нашу пільнасьць“ — „трэба максымальна ўзмацніць барацьбу“ — „бязьлітасная барацьба з рэшткамі недабіткаў“ — „выкрыць, выкарчаваць і аканчальна разграміць!“.

Але што сталася, у чым справа?

Супраць каго намерана баёўнасьць гэтых словаў?

Вось нібы ў малітвах шпітальнае бабы: „згінь-прападзі, дух шатанскі“ — „цьфу-цьфу-цьфу“ — гучаць тыя словы жорстка, настойліва, агідліва, драпежна і разам з тым — распачліва, трусьліва.

З кім бальшавікі вядуць такую барацьбу, зь якімі нячыстымі сіламі, зь якімі духамі?

Відовішча ёсьць годнае ўвагі багоў! Бальшавікі вядуць змаганьне зь беларускім нацыянал-дэмакратызмам…

1 правіць

Што такое нацыянал-дэмакратызм?

А. Зюзькоў, адзін з выдатнейшых бальшавіцкіх гісторыкаў, шчыра і адкрыта прызнаецца, што ў бальшавіцкім друку няма выразнага азначэньня гэтага тэрміну; ужываецца — „умоўна“; наогул, „у нас гэту назву ўжываюць цяпер усюды“.

Выходзіць так, што бальшавікі, ужываючы слова нацыянал-дэмакратызм, самі ня ведаюць, што трэба разумець пад гэтым словам, не разумеюць таго, што пішуць і гавораць!

Бальшавікі хваляцца на ўсе бакі сваей марксысцка-ленінскай навуковасьцю, а ў рэчаіснасьці — ня вызнаюцца нават і ў слоўных выразах: для іх усё роўна, што дуб ці то вольха; якая, маўляў, розьніца, калі на дубе і на вольсе растуць зялёныя лісьця!

Бальшавіцкая навука — гэта ўсё роўна, што боты без падэшвы: адна толькі назва!

2 правіць

Спрабуемо ўсё-ж такі вызначыць канкрэтна-рэчаісты зьмест слова нацыянал-дэмакратызм. Прычым: наперад ухіляемо ўсялякія дамнеўкі і прыпушчэньні; дасьледжуемо гэта слова так, як яно ўжываецца ў бальшавіцкім друку.

Пачнем з устанаўленьня гістарычных фактаў.

Калі бальшавікі пачалі ўжываць слова нацыянал-дэмакратызм?

Слова нацыянал-дэмакратызм бальшавікі пачалі ўжываць вусна і ў друку ў 1930 г. Гэта быў час вялікага ўзлому: бальшавікі адмянілі НЭП і пачалі ўводзіць дзяржаўны капіталізм.

Узьнікла гэта слова, мабыць, раптоўна, як гнеўны выкрык роспачы, як лаянка. Бальшавікі былі ў той час у вялікай роспачы і вельмі гневаліся: адмянілі НЭП, а ўвядзеньне дзяржаўнага капіталізму не адбывалася так гладка, як гэта ім раней здавалася. Яны памыляліся, як звычайна, у сваіх разрахунках; шмат цярпелі ад розных няўвязак, гневаліся, а сваю злосьць зганялі на іншых. Асабліва моцна разгневаліся бальшавікі на беларускую інтэлігэнцыю; не на ўсю, праўда, а на тую частку беларускае інтэлігэнцыі, якую ў пэрыяд НЭПу вабілі і запрашалі да супрацоўніцтва ў розных савецкіх установах, з пашанаю сустрачалі, давалі высокія і адказныя пасады і, трэба прызнаць іх зручнасьць, дапялі свае мэты: стварылі масавае зьменатычніцтва ў асяродзьдзі беларускай інтэлігэнцыі, прыдбалі сабе лояльных супрацоўнікаў ва ўсіх галінах гаспадарчага, культурнага і палітычнага жыцьця. У пэрыяд НЭПу гэта частка беларускай інтэлігэнцыі шчыра і аддана супрацоўнічала з бальшавікамі, але адыйшла ад бальшавікоў, адмовілася ад іх кіраўніцтва ў пэрыяд будаўніцтва дзяржаўнага капіталізму — павісла ў паветры. Бальшавікі ў роспачы закрычалі: „здраднікі“ — „шкоднікі“ — „контррэвалюцыянэры“ — „нацдэмы“!

Гэтак узьнікла слова — беларускі контррэвалюцыйны нацыянал-дэмакратызм.

3 правіць

Ведама, нельга ўважаць, што слова нацыянал-дэмакратызм ня мае ніякага зьместу. Бальшавікі гэта слова ўжываюць умоўна, але гэта не азначае, што не ўкладаюць у яго ніякага зьместу. Кожнае слова мае свій унутраны псыхічны зьмест. Слова бязь зьместу — пусты гук. Мусімо шукаць, дзеля гэтага, унутраны псыхічны зьмест слова нацыянал-дэмакратызм, калі гэта слова ня ёсьць пусты гук.

Аб першапачатковым зьмесьце слова нацыянал-дэмакратызм можамо судзіць з гісторыі яго ўзьніку.

Беларуская інтэлігэнцыя, якая ў пэрыяд НЭПу лояльна супрацоўнічала з бальшавікамі, верыла ў магчымасьць паступеннага зжываньня бальшавіцкае дыктатуры, спадзяючыся на бальшавіцкі рэфармізм зьверху, на мірную эвалюцыю, верыла ў магчымасьць павольнага перараджэньня бальшавіцкае дыктатуры ў дэмакратыю, імкнулася да зьдзяйсьненьня дэмакратыі. Згэтуль і назва — дэмакраты, а іх мэтаімкненьні — дэмакратызм. Іншае паходжаньне мае слова „нацыянал“; у бальшавіцкай тэрміналёгіі азначае тое-ж самае, што слова „інородец“ — нешта адменнае, ня рускае, зь іншага роду, зусім іншы народ. Беларусы — інародцы; так было пры царскім ражыме. Беларусы — нацыяналы; гэтак ёсьць пры бальшавіцкім ражыме. Беларусы — ня ёсьць рускія. Беларусь — ня ёсьць Расея. Беларусь там, дзе жыве беларускі народ, дзе жыве беларуская мова — ад Ловаці аж да Буга. Гэта ведае кожны сьведамы беларус; тым больш гэта ведае нацыянальна-сьвядомая інтэлігэнцыя. Згэтуль беларускі нацыяналізм: на сваей зямлі — свая праўда і воля!

Нацыянал-дэмакратызм, такім чынам, ёсьць імкненьне беларускае інтэлігэнцыі да захаваньня адменных асаблівасьцяў беларускага народу і ўстанаўленьня на Беларусі народна-рэспубліканскага ладу.

Гэткі, відавочна, быў першапачатковы зьмест слова — беларускі нацыянал-дэмакратызм.

4 правіць

Шукаючы і выкрываючы канкрэтна-рэчаісты зьмест слова беларускі нацыянал-дэмакратызм, трэба мець на ўвазе пры гэтым і тую прыкрасу, якую прыдаюць яму бальшавікі, ужываючы тэрмін контррэвалюцыйны, што мае сьведчыць аб яго асаблівым значаньні — гэта, маўляў, ня ёсьць рэвалюцыйны нацыянал-дэмакратызм, але контррэвалюцыйны.

Тое, што беларускі нацыянал-дэмакратызм ня ёсьць рэвалюцыйны, аб гэтым няма і ня можа быць ніякага сумніву. Тая частка нацыянальна-сьвядомай беларускай інтэлігэнцыі, якая ў пэрыяд ейнага камунізму і грамадзкай вайны (1917—1921) уваходзіла ў розныя беларускія палітычныя партыі — спачатку ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду, а пасьля яе расколу ў красавіку 1918 г. — у Беларускую Партыю Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў, у Беларускую Сацыял-Дэмакратычную Партыю і ў Беларускую Партыю Сацыялістаў-Федэралістаў, — прымала актыўны ўдзел у рэвалюцыйна-вызвольным змаганьні беларускага народу супраць маскоўска-бальшавіцкае навалы на Беларусі, супраць нямецкіх і супраць польскіх акупантаў на Беларусі, але ў пэрыяд НЭПу, 1921—1930, калі беларускія рэвалюцыйныя арганізацыі былі разгромляны акупантамі, перайшла ў значным ліку ў стан пераможцаў, пайшла на супрацоўніцтва з бальшавікамі, гэтым самым адмовілася ад рэвалюцыйнага спосабу змаганьня за волю й незалежнасьць Беларусі. „Спадзявалася, — як кажа А. Гаруновіч. — на паступовае перараджэньне савецкае ўлады пад уплывам свабоднага таваразвароту… што НЭП зломіць шыю савецкай уладзе, што будзе ўстаноўлена Беларуская Народная Рэспубліка“. І гэта ў той час, калі другая частка нацыянальна-сьвядомай беларускай інтэлігенцыі, значна меншая, як сьведчыць А. Гаруновіч, „стаяла на пункце погляду ўзбройнага аднаўленьня беларускай незалежнай нацыянальнай рэспублікі“. „Гэта была — вядомая ў свой час лістападаўшчына, — як сьведчыць Л. Бэндэ, — якая ўжо тады, у адрозьненьне ад некаторых іншых буржуазных інтэлігэнтаў, якія спадзяваліся на наша мірнае перараджэньне, ставілі стаўку на безадкладнае адкрытае зьвяржэньне савецкае ўлады“.

Беларускі нацыянал-дэмакратызм ня ёсьць рэвалюцыйны, але ня ёсьць таксама і контррэвалюцыйны. Што можа сьведчыць аб яго контррэвалюцыйнасьці?

„Цяпер, — кажа А. Гаруновіч, — у сувязі з нашым рашучым сацыялістычным наступленьнем гэтыя зьменавехаўскія нацыянал-дэмакратычныя элемэнты пераканаліся ў тым, што няма ніякіх надзей на буржуазнае перараджэньне савецкай улады. Таму яны пачалі супраціўляцца гэтаму сацыялістычнаму наступленьню, актыўна выступаючы супроць палітыкі нашае партыі ва ўсіх галінах эканамічнага, палітычнага і культурнага жыцьця“9. „Чаго дабіваецца нацыянал-дэмакратызм? Нацыянал-дэмакратызм марыць аб стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі“. „Чым зьяўляецца нацыянал-дэмакратызм? Нацыянал-дэмакратызм зьяўляецца контррэвалюцыйнай антысавецкай плыняй нашай сучаснасьці“.

З гэтага бачымо, што беларускі нацыянал-дэмакратызм ёсьць актыўнае выступленьне беларускае буржуазнае інтэлігэнцыі, якая ў час НЭПу лояльна супрацоўнічала з бальшавікамі, спадзяючыся на буржуазнае перараджэньне савецкае ўлады, на што бальшавікі ў той час, як ведама, моўчкі пагаджаліся, выстаўляючы баёўны покліч — „узбагачайцеся“! Гэта ёсьць актыўнае выступленьне зьменавехаўскае, але зьняверанае ўжо ў бальшавізм беларускае інтэлігенцыі, зьняверанае ў бальшавізм таму, што бальшавікі яе ачмуцілі і ашукалі — адмянілі НЭП і зьнявечылі яе надзеі на мірнае перараджэньне савецкае ўлады. Гэта актыўнае выступленьне беларускае інтэлігэнцыі намерана ёсьць проці хлусьлівае палітыкі камуністычнае партыі, якая рашуча зьдзяйсьняе цяпер дзяржаўны капіталізм, а ўсім і кожнаму апавядае, што будуе сацыялізм, што гэта, маўляў, і ёсьць ўзапраўдны сацыялізм.

У краіне саветаў няма цяпер ні буржуазнага капіталізму, ні сацыялізму; ёсьць нешта новае — будуецца дзяржаўны капіталізм.

У краіне саветаў няма цяпер ні буржуазнай, ні савецкай дэмакратыі; была і ёсьць дыктатура кампартыі і савецкай бюракратыі.

У краіне саветаў няма вольнага самаазначаньня нацыі, бо няма і вольнае і самастойнае дзяржаўнае самаарганізацыі — была і ёсьць гегемонія (над-улада) Расіі; СССР і БССР — гэта ёсьць толькі назвы-мянушкі, умоўныя тэрміны, канкрэтна-рэчаісты зьмест якіх запаўняецца ўзмоцняным цэнтралізмам усесаюзнай кампартыі, спадкаберніцы гістарычнае традыцыі ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва.

Вось-жа: актыўнае выступленьне беларускай інтэлігэнцыі проці хлусьлівае палітыкі камуністычнае партыі можа ўважацца, дзеля гэтага, за антыпартыйнае, за проці-бальшавіцкае, нават і проці-савецкае, паскольку саветы зьяўляюцца органамі дыктатуры кампартыі, — але ні ў якім разе ня можа ўважацца за контррэвалюцыйнае. У аб’ектыўных абставінах сучаснае рэчаіснасьці гэта ёсьць рэвалюцыйнае выступленьне: зрывае маску з аблічча хлусьлівага бальшавізму!

5 правіць

Словы рэвалюцыя й контррэвалюцыя ўжываюцца ў бальшавіцкім друку, мабыць, таксама ўмоўна, як і слова нацыянал-дэмакратызм. Беларуская інтэлігэнцыя, напрыклад, была рэвалюцыйная, калі ішла пад сьцягам кампартыі; беларуская інтэлігэнцыя стала контррэвалюцыйная, калі адмовілася ад бальшавіцкага кіраўніцтва. Гэта мерка, як бачымо, ёсьць ня толькі ўмоўная, але і сумніўная; нават больш таго: фальшывая.

Што такое рэвалюцыя і што такое контррэвалюцыя?

Разгледзімо гэтыя паняцьці ў аб’ектыўных абставінах гістарычнае рэчаіснасьці.

Слова рэвалюцыя процістаўляецца звычайна слову эвалюцыя; рэвалюцыя, маўляў, азначае раптоўны скок у цягу гістарычнага разьвіцьця, а эвалюцыя — павольны поступ, крок за крокам. У рэчаістасьці, аднак, рэвалюцыя не выключае эвалюцыю, як і эвалюцыя не выключае рэвалюцыі. Усё цячэ, мінае; усё знаходзіцца ў бязупынным цягу разьвіцьця. Рэвалюцыя адбываецца там і тагды, дзе існуюць перашкоды на шляху эвалюцыі.

А што азначае слова контррэвалюцыя?

Слова контррэвалюцыя процістаўляецца слову рэвалюцыя: азначае запярэчаньне гістарычнага разьвіцьця: усё тое, што проці рэвалюцыі і эвалюцыі, што проці разьвіцьця й поступу, што проці руху наперад, а цягне ўсё назад — гэта і ёсьць контррэвалюцыя, або інакш кажучы — рэакцыя.

У гістарычным разьвіцьці чалавецтва адбываюцца два працілежныя працэсы — поступ і рэакцыя; ёсьць дзьве галоўныя сілы, якія вызначаюць цяг гістарычнага разьвіцьця — сілы поступу і сілы рэакцыі. Агульны вынік уплыву гэтых дзьвюх сіл характарызуе тую ці іншую эпоху, пэўны пэрыяд, кожны адцінак у цягу гістарычнага разьвіцьця.

У канкрэтна-рэчаістых абставінах гістарычнага разьвіцьця беларускага народу гэта азначае: сілы рэакцыі — гэта ёсьць намага ўтрыманьня й замацаваньня існуючага ладу нацыянальнага паняволеньня і калёніяльнага вызыску, ладу зьдзірства і прымусу ў імя рускага ці то польскага вялікадзяржаўніцтва на Беларусі; сілы поступу — гэта ёсьць руйнуючыя існуючага ладу нацыянальна-каляніяльнага паняволеньня ў імя волі й незалежнасьці Беларусі. Згэтуль вынікаюць непрымірымыя супярэчнасьці, вострае й напружанае змаганьне. Так будзе прадаўжацца з усёй гістарычнай няўхільнасьцю аж да таго часу, пакуль хоць адзін узбройны рускі ці то польскі жаўнер будзе знаходзіцца на беларускай зямлі паміма волі беларускага народу.

З таго часу, калі беларускі народ, зварушаны грукатам гістарычнага поступу, сягнуў стварыць сабе лад новага жыцьця, пачаў зьдзяйсьняць сваё неад’ёмнае права на вольнае самаазначаньне, — перастаў быць аб’ектам розных сацыяльна-палітычных шахрайстваў, а стаў суб’ектам — самадзейнай асабістасьцю — у гістарычным разьвіцьці ўсяго чалавецтва, — з гэтага часу пачынаецца ўзапраўдная гісторыя беларускага народу навейшае эпохі. Разрываючы кайданы сацыяльна-нацыянальнага паняволеньня, беларускі народ імкнецца стварыць сваю вольную і незалежную дзяржаву як найвышэйшую і ў сучасных гістарычных абставінах няўхільную форму свае нацыянальнае самаарганізацыі. У гэтым вызвальным змаганьні беларускага народу заключаецца сутнасьць тых гістарычных падзеяў, якія адбываюцца на Беларусі пэрманэнтна, адбываецца беларуская народная рэвалюцыя.

Вось-жа, узапраўдны рэвалюцыянэр ёсьць той, хто змагаецца за волю й незалежнасьць беларускага народу; контррэвалюцыянэр ёсьць той, хто проці волі і незалежнасьці Беларусі!

6 правіць

Гістарычныя падзеі, якія адбываюцца на Беларусі ў апошнія дзесяцігодзьдзі, можамо характарызаваць паводле наступнае сацыялягічнае схэмы: рэвалюцыя на Беларусі, контррэвалюцыя на Беларусі і беларуская народная рэвалюцыя. Рэвалюцыя на Беларусі — гэта ёсьць люты і кастрычнік 1917 г.

Люты і кастрычнік — гэта былі яскравыя праявы ўсерасейскае рэвалюцыі на Беларусі; адбыліся раптоўныя зьмены трох насьледуючых па сабе ўсерасейскіх дзяржаўна-палітычных ражымаў самадзяржаўна-раманаўскага, часова-дэмакратычнага і дыктатарска-ленінскага. У гістарычнае долі беларускага народу не настала ніякае зьмены: быў і заставаўся аб’ектам узьдзейнічаньня ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва. У выніку маемо: на мейсца раманаўскае дыктатуры прыйшла ленінская дыктатура, наяўна бачымо, што ленінская дыктатура ёсьць ня менш усерасейская і ня менш вялікадзяржаўніцкая, чымся раманаўская дыктатура.

Контррэвалюцыя на Беларусі — гэта ёсьць скрытныя і адкрытыя выступленьні ўсерасейска-вялікадзяржаўніцкіх элемэнтаў на Беларусі, якія намагаюцца вярнуць сваё страчанае становішча пад час раптоўных зьменаў усерасейскіх дзяржаўна-палітычных ражымаў. У гістарычнае долі беларускага народу ня прыносіць ніякае зьмены: Беларусь разглядаецца імі як неад’ёмная частка Расеі, як адна з правінцый усерасейскае дзяржаўнае тэрыторыі.

Рэвалюцыя і контррэвалюцыя на Беларусі — гэта нібы дзьве пасудзіны, якія маюць адно супольнае дно; гэтым дном зьяўляецца Расея. Гэта ёсьць змаганьне за форму дзяржаўна-палітычнага і сацыяльна-гаспадарчага ладу ў Расеі. Беларускі народ як самастойны чыньнік гістарычнага працэсу, як маральна-праўны суб’ект не прыймаецца на ўвагу — нібыто і не існуе. Беларус разглядаецца як неад’ёмная частка ўсерасейскае дзяржаўнае тэрыторыі.

Беларуская народная рэвалюцыя — гэта ёсьць сьнежань 1917 г.

Ня люты і не кастрычнік, але сьнежань — Першы Ўсебеларускі Зьезд — зьяўляецца вялікім рубяжом у гісторыі беларускага народу. Гэта ёсьць выступленьне беларускага народу на гістарычную арэну. Гэта ёсьць будаўніцтва вольнай і незалежнай беларускай народнай рэспублікі. Гэта ёсьць рашучае змаганьне з расейскімі вялікадзяржаўнікамі на Беларусі ўсіх колераў і масьцяў.

Беларуская народная рэвалюцыя непакоіць і палохае расейскіх вялікадзяржаўнікаў: блытае іх пляны ў будаўніцтве адзінай і непадзельнай Расіі. І гэта зразумела: беларускі народ перастаў быць аб’ектам узьдзейнічаньня ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва, самастойна ўзяў сваю долю ў свае ўласныя рукі. Беларусь вырываецца з чэпкіх абняцьцяў усерасейскага вялікадзяржаўніцтва.

Вольная і незалежная беларуская народная рэспубліка — гэта ёсьць баёўны покліч беларускай рэвалюцыі!

7 правіць

Нацыянальны профіль беларускай народнай рэвалюцыі ёсьць ясны і выразны: вольная і незалежная беларуская народная рэспубліка ў этнаграфічных межах разьсяленьня беларускага народу — ад Ловаці і аж да Буга. Гэтым вырашаецца справа адносін Беларусі ня толькі да Расеі, але таксама да іншых суседзяў — Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Нямеччыны.

Ані аднэй пядзі беларускае зямлі чужынцам!

Ня менш ясны і выразны ёсьць сацыяльны профіль беларускай народнай рэвалюцыі: дэмакратыя; забясьпечаньне роўнасьці правоў і вольнасьцяў для ўсіх грамадзян рэспублікі; дзяржаўная ахова працы ўсіх наймітаў; сацыялізацыя зямлі — зямлёй можа карыстацца толькі той, хто ўласнымі сіламі яе абрабляе, прычым форма землякарыстаньня ўстанаўляецца дабравольна сялянамі-земляробамі пад кантроляй зямельных органаў дзяржаўна-рэспубліканскае ўлады Беларусі.

Вёска на Беларусі — гэта пераважная большасьць беларускага народу. Справа зямельная — гэта ёсьць беларуская нацыянальная справа!

Месты і мястэчкі на Беларусі, як і абшарніцкія двары на вёсцы, здэнацыяналізаваны; беларусы ў іх складаюць нязначную меншасьць і выконваюць функцыі працоўных наймітаў.

Сацыяльны профіль беларускай народнай рэвалюцыі — гэта ёсьць сацыяльны профіль беларускае вёскі: змаганьне беларускага сялянства з рэшткамі паншчыны на вёсцы за поўную ліквідацыю руска-польскага абшарніцкага земляўладаньня і за раўнамерны падзел зямлі паміж сялянамі. З другога боку, гэта ёсьць змаганьне беларускага сялянства за ўхіленьне залежнасьці вёскі ад руска-польска-жыдоўскіх местаў і мястэчак, за поўнае ўраўнапраўнаньне ўсіх грамадзян Беларусі. Гэта ёсьць змаганьне за дэмакратыю!

Дэмакратыя ёсьць арганізаваная ўлада большасьці; пераважная большасьць беларускага народу — працоўнае сялянства. Гэта ёсьць змаганьне за працоўную сялянскую дэмакратыю!

У гэтым ёсьць глыбокі сацыяльны зьмест і вялікае гістарычнае значаньне беларускай народнай рэвалюцыі. Сялянства зьяўляецца галоўным чыньнікам у будаўніцтве новага супольнага ладу ў незалежнай беларускай народнай рэспубліцы!

Паўзіраемся цяпер на сацыяльны профіль рэвалюцыі на Беларусі.

Сацыяльны профіль рэвалюцыі на Беларусі ёсьць вельмі падобны да нацыянальнага профілю контррэвалюцыі на Беларусі. Маюць супольную сацыяльную базу ў каляніяльным становішчы Беларусі.

Здэнацыяналізаваныя месты і мястэчкі, як і панска-абшарніцкія двары, зьяўляюцца галоўнымі баштамі рускага і польскага вялікадзяржаўніцтва на Беларусі.

Сацыяльны профіль рэвалюцыі на Беларусі — гэта ёсьць імкненьне дробна-буржуазнага руска-польска-жыдоўскага мяшчанства да ўтрыманьня і замацаваньня ўпрывілеяванага іх становішча ў адносінах да беларускае вёскі. Згэтуль іх шуканьне апоры і падтрыманьне з боку Масквы і Варшавы, згэтуль іх намага да ўстанаўленьня і захаваньня дыктатуры як улады меншасьці над большасьцяй.

У гістарычнай пэрспэктыве гэта азначае — гэта ёсьць апошнія патугі рускага і польскага вялікадзяржаўніцтва на Беларусі.

8 правіць

Што такое бальшавізм?

Бальшавізм — гэта ёсьць адменная форма ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва. З усяе яскравасьцю аб гэтым сьведчыць VII усесаюзны зьезд саветаў. На гэтым зьезьдзе шмат гаварылася аб савецкай радзіме, аб ахове межаў савецкай радзімы ад вонкавай небясьпекі. В. Молатаў, старшыня савету народных камісараў Савецкага Саюзу, уважае, што савецкая радзіма — гэта ёсьць Расея, што межы Савецкага Саюзу супадаюць зь межамі Расеі. Даслоўна ён сказаў наступныя крылатыя словы: „Расея нэпаўская стала Расеяй сацыялістычнай“. Савецкі Саюз, такім чынам, увесь Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — савецкая радзіма, а савецкая радзіма, паводле Молатава, — гэта і ёсьць Расея. СССР — гэта ёсьць толькі назва-мянушка Расеі.

Бальшавікі ўзіраюцца на Беларусь як на частку Расеі, як на рускую дзяржаўную тэрыторыю. Згэтуль іх напорыстае змаганьне зь беларускімі незалежнікамі; згэтуль іх покліч: „БССР — неадлучная частка ўсяго СССР“17. Згэтуль, нарэшце, іх клятва-прысяга ахоўваць і бараніць межы савецкай радзімы: „Мы клянёмся табе, тав. Сталін, што будзем граніцу трымаць на замку, будзем яе ахоўваць, як зяніцу вока. Усякая спроба ворага парушыць нашы сьвяшчэнныя, недатыкальныя савецкія граніцы будзе разгромлена“. „Разграміць ушчэнт усіх тых, хто пасягне хоць на пядзь сьвяшчэннай і недатыкальнай савецкай зямлі“.

Інакш кажучы: бальшавікі ўсяляк намагаюцца ахоўваць і бараніць недатыкальнасьць сьвяшчэнных межаў савецкай радзімы ўсяго СССР — адзінай і непадзельнай Расеі.

Бальшавікі дамагаюцца таго, каб Беларусь і надалей заставалася калёніяй Расеі.

9 правіць

Яшчэ ў 1920 г. быў выданы зборнік матар’ялаў аб гаспадарчым і культурным становішчы БССР. Складзены кіраўніцтвам справамі раднаркому БССР, у гэным зборніку выразна гаворыцца, што 50% усіх прыбыткаў, якія зьбіраюцца на тэрыторыі БССР, непасрэдна паступаюць у агульна-саюзную казну і ні ў якой форме не вяртаюцца на Беларусь дзеля задавальненьня гаспадарчых і культурных патрэбнасьцяў беларускага народу.

Мінае ўжо з таго часу дзевяць гадоў. Агульнае каляніяльнае становішча Беларусі ні ў чым не зьмянілася. Хаця бальшавікі і замоўчваюць тое, сколькі грошы выплачывае Беларусь Расеі, але з пэўнасьцю можна цьвердзіць, што ня менш 56% усіх прыбыткаў, якія зьбіраюцца на тэрыторыі БССР, ня кажучы ўжо нават аб тэй частцы Беларусі, якая непасрэдна далучана да РСФСР, гэта ёсьць дань, какую плаціць беларус Расеі за сваё паняволяньне; гэта ёсьць жорсткі калёніяльны вызыск!

Калі яшчэ ў 1928 г. Алесь Адамовіч, старшыня раднаркому БССР, адважыўся сказаць праўду аб калёніяльным становішчы Беларусі і зьвярнуўся да ўсесаюзнага цэнтральнага выканаўчага камітэту, каб хоць трошкі зьменшыць — ня ўхіліць, а толькі зьменшыць! — калёніяльную залежнасьць Беларусі ад Расеі, то, як ведама, у парадку партыйнай дысцыпліны ЎсеКП-ы зьняты быў з пасады, выключаны з кампартыі і высланы за межы БССР як нацыянал-апартуністы і эс-эраўскі агэнт у шэрагах кампартыі.

Ня іначай паступаюць усерасійскія вялікадзяржаўнікі ў кампартыі і ў адносінах да іншых беларускіх камуністаў, якія маюць адвагу выступаць у абарону жыцьцёвых патрэбнасьцяў беларускага народу — выключаюць з кампартыі і высылаюць за межы БССР.

Гэтак: калі Зьмітро Прышчэпаў, народны камісар земляробства БССР, набыў у сабе столькі адвагі, што пачаў зьдзяйсьняць на Беларусі такую зямельную палітыку, якая найбольш адпавядае жыцьцёвым патрэбнасьцям беларускага сялянства — хутарызацыя і вольная каапэрацыя, — то што-ж, быў абвінавачаны ўсерасейскімі вялікадзяржаўнікамі ў беларускім нацыяналізьме, зьняты з пасады, выключаны з кампартыі, адданы пад суд і высланы за межы БССР.

Яшчэ горшая доля спаткала прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага, першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук, які меў адвагу высказаць навуковую праўду аб Беларусі і распачаць актыўнае будаўніцтва самастойнай беларускай культуры, — быў зьняты з пасады, выключаны з кампартыі, арыштаваны і ў вастрозе забіты.

У той самы час — 1929—1930 гг. на Беларусі — арыштаваны былі і высланы ў розныя мейсцы Расеі выдатнейшыя працаўнікі на ніве гаспадарчага і культурнага адраджэньня беларускага народу, распачалася жорсткая расправа зь беларускай інтэлігэнцыяй.

Усерасейскія вялікадзяржаўнікі пад шыльдай кампартыі ўяўляюць сабе так, што Беларусь павінна быць ня толькі эканамічнай калёніяй Расеі, але што эканамічна, культурна і палітычна павінна зьліцца з Расеяй у адно цэлае, у адну савецкую радзіму, у адзіную й непадзельную Расею; беларускі народ, як і ўсе іншыя народы СССР — апрача рускага народу — павінны адмовіцца ад сваіх культурных і сацыяльна-гаспадарчых асаблівасьцяў, павінен разьвіваць толькі тыя асаблівасьці свае культуры, якія супольны з асаблівасьцямі рускае культуры і вядуць да поўнага зьліцьця з рускім народам.

Гэтым высьвятляецца, між іншым, і той факт жывой рэчаістасьці, што бальшавікі адмянілі НЭП і пачалі ўводзіць дзяржаўны капіталізм; у сацыяльна-псыхічным разрэзе гэта азначае: павялі ўзмоцнены націск усерасейскага вялікадзяржаўніцтва і цэнтралізму; распачалася ліквідацыя ўсіх нацыянальных і сацыяльных вольнасьцяў, якія здабыты былі каляніяльнымі народамі СССР у папярэдні пэрыяд рэвалюцыі як змушаныя ўступкі з боку ўсерасейскага вялікадзяржаўніцтва.

10 правіць

Гані прыроду ў дзьверы, то яна ўлезе праз вакно!

Калі з адменай НЭПу і ўвядзеньнем дзяржаўнага капіталізму ўсерасейскія вялікадзяржаўнікі пад шыльдай кампартыі намерваліся зьнішчыць усе культурныя і сацыяльныя асаблівасьці прыгнечаных і паняволеных народаў СССР, то дасяглі зваротных вынікаў — яшчэ больш узмоцнілі нацыянальныя антаганізмы і сацыяльныя супярэчнасьці.

Рэвалюцыя прадаўжаецца!

„Наша партыя, — кажуць бальшавікі, — разграміла беларускі контррэвалюцыйны нацыянал-дэмакратызм“. „Але вораг яшчэ не дабіты. Ён яшчэ супраціўляецца… Толькі формы, прыёмы і тактыка яго супраціўленьня цяпер новая, іншая. Вораг прыстасоўваецца да новай абстаноўкі, мяняе зброю ў сваім арсэнале, перафарбоўваецца, як хамелеон“. „Ва ўмовах БССР кулацкія, эсэраўскія і іншыя элемэнты ў сваёй контррэвалюцыйнай барацьбе супраць сацыялістычнага будаўніцтва прыкрываліся і зараз часта прыкрываюцца фальшыванацыянальным сьцягам“.

Бач, куды яны цяпер гнуць. Бальшавікі намагаюцца выступаць пад узапраўдным нацыянальным сьцягам вызваленьня і адраджэньня беларускага народу!

11 правіць

Па наказу ЦК УсеКП(б) ад 2 сакавіка 1933 г. у справе правядзеньня нацыянальнай палітыкі на Беларусі адбылося ў Менску надзвычайнае паседжаньне пленуму ЦК і Менгаркому КП(б). Прынята рэзалюцыя, у якой чытаемо: „У мэтах найбольш поўнага выкрыцьця мінулага і цяперашняга нацдэмаўшчыны, бундызму і г.д. у Беларусі і ў мэтах узброеньня растучых кадраў бальшавіцка-распрацаваным матарыялам, пленум даручае Інстытуту гісторыі партыі, Інстытуту гісторыі БАН, ДВБ, наркомасьветы забясьпечыць выпуск раду правераных, бальшавіцка-вытрыманых матарыялаў, дакумэнтаў і кніг па гэтых пытаньнях, каб першыя дакумэнты і матарыялы пачалі выходзіць у сьвет у бліжэйшыя-ж два месяцы“.

І вось, распачалася пільная праца. Інстытут гісторыі кампартыі, Інстытут гісторыі Беларускай Акадэміі Навук, Народны камісарыят асьветы і Беларускае Дзяржаўнае выдавецтва мабілізуюць усе свае сілы, каб выкрыць і аканчальна разграміць беларускі нацыянал-дэмакратызм і беларускіх эсэраў; зьяўляюцца ў сьвет бальшавіцка-распрацаваныя матарыялы, дакумэнты, кнігі і паасобныя артыкулы; дасьціпныя асьпіранты і пачынаючыя журналісты робяць сабе на гэтым добрую кар’еру.

Ня будзем спыняцца на ўсіх выданьнях; аднастайныя і нудныя апавяданьні, як нудныя ёсьць песьні-літаньні шпітальных дзядоў пад час касьцёльнага фэсту.

Дзеля ўяўленьня таго, як бальшавікі змагаюцца ў сучаснасьці зь беларускай нацыянальнай небясьпекай, хопіць, калі мы разгледзімо найбольш ударныя артыкулы ў гэтай справе, якія нядаўна апублікаваны ў бальшавіцкім друку.

12 правіць

П. Кірушын, выконваючы наказ партыі, напісаў ударны артыкул: „Контррэвалюцыйны беларускі нацыянал-дэмакратызм на службе інтэрвэнцыі“; надрукаваны гэны артыкул у часопісі „Бальшавік Беларусі“, орган ЦК КП(б)Б (Менск, 1935. №1—2. С. 99—122).

П. Кірушын, мабыць, добры бальшавік, але дрэнны гісторык, яшчэ горшы пісьменьнік — яго творчая фантазыя не сягае далей суседняга частаколу; для яго няма іншага сьвету, як толькі той, што абмежаваны калючым дротам.

Ведама, аб навуковасьці яго працы ня можа быць і гутаркі: спаўняе наказ, небарака! Усё ён зблытаў і перапутаў: гістарычныя факты і легэнды, рэчаістасьць і фантастычныя ўявы, таксама імёны беларускіх дзеячаў, іх партыйную прыналежнасьць, іх палітычную дзейнасьць.

Над усім зграмаджаным ім матарыялам пануе ня лёгіка фактаў, нават і не марксысцка-ленінская дыялектыка, а фантастычная ўява — нейкая агідная пачвара, якая стаіць сабе, раскірэчыўшыся, і ляскае зубамі на яго.

Гэтак уяўляецца Кірушыну страшэнны вобраз беларускай нацдэмаўшчыны; гэта ўява гняце яго, не дае супакою.

Нацыянал-дэмакратызм у зьбянтэжанай фантазіі Кірушына робіць вялікія дзівы: нават і немагчымае для яго ёсьць магчыма — яшчэ ў 1920 г. займаўся падрыхтоўкаю інтэрвэнцыі супраць савецкай улады!

Сваё „сыстэматычнае выкрыцьцё“ і „асьвятленьне контррэвалюцыйнай дзейнасьці нацдэмаў“ ён пачынае з 1902 г., калі, як ён кажа, „на беларускай тэрыторыі арганізуецца блізкая да эсэраў і пэпээсаў Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, якая на сваім першым зьезьдзе ў 1903 годзе… пераймяноўваецца ў Беларускую Сацыялістычную Грамаду“. „Як кулацка-эсэраўская партыя, яна з самага пачатку адлюстроўвала інтарэсы растучага кулака“. „Праграма БСГ, прынятая ў студзені 1906 году, высоўвае патрабаваньні буржуазнага і дэмакратычнага пераўтварэньняў надта ўмеранага толку і разьлічана на саюз з манархіяй“. Паводле Леніна, маўляў, гэта ёсьць партыя дробнабуржуазных рэвалюцыянэраў. Ага, уяўляе сабе зьбянтэжаны Кірушын, гэта і ёсьць контррэвалюцыйны нацыянал-дэмакратызм, які намерываўся ўвайсьці ў саюз з рускай вялікадзяржаўнай манархіяй! (С. 104). І за гэта, мабыць, скажамо тут ад сябе, той самай рускай вялікадзяржаўнай манархіяй арыштаваны былі і кінуты ў вастрог ідэйныя правадары Беларускай Сацыялістычнай Грамады — Міхась Зялазей сасланы быў у Сыбір на вечнае пасяленьне, дзе й загінуў за арганізацыю Беларускага Сялянскага Саюзу, які дамагаўся канфіскацыі ўсей абшарніцкай зямлі, а ў тым ліку і зямлі ўсерасейскага абшарніка Раманава, каб раўнамерна падзяліць усю зямлю паміж сялянамі; Алесь Бурбіс засуджаны быў на тры гады ў вастрог за арганізацыю ўзброенага сялянскага паўстаньня з мэтаю зрынуцьця ўсерасейскае самадзяржаўнае ўлады на Беларусі. Гэта быў той самы Алесь Бурбіс, які ў 1920 г. быў дыплёматычным прадстаўніком ураду БССР у Маскве і ад імя ўраду БССР падпісваў дагоду з урадам РСФСР аб узаемных добрасуседзкіх адносінах незалежных савецкіх рэспублік — Беларусі і Расеі!

Што можна сказаць пасьля гэтага, якую праўду маемо шукаць у зьбянтэжанай фантазыі Кірушына?

Ня іначай, як выпладам фантазіі, зьяўляецца і наступнае яго „сыстэматычнае выкрыцьцё“ і „асьвятленьне контррэвалюцыйнай дзейнасьці нацдэмаў“. Ён кажа: „Аб’яднаўшыся, чорная раць беларускай контррэвалюцыі склікае 15 сьнежня 1917 году так званы Першы беларускі кангрэс, дзе нацдэмы сваімі падтасаванымі дэпутатамі з эсэраў, меншавікоў, бундаўцаў, паалей-сіяністаў, кулакоў проціставілі окцябрскай рэвалюцыі волю беларускага народу“. „Што-ж гаварыў гэты буржуазна-памешчыцкі-кулацкі народ? Ён выказаўся супраць пралетарскай дыктатуры, за дэмакратыю, г.зн. за дыктатуру буржуазіі, за адрубна-хутарское землякарыстаньне, за зямельную ўласнасьць. Ён проціставіў сябе бальшавіцкаму выканкому Заходняй вобласьці, які адзіны прадстаўнік агульна-нацыянальных (г.зн. буржуазна-памешчыцкіх) беларускіх інтарэсаў. Першы беларускі кангрэс стварыў сталы Савет зьезду, які потым ператварыўся ў нацыянальны белагвардзейскі ўрад“ (С. 105). „Для больш пасьпяховай барацьбы з рэвалюцыяй рада БНР імкнулася зьвязацца з усімі контррэвалюцыйнымі ўрадамі, што заснаваліся на тэрыторыі былой Расіі, са Скарападскім, з царскімі гэнэраламі, з буржуазна-памешчыцкай Польшчай. Ад імя іх усіх рада прасіла сабе матарыяльнай дапамогі, усім прапаноўвала прадацца за сходнюю цану“. „У восені 1919 году большая частка тэрыторыі БССР была ізноў акупавана, на гэты раз ужо белапалякамі“. „Героем дня нацдэмаў стаў маршал Пілсудскі“. „Каб заслужыць давер’е, нацдэмы пачалі арганізоўваць беларускія вайсковыя часьці для барацьбы з Чырвонай арміяй і заклікалі ўсіх „шчырых беларусаў“ дапамагчы белапалякам. У гэты час нацдэмы знайшлі і свайго „нацыянальнага гэнэрала“, вядомага Булак-Балаховіча. Бравы гэнэрал пастараўся пакрыць беларускія палі вогнішчам пажараў, трупамі замучаных рабочых і сялян. У знак падзякі нацдэмы ўключылі Булак-Балаховіча ў сьпісак членаў „Беларускага ўраду“ ў якасьці ваеннага міністра“ (С. 106).

13 правіць

У зьбянтэжанай фантазыі Кірушына ўсё зблытана і перапутана, але тэндэнцыя ясная: зганьбіць і збэсьціць усё тое, што, казаў той, бальшавіцкаму духу варожа!

Але скуль ён чэрпае такія падзівугодныя весткі? На якіх гістарычных фактах ён абапірае свае цьверджаньні?

Скуль чэрпае, напрыклад, Кірушын весткі аб тым, што „бравы гэнэрал“ Булак-Балаховіч „быў уключаны ў сьпісак членаў беларускага ўраду“? Дзе і калі гэта было?

П. Кірушын, як і пераважная большасьць савецкіх гісторыкаў, паклікаецца ў сваіх цьверджаньнях на „бальшавіцка-правераныя дакумэнты“. Гэта яму робіць „гонар“ называцца „бальшавіцкім вучоным“. Кірушын знайшоў, бачыце, у архівах АДПУ „бальшавіцка-вытрыманыя матарыялы“ — гэта… „паказаньні пры допыце“ арыштаваных у 1930 г. у Менску „нацдэмаўскіх контррэвалюцыянэраў“. Сярод іншых паказаньняў — а было іх, мабыць, нямала — ён знайшоў і такія, дзе гаворыцца, што „ў выпадку інтэрвэнцыі нацдэмы… ставілі сабе мэтай зьвяржэньне савецкай улады і ўстанаўленьне Беларускай Народнай Рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы“. „Палітычным ідэалам нацдэмаў была неад’емнасьць прыватнай уласнасьці… Арганізацыя народнага ўраду, які шляхам нацыянальнага сходу выбірае прэзыдэнта рэспублікі і ўстанаўляе выбарчы закон“. „Для дасягненьня гэтых задач апорай павінны былі зьявіцца заможнае кулацкае сялянства і антысавецкая частка гарадзкога насельніцтва. Для ваеннага кіраўніцтва масамі ў гэты момант намячалася скарыстаньне кадраў афіцэрства“ (С. 117). „Урад адноўленай БНР павінен быў мець прадстаўнікоў розных грамадзкіх колаў — капіталістаў, кулакоў, памешчыкаў, буржуазных інтэлігентаў, за выключэньнем, зразумела, працоўных сялян і рабочых“. „Пры разьмяркаваньні міністэрскіх партфэляў партфэль ваеннага міністра намячаўся нацдэмаўскаму „гэнэралу“ Булак-Балаховічу“ (С. 118).

Дык вось тыя крыніцы, скуль чэрпае Кірушын свае весткі аб „ідэалах і мэтах“ беларускіх „нацдэмаў“, якія, як ён кажа, „яны адкрыта прызнавалі пры допыце“, — гэта ёсьць паказаньні вязьняў, запісаныя агэнтамі АДПУ.

Магчыма... усё магчыма „пры допыце“ ў падзямельных мурах АДПУ. Арыштаваныя, застрашаныя і аж да сьмерці замучаныя няшчасныя ахвяры бальшавіцкага тэрору маглі падпісаць усё, што ім дыктавалі іх каты, маглі ўсё „прызнаць“ „пры допыце“, каб зьменшыць і аблегчыць свае мучэньні, тым больш калі ім за гэта абяцалі „дараваць жыцьцё“. Ня выключана таксама і тая магчымасьць, што агэнты АДПУ напісалі ў „паказаньні“ тое, што самі хацелі, маглі, нарэшце, і подпіс сфальшаваць. Усё магчыма за жалезнымі кратамі бальшавіцкіх вастрогаў… Хто-ж гэта можа праверыць?

Хто можа праверыць, напрыклад, праўдзівасьць тых „паказаньняў“ — „пакаянных лістоў з прызнаньнем сваіх памылак“ (С. 118), „пакаянных лістоў“ прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага, першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук, калі ўжо няма яго сярод жывых — замучаны „пры допыце“ ў бальшавіцкім вастрозе…

Хіба можна верыць агэнтам АДПУ, тым агэнтам АДПУ, рукі якіх запэцканы ў бязьвінна пралітай крыві?

Хіба можна верыць забойцам прафэсара-акадэміка Ўсевалада Ігнатоўскага?

Ва ўсялякім прыпадку паказаньні „пры допыце“ „выкрытых і разгромляных нацдэмаўскіх контррэвалюцыянэраў“ ёсьць вельмі падобныя да „пратаколаў сіонскіх мудрацоў“. Гэта-ж таксама былі застаўляны з адзінай мэтай — „выкрыць і разграміць“!

„Ігнатоўскі — гэта адзін з галоўных кіраўнікоў беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму“, — бянтэжыцца Кірушын. „Гэта ён зьбіраў па ўсяму СССР нацдэмаў і перавозіў іх у Беларусь, а потым шукаў ім пасады, найбольш цёплыя і карысныя для нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай справы“. „Ігнатоўскі быў тварцом буржуазнай, шкодніцкай схемы гісторыі Беларусі“. „Ён зьяўляецца адным з аўтараў тэорыі адзінства беларускай нацыі і абараняў яе да канца“ (С. 118).

Каб аканчальна зганьбіць і збэсьціць імя прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага, забітага здрадна ў бальшавіцкім вастрозе, Кірушын, асьлеплены „бальшавіцкай пільнасьцю“, кідае наступныя словы-абвінавачваньні: „Выкрыты партыяй, Ігнатоўскі круціцца вужакай, падае пакаянныя заявы з прызнаньнем сваіх „памылак“ толькі для таго, каб партыя не раскрыла галоўнага — яго работу ў дэфэнзіве, аднак партыя канчаткова выкінула са сваіх радоў правакатара-ахраньніка і яго паплечнікаў“ (С. 118).

І што-ж, хай дазволена будзе тут спытацца, партыя выкрыла яго „работу ў дэфэнзіве“? Не, ня выкрыла! Кампартыя ня выкрыла і ніколі ня выкрые работу Ігнатоўскага ў польскай дэфэнзіве або ў рускай ахранцы, як гэтага хоча Кірушын, бо ўсё гэта ёсьць выплад яго зьбянтэжанай фантазыі.

Можа нехта спытае: чаму гэта бальшавікі ніяк ня могуць супакоіцца з трагічнай сьмерцю прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага? Можа таму, што яго забілі „пры допыце“ агэнты АДПУ? А хіба мала беларусаў загінула ў бальшавіцкіх вастрогах пры допыце і бяз жадных допытаў? Чаму аб іх маўчаць?

Адказаць на гэта пытаньне — гэта наяўна выкрыць праўду: прафэсар Усевалад Ігнатоўскі па сьмерці больш небясьпечны для бальшавікоў, чым пры жыцьці. Таму яны так ганьбяць і бэсьцяць яго імя. Іх трывожыць здань помсты за бязьвінна пралітую кроў. Намагаюцца апраўдаць сваё злачынства, сваё вялікае праступленьне. Гэта-ж падумаць толькі: бальшавіцкія агэнты АДПУ забілі першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук, забілі за тое, што ён ствараў падваліны самастойнай беларускай навукі!

Ня сам факт забойства ім страшны — да гэтага яны ўжо прызвычайны; бальшавікоў пужае тое, як беларускі народ узіраецца на сьмерць прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага.

У сьвядомасьці беларускага народу Ігнатоўскі зьяўляецца мучані- кам за народную справу!


In memoriam прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага.

Належаў ён да тэй часткі беларускай рэвалюцыйна-народніцкай інтэлігэнцыі, якая ў бураломныя дні рэвалюцыі 1917—1920 гг. Высока ўзьняла сьцяг волі і незалежнасьці беларускага народу. Быў чынным сябрам Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў. Стаяў на чале Беларускага Вучыцельскага Інстытуту, які стараньнямі эсэраў заснованы быў у Менску ў 1918 г.; гэта быў першы Беларускі Вучыцельскі Інстытут. Прафэсар Усевалад Ігнатоўскі выкладаў у БВІ гісторыю Беларусі; чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі на беларускіх агульна-асьветніцкіх курсах у Менску. У 1919 г. выдаў друкам свае лекцыі пад назвай „Гісторыя Беларусі“. Гэта быў першы падручнік гісторыі Беларусі для школ і самаадукацыі.

Працуючы навукова, праф. Ус. Ігнатоўскі ня ўхіляўся таксама ад выкананьня баявых заданьняў Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў.

У пачатку 1920 г. быў чынным сябрам баёўнага штабу беларускай народнай рэвалюцыі — прыймаў непасрэдны ўдзел у працах Беларускага Цэнтральнага Паўстанчаскага Камітэту.

У ліпені 1920 г. Менск быў здабыты беларускімі рэвалюцыйнымі партызанамі. Была арганізавана беларуская народна-рэвалюцыйная ўлада — Беларускі Рэвалюцыйны Камітэт.

У гэты час камуністы-бальшавікі пачалі вясьці перагаворы зь беларускімі эсэрамі аб утварэньні супольнага фронту. „Наша партыя, — кажа В. Кнорын34, — прызнала магчымым пайсьці на перагаворы аб уваходжаньні ў савецкі ўрад БССР беларускіх эсэраў і бундаўцаў, не згаджаючыся ні на якія прынцыповыя ўступкі. Гэта пастанова была выклікана тым, што ва ўмовах рэвалюцыйнай хвалі, ва ўмовах нашага наступленьня на Варшаву, ва ўмовах росту рэвалюцыйных сіл на захадзе можна было разьлічваць на далейшае палявеньне тых мас, якія ўсё яшчэ ішлі за гэтымі партыямі. Гэта пастанова была выклікана тым, што партыя лічыла неабходным выкарыстаць усе рэвалюцыйныя сілы, асабліва зьвяртаючы ўвагу на беларускія сілы, якіх у той час у партыі было мала. У пасьледку, пры зьмене сытуацыі, пры новых труднасьцях — стала ясна, што дробна-буржуазны грузу выглядзе эсэраў моцна затрымаў-бы манэўраваньне маладога беларускага ўраду і прынёс-бы шмат шкоды справе пралетарскай дыктатуры БССР“.

У рэчаістасьці справа іначай выглядала: калі бальшавікі ўбачылі, што беларускія эсэры, абапіраючыся на рэвалюцыйную волю беларускіх працоўных грамад, фактычна зьдзяйсьняюць народна-рэвалюцыйную ўладу на Беларусі, то, ня маючы ніякага ўплыву на бураломны цяг падзеяў, змушаны былі пайсьці на перагаворы з эсэрамі аб устанаўленьні адзінага фронту; пачалі „манэўраваць“, каб „пры зьмене сытуацыі“, якая хутка настала, рашуча адмовіцца ад адзінага фронту. Гэна „зьмена сытуацыі“ настала ў той спосаб, што бальшавікі атрымалі з Масквы дапамогу ў відзе некалькіх сот тысяч узброеных чырвонаармейцаў. Абапіраючыся на сілу штыхоў і кулямётаў акупацыйнай арміі, бальшавікі пачалі дыктатарскі паводзіцца на Беларусі. Беларускія эсэры востра паставіліся супраць маскоўска-бальшавіцкіх акупантаў, уважаючы, што ўся паўната ўлады на Беларусі мае належаць беларускаму працоўнаму народу.

„Пасьля няўдалых перагавораў, — кажа Алесь Адамовіч, — эсэры павялі на нас вострую атаку і пачалі нават агітаваць за тое, каб мы вывялі з тэрыторыі Беларусі чырвоную армію, таму што яна не беларуская, каб устанавілі агульнае галасаваньне і г.д і г.д. Зразумела, што мы адказалі ўзмоцненым націскам, і эсэры здалі свае пазыцыі“. „Яны хутка павярнуліся, — кажа ў іншым месцы Алесь Адамовіч, — так хутка, што мы нават не пасьпелі падаць адзін аднаму рукі. А пасьля гэтага яны, як кажуць, закасаўшы рукавы, пайшлі разам зь белагвардзейцамі на актыўнае змаганьне з намі, супраць савецкай улады“.

Але бальшавікам у той час патрэбна была беларуская інтэлігэнцыя: у шэрагах кампартыі ня было беларускіх сілаў. Рашылі выўжыць спосаб айцоў езуітаў: павялі хлусьлівую тактыку ўнутранага расколу і разьбіцьця еднасьці беларускіх эсэраў. І што-ж, дапялі свае мэты. Група інтэлігэнцыі на чале з прафэсарам Усеваладам Ігнатоўскім адкалолася ад БПС-Р. Заснована была група беларускіх рэвалюцыйных камуністаў-народнікаў, якая пайшла на супрацоўніцтва з бальшавікамі; у неўзабаве зусім нават зьлілася з кампартыяй, кладучы аснову ўзьніку Камуністычнай Партыі (бальшавікоў) Беларусі. Прафэсар Ус. Ігнатоўскі з гэтага часу быў сябрам савецкага ўраду БССР; займаў пасаду народнага камісара асьветы. Абапіраючыся на Беларускі Вучыцельскі Саюз, які яшчэ ў 1918 г. быў заснованы беларускімі эсэрамі, закладаў беларускія пачатковыя, сярэднія і вышэйшыя школы. Пры яго непасрэдным удзеле быў заснованы ў 1921 г. Беларускі Дзяржаўны Ўнівэрсытэт у Менску і Беларуская Сельска-Гаспадарчая Акадэмія ў Горы-Горках, шэраг Беларускіх Вучыцельскіх Інстытутаў і Педтэхнікумаў. Пры яго непасрэдным удзеле і пад яго кіраўніцтвам заснована была ў 1921 г. беларуская тэрміналягічная камісія пры Народным камісарыяце асьветы, у 1922 г. тэрміналягічная камісія, папоўненая новымі працаўнікамі, рэарганізавана была ў Інстытут Беларускай Культуры; у 1929 г. Інбелкульт рэарганізаваны быў у Беларускую Акадэмію Навук. Гэтым былі паложаны моцныя падваліны культурнага будаўніцтва Беларусі. Але гэта, якраз, і напалохала маскоўска-бальшавіцкіх акупантаў. У студзені 1931 г. прафэсар Усевалад Ігнатоўскі быў „выкрыты і разгромлены“ як галоўны кіраўнік „беларускага контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму“, а ў лютым 1931 г. — забіты ў менскім вастрозе.

Нельга не адзначыць, пры гэтым, адну вельмі характэрную псыхалягічную рысу.

У пастанове ЦК КП(б)Б аб выключэньні Ігнатоўскага з кампартыі чытаемо: „Ігнатоўскі сьвядома фальсіфіцыраваў гістарычныя факты, імкнуўся затушаваць кіруючую ролю КП(б)Б барацьбой пралетарыяту і партызанскім рухам на Беларусі ў часе белапольскай акупацыі. Ігнатоўскі, заядлы нацыянал-дэмакрат, апраўдваў контррэвалюцыйныя выступленьні сваіх пабратымцаў беларускіх эсэраў і інш.“ „Будучы на чале Акадэміі Навук, ён садзейнічаў таму, што БАН стала цытадэльлю контррэвалюцыйных нац-дэмакратаў“.

У бальшавіцкім друку аб сьмерці Ігнатоўскага была зьмешчана кароценькая зацемка: „Пакончыў жыцьцё самагубствам“.

У Менску ў той час адбываўся трэці ўсебеларускі настаўніцкі зьезд, на якім было 305 дэлегатаў, сярод дэлегатаў было 50 рабочых ад варштату, сельскагаспадарчых рабочых і калгасьнікаў. Пад націскам кампартыі зьезд пастанавіў абвесьціць сябе ўдарным у барацьбе за генэральную лінію партыі. Пастановай ЦВК БССР узнагароджаны быў ордэнам чырвонага працоўнага штандару.

Тыя беларускія настаўнікі, якія сумневаліся ў праўдзівасьці „генэральнай лініі партыі“, выключаліся з саюзу працаўнікоў асьветы, пазбаўляліся варштату свае творчае працы.

У Маскве ў той час пачалі адбывацца дэкады Савецкай Беларусі.

„Удар па нацыянал-дэмакратызьме тут, — кажа А. Альшэўскі, — гэта адначасова ўдар па беларускай контррэвалюцыі за межамі“.

Так, сьмерць прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага — гэта ёсьць моцны ўдар, які намераны рускімі вялікадзяржаўнікамі, каб зьнішчыць справу беларускага культурнага будаўніцтва.

Цяпер бальшавікі ганьбяць і бэсьцяць імя нябожчыка, балазе, што ня можа ён ужо сам абараніцца ад іх напасьцяў і лаянкі агіднай.

Але не пагасіць ім сьветач ясны!

Беларускі народ з пашанаю ўспамінае імя гэроя-мучаніка, імя першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі Навук…

14 правіць

Вернемся, аднак, да справы „бравага гэнэрала“, якога бальшавікі хочаць бачыць не іначай, як толькі ў ролі ваеннага міністра беларускага ўраду.

У Кірушына, мабыць, вельмі кароткая памяць. То ён кажа, што яшчэ ў 1919 г. „нацдэмы ўключылі Булак-Балаховіча ў сьпісак членаў беларускага ўраду ў якасьці ваеннага міністра“ (С. 106), то ён сьцьвярджае, што толькі ў выпадку інтэрвэнцыі і аднаўленьня БНР — гэта ўжо ў 1920 г. — „пры разьмеркаваньні міністэрскіх партфэляў партфэль ваеннага міністра намячаўся нацдэмаўскаму генэралу Булак-Балаховічу“ (С. 118).

Дык вось: быў генэрал Булак-Балаховіч у 1919 г. ваенным міністрам беларускага ўраду ці ня быў?

У 1919 г., як ведама, быў толькі адзін беларускі ўрад — гэта ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі. Урад Савецкай Беларусі, абвешчаны ў студзені 1919 г. незалежнай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай у этнаграфічных межах разьсяленьня беларускага народу, праіснаваў усяго толькі некалькі дзён; гэта прызнае, зрэшты, і П. Кірушын (С. 105). Але ён замоўчвае пры гэтым, што першы савецкі ўрад на Беларусі — не беларускі савецкі ўрад, а савецкі ўрад на Беларусі! — па загаду з Масквы быў „адменены“, а Беларусь разарвана была на часьці: усходняя частка Беларусі (большая палавіна Меншчыны, уся Віцебшчына і Смаленшчына) уваходзіла ў так-званую „Западную Коммуну“, а заходняя частка (меншая палавіна Меншчыны, уся Віцебшчына і Горадзеншчына) злучалася бальшавікамі зь Літвой; бальшавікамі створаны быў такзваны Літ-Бел — Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У 1921 г., паводле Рыжскае дагоды паміж Масквой і Варшавай, заходняя частка Беларусі была „ўступлена“ бальшавікамі Польшчы.

Як-жа адносіўся ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі да „бравага гэнэрала“ Булак-Балаховіча, якога бальшавікі намецілі ўжо ў сьпісак членаў беларускага ўраду?

Адказ на гэта пытаньне знаходзім у пастановах Беларускай Нацыянальна-Палітычнай Нарады — „нацдэмаўскай нарады“, як скажуць бальшавікі, — якая адбылася ў Празе-Чэскай 25—30 верасьня 1921 г.

У рэзалюцыі „Аб чыннасьці Булак-Балаховіча“ чытаемо:

„Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, абмеркаваўшы выступленьні Балаховіча пад нацыянальным беларускім штандарам, пастанаўляе:

1. што Балаховіч ня мае ніякага падтрыманьня з боку беларускіх нацыянальных арганізацый;

2. што зьвязаўшы сваё імя зь беларускім вызвольным рухам, ён дагэтуль не ачысьціў сябе ад пазорачых беларускае імя абвінавачаньняў у жыдоўскіх пагромах і грабежніцтвах;

3. што ён самавольна абвесьціў сябе галоўнакамандуючым беларускіх вайсковых сіл і

4. дазволіў сабе выдаваць акты дзяржаўнага значаньня.

Дзеля гэтага Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе лічыць Балаховіча — да таго часу, пакуль ён не апраўдае сябе перад беларускім грамадзянствам, — узурпатарам і авантурнікам“.

Гэтак у рэчаістасьці выпадае справа з „бравым гэнэралам“ Булак-Балаховічам: беларускія „нацдэмы“ ўважалі і ўважаюць яго за авантурніка і прайдзісьвета! Але гэта яшчэ ня ўсё!

У бальшавіцкім друку чытаемо: „Вярнуўшыся з заграніцы, Ластоўскі і Цьвікевіч самым наглым спосабам ашукалі савецкі ўрад, прадаўжаючы да апошняга часу тварыць сваю здрадную справу. Гэта нацыяналістычная хеўра, уластаваўшыся на адказнай працы ў савецкіх урадах, імкнулася выкарыстаць легальныя магчымасьці дзеля зьдзяйсьненьня сваей шкодніцкай працы. Яна падбірала і аб’еднывала нацыянал-дэмакратычныя сілы, расстаўляла сваіх людзей на кіруючыя пасады ў розных савецкіх урадах. Гэта контррэвалюцыйная група намагалася таксама стварыць грунт для рэстаўрацыі капіталізму на Беларусі пад прыкрыцьцём установак і выступленьняў нацыянал-апартуністаў унутры партыі. Спачатку кіраўніцтва контррэвалюцыйнай арганізацыяй групавалася наўкола Беларускай Акадэміі Навук, а затым яно сваймі шчупальцамі сумела абхапіць Наркамзем, Наркомпрос, Белдзяржвыдат і іншыя савецкія органы. Падрыўная праца нацыяналістычных элемэнтаў была напраўлена проці савецкай улады з мэтаю стварэньня на Беларусі буржуазнай рэспублікі, гэта азначае вярнуць уладу абшарнікам і капіталістам і фактычна абярнуць БССР у калёнію польскага імпэрыялізму. Нацыянал-дэмакраты ніякай рэальнай сілы ўнутры краіны ня мелі, а дзеля гэтага будавалі разрахункі на дапамогу інтэрвэнтаў, на польскую акупацыю. Ды, пэўна-ж, рукамі, галоўным чынам, польскіх фашыстаў яны марылі зрабіць пераварот. У выніку няміласэрднай барацьбы партыі за ленінскую нацыянальную палітыку АДПУ Беларусі аканчальна сарвала маску з групы контррэвалюцыйнай нацыянал-дэмакратычнай інтэлігенцыі. У групе аказаліся добравядомыя працоўным масам Беларусі быўшыя міністры Беларускай Народнай Рэспублікі, эсэры і белагвардзейцы — Ластоўскі, Лёсік, Краскоўскі, Некрашэвіч, Смоліч, Цьвікевіч, якія здаўна марылі аб стварэньні незалежнай Беларусі пад скіпатрам аўтара „цуда над Віслай“.

Гэтую-ж самую хлусьню паўтарае і Б. Тарашкевіч, быўшы „правадыр“ Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады. Ён піша, а можа быць і так, што за яго толькі подпісам друкуецца ўся гэта блытаніна, бо ён зьяўляецца цяпер „знатным заложнікам“ у Маскве, хаця можа і сам таго добра не ўсьведамляе; ва ўсялякім выпадку за яго подпісам чытаемо: „Шалёнае супраціўленьне буржуазных ідэёлягаў на культурным фроньце барацьбы — гэта адна з форм абароны матар’яльных інтарэсаў буржуазіі і кулацтва. За гэтыя інтарэсы, у першую чаргу, і вядуць барацьбу беларускія нацыянал-фашысты ўсіх масьцей і груповак — адкрытыя саюзьнікі польскага фашызму: Луцкевіч, Астроўскі і Ко ў Польшчы; іх субраты — нацдэмы ў БССР. Беларускі фашызм, праводзячы ў жыцьцё інтэрвэнцыянскія пляны імпэрыялістычных дзяржаў, аб’яднае палітычную платформу, праводзіць арганізацыйную смычку зь беларускімі нацыянал-дэмакратамі ў БССР. Сваяцтва, калі не аналягічнасьць буржуазна-кулацкай ідэалёгіі нацыянал-фашыстаў і нацдэмаў не прыходзіцца даказваць. Характар дзейнасьці адных і другіх указвае ня толькі на іх арганічную сувязь. Іх зьвязвае як контррэвалюцыйнае мінулае, так і контррэвалюцыйнае сучаснае: іх лёзунг аб незалежнай буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспубліцы — гэта актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да інтэрвэнцыі, у пашырэньні польскай акупацыі на Ўсход, у зруйнаваньні буйна ўзрастаючага сацыялістычнага будаўніцтва, у падняволеньні працоўных мас“.

Усё тут зблытана і перапутана, мабыць, з адзінай мэтаю — зьбянтэжыць чытача.

Як у рэчаістасьці выпадае беларуская „контррэвалюцыя“, аб гэтым наяўна сьведчыць Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе.

У гэтай Нарадзе прыймалі ўдзел усе тыя беларускія палітычныя партыі, якія стваралі БНР: беларускія эсэры, беларускія эсдэкі, беларускія эсэфы і беларускія нарсоцы. Усяго было 37 дэлегатаў. Паводле партыйнай прыналежнасьці ўсе дэлегаты разьмяркоўваліся ў наступным парадку: сяброў Беларускай Партыі Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў было 18; Беларускай Партыі Сацыялістаў-Федэралістаў — 5; Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі — 4; Беларускай Партыі Народных Сацыялістаў — 2; рэшта былі беспартыйныя — іх было 8. У склад прэзыдыюму ўваходзілі: 2 эсэры і 1 эсэф.

Партыйны склад Нарады поўнасьцю адбіваў тагочасны ўплыў паасобных партый у краі.

Нарада адбывалася на вольнай зямлі братняга Чэхаславацкага народу; зусім вольна абмяркоўваліся ўсе пытаньні дзяржаўна-палітычнага, гаспадарчага і культурнага будаўніцтва вольнай і незалежнай Беларусі. Усе пастановы гэтай Нарады маюць сілу аж па сяньняшні дзень; зьяўляюцца абавязковымі нормамі паступаваньня ня толькі для тых партый, якія прыймалі ўдзел у Нарадзе, але яны маральна абавязваюць таксама і ўсе беларускія нацыянальна-палітычныя арганізацыі, якія вядуць змаганьне за Беларускую Народную Рэспубліку.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе пастанавіла:

I. Аб Рыжскім трактаце.

Стоячы на груньце граматы Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25 сакавіка 1918 г., абвясьціўшай незалежнасьць Беларусі ў межах лічэбнай перавагі беларускага народу, Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, зложаная з прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый і арганізацый з-пад усіх акупацый Беларусі, сабраўшыся ў Прагу, аднагалосна заяўляе:

1. Беларускі народ вёў, вядзе і будзе весьці барацьбу за незалежнасьць і непадзельнасьць Беларусі;

2. усе ранейшыя пратэсты беларускіх палітычных і нацыянальных арганізацый, у свой час заяўляныя супраць Рыжскага трактату, дзелячага Беларусь паміж Расіяй і Польшай, Нарадай аднагалосна пацьвярджаюцца;

3. Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе заклікае ўсе актыўныя беларускія сілы да самай рашучай рэвалюцыйнай барацьбы ўсякімі маючыміся ў іх распараджэньні спосабамі супроць падзелу Беларусі і заклікае лічыць ворагам беларускага народу кожнага таго, хто згадзіўся бы прызнаць Рыжскі мірны трактат.

II. Палажэньне беларускага народу пад акупацыяй.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, разважыўшы палажэньне беларускага народу пад расійскай і польскай акупацыямі, сцьвярджае, што:

1. Пад расійскай акупацыяй у гэты момант знаходзіцца больш як 206.000 кв. клм беларускай тэрыторыі.

На тэрыторыі Савецкай Беларусі расійскі савецкі ўрад устанавіў уладу, зложаную з чужых беларускаму народу элемэнтаў, каторымі кіруе цэнтральны савецкі ўрад з Масквы. Шырока рэклямаваная толерантнасьць савецкай улады да беларускага адраджэнскага руху ў Савецкай Беларусі дагэтуль ня выйшла з чыста дэклярацыйных рамак і для нацыянальна-культурнага адраджэнскага руху ў Савецкай Беларусі дагэтуль нічога ня зроблена.

На беларускай тэрыторыі, далучанай беспасрэдна да Расіі, беларускае насяленьне падлегае самай натужанай русыфікацыі і пазбаўлена ўсіх, як палітычных, гэтак і нацыянальна-культурных правоў; урадовай мовай зьяўляецца мова расійская, беларускія газэты забароняны, беларуская адраджэнская праца тлуміцца турмой і разстрэламі.

2. Пад польскай акупацыяй больш як 100.000 кв. клм беларускай зямлі.

На захопляных польскім імпэрыялізмам беларускіх землях бушуе цяпер нічым не абмежаваны польскі шовінізм і нячуваны нацыянальны і сацыяльны ўціск і зьдзек над беларускім народам. З мэтай задушыць беларускую культуру і інтэлігенцыю, кіруючыся да поўнага зьнішчэньня на гэтых землях беларускага племяні, землі беларускіх уцекачоў польскі ўрад раздае салдатам, ураджэнцам Польшчы. Сьвядомае беларускае сялянства польскі ўрад гноіць па турмах і канцэнтрацыйных лягерох, ён зачыняе культурныя, нацыянальныя і эканамічныя арганізацыі, забараняе друк, беларускую школу і мову.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада, у імя справядлівасьці й захаваньня беларускай нацыі і культуры, вымагае ад Лігі Нацый і ўсіх народаў сьвету адкінуць агідны польскі шовінізм і імпэрыялізм у яго этнаграфічнай межы — за Буг і Нарэў.

III. Аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі.

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе, абмеркаваўшы пытаньне аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі, у поўнай сьвядомасьці надзвычайнай вагі гэтага пытаньня, зазначае:

1. Беларусь зьяўляецца краем працоўнага беларускага сялянства, рабочых і працоўнай інтэлігенцыі, — дзеля чаго Беларусь павінна быць дзяржавай працоўнага народу;

2. Беларусь павінна быць дзяржавай непадзельнай і ні ад каго незалежнай. Нарада зазначае, што ніякія, гэтак званыя, арыентацыі ня могуць быць падставай дзяржаўнага будаўніцтва Беларусі. Адзінай асновай дзяржавы, адзінай сілай, якая збудуе Беларусь і забясьпечыць ёй нармальнае разьвіцьцё, зьяўляецца сам працоўны беларускі народ;

3. Пасьля зьдзяйсьненьня беларускай дзяржаўнасьці, пасьля таго, як на беларускай зямлі запануе ўласная ні ад каго не залежная ўлада, Беларусь працягне руку згоды, дзеля вольнага саюзу усім народам, зь якімі яна жыве побач і якіх яна лічыць за роўных братоў сваіх. Першай мэтай гэтага саюзу павінна быць узаемная абарона народных вольнасьцяў, якія здабудуць народы сваёй барацьбой.

IV. На шляху вызваленьня.

Сялянская Беларусь, прачнуўшыся ад летаргічнага сну векавой няволі, распачала змаганьне за сваё вольнае і роўнае жыцьцё сярод іншых вольных народаў.

Чацьвёрты ўжо год змагаецца Беларусь з насільствам розных акупантаў. У гэтым змаганьні беларускі народ добра сабе ўсьвядоміў, што справа вызваленьня і адраджэньня яго Бацькаўшчыны ёсьць справа яго ўласных рук. Беларускі народ пераканаўся, што ні ад Масквы, ні ад Варшавы яму няма чаго чакаць для паляпшэньня сваёй долі.

Цэлым радам паўстаньняў, у працягу гэтых чатырох гадоў, беларускі народ ясна паказаў, куды ён імкнецца і на каго пакладае ўсе свае надзеі.

Найяскраўшым момантам у гэтым змаганьні гераічным, апрача паўстаньняў у Віленшчыне, Віцебшчыне, Ашмяншчыне і г.д., зьяўляецца паўстаньне ў Случчыне, калі сам сярмяжны народ, стыхійна паўстаўшы з аружжам у руках за незалежнасьць сваёй бацькаўшчыны, напісаў на сваім штандары: „Ні польскіх паноў, ні маскоўскіх камісараў!“. Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе канстатуе, што гэтае паўстаньне было задушана пераважаючымі сіламі з абодвух бакоў.

Слава паўшым змагарам!

Беларуская Нацыянальна-Палітычная Нарада ў Празе перасьцерагае беларускі народ, каб ня было непатрэбнага праліцьця крыві, устрымацца ад неарганізаваных выступленьняў, але моцна аб’еднаць свае сілы к таму моманту, калі праб’е час усенароднага рэвалюцыйнага змаганьня за права кожнага народу быць гаспадаром у сваім краі.

Гэткія ёсьць ідэалы і мэты ўзапраўдных беларускіх рэвалюцыянэраў.

Гэта ёсьць ідэалы і мэты беларускай народнай рэвалюцыі!

Хто іначай уяўляе сабе вызвальную справу беларускага народу, той вандруе па блудных сьцежках-дарожках — рашуча той разыходзіцца з праўдай жывой рэчаістасьці!

16 правіць

Кірушын, аднак, ёсьць кепскі гісторык; ён ухіляецца ад фактаў гістарычнай рэчаістасьці; стварае фантастычныя ўявы і ўявамі замяняе факты.

Яго зьбянтэжаная фантазыя рысуе ў чорных барвах дзейнасьць „нацдэмаўскіх контррэвалюцыянэраў“. Ён уяўляе сабе так цяг гістарычных падзей: „Узброеная барацьба супраць саветаў закончылася правалам, нацдэмам прышлося мяняць сваю тактыку. Частка нацдэмаў паехала за мяжу, дзе ў якасьці розных самазваных „урадаў“ прапанавала ўсім і кожнаму прадаць беларускія лясы, торф, чыгунку, хлеб, пяньку і т.д. Другая частка нацдэмаў засталася ў Менску, каб працаваць тут у якасьці разнастайных „спэцыялістаў“ — у галіне навукі, народнай асьветы, зямельнай справы і т.д. Прыкідваючыся лаяльнай да савецкай улады, гэта група на справе вядзе падпольную разлагаючую работу, каб стварыць глебу для імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі ў СССР і адарваць Беларусь ад Савецкага Саюзу. Адначасова вядзецца разьведка па заданьні гэнэральных штабаў і ахранак заходніх дзяржаў. Нарэшце, трэцяя частка нацдэмаў шляхам двурушніцтва прабіраецца нават у КП(б)Б, займае (у асобе Ігнатоўска-га, Прышчэпава, Алеся Адамовіча, Баліцкага і іншых) адказныя мейсцы ў нашым савецкім і партыйным апараце і, прыкрываючыся партбілетам, праводзіць сваю контррэвалюцыйную работу“ (С. 106—107). „Беларускі контррэвалюцыйны нацыянал-дэмакратызм выражае буржуазна-рэстаўратарскія інтарэсы ўсіх зьнішчаемых пераможным ходам сацыялізму капіталістычных элемэнтаў, галоўным чынам кулацтва. Пад чорным сьцягам ваяўнічай рэакцыі, пад сьцягам нацыянал-дэмакратызму зьбіраюцца ўсе тыя, хто прагне рэстаўраваць капіталізм, вярнуць фабрыкі й заводы капіталістам, зямлю памешчыкам, насадзіць на вёсцы кулацка-хутарскія гаспадаркі, увекавечыць галечу і кулацкую эксплоатацыю“. „Каб зьдзейсьніць заданьні міжнароднай буржуазіі, контррэволюцыйны нацыянал-дэмакратызм за апошнія гады асабліва ўзмоцнена праводзіць сваю контррэволюцыйную работу на розных вучастках, падрыхтоўваючы адрыў БССР ад Савецкага Саюзу“ (С. 102). „Інтэрвэнцыя — галоўны сьцяг нацдэмаўскай контррэволюцыі. У гэты бок былі накіраваны ўсе дырэктывы замежных ахранак“. „У гэтым напрамку разьвівалася контррэволюцыйная дзейнасьць Прышчэпава, Баліцкага, Ігнатоўскага, Мятлы, Дварчаніна, Рака-Міхайлоўскага і іншых“ (С. 109). „Нават і тая зьменавехаўская нарада часткі беларускіх эмігрантаў, якая адбылася ў канцы 1925 году ў Бэрліне, на якой пастаноўлена аб ліквідацыі ўраду БНР і поўнае прызнаньне ўлады саветаў, — адбылася тая нарада паводле ўявы Кірушына, — па загаду чужых органаў“ (С. 107).

Так, па загаду чужых органаў — гэта былі органы савецкае ўлады!

„У новых абставінах, — уяўляе сабе Кірушын, — нацдэмы павялі лінію вельмі тонка. Яны пачалі актыўна змагацца з нацыянал-дэмакратызмам. З гэтай мэтай яны трымалі прамовы, давалі ў газэты інтэрвію, пісалі артыкулы (Мятла, Рак-Міхайлоўскі, Янель, Бабровіч і інш.), дыхалі паказной ненавісьцю да польскага імпэрыялізму, да фашызму і ў гэты-ж час самі ядналіся з усімі фашыстамі, шпіёнамі і правакатарамі, працаваўшымі за мяжой (Луцкевіч, Астроўскі, Езавітаў, Пігулеўскі, Варонка, Якавюк). Дзеячы „Беларускага нацыянальнага цэнтру“ аб’ядналіся з польскімі й германскімі фашыстамі і зьвязаліся непасрэдна з Розэнбергам, з рускімі і ўкраінскімі белагвардзейцамі, з астаткамі ранейшых буржуазных партый, што захаваліся яшчэ на Беларусі — эсэрамі, бундаўцамі, трацкістамі, членамі БСГ і інш. — і на грошы замежных контрразьведак выконвалі шпіёнскую работу“ (С. 119—120).

Гэтак выконвае П. Кірушын наказ партыі — „найбольш поўнага выкрыцьця мінулага й цяперашняга нацдэмаўшчыны, прышчэпаўшчыны, эсэраўшчыны, бундызму і г.д. у Беларусі.. у мэтах узброеньня растучых кадраў бальшавіцка-распрацаваным матарыялам!“

І не ў аднаго, мабыць, з „растучых кадраў“ узьнікне пытаньне: а што-ж органы савецкай юстыцыі на гэта? Чаму яны маўчаць, чаму ня судзяць „нацдэмаўскіх шпіёнаў і правакатараў“?

Ня судзяць, бо ня маюць за што іх судзіць. Усё гэта ёсьць толькі выплад зьбянтэжанай фантазіі бальшавіцкіх пісакаў!

17 правіць

П. Корчык намагаецца выкрыць і разграміць беларускіх эсэраў. Напісаў „ударны артыкул“ „Нацыянал-опортунізм у КПЗБ і ідэалогічная спадчына Беларускай Рэвалюцыйнай Арганізацыі“, гэны яго артыкул надрукаваны ў часопісі „Бальшавік Беларусі“ (Менск, 1934. № 7. С. 35—43). У канцы 1933 г., апавядае П. Корчык, органамі ГПУ ў Беларусі была выкрыта і разгромлена беларуская контррэволюцыйная нацыяналістычная арганізацыя, на чале якой стаялі былыя дзеячы „Грамады“ і „Змаганьня“ — Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Дварчанін, Гаўрылік і інш. Дэмаскаваны былі таксама агенты польскай дэфэнзівы і беларускага нацыяналізму ў верхавіне ТБШ (Таварыства Беларускай Школы). Гэта нанесла жорсткі ўдар махінацыям беларускага нацыянал-фашызму і польскага імпэрыялізму. З гэтага пункту гледжаньня — паскольку аснаўным заданьнем гэтых агентур было нанесьці рэвалюцыйнаму руху ў Заходняй Беларусі ўдар у самы рашучы момант — дэмаскаваньне іх павінна расцэньвацца як перамога рэвалюцыйнага руху. Але разам з тым ён азначае, што гэтым агентурам — беларускага нацыянал-фашызму і польскага імпэрыялізму — удалося пранікнуць у рэвалюцыйны рух, а іх дзейнасьць на працягу доўгага часу заставалася ня выяўленай; гэта сьведчыць аб нявыстарчальнай бальшавіцкай пільнасьці КПЗБ.

Чаму так сталася?

Прычына ясная, кажа дасьціпны Корчык: у першую чаргу ня зжытая да канца нацыяналістычная спадчына ўвайшоўшых у партыю груп, слабасьць пралетарскага ядра ў партыі, ціск на яе „дробна-буржуазнай сялянскай стыхіі“. Усё гэта не магло не адбіцца на замаражэньні тэмпаў бальшавізацыі КПЗБ.

І бальшавікі цяпер, маўляў, павінны ўдарным тэмпам „бальшавізавацца“!

І Корчык жаліцца, Корчык наракае: „Нацыяналістычныя элемэнты тармазілі і тармозяць да гэтага часу працэс бальшавізацыі нашай партыі. Нацыянал-опортунізм у КПЗБ — гэта ў першую чаргу спадчына не пераможанай да канца нацыяналістычнай ідэалёгіі беларускай так званай… рэвалюцыйнай арганізацыі, якая ўлілася ў партыю ў канцы 1923 году“.

Што гэта за арганізацыя такая, скуль яна ўзялася?

„Аснаўныя кіруючыя кадры БРА, апавядае Корчак, выйшлі з партыі беларускіх эсэраў, якая ўзьнікла ў выніку расколу Беларускай Сацыялістычнай Грамады — на беларускіх эсдэкаў (меншавікоў) і эсэраў. Ідэалёгія і контррэвалюцыйная роля беларускіх эсэраў у барацьбе супраць кастрычніцкай рэвалюцыі на Беларусі, у арганізацыі контррэвалюцыйных паўстаньняў супраць савецкай улады (напрыклад, арганізацыя кулацкага слуцкага паўстаньня), у дапамозе інтэрвэнтам, асабліва імпэрыялістычным плянам Пілсудскага — добра ўсім вядомы“.

Выкрыў, можна сказаць, і аканчальна разграміў. „Беларускія эсэры дапамагаюць польскім імпэрыялістам“!

Але як вось дасьціпны Корчык высьвятліць беластоцкі працэс, які быў арганізаваны ў 1923 г. польскімі імпэрыялістамі над беларускімі эсэрамі? На колькі гадоў цяжкага вастрогу былі засуджаны беларускія эсэры, за што, за якія ўчынкі — можа за дапамогу імпэрыялістычным плянам Пілсудзкага?

Жалюгодны Корчык, ён аб гэтым чамусьці маўчыць: нічога ня кажа. Ён ня мае ў сабе столькі грамадзкае адвагі, каб выкрыць праўду! Пасьля беластоцкага працэсу, калі Беларуская Партыя Сацыялістаў-Рэвалюцыянэраў была разгромлена польскімі імпэрыялістамі, частка сяброў БПС-Р адкалолася ад партыі і заснавала так званую Беларускую Рэвалюцыйную Арганізацыю. Гэта арганізацыя пачала шукаць кантакту і супрацоўніцтва з бальшавікамі; пасьля зусім зьлілася з Камуністычнай Партыяй Заходняй Беларусі. Выявіла шмат рупнасьці і актыўнасьці. Гэта была так-званая арыентацыя на савецкую Беларусь, на бальшавіцкі Менск, была ружовая надзея, што ўлада саветаў дапаможа ў вызвальным змаганьні супраць польскіх акупантаў за аб’еднаньне Заходняй Беларусі з БССР. Як у рэчаістасьці была зьдзейсьнена гэта ружовая надзея — аб гэтым наяўна сьведчыць артыкул Корчыка. Ён кажа: „БРА ўлілася ў партыю са сваім нязжытым эсэраўскім нацыяналістычным багажом“. „Стоячы фармальна на пазыцыі саветаў рабочых, сялянскіх і салдацкіх дэпутатаў, БРА па сутнасьці займала негатыўную пазыцыю адносна дыктатуры і гегемоніі пралетарыяту, зразумела рабоча-сялянскі ўрад як коаліцыю рэвалюцыйных рабочых і сялянскіх партый, а тактыку адзінага фронту, як блёк усіх так-званых сацыялістычных партый. Нацыянальнае пытаньне расцэньвалася БРА ня як састаўная падпарадкавальная агульным задачам пралетарыяту частка рэвалюцыйнай стратэгіі, а як самамэта. Глыбока караніліся таксама эсэраўскія пагляды аб бяскласавасьці беларускага народу, адмаўленьне існаваньня беларускай буржуазіі і расслаеньня ў беларускай вёсцы, тэорыя аб самабытных шляхох разьвіцьця беларускага народу, як, напрыклад, дамарошчаная тэорыя аб тым, што нацыянальнае вызваленьне Беларусі тым самым вырашае і пытаньне клясавага вызваленьня пралетарыяту і сялянства“. „У такой пастаноўцы пытаньня, прама супярэчлівай бальшавіцкай пастаноўцы, рабіўся вывад, што шлях да вызваленьня вядзе праз адзіны нацыянальны фронт барацьбы супраць акупацыі“.

Аднак „устаноўкі БРА, яе эсэраўскае мінулае… ня былі раскрытыкаваны і рэвізаваны“, „ня была праведзена ацэнка й крытыка гэтай арганізацыі“.

Гэну задачу выконывае цяпер, як бачымо, Корчык. Ён выкрывае памылкі КПЗБ. „Не пераможаная да канца нацыяналістычная спадчына БРА была ў тым ці іншым выглядзе крыніцай адраджаючыгся нацыянал-опортуністычных канцэпцый КПЗБ і ў першую чаргу тэорыйкі аб безбуржуазнасьці беларускага народу. Гэтыя пагляды глыбока праніклі ў нашую партыю. Адсюль выцекала няправільная ацэнка ролі беларускай інтэлігэнцыі, выйшаўшай пераважна з асяродзьдзя беларускай буржуазіі й кулацтва, прыпісываньне ей рэвалюцыйнай ролі ў барацьбе супроць польскай акупацыі, разгляданьне яе як авангарда нацыянальна-вызвальнага руху. Яркім прыкладам гэтага зьяўляюцца нашы адносіны да складу кіруючай верхавіны „Грамады“ і „Змаганьня“. У выніку ідэалогічнай і арганізацыйнай расхлябанасьці і недастатковай пільнасьці з боку кіраўніцтва КПЗБ, беларускай буржуазіі і польскай дэфэнзыве лёгка ўдаецца праціснуць сваіх агентаў у ЦК Грамады і ў пасольскі клюб „Змаганьне““.

Выходзіць так, паводле Корчыка, што ўсе няўдачы ў дзейнасьці КПЗБ, уся яе падзівугодная расхлябанасьць, яе опортунізм і надзвычайнае хамэлеонства — усё гэта ёсьць вынікам уплываў эсэраўскай ідэалёгіі. Ці не за шмат ужо будзе, вашэці?

„Грамаду“ і пасольскі клюб „Змаганьне“ заснавалі, як ведама, бальшавікі, а не эсэры; заснавалі ў напорыстым змаганьні супраць эсэраў. А тое, што сумна так скончылася ўся дзейнасьць „Грамады“ і пасольскага клюбу „Змаганьне“, што бальшавікі сяньня так жорстка і проста не па-людзку ганьбяць і бэсьцяць сваіх нядаўніх супрацоўнікаў — усіх выдатнейшых „правадыроў“ „Грамады“ і пасольскага клюбу „Змаганьне“, уважаючы іх за „правакатараў“ і „шпіёнаў“ (знайшлі казлоў адпушчэньня сваей уласнай расхлябанасьці!) то, ізноў такі, нясуць адказнасьць бальшавікі-камуністы, а не эсэры. Наогул — гэта ёсьць вынік бальшавіцкай „стратэгіі“! Выкрываючы тыя памылкі, якія былі дапушчаны ў дзейнасьці Камуністычнай Партыі Заходняй Беларусі, Корчык запэўняе, што КПЗБ мае цьвёрдую волю стаць на бальшавіцкі шлях змаганьня. Але супраць каго? Хто ёсьць галоўны вораг працоўных грамад Беларусі — беларуская буржуазія, якая ходзе бяз портак, беларускі нацыяналізм, які знаходзіцца ў пялюшках, ці паўнакроўна-сільны і аж да зубоў азброяны польскі імпэрыялізм? Бо, Заходняя Беларусь — гэта ёсьць калёнія Польшчы; беларускі народ знаходзіцца ў горшым нават становішчы, чымся калёніяльныя народы Афрыкі: польскі імпэрыялізм цягне зь яго жыцьцёвыя сокі, дэфармуе сацыяльную структуру, нішчыць прыродныя багацьці, нявечыць мову і культуру, пазбаўляе магчымасьці нават самай элемэнтарнай самаарганізацыі, культурна-гаспадарчай самадзейнасьці і самапомачы; польскі імпэрыялізм на землях Заходняй Беларусі зьдзейсьняе сыстэму паступовага „oczyszczenia terenow kolonizacyjnych“ — наўмысна зьдзейсняе ня толькі дэнацыяналізацыю, але й дэпапуляцыю беларускага народу. Дык што-ж гэта — хіба беларуская буржуазія і беларускі нацыяналізм грабуюць і прыгнятаюць беларускі працоўны народ?

А хто гэта, як не бальшавікі, падпісалі крывавую Рыжскую дагоду, разарвалі Беларусь на часьці і кінулі ў абоймы польскага імпэрыялізму Заходнюю Беларусь?!

П. Корчык зьвяртае ўсю сваю бальшавіцкую пільнасьць на беларускі нацыяналізм, які зьяўляецца натуральным вынікам абароннага змаганьня беларускага народу супраць польскага імпэрыялізму; П.Корчык з усяго размаху б’е па беларускай інтэлігенцыі, якую і безь яго дапамогі гняце і прасьледуе польскі імпэрыялізм, — ці не дапускае гэтым Корчык новае памылкі ў стратэгіі компартыі, асуднае памылкі ў дапамозе польскаму імпэрыялізму супраць працоўных грамад Беларусі?

Камуністычная Партыя Заходней Беларусі выканала ўжо сваю сум ную ролю: разьбіла і зьнявечыла беларускі рэвалюцыйны рух супраць польскіх акупантаў; ачысьціла пляцдарм для ўзмоцненага наступу польскага імпэрыялізму. Ствараючы, дзеля розных тактычных меркаваньняў, „Грамаду“ і пасольскі клюб „Змаганьне“, КПЗБ разьбіла Беларускі Пасольскі Клюб у дзяржаўным Сойме і Санаце, давяла справу беларускага парлямэнцкага прадстаўніцтва да таго, што тры з паловаю мільёнаў беларусаў ня маюць ужо ні аднаго дэпутата, а ў 1922 г. было 16 дэпутатаў! І ўсё гэта рабіла КПЗБ пад кіраўніцтвам Цэнтральнага Камітэту Камуністычнай Партыі Польшчы. У гэтым, якраз, і палягае сутнасьць і галоўная прычына ўсіх „памылак“ КПЗБ.

Але наш Корчык гэтага ня бачыць, наш Корчык гэтага не разумее. Нават больш таго: ён з наіўнасьцю дзіцяці прапануе і ў будучыне моцна трымацца кіраўніцтва ЦК КПП, а ў змаганьні з беларускім „нацыяналізмам“ ён бачыць сутнасьць бальшавізацыі КПЗБ.

П. Корчык апавядае: „Глыбокім імкненьнем стаць бальшавіцкай партыяй тлумачыцца той факт, што ў КПЗБ, нягледзячы на наяўнасьць у яе шэрагах нацыянал-опортуністычных элемэнтаў, ніколі не праяўляўся арганізацыйны сэпаратызм адносна да КПП, як гэта мела мейсца ў КПЗУ“. „Бальшавіцкае кіраўніцтва з боку ЦК КПП на чале з т. Ленскім, пастаянная цесная сувязь паміж ЦК КПП і ЦК КПЗБ забясьпечылі перамогу бальшавіцкай лініі ў КПЗБ“. Адзначае, пры гэтым, „вельмі важным фактарам у справе бальшавізацыі нашай партыі быў прыклад і ідэолёгічная дапамога КП(б)Б…выяўляючы і дэмаскуючы нацыянал-фашыстаўскіх агэнтаў, якія пралазяць з Заходняй Беларусі ў БССР“.

Галоўнае — ніякага сэпаратызму адносна Польшчы і трымацца за край жупана ў „prosze pana, prosze pana!“.

Гэткае ёсьць апошняе слова „бальшавіцкай стратэгіі“ на землях Заходняй Беларусі.

18 правіць

„1920—1930 гады, — кажа В. Зайцаў, — былі якраз тым пэрыядам, калі КП(б)Б выкрыла й разграміла контррэвалюцыйных нацдэмаў, акапаўшыхся ў гаспадарчых, культурных і навуковых цэнтрах БССР“.

„У 1933 годзе ў БССР, — кажа Н. Гікало66,— была раскрыта і разгромлена нацыяналістычная контррэвалюцыйная арганізацыя, на чале якой знаходзіўся так званы „Беларускі нацыянальны цэнтар“. „Ядром арганізацыі былі перакінутыя замежнай контрразьведкай пад відам прасьледуемых рэвалюцыйных дзеячаў, шпіёны і правакатары. Чаго дабівалася гэтая зграя пражжоных правакатараў і шпіёнаў? Канчатковай мэтай... зьяўлялася стварэньне на аб’еднаных беларускіх землях Беларускай дэмакратычнай рэспублікі па тыпу капіталістычных краін. У склад гэтай рэспублікі меркавалася ўключыць землі Заходняй Беларусі, тэрыторыю БССР, некаторыя часткі Літвы і Латвіі і амаль усю Заходнюю вобласьць РСФСР. Іншымі словамі: контррэвалюцыйныя беларускія нацыяналісты імкнуліся шляхам узброенага кулацкага і белагвардзейскага паўстаньня, пры дапамозе інтэрвэнтаў стварыць буржуазную Беларусь як калёнію польска-германскага імпэрыялізму“.

„Гэтыя людзі (Рак-Міхайлоўскі, Валошын, Мятла, Гаўрылік, Дварчанін і інш.), прыймаўшыя ўдзел у якасьці правакатараў у нацыянальна-рэвалюцыйным руху ў Заходняй Беларусі, з такой-жа мэтай перакінуты і ў БССР. Яны пасланы, — кажа М. Галадзед, — для контррэвалюцыйнай работы ў нашай краіне, для падрыхтоўкі адрыву БССР ад СССР шляхам імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі“.

Гэта ёсьць людзі, — скажамо тут ад сябе, — якія стаялі на чале Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады і пасольскага клюбу „Змаганьне“. Выконывалі сваю дзейнасьць у цесным кантакце з КПЗБ і пад кіраўніцтвам КПП з дапамогаю КП(б)Б. Былі выкрыты і разгромлены ўладамі польскіх акупантаў; арыштаваны і засуджаны на некалькі дзясяткаў гадоў цяжкага вастрогу за тое, што імкнуліся да адарваньня Заходняй Беларусі ад Польшчы і далучэньня яе да БССР шляхам узброенага паўстаньня і пры дапамозе савецкай інтэрвэнцыі. Пасьля адбылася вымена палітычных вязьняў паміж Польшчай і Савецкім Саюзам; апынуліся ў Менску, дзе іх спаткала новае абвінавачваньне. Бальшавікі іх абвінавачваюць у тым, што яны, апынуўшыся ў Менску, пачалі імкнуцца да адарваньня БССР ад СССР і далучэньня да Польшчы шляхам узброенага паўстаньня і пры дапамозе польскае інтэрвэнцыі. Гэта ёсьць няшчасныя ахвяры бальшавіцкай „стратэгіі“ — лавіраваньня і манэўраваньня. Цяпер яны церпяць за сваё лёгкадумства, жорстка расплачваюцца за сваю бязьмежную веру ў тое, што бальшавікі, маючы ўладу ў саветах, дапамогуць вызваліць Заходнюю Беларусь з капцюроў польскага імпэрыялізму.

І што ёсьць найбольш характэрнае ў жахлівай трагедыі беларускай інтэлігэнцыі, якая пайшла на супрацоўніцтва з бальшавікамі: абвінавачваюць у розных недарэчнасьцях былых дзеячаў „Грамады“ і пасольскага клюбу „Змаганьне“, але аж да апошняга часу ня было ім прад’яўлена ніякага судовага абвінавачваньня; савецкая юстыцыя ня мае, відавочна, ніякіх даных, каб пацягнуць іх да судовай адказнасьці. Ня выключана, аднак, магчымасьць — і гэта найбольш праўдападобна: бальшавікі баяцца адкрытага судовага разбору справы над беларускімі „нацыяналістамі“, хаця і кідаюць ім абвінавачваньні ў „падрыхтоўцы інтэрвэнцыі“, у „шпіёнстве“ і „правакатарстве“, што, паводле абавязуючых праўных нормаў савецкага карнага кодэксу зьяўляецца найвялікшым праступленьнем супраць савецкае дзяржавы і падлягае найвышэйшай меры пакараньня.

Так, грамадзяне, суда няма; у бальшавікоў ёсьць страх перад судом. Яны баяцца таго, каб шырэйшыя колы грамадзянства не даведаліся аб закулісным шахрайстве компартыі — а што, калі раптам вылязе на паверх уся хлусьлівая „стратэгія“ бальшавікоў у вырашэньні беларускага нацыянальнага пытаньня?

19 правіць

Падзівугодная зьява!

Польскія камуністы, якія стаялі на чале кіраўніцтва дзейнасьцю „Грамады“ і пасольскага клюбу „Змаганьня“ ў Заходняй Беларусі, апынуліся нейкім чынам на чале выкрыцьця і разгрому дзейнасьці правадыроў „Грамады“ і пасольскага клюбу „Змаганьне“ ў Савецкай Беларусі.

Як гэта сталася?

Можа гэта прыпадкова было, што польскі камуніст Т. Домбаль, былы пасол польскага сойму, адзін з выдатнейшых правадыроў Камуністычнае Партыі Польшчы, апынуўся нейкім чынам у Менску, пралез у Беларускую Акадэмію Навук, дзе як першы віцэ-прэзыдэнт напорыста праводзіў „рэарганізацыю“, „бальшавізацыю“ і „чыстку ад нацдэмаўскай засьмечанасьці“? Можа гэта прыпадкова было, што якраз той самы Домбаль, польскі камуніст, зьявіўся найбольш актыўным абаронцам увядзеньня новага беларускага правапісу ў 1933? „Зьмены й спрашчэньні беларускага правапісу, — ён казаў, — праведзяны ў мэтах выгнаньня зь беларускага правапісу нацыянал-дэмакратычных скажэньняў“. У рэчаістасьці ён сачыў зусім іншую мэту: наблізіць правапіс беларускае мовы да правапісу рускае мовы, а ўсе тыя асаблівасьці беларускае мовы, якія вылучаюцца з рэфармавана-спрошчанага правапісу, наблізіць да польскае мовы. З гэтай мэтаю ён стварыў нават і адумысную тэорыю расчэплянасьці беларускае мовы: мова ўсходняй часткі Беларусі набліжаецца, маўляў, да рускае мовы, а мова заходняй часткі Беларусі набліжаецца да польскае мовы. Гэта быў скрытна прыдуманы манэўр: пад шум і грукат разгрому беларускіх „нацдэмаўскіх контррэвалюцыянэраў“ праціснуцца наперад і на вогнішчы з карчоў і корчыкаў сасмажыць сабе смачны бігас. І што-ж, пашанцавала, каб це паляк сьвіснуў! Амаль усе каталіцкія касьцёлы ў БССР абернуты ў клюбы польскай нацменшасьці; сярод беларускага каталіцкага насельніцтва вядзецца напорыстая прапаганда, што, казаў той, хто католік, той і паляк; у шэрагу раёнаў засноўваюцца польскія школы і закладаюцца польскія нацсаветы; справа палёнізацыі так шпарка ідзе наперад, што нават і ўвесь койданаўскі раён з выключна беларускім насельніцтвам абвяшчаецца польскім нацыянальным раёнам. Расьце і пашыраецца польская нацыянальная меншасьць у БССР.

Ня прыпадкова, мабыць, на дапамогу Т. Домбалю прыходзе В. Жаброўскі, ня менш выдатны дзеяч Камуністычнай Партыі Польшчы, які раптам апыняецца ў Менску і пралазіць у ЦК КП(б)Б. У ролі сакратара ЦК КП(б)Б ён жорстка і бязьлітасна прасьледуе „гнілы лібэралізм“ і „нацыянал-опортунізм у адношаньні да нацыянал-дэмакратычных і перараджэнскіх элемэнтаў унутры партыі“, праводзіць у 1933 г. „чыстку компартыі ад засьмечанасьці нацдэмаўскім ахвосьцем“. Пры яго бліжэйшым удзеле і пад яго кіраўніцтвам у лістападзе 1933 г. пленум ЦК КП(б)Б выставіў баёўны покліч: „Мясцовы нацыяналізм зьяўляецца галоўнай небясьпекай“.

А што такое мясцовы нацыяналізм, у чым ён выяўляецца?

В. Жаброўскі тлумачыў і высьвятляў: „слуцкі пояс, напрыклад, як нацыянальная форма зьяўляецца ў руках нацыянал-дэмакратаў сродкам для правядзеньня буржуазнай культуры“. Патураньне таму, што якая-небудзь кветачка, якую насілі беларускія нацдэмы, вышыванка або слуцкі пояс ёсьць нацыянальная форма — гэта, паводле Жаброўскага, ёсьць спроба прыкрыць мясцовы нацыяналізм, што на рукі беларускаму контррэвалюцыйнаму нацыянал-дэмакратызму, які „сапраўды разгромляны, але яшчэ не дабіты“.

Лёгіка ясная: аканчальна разграміць і дабіць беларускі нацыяналдэмакратызм — гэта і ёсьць, паводле Жаброўскага, што трэба аканчальна зьнішчыць нацыянальную форму беларускае культуры, а тым самым будзе зьнішчаны і беларускі мясцовы нацыяналізм. У гэтым кірунку ён і выконываў сваю напорыстую дзейнасьць.

В. Жаброўскі, як і Т. Домбаль, сачыў далёкасяглую мэту. Зьнішчаючы беларускі „мясцовы нацыяналізм“ на тэрыторыі БССР, ён гэтым самым даваў прыклад, як трэба змагацца з беларускім „нацыяналізмам“ на тэрыторыі Заходняй Беларусі; а можа і наадварот: нападабляў толькі тыя спосабы змаганьня зь беларускім „сэпаратызмам“, якія ўжываюцца польскімі гнабіцелямі ў Заходней Беларусі. Устанаўліваўся такім чынам адзіны фронт напору на ўсход; адбывалася змычка Домбаля і Жаброўскага зь Ялбжыкоўскім, Костка-Бернацкім, Мейстовічам і Студніцкім. „Побач нямецкага „Drang nach Osten“, — кажа Леон Васілеўскі, адзін з выдатнейшых тэорэтыкаў польскага імпэрыялізму, — маемо аналёгічную зьяву польскага напору на ўсход, які адбываецца стыхійна, не даючыся ні ўстрымаць, ані спыніць“.

Вось-жа: форпостам польскага напору на ўсход зьяўляюцца ў БССР польскія камуністы, пераважна эмігранты з Польшчы; на чале іх стаяць Т. Домбаль і В. Жаброўскі. Яны пралазяць на кіруючыя пасады ў партыйных і савецкіх установах, напорыстае вядуць змаганьне зь беларускім „мясцовым нацыяналізмам“, а ў рэчаістасьці — узмацняюць польскі імпэрыялізм.

Гэтак выпадае на справе бальшавіцкая дзейнасьць польскіх камуністаў у БССР.

20 правіць

„Зьвязда“ паведамляе: „У сувязі зь пераходам тав. Домбаля на іншую работу, прэзыдыюм Беларускай Акадэміі Навук аслабаніў яго ад пасад першага віцэ-прэзыдэнта Акадэміі і дырэктара інстытуту эканомікі“ (№ 81. 9 красавіка 1935).

Каротка, ясна і вузлавата: Домбаль „выкрыты і разгромляны“! Н. Гікало высьвятляе: „Толькі нядаўна КП(б)Б выправіла памылку, дапушчаную ў радзе раёнаў зь пераважаючым беларускім насельніцтвам, дзе штучна былі насаджаны польскія школы, у якія па сутнасьці ў прымусовым парадку накіроўваліся дзеці беларусаў“. Інакш кажучы: бальшавікі выкрылі і разграмілі беларускі нацыянал-дэмакратызм, а ў рэчаістасьці — узмоцнілі польскі імпэрыялізм.

21 правіць

І так: ЦК КП(б)Б выправіла памылку: на тэрыторыі БССР выкрыты і разгромляны польскі імпэрыялізм; Т. Домбаль перайшоў на іншую работу.

Але якое дзіва!

Чаму раптам такая лагоднасьць да польскіх імпэрыялістаў пад шыльдай компартыі, лагоднасьць зусім нязвычайная ў адношаньні да беларускіх нацыянал-опортуністаў?

Гэта, мабыць, дзеля таго, што, па-першае, польскія імпэрыялісты пад шыльдай компартыі зьяўляюцца прадстаўнікамі дзяржаўна-пануючай нацыі, а па-другое, яны маюць у Маскве вялікія знаёмствы сярод „знатных людзей“.

Гэтым, відавочна, тлумачыцца і той факт, што В. Жаброўскі, напрыклад, які ў мінуўшчыне быў членам сацыял-дэмакратычнай партыі Krolewstwa Polskiego i Litwy, даўгі час працаваў у шэрагах Камуністычнай Партыі Польшчы — з 1930 г. працаваў у ЦК УсеКП(б) адказным інструктарам, а потым намесьнікам загадчыка аддзелу агітацыі і масавых кампаній; быў адначасна сакратаром ЦК КП(б)Б. Супольна з Н. Гікало, першым сакратаром ЦК КП(б)Б, які таксама прывандраваў на Беларусь па загаду ЦК УсеКП(б), дапамагаў Т. Домбалю выкрываць і граміць беларускі „мясцовы нацыяналізм“, штучна насаджваючы польскія школы, і прымусова накіроўваць у польскія школы беларускіх дзяцей.

Існаваў, як бачымо, поўны кантакт і ўзаемнае паразуменьне, быў зьвязаны моцны вузёл, які злучаў і аб’еднываў у адну згодную грамаду польскіх і рускіх вялікадзяржаўнікаў-імпэрыялістаў пад шыльдай компартыі. Яны супольна грамілі і выкрывалі, выкрывалі і грамілі беларускі мясцовы нацыяналізм, усе асаблівасьці беларускае культуры.

Яскравым прыкладам іх супольнай пагромнай дзейнасьці на Беларусі можа быць хоць-бы і тое, як была імі выкрыта і разгромлена „шкодніцкая схема гісторыі Беларусі“ прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага: гісторыя Беларусі была выключана з праграмы школьнага навучаньня.

Гэта быў пагром над усёй мінуўшчынай беларускага народу!

Польска-расійскія вялікадзяржаўнікі-імпэрыялісты пад шыльдай компартыі „выкрыць, выкарчаваць і аканчальна разграміць“ у сьвядомасьці беларускага народу ўспаміны аб гістарычнай мінуўшчыне Бела-русі і ў гэткі спосаб нанесьці рашучы ўдар „мясцоваму нацыяналізму“; усю сваю бальшавіцкую пільнасьць яны засяродзілі на школьную моладзь.

У 1931 г. быў „выкрыты і разгромлены“ падручнік гісторыі Беларусі прафэсара Ўсевалада Ігнатоўскага, а сам аўтар — забіты ў вастрозе. Усе іншыя навуковыя працы па гісторыі Беларусі (праф. Пічэта, праф. М. Доўнар-Запольскі, Друшчыца, Касьпяровіча, Шлюбскага, Шчакаціхіна, Даўгялы), усе ўспаміны аб гістарычнай мінуўшчыне беларускага народу былі абвешчаны нацдэмаўскай фальсыфікацыяй гісторыі. Бач, маўляў, нацдэмы кажуць аб адзінстве беларускага народу ў мінуўшчыне і ў сучаснасьці.

Гісторыя Беларусі была выключана з праграмы школьнага навучаньня, бо гэта, маўляў, ёсьць „нацдэмаўскае шкодніцтва“. „Нарком асьветы пайшоў па шляху найменшага адпору, — кажа Д. Вінік, асьпірант Інстытуту школьнай пэдагогіі, — цалком без усякіх зьмен перадрукаваў праграмы РСФСР, у якіх ніякіх элемэнтаў з гісторыі Беларусі няма. А ня маючы ніякіх указаньняў наркома асьветы БССР, нашы настаўнікі баяцца праявіць хоць сколькі небудзь ініцыятыву, каб скарыстаць той матар’ял па гісторыі Беларусі, які ў апошнія часы зьявіўся ў выданьнях Беларускай Акадэміі Навук“. „Летам 1934 году адбыліся ў Менску настаўніцкія курсы. На запытаньне, якое мейсца займае гісторыя Беларусі ў агульным выкладзе гісторыі ў школах, 104 настаўнікі з 107 прызналі адкрыта: гісторыя Беларусі наогул не выкладаецца і ў агульнай распрацоўцы не скарыстоўваецца. Такое становішча, — кажа Д. Вінік, — далей не сьцярпіма!“. „Трэба шырока папулярызаваць сярод настаўніцтва цыкль лекцый па гісторыі Беларусі. Пры доме работнікаў асьветы ў Менску наладзіць кансультацыі, каб любы настаўнік мог атрымаць указаньні па гісторыі Беларусі. Трэба дабіцца, каб урэшце ва ўсіх школах БССР быў уведзены курс гісторыі Беларусі!“.

Узварухнуліся беларускія гісторыкі.

8 студзеня 1935 г. адбывалася ў Менску ўсебеларуская канфэрэнцыя гісторыкаў; аднагалосна сьцьверджана і ўстаноўлена: „Уся віна за невыкладаньне гісторыі падае на камісарыят асьветы“; „Гэты недахоп тлумачыцца яшчэ й тым, што ня было падручніка“.

„Асноўная работа нашых гісторыкаў, — кажа праф. В. Шчарбакоў, — канцэнтруецца вакол падрыхтоўкі падручніка па гісторыі Беларусі. Мы правялі толькі першапачатковую работу ў гэтай галіне. Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук выдана першая частка нарысу па гісторыі Беларусі. Але гэты нарыс яшчэ поўнасьцю ня можа задаволіць тых патрабаваньняў, якія ставяцца перад гістарычным падручнікам для нашых школ і вышэйшых навучальных установаў. Галоўны недахоп гэтай кніжкі — гэта адсутнасьць храналёгіі, недастатковая насычанасьць адпаведным матар’ялам“. „Мы падрыхтавалі першы том хрэстаматыі па гісторыі Беларусі93. Сабрана вялікая колькасьць каштоўных дакумэнтаў, якія даюць нам магчымасьць на канкрэтных гістарычных фактах складаць патрэбны нам падручнік па гісторыі“. „Тут вялікую ролю адыграе першы том дакумэнтаў пад назвай „Клясавая барацьба на Беларусі“. Вялікі каляктыў гісторыкаў-марксыстаў зараз працуе над складаньнем кароткай гісторыі КП(б)Б. Гэта зьяўляецца нашай баявой задачай. Адначасова намі вядзецца работа па складаньню поўнай гісторыі КП(б)Б“.

Нават больш таго: у жніўні 1934 г. заснаваны гістарычны факультэт пры Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце ў Менску; дзеканам факультэту прызначаны праф. В. Шчарбакоў, які ўважае, што „адным з важнейшых пытаньняў у справе падняцьця гістарычнай адукацыі на адпаведны ўзровень зьяўляецца пытаньне аб кадрах гісторыкаў — патрэбны высокакваліфікаваныя кадры гісторыкаў“.

Што гэта ўсё азначае?

А гэта вось што азначае: бальшавікі пачынаюць „лавіраваць і адступаць“!

Ня іначай адбываецца і на іншых вучастках культурнага будаўніцтва — у галіне літаратуры і мастацтва; трэба спадзявацца, што прыйдзе чарга і да зьмену новага рэфармаванага правапісу беларускай мовы.

Нельга не адзначыць пры гэтым, што знайшоўся і „казёл адпушчэньня“ ва ўсіх памылках КП(б)Б у галіне культурнага будаўніцтва — гэта Х. Дунец, намесьнік наркомасьветы БССР, загадчык Галоўмастацтва БССР, бальшавіцкі вучоны і літаратурны крытык, рэдактар часопісі „Літаратура і Мастацтва“; ён нядаўна яшчэ „з усёй бальшавіцкай пільнасьцю“ „выкрываў і граміў беларускі контррэволюцыйны нацыянал-дэмакратызм“ у галіне мастацтва і навукі. Яго ўжо скінулі за палубу. ЦК КП(б)Б выкрыў яго „трацкісцка-зіноўеўскую кантрабанду“. „Ідэалягічна разграміў“ і выкінуў з компартыі.

22 правіць

У сакавіку месяцы сёлетняга году адбылося ў Менску надзвычайнае паседжаньне пленуму ЦК КП(б)Б. Заслуханы быў даклад В. Валковіча, сакратара ЦК КП(б)Б „Аб задачах партыйна-арганізацыйнай і палітыка-выхаваўчай работы ў КП(б)Б“. Па дакладу прынята рэзалюцыя, у якой чытаемо:

„Аб беларусізацыі марксісцка-ленінскага выхаваньня. Пленум ЦК КП(б)Б адзначае, што за апошні час у некаторых камуністаў наглядаюцца небальшавіцкія адносіны да пытаньняў правядзеньня бальшавіцкай беларусізацыі, калі паасобныя члены КП(б)Б, уладаючы мовай, перастаюць гаварыць па-беларуску, што яўным чынам ліе ваду на млын буржуазнага нацыяналізму. Адзначаючы рост савецкіх беларускіх кадраў і вылучэньне іх на адказную работу ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі і культуры, значнае павялічэньне праслойкі навуковых кадраў у нашых ВНУ, ВТНУ і тэхнікумах непасрэдна з рабочых і калгасьнікаў і стварэньне беларускай інтэлігенцыі, да канца адданай справе сацыялізму, справе камуністычнай партыі, — пленум ЦК КП(б)Б абавязвае ўсе партыйныя і савецкія арганізацыі яшчэ больш энэргічна й сьмела адбіраць, рыхтаваць і вылучаць на адказныя савецкія й партыйныя работы кадры з рабочых беларусаў, з перадавых людзей калгасаў, з беларускай савецкай інтэлігенцыі.

Асабліва важнае значаньне набывае пытаньне беларусізацыі марксысцка-ленінскага выхаваньня, бальшавіцкага правядзеньня беларусізацыі, выкладаньня на беларускай мове, вылучэньне беларускіх кадраў, павялічэньня беларусізаваных школ і гурткоў у сетцы партыйнай асьветы, а таксама ўкараненьне ў партыйную асьвету гісторыі, эканомікі й культуры Беларусі.

Пленум ЦК КП(б)Б патрабуе ад усіх партыйных арганізацый сур’ёзнай практычнай работы ў галіне сапраўднага бальшавіцкага правядзеньня беларусізацыі і марксысцка-ленінскага выхаваньня“.

У БССР, як бачымо, узнаўляецца і ўзмацняецца беларусізацыя, і не здарма так робіцца — гэта бальшавікі выпраўляюць свае „памылкі“.

23 правіць

Шмат разоў мянялі ўжо бальшавікі сваю тактыку і стратэгію ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня. То яны абвесьцілі неадойнае права народаў на вольнае самаазначэньне аж да аддзяленьня, то ўзмоцненае вялі змаганьне з усімі спробамі рэчаістага зьдзейсьненьня гэтага права; то яны лавіравалі і адступалі перад магутным уздоймам нацыянальна-вызвальных рухаў, то ізноў вялі рашучы наступ і максымальна ўзмацнялі барацьбу з „сэпаратыстамі“ — „выкрывалі і грамілі“ беларускіх „нацдэмаў“, украінскіх „петлюраўцаў-нацыяналістаў“, грузінскіх „меншавікоў-ухілістаў“, армянскіх „дашакоў-хвасьцістаў“, узьбекістанскіх і таджыкскіх „басмачоў“, татарскіх „султан-галіеўцаў“, адным словам — выкрывалі і грамілі ўсіх „нацыяналаў“, якія імкнуліся да зьдзяйсьненьня волі і самастойнасьці сваіх нацый, сваіх родных краін, а ў выніку — і гэта з усёй гістарычнай няўхільнасьцю! — бальшавікі ізноў пачынаюць лавіраваць і адступаць, пачынаюць „выпраўляць памылкі“.

Ды, пэўна-ж, хто не памыляецца? Нават і папеж рымскі ня ёсьць непамыльны; таксама памыляецца: у булах і энцыкліках вунь стараецца направіць свае і чужыя грахі!

Можа і бальшавікі нарэшце возьмуцца за розум; нарабіўшы столькі асудных памылак, можа і сапраўды — не на словах, але на справе! — пачнуць „выкрываць, выкарчоўваць і бязьлітасна граміць“ свае вялікія грахі, пачнуць выпраўляць памылкі, якія зробляны імі ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня на Ўсходзе Эўропы.

Ня будземо, аднак, лёгкадумныя; паўзіраемся глыбей — аж у самы корань справы.

„Нацыянальнае пытаньне, — кажа Сталін, — нельга ўтоесамліваць зь сялянскім пытаньнем, бо апрача пытаньняў сялянскіх, нацыянальнае пытаньне ўключае ў сябе яшчэ пытаньні нацыянальнай культуры, нацыянальнай дзяржаўнасьці ды інш. Але ня сумніўна таксама і тое, што аснову нацыянальнага пытаньня, яго ўнутраную сутнасьць усё-ж такі складае пытаньне сялянскае. Гэтым уласна і тлумачыцца, што сялянства прадстаўляе аснаўную армію нацыянальнага руху, што без сялянскай арміі не бывае і ня можа быць магутнага нацыянальнага руху. Гэта ўласна і маюць на ўвазе, калі кажуць, што нацыянальнае пытаньне ёсьць па сутнасьці справы — пытаньне сялянскае“.

„Сацыяльны сэнс нацыянальнага пытаньня ў пралетарскай рэвалюцыі, — кажа М. Поташ, — складаецца з таго, што ён па сутнасьці справы ёсьць пытаньне сялянскае. Сялянства ўяўляе зь сябе аснаўную армію нацыянальна-вызваленчай барацьбы і ў сапраўднасьці сялянская барацьба самым цесным спосабам перапляталася з нацыянальна-вызваленчай барацьбой і разам з разгортываньнем першай разгортывалася й другая. І ўся гэта барацьба вялася й была завершана толькі пад кіраўніцтвам бальшавікоў. Толькі бальшавікі былі адзінымі кіраўнікамі барацьбы працоўных мас і ў першую чаргу сялянскіх рэвалюцыйных мас і ў нацыянальна-вызвальным руху на Беларусі супраць эксплоатацыі і нацыянальнага прыгнечаньня прыгнятаючых клас пануючай нацыі“.

Тое, што сялянства зьяўляецца галоўнай апорай нацыянальна-вызвальных рухаў, аб гэтым ня можа быць ніякага сумніву; але вось тое, што бальшавікі зьяўляюцца адзінымі кіраўнікамі рэвалюцыйна-вызвальнага змаганьня беларускага працоўнага сялянства супраць гнёту і вызыску капіталістычных клясаў пануючай нацыі — гэта ўжо выклікае супярэчнасьць з фактамі жывой рэчаістасьці.

„Наша партыя, — кажа Гарын, — ставіць так пытаньне: мы імкнёмся да бяскласавага грамадзтва, мы зьнішчаем класы, да канца другой пяцігодкі мы пабудуем бяскласавае грамадзтва, але пабудуем яго праз жорсткую клясавую барацьбу. З уступленьнем у другую пяцігодку клясавая барацьба не аслабляецца і не зьнішчаецца, а, наадварот, абвастраецца, узмацняецца на паасобных вучастках, у паасобных пэрыядах“. „Што адбываецца зь сялянствам? Перш чым перайсьці да аналізу, якія працэсы будуць адбывацца ў вёсцы, трэба паставіць пытаньне аб тым, што ўяўляе сабой аднаасобнае сялянства ў нашай краіне. Сялянства зьяўляецца апошняй капіталістычнай клясай таму, што яно вядзе дробную таварную гаспадарку, заснаваную на прыватнай уласнасьці, і таму зь сялянства штомінутна, штогадзінна вырастаюць капіталістычныя элемэнты“. „Зьнішчаючы капіталістычныя элемэнты, перарабляючы селяніна аднаасобніка, ліквідуючы дробна-таварную гаспадарку, заснаваную на прыватнай уласнасьці, мы тым самым ліквідуем прычыны, якія параджаюць капіталістычныя элемэнты ў вёсцы“. „Раз мы зьнішчаем дробна-таварную гаспадарку, дык тым самым зьнішчаем найглыбейшыя карэньні капіталізму, зьнікае крыніца і прычыны ўзьнікненьня капіталістаў у нашай краіне“. „Як можна гаварыць аб зьмякчэньні класавай барацьбы, калі мы ідзём да поўнага зьнішчаньня капіталістычных элемэнтаў, калі мы ставім гэта сваёй задачай да канца другой пяцігодкі. Што мы ставім перад сабой задачу зьнішчыць капіталістычныя элемэнты і клясы наогул, ведаюць цяпер ня толькі рабочыя, аднаасобнікі і калгасьнікі, аб гэтым ведаюць нашы класавыя ворагі“. „Што справа стаіць іменна так, можна пераканацца на нашай беларускай практыцы. Чаму нас павінна вучыць практыка апошніх тыдняў і месяцаў? Яна вучыць нас таму, што мы маем у сябе, на Беларусі, абвостраньне класавай барацьбы. Гэта даказваецца цэлым радам фактаў, калі кулакі вядуць работу за выхад з калгасу, цэлым радам замахаў на актыўных вясковых работнікаў, гэта даказваецца падрыўной работай кулака ў калгасах. У такіх умовах, калі мы самі наглядна можам бачыць і адчуваць абвастрэньне класавай барацьбы, калі кулак адказвае шалёным супраціўленьнем на нашы наступленьні, у такіх умовах гаварыць аб тым, што класавая барацьба патухае, ёсьць нішто іншае, як праваапартуністычныя гутаркі, якія маюць сваёй аб’ектыўнай мэтай дэмабілізаваць партыю і дапамагчы класаваму ворагу“.

Гэтак у рэчаістасьці выпадае бальшавіцкае кіраўніцтва працоўным сялянствам у рэвалюцыйным змаганьні за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленьне — усе сяляне аднаасобнікі, якія вядуць працоўную гаспадарку і сваймі ўласнымі сіламі абрабляюць зямлю, абвешчаны капіталістамі, і з гэтымі капіталістамі бальшавікі вядуць напорыстае змаганьне аж да поўнага зьнішчэньня „класавага ворага“.

Працоўнае сялянства ў бальшавіцкім уяўленьні — гэта ёсьць кулакі і падкулачнікі, гэта ёсьць класавы вораг, якога трэба зьнішчыць; вось яны і ўзяліся за яго зьнішчэньне з усёй бальшавіцкай пільнасьцю; выставілі баёўны покліч: „Зьнішчэньне сялянства як класы!“. Цяпер бальшавікі падлічваюць свае здабычы: у 1931 г. было зьнішчана 15% усіх бяднацка-сярэдняцкіх гаспадарак на Беларусі, на 1 студзеня 1932 г. — 50,4%, на 1 студзеня 1935 г. — 72%.

Нераўнамернасьць бальшавіцкіх перамог у барацьбе з працоўным сялянствам тлумачыцца тым, што сяляне ў шэрагу мясцовасьцей перахадзілі ад пасыўнае абароны да актыўнага наступу: насільна створаныя бальшавікамі калгасы распадаліся, нават і ў сучаснасьці ёсьць многа калгасаў, якія існуюць толькі на паперы, але бальшавікі іх жорстка прасьледуюць за гэта. Аб жыцьці раскулачаных сялян у бальшавіцкіх калгасах наяўна сьведчыць рэфрэн з народнае песьні: „У калгасах добра жыць — ваду есьці, сьлёзы піць, малаточкам вошы біць!“.

Бальшавікі, зьнішчаючы сялянства як клясу, намерываліся разам з тым зьнішчыць сацыяльную базу нацыянальна-вызвальных рухаў. У гэтым палягаў галоўны сэнс бальшавіцкага раскулачваньня сялянства ў нацыянальных рэспубліках і абласьцях Савецкага Саюзу; у гэтым, а ня ў чым іншым, палягае галоўны сэнс іх напорыстага змаганьня з працоўна-хутарскімі гаспадаркамі на Беларусі.

Ці дасяглі свае мэты?

„Справа ў тым, — кажа Якаўлеў, — што парадку на зямлі ў нас да гэтага ўсё яшчэ недастаткова, у нас яшчэ няма самага простага парадку на зямлі“.

Вось нібы той летапісны манах трудалюбівы сказ праўдзівы перадае для ўсеагульнага ўразумленьня: „Земля у нас веліка і обільна, но порядка в ней лішь нет“.

Каб устанавіць парадак на зямлі, бальшавікі склікалі ў Маскву 2-гі ўсесаюзны зьезд калгасьнікаў-ударнікаў; апрацавалі прыкладны статут сельска-гаспадарчай арцелі.

„Паглядзіце, — кажа Н. Бухарын108, — на новы статут сельскагаспадарчай арцелі, які ўнесен на 2-гі зьезд калгасьнікаў-ударнікаў. Зямля па гэтаму статуту — агульна-дзяржаўная ўласьнасьць. Але яна знаходзіцца ў бестэрміновым карыстаньні калгасьнікаў. Хто яе можа адабраць у калгасьнікаў? Ніхто. Яе ня можа адабраць памешчык, бо ён зьнішчаны. Яе ня можа адабраць кулак, бо разгромляны. Яе ня можа адабраць скупшчык, бо ён разьбіты. Яе ня можа атрымаць выскачка са сваіх радоў, бо зямля не прадаецца і не арэндуецца. Яна добра замацавана за калгасамі“.

І ўзапраўды: новы статут сельска-гаспадарчай арцелі-калгасу замацоўвае зямлю за арцелямі-калгасамі ў бестэрміновае карыстаньне — навечна; устанаўлівае норму прысядзібнай зямлі (ад чвэрці і да аднаго гэктару), якая знаходзіцца ў асабістым карыстаньні двара; кожны калгасны двор можа мець у асабістым карыстаньні 2-3 каровы і маладняк, 2-3 сьвінаматкі з прыплодам, 20-25 авечак і коз разам, неабмежаваную колькасьць птушак і трусоў і 20 вульляў пчол. Аплата працы ў арцелі-калгасе адбываецца натурай і паводле выкананых працаднёў; разьмер аплаты за працадні ўстанаўліваецца агульным сходам сялянкалгасьнікаў пасьля таго, як арцель-калгас выканае ўсе свае павіннасьці адносна дзяржавы як галоўнага ўласьніка зямлі.

Здаецца, на першы погляд, усё ёсьць чыста і гладка. Вось, маўляў, хіба-ж гэта ня будзе ўжо цяпер парадку на зямлі?

Не, няма і ня будзе парадку на зямлі аж пакуль ня будзе волі!

Зямля добра замацавана за калгасамі, — кажа Бухарын; ніхто цяпер ня можа яе адабраць ад сялян-калгасьнікаў — ні абшарнікі, ні кулакі, ні выскачкі з свайго асяродзьдзя; зямля замацавана, маўляў, на вечныя часы за сялянамі-калгасьнікамі, або інакш кажучы: безтэрмінова; у рэчаістасьці гэта азначае, што дзяржава як галоўны ўласьнік зямлі можа адабраць ад сялян-калгасьнікаў зямлю, калі ёй гэта ўздумаецца і калі гэта ёй захочацца, а ў тым прыпадку, калі сяляне-калгасьнікі будуць супраціўляцца, то дзяржава, маючы ў сваім распараджэньні апарат прымусовае ўлады, прымусіць іх да гэтага — разгроміць і зьнішчыць як „клясавых ворагаў“.

А што такое ўяўляе з сябе сучасная савецкая дзяржава?

Сучасная савецкая дзяржава — гэта ёсьць компартыя плюс бюракратыя; інакш кажучы гэта ёсьць тая ўпрывілеяваная супольная група, якая займае ўладарна-кіруючае становішча ў суспольстве; гэта ёсьць новая савецкая шляхта. У сацыяльна-псыхічным разрэзе гэта азначае: бальшавіцка-ленінская шляхта ўзіраецца на дзяржаву, як на сваё прадпрыемства, як на сьвяшчэнную і недатыкальную ўласнасьць; у адношаньні да сялян-калгасьнікаў, як і да рабочых на фабрыках і заводах, выступае нібы той капіталіст-прадпрыемец: наймае працоўную сілу, эксплюатуе, гандлюе прадуктамі вырабу, устанаўляе цьвёрдыя цэны на ўнутраным рынку і канкуруе ў гандлі з замежнымі капіталістамі. З дабавачнай вартасьці, якую атрымлівае ў выніку ўсяго гаспадарчага працэсу, устанаўлівае адпаведную норму свайго дабрабыту; прычым, вышыня дабрабыту селяніна-калгасьніка і фабрычнага рабочага ў параўнаньні з вышынёй дабрабыту сов-дзярж-капіталіста ёсьць ня менш адменная, чымся ў кожным іншым капіталістычным суспольстве: дыстанцыя, казаў той, вагромністага разьмеру!

Зямля не арэндуецца, — кажа Бухарын. Гэта яго цьверджаньне не адпавядае рэчаістасьці: арэнда існуе — толькі ў замаскаванай форме. Савецкая дзяржава як галоўны ўласьнік зямлі замацоўвае зямлю за калгасамі на пэўных умовах; наяўна аб гэтым сьведчыць новы прыкладны статут сельгасарцеляў, які сяляне-калгасьнікі павінны абгаварыць і прыняць. Гэта ёсьць аднабокія ўмовы, бо сяляне-калгасьнікі пазбаўлены магчымасьці іх зьмяняць, унасіць у іх свае папраўкі або зусім іх адхіляць; выстаўляць свае ўмовы; ня прыняцьцё ўмоваў, прадыктаваных компартыяй, азначае, паводле сучаснай бальшавіцкай тэрміналёгіі, „контррэвалюцыю“ і цягне за сабой жорсткае прасьледаваньне: выключэньне з калгасу, пазбаўленьне магчымасьці існаваньня. Сяляне-калгасьнікі мусяць прыняць і тыя абавязкі ў адношаньні да дзяржавы, якія на іх ускладае статут сельгасарцелі: у першую чаргу павінны выканаць хлебазагатоўкі і кантрактацыі, якія вымагае дзяржава.

Савецка-бальшавіцкая дзяржава, як і кожны капіталістычны прадпрыемец, дбае толькі аб сваіх інтарэсах; цягне жыцьцёвыя сокі зь сялян-калгасьнікаў так, што не зьвяртае нават ніякае ўвагі на тое, ці застанецца што-небудзь у сялян-калгасьнікаў на пражыцьцё, калі выканаюць усе свае павіннасьці адносна дзяржавы; у статуце, напрыклад, нічога не гаворыцца аб тым, якая мае быць норма аплаты за працадні; можа здарыцца нават так, што нічога не застанецца за працу пасьля выкананьня ўзложаных абавязкаў адносна дзяржавы. Нічога не сказана ў статуце і аб тым, зь якіх гэта сродкаў селянін-калгасьнік будзе ўтрымліваць сваю жывёлу — можа з свайго ўласнага пражытачнага мінімуму? Але што найбольш важнае — як гэта сяляне-калгасьнікі могуць арганізоўваць сваю вытворчую працу ў арцелі-калгасе, калі яны пазбаўлены элемэнтарных магчымасьцяў вольнай самаарганізацыі? Ці мо гэта праца мае быць прымусовая; хто і каго прымушае? Затым, калі праца ў калгасе мае быць прымусовая, то гэтым самым вылучаецца дабравольнасьць аб’еднаньня сялян у калгасы, а бязь волі, як ведама, няма і ня можа быць парадку на зямлі.

Зямля і Воля — гэта ёсьць покліч сялянскіх рэвалюцыйна-вызвальных мэтаімкненьняў.

Зямля і Воля — гэта ёсьць покліч, які выставіла працоўнае сялянства ў змаганьні з царска-раманаўскай шляхтай; гэта ёсьць покліч, які выстаўляе працоўнае сялянства ў змаганьні з бальшавіцкаленінскай шляхтай; гэта ёсьць покліч змаганьня з гнётам, прымусам і зьдзірствам; гэта ёсьць покліч рэвалюцыйнага змаганьня з паншчынай!

„У Савецкім Саюзе, — кажа Молатаў, — пастаўлена цяпер пытаньне аб далейшай дэмакратызацыі выбарчай сыстэмы ў сэньсе замены ня зусім роўных выбараў — роўнымі, многаступенных — простымі, адкрытых — закрытымі“. „Прыйшоў час, — ён кажа, — калі краіна Саветаў у мэтах далейшага ўмацаваньня савецкай сыстэмы можа перайсьці да поўнага ператварэньня ў жыцьцё ўсяго, што ёсьць лепшага ў агульным простым, роўным і тайным выбарчым праве — на аснове савецкага ладу“.

„Наша краіна сьмела падымае сьцяг сапраўднага дэмакратызму і савецкага парлямэнтарызму“. „Гэта ёсьць — новая эпоха савецкай дэмакратыі“.

Што такое дэмакратыя?

Дэмакратыя ня ёсьць толькі форма арганізацыі палітычнае ўлады; дэмакратыя — гэта ёсьць вольная арганізацыя працы! Сапраўдная савецкая дэмакратыя — гэта ёсьць дэмакратыя працы; гэта ёсьць працоўная дэмакратыя! Калі бальшавікі адважыліся, нарэшце, падняць сьцяг сапраўднага дэмакратызму і савецкага парлямэнтарызму, калі яны і ўзапраўды — не на словах, але на справе! — зьменяць канстытуцыю ў сэньсе ператварэньня ў жыцьцё ўсяго, што ёсьць лепшага ў агульным, простым, роўным і тайным выбарчым праве, няхай нават і на аснове савецкага ладу, то гэта азначае, што дэмакратыя, працоўная дэмакратыя, павінна быць устаноўлена ў калгасах, на фабрыках і заводах, ва ўсіх дзяржаўных установах; гэта азначае канец дыктатуры. Дэмакратыя, сапраўдная дэмакратыя вылучае дыктатуру.

Дэмакратыя ўхіляе і вылучае дыктатуру ня толькі ў дзяржаўных установах і заводах, але і ў калгасах; і гэта ёсьць у першую чаргу: хочуць сяляне быць у калгасах — гэта іх воля, іх права; а ня хочуць — ніхто іх ня можа прымушаць на гэта!

Гэтак, на аснове дэмакратыі, вырашаецца сялянскае пытаньне.

Ня іначай вырашаецца, на аснове дэмакратыі, і нацыянальнае пытаньне: хочаць народ Усходняе Эўропы ўваходзіць у Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік — гэта іх воля, іх права, ня хочаць — ніхто іх ня можа прымушаць на гэта!

Калі дэмакратыя, то няхай будзе сапраўдная дэмакратыя!

Пасьлядоўна зьдзейсьненая савецкая дэмакратыя ператвараецца, такім чынам, у нацыянал-дэмакратыю; сов-дэмы абяртаюцца ў нацдэмаў.

Дык на што было праліта столькі сьлёз і крыві бязьвінных ахвяр бальшавіцкага тэрору?

24 правіць

„Нам прыходзіцца лічыцца з тым, — кажа В. Молатаў, — што непасрэдна небясьпека вайны для СССР узмацнілася. Аб вайне супраць Савецкага Саюзу даўно ўжо адкрыта гавораць некаторыя ўплывовыя колы ў Японіі. Нельга забываць і аб тым, што ў Эўропе цяпер ёсьць кіруючая партыя, якая адкрыта абвясьціла гістарычнай сваёй задачай захват тэрыторый у Савецкім Саюзе. Ня бачыць набліжэньня новай вайны — значыць закрываць вочы на галоўную небясьпеку. На ўсё гэта Савецкі Саюз адказаў перш за ўсё ўзмацненьнем актыўнасьці ў барацьбе за мір. Усім вядома шырокая ініцыятыва СССР у пытаньні аб пактах ненападу“. „Савецкі ўрад ня толькі праявіў ініцыятыву, але і падтрымліваў крокі другіх урадаў, накіраваныя на ахову міру і міжнароднай безапаснасьці“. „Аснова нашай зьнешняй палітыкі — падтрыманьне міру і разьвіцьцё мірных адносін з усімі краінамі“.

Ясна, што пры такіх абставінах, калі ўрад СССР змушаны вясьці мірную вонкавую палітыку, з усей няўхільнасьцю павінен зьмяніць і сваю ўнутраную палітыку. „Мір дварцам — вайна хіжынам!“ — гэта ёсьць небясьпечная гульня. Можа ўзьняцца вялікая бура. Урад СССР, калі ён узапраўды імкнецца да падтрыманьня міру і разьвіцьця мірных адносін з усімі краінамі, то ў першую чаргу ён павінен устанавіць мір з хіжынамі — з працоўным сялянствам і з народамі СССР. Сіла штыха і кулямёта павінна быць зьменена на сілу права і вольнага самаазначэньня!

Узапраўдная палітыка міру — гэта ёсьць палітыка пасьлядоўнага зьдзяйсьненьня дэмакратыі; у канкрэтнай рэчаістасьці гэта азначае: ухіленьне акупацыйных рэжымаў і ўсеагульнае разбраеньне.

Але бальшавікі інакш узіраюцца на справу: яны лавіруюць і манэўруюць.

Супярэчнасьці вайны і міру бальшавікі намерываюцца вырашыць у той спосаб, што ўзмоцнена вядуць прапаганду за мір, а яшчэ больш узмоцнена рыхтуюцца да вайны. „Наша чырвоная армія, — яны кажуць, — да канца XVII гадавін прыходзіць з гіганскімі посьпехамі і ў колькасных і ў якасных адносінах. Несакрушальная магутнасьць чырвонай арміі. Савецкі Саюз цяпер можа вырабляць у масавым маштабе ўсе сучасныя сродкі абароны. Наша чырвоная армія цяпер узброена як ніколі, мацнейшымі паветранымі эскадрыліямі, цяжкой артылерыяй, быстраходнымі танкамі. Мы закавалі ў жалезабэтон нашу заходнюю граніцу ад Ладажскага возера і да Чорнага мора, мы закавалі ў жалезабэтон нашы граніцы на Далёкім Усходзе. Наша чырвоная армія ўмее і нястомна вучыцца ў дасканаласьці ўладаць той магутнай тэхнікай, якою яе ўзброіла рабоча-сялянская краіна. Чырвоная армія нястомна вучыцца, гэта — дасканалая школа палітычнага, культурнага і тэхнічнага безупыннага росту камандзіраў і байцоў. Наша армія — плоць ад плоці працоўнага народу. Ні адна армія ў сьвеце не акружана такой любоўю, такімі клопатамі, такой безупыннай увагай і падтрыманьнем найшырэйшых працоўных мас, як наша чырвоная армія. Варта толькі ўспомніць, якой бурай энтузіазму былі спатканы выступленьні прадстаўнікоў чырвонай арміі на XI усебеларускім і VII усесаюзным зьездах саветаў. Варта толькі ўспомніць, зь якой любасьцю сустрачаюць нашых чырвоных байцоў і камандзіраў на кожным заводзе, на кожнай фабрыцы, у кожным калгасе! Вялікі гонар — быць байцом чырвонай арміі! Няхай жыве нашая родная непераможная чырвоная армія!“.

Жалезабэтон, магутная паветраная эскадрылья, цяжкая артылерыя, быстраходныя танкі і дасканала выўчаны ўладаць наймагутнейшай тэхнікай сучаснае вайны баец-чырвонаармеец — вось іх аргумэнты міру! Хіба можна сумневацца ў тым, што гэткае разуменьне міру ёсьць нішто іншае, як разьдзьмухваньне вайны? Хіба-ж не такія самыя аргумэнты міру выстаўляюцца ўсімі капіталістычнымі дзяржавамі, зь якімі бальшавіцкая ўлада вядзе спаборніцтва ў найбольшым удасканаленьні тэхнікі сучаснага ўзбраеньня?

Павялічэньне мілітарнае сілы СССР — удасканаляньне тэхнікі ўзбраеньня і ваенізацыя суспольнага жыцьця — моцным рэхам адзываецца ў суседніх капіталістычных краінах; тое-ж самае адбываецца і з другога боку „сьвяшчэнных і недатыкальных межаў савецкае радзімы“.

Крывавая рыжская мяжа, якой разарвана Беларусь на часьці, узмацоўваецца жалезам і бэтонам ня толькі з боку „савецкае радзімы“, але і з боку „polskiej ojczyzny“.

Спаборніцтва ўзбраеньняў, як бачымо, не ўхіляе супярэчнасьці вайны і міру, але яшчэ больш павялічвае і паглыбляе; небясьпека вайны з кожным днём узмацняецца; з кожным новым кулямётам і новым танкам набліжаецца час, калі яны самі пачнуць страляць!

Пакты аб ненападзе — гэта ёсьць толькі фармальнае прызнаньне таго, што напады магчымы і што трэба іх чакаць. Згэтуль яшчэ больш узмоцненая падрыхтоўка да вайны. Адбываецца ўзмоцненая ваенізацыя ўсяго насельніцтва; у прыпадку вайны ўсё насельніцтва Савецкага Саюзу павінна ўзяць на сябе цяжкое бярэмя ваенных павіннасьцяў і без жадных нараканьняў складаць ахвяры на аўтар „савецкае радзімы“. У адмену за гэта бальшавікі абяцаюць даць раскулачаным сялянам „заможнае жыцьцё ў калгасах“, а прыгнечаным і паняволеным народам — „бальшавіцка-ленінскае выхаваньне“.Тое-ж самае адбываецца і з другога боку межаў савецкае радзімы; уся розьніца палягае хіба толькі ў тым, што замест „заможнага жыцьця ў калгасах“ абяцаюць даць сялянам „заможнае жыцьцё ў небе“, а прыгнечаным і паняволеным народам — „эўрапэйскае выхаваньне“!

Як у рэчаістасьці выпадае гэта „эўрапэйскае выхаваньне“ — яскрава сьведчаць факты народнае асьветы ў Заходняй Беларусі.

Вось што апавядае аб гэтым польская вучыцелька, якая ўжо шмат гадоў працуе ў пачатковай школе на тэрыторыі Заходняй Беларусі, дзе беларускія дзеці змушаны вучыцца ў польскіх школах: „Дзеці прыходзяць у школу і ня знаюць аніводнага польскага слова. Наўкола ня чуюць ніякай іншай мовы, апрача мовы беларускай. Дзеці між сабой гавораць толькі па-беларуску, ніколі не гавораць па-польску. Па-польску гавораць толькі на лекцыях з прымусам і труднасьцяй. Дзеці ніколі ня думаюць па-польску. Вучацца лекцыяў і гавораць аб лекцыях і навуцы заўсёды толькі па-беларуску. 17 гадоў ужо працуе публічная пачатковая школа на тэрыторыі заселенай беларусамі. 17 гадоў вучымо беларускіх дзяцей па-польску. Якія сьляды гэтай працы? Дзеці гавораць па-польску толькі ў школе. Школа ня робіць таго, што рабіць павінна ані ў галіне навучаньня, ані ў галіне выхаваньня. У выніку — паўторны анальфабетызм. Каб гэтыя дзеці вучыліся па-беларуску, то напэўна школьная праграма была-б зрэалізаваная, але ня ўмелі-б па-польску. Цяпер ня ўмеюць ані добра па-польску, ані зразуменьня матарыялаў навучаньня. Няма выхаду. Што рабіць? Аб што ідзе? Ці-ж тыя спосабы, якія ўжываліся аж да апошняга часу, не паказалі яшчэ па 17-гадовай працы сьлёзных вынікаў?“.

І ўзаўпраўды: аб што ідзе, якое гэта эўрапэйскае выхаваньне даюць беларусам польскія імпэрыялісты?

Польскім гнабіцелям ідзе аб тое, каб зьвязаць беларусаў з польскай дзяржавай, каб беларусы, у прыпадку вайны, самаахвярна ішлі паміраць „za ojczyznu od morza do morza“. У працягу 17-ці гадоў узывалі спосабы прымусовае палянізацыі. Але атрымаліся сьлёзныя вынікі. „Wobec ludzi innej sfery lud nasz jest nieufny і zamknкty w sobie“. Польскія акупанты ламаюць сабе галаву над тым, як здабыць заўфаньне беларускага народу да „ojczyzny polskiej“, якім спосабам прывязаць да польскае дзяржавы?

Прыходзяць да выснаўку: каб гэтыя дзеці вучыліся па-беларуску. Вось-жа: вызначаюцца новыя шляхі і спосабы польскага панаваньня на землях Заходняй Беларусі; польскія гнабіцелі пачынаюць выпраўляць свае памылкі: абмяркоўваюць пытаньне аб увядзеньні беларусізацыі як надзейнага спосабу прывязаньня беларусаў да польскае дзяржавы і заахвочваньня да самаахвярнасьці на аўтар польскага імпэрыялізму.

Узмоцненая падрыхтоўка да вайны і ваенізацыя ўсяго насельніцтва змушаюць акупацыйныя ўлады на Беларусі выпраўляць памылкі, якія дапушчаны былі імі ў адносінах да беларускага народу. Але народ беларускі, навучаны горкім досьведам, прадаўжае быць „nieufny і zamknкty w sobie“ — ня верыць людзям „z innej sfery“, бо хоча мірнай працы, хоча волі і самастойнасьці.

Хто ўзапраўды хоча міру, той ня можа не хацець волі і незалежнасьці Беларусі.

На ўсім абшары беларускае зямлі ад Ловаці аж да Буга ўся паўната ўлады мае належаць беларускаму народу!

Вольная і незалежная Беларуская Народная Рэспубліка — гэта ёсьць адзіны і ўзапраўдны шлях міру!

25 правіць

Адважна ўзіраемся насустрач будучыні!

Беларускі народ у цягу стагодзьдзяў перажыў шмат розных ліхалецьцяў; жыве і будзе жыць!

Маючы на ўвазе досьвед гістарычнае мінуўшчыны, крытычна ацэньваючы ўсе папярэднія ступені разьвіцьця беларускага вызвальнага руху, нельга не прыйсьці да выснаўку, што ў беларускага народу знойдзецца ў дастатку творчых сілаў і арганізацыйных здольнасьцяў, каб у час катаклізму, які надыходзе, здужаць і аўладаць усе плыні разьюшанай стыхіі ўстанавіць парадак міру і канструктыўна-творчай працы для дабра паспалітага люду.

І разарвуцца кайданы няволі, і спадуць чужацкія ёрмы, і распачнецца новае жыцьцё.

Беларусь, бацькаўшчына Скарыны, Буднага, Сапегі, Багушэвіча, Каліноўскага, Грынявецкага, Бурбіса, Ігнатоўскага, наша радзіма Беларусь будзе вольнай і ні ад каго не залежнай народнай рэспублікай! [[Катэгорыя:Творы 1935 году]