Што трэба ведаць кажнаму беларусу

Што трэба ведаць кожнаму беларусу
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1918
Крыніца: https://rekenavri.blogspot.com/2011/08/blog-post_9966.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто мы?

Лягатып Вікіпэдыі
Лягатып Вікіпэдыі
На Вікіпедыі
Што трэба ведаць кажнаму беларусу (акадэмічная)
Што трэба ведаць кажнаму беларусу (клясычная)

Мы — беларусы.

Хто ёсьць беларусы?

Беларусы — гэта народ славянскага племя.

Чаму мы называемся беларусамі?

Бо мы нарадзіліся беларусамі, ускарміліся з беларускае зямлі, узгадаваліся і жывём на Беларусі.

Хто гэта - беларус?

Беларус той, у чыіх жылах цячэ беларускай кроў, чые прадзеды, дзяды і бацькі былі беларусамі.

Як называецца той, хто выракаецца свайго народу?

Той, хто выракаецца свайго народу — здраднік, душапрадаўца. Здрада — гэта найцяжэйшае ліхадзейство, якое толькі ведаюць людзі.Дзеля гэтаго мы ніколі ні пакінем свайго народу. Шчыры беларус, праўдзівы сын свайго народу заўсёды будзе тэй думкі: “Ніхай лепей загіну, чымсі адракуся ад свайго народу беларускаго”. Бо з Беларусью і з беларускім народам зьвязано нашае жыццё. Гэта нашае найвышэйшае дабро, нашая радасьць і слава.

Што такое народ або нацыя?

Народ або нацыя – гэта людзі, якія гавораць адной мовай, засяляюць супольны край і праз гэта складаюць адну вялікую сям'ю, народ, нацыю.

Хто прыналежыць да народу або да нацыі?

Кожны, хто паходзіць з аднаго народу, або нацыі. Прыналежнасьці да нацыі, ці народу, нельга выбіраць паводле свайго густу, ці спадобы. Прыналежным да народу стаецца кожны чалавек ужо па сваей крыві, па сваей прыродзе, целам і душой сваей. Сьвядомым грамадзянінам народу свайго становіцца беларус толькі тагды, калі ён усьвядоміцца, - гэта значэ, спазнае добра, хто ён сам ды пачуе духоўную і кроўную зьвязь з усім сваім народам.

Народная сьвядомасьць збліжае і злучае людзей у адну моцную сям'ю. Даражэйшы і мілейшы нашаму сэрцу будзе кожны беларус, хоць бы ён найдалей ад нас жыў, бо ён прыналежыць да нашаго народу беларускаго, бо гэта наш брат па народнасьці. Усе іншыя народы, хоць-бы яны і жылі на Беларусі, аднак яны нам чужыя, бо яны спагадаюць і любяць кожны свой народ і сваю Бацькаўшчыну, а з нашае зямлі і народу толькі цягнуць для сябе сокі.

Ці ёсьць іншыя народы?

На сьвеце многа розных народаў. Кожны іншы народ нам чужы, а есьць паміж імі і цяжкія нашыя ворагі, якія здаўна ужо ўпарта працуюць над тым, каб беларусаў выгубіць ды самым заняць нашую зямлю і нашае дабро. Кожны такі вораг стараецца угаварыць цемных нашых братоў, каб яны выракліся свайго роднаго: і мовы, і песьні, і граматы, а заміж нашаго, роднаго, падсуваюць свае, чужацкае. Асьцерагайцеся-ж, браты, такіх авечак у воўчай скуры!

II. Беларуская зямля

Дзе жывуць беларусы?

Беларусы жывуць на сваёй Беларускай зямлі. Беларуская зямля ўся тая, дзе жывуць Беларусы.

Як вяліка Беларусь?

Беларусь вялікая старонка. Па свайму абшару Беларусь займае сярэдняе мейсцо паміж Італіей і Эўропэйскай Турцыей.

  • Аўстрыя займае 600,000 км.
  • Нямеччына 540,000
  • Францыя 536,000
  • Англія 315,000
  • Італія 286,000
  • Беларусь 258,000
  • Турцыя 130,000
  • Румынія 131,000
  • Баўгарыя 96,000
  • Португалія 91,000

Якая-ж то дужая будзе дзяржава з Беларусі, калі станецца яна ад нікога нізалежная ды стане справавацца сама, сваімі людзьмі, беларусамі!

Ці жывуць беларусы па-за межамі Беларусі?

Дзеля таго, што над Беларусамі пануюць чужынцы, ні раз прымушаны былі Беларусы пакідаць сваю Бацькаўшчыну ды выціраць чужыя куткі. Вельмі многа беларусаў перасялілося у Сібір, у Амэрыку, у Бразылію, у Азію, а такжэ па ўсей Маскоўшчыне.

Колькі усіх Беларусаў?

Беларускага народу жыве на сьвеці 10 мільёнаў. Паміж эўропэйскімі народамі Беларусы займаюць 9-е мейсцо. Лічба народу ў Эўропі (ні лічучы іншых частак сьвету) выглядае так:

  • Немцаў 74 міліён.
  • Маскалеў " " " 65 "
  • французаў " " " 42 мільён"
  • Англікаў " " " 40 "
  • Італьлянцаў " " " 34 "
  • Украінцаў " " " 33 "
  • Гішпанцаў " " " 18 "
  • Палякоў " " " 15 "
  • Беларусаў " " " 10 "
  • Румынаў " " " 9 "
  • Жыдоў " " " 9 "
  • Голендраў " " " 8 "
  • Вэнграў " " " 7 "
  • Чэхаў " " " 7 "
  • Фінаў " " " 7 "
  • Швэдаў " " " 6 "
  • Баўгараў " " " 6 "
  • Грэкаў " " " 5 "
  • Португалаў " " " 5 "
  • Сэрбаў " " " 5 "
  • Туркаў " " " 5 "
  • Норвэжцаў " " " 5 "
  • Ірляндцаў " " " 4 "
  • Літвіноў " " " 3½ "
  • Харватаў " " " 3 "
  • Славакаў " " " 3 "
  • Славінцаў " " " 2 "
  • Албанцаў " " " 1 "

III. Беларуская мова

Што такое народная мова?

Народная мова тая, якой гаворыць увесь народ. Кожны народ мае сваю родную мову і ёй усюды гаворыць. Родная мова — вялікае народнае багацьце, якое народ павінен высока цаніць і пялегаваць.

Па чым лягчэй пазнаць, што мы беларусы?

Найлягчэй гэта спазнаць па нашай мове. Мова злучае людзей у адзін народ. І нашая беларуская мова злучае звыш 10 міліёнаў Беларусаў у адзін народ.

Чаму мы гаворым беларускай мовай?

Бо яна наша родная, а кожны чалавек любіць сваю родную мову: немяц — нямецкую, баўгарын — баўгарскую, а беларус — беларускую. І ўсё, што пекнае, што добрае, усе мудрасьці сьвету — навуку, літаратуру — мы найлепей разумеем і любім, калі чуем у сваёй роднай мове. У сваем доме мы, бывае, мала бачым сваю любоў да нашай мовы, затое, будучы на чужыне, як толькі пачуем нашую мову, дык вельмі цешымся. Бо чалавеку наймілей чуць і гаварыць сваёй роднай мовай.

Якая нашая мова?

Нашая мова адна з найчысьцейшых у славянскай сям’і мова. Яна пекная, мілагучная, вельмі сьпеўная і гібкая, пра што вельмі надаецца да паэзіі і сьпеваў. Дзеля таго, што мова нашая захавала даўнейшы славянскі характар, яна — як маці у славянскай сям’і моў: да яе, як дзеці да маткі, падобныя усе славянскія мовы: маскоўская, сэрбская, чэская. украінская, польская і інш. Але пры гэтым яна зусім асобная, самабытная мова, як і кажная іншая. Ворагі нашага народу лгуць, што мова нашая не самабытная, калі кажуць: «гэта мешаніна маскоўскай і польскай моваў». Гэтак могуць гаварыць толькі нашыя зладумцы, або цёмныя людзі. Шмат вучоных людзей розных нацыянальнасьцяў навучаліся нашае мовы і пісалі аб ёй вучоныя кнігі, і усе яны у вадзін голас кажуць, што мова беларуская зусім самабытная, асобная мова, такая-ж самая асобная славянская мова, як польская ці маскоўская.

Даўней нашая мова была аднэй з самых культурных усходня-славянскіх моваў, ёю гаварылі князі нашыя, князі і вяльможы Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага, ды каралі Польскія. Беларуская мова была мовай дыплёматычнай на усходзе Эўропы.

У беларускай мове у Вялікім Княстве Беларуска-Літоўскім пісаліся усе законы, вяліся усе урады і суды, адбываліся соймы і інш. С тых часоў захавалася многа дакумэнтаў, кніг, грамат і усе яны пісаны чысьцюсенькай нашай беларускаю мовай.

Ці маюць беларусы сваю літаратуру (пісьменнасьць)?

Мы, беларусы, маем багатую сваю асобную пісьменнасьць. Беларуская пісьменнасьць старэйшая за польскую і маскоўскую. З усіх славянскіх народаў адны толькі чэхі мелі раней за беларусаў надрукаваную Біблію у сваёй мове.

  • Чэская біблія выдрукавана у 1488 г.
  • Беларуская " 1517 г.
  • Украінская " 1555 г.
  • Польская " 1561 г.
  • Літоўская " 1660 г.
  • Маскоўская " 1751 г.

Беларусы ў даўнейшыя часы мелі вельмі багатую сваю пісьменнасьць. У XVI сталецьці былі напісаны і надрукованы у беларускай мове усе законы, кнігі духоўныя (праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і рэфармацкія), гістарычныя, навуковыя і усякія іншыя. Пасьля наш народ заняпаў, яго задушылі, заціснулі, пры гэтым і пісьменнасьць заглушылі. Калі нашая Бацькаўшчына падпала пад Расію (Масковію), дык нават зусім было забаронена што-небудзь пісаць і друкаваць пабеларуску. Толькі у 1905 годзе, у часе расейскай рэвалюцыі, беларусы дабіліся права друкаваць кнігі ў сваёй мове. За кароткі час ад 1905 г. беларускія паэты і пісьменьнікі напісалі многа пекных і цікавых кніжак, стварылі новую беларускую літаратуру. Цяпер беларусы маюць німалую і новую сваю літаратуру і шмат газэтаў і часопісаў.

Ці беларуская мова адна на ўсёй Беларусі?

Адна і тая самая на усёй Беларусі. Але як усе старадаўныя мовы, так і нашая мае свае адмены — дыялекты або гутаркі. У нас ёсьць шэсьць дыялектаў або гутарак: віцебская, смаленская, палеская, цэнтральная (менская), слуцкая, барысаўская.

Чаму іншыя беларусы стараюцца гаварыць чужой мовай заміж сваёй?

Тыя беларусы, што стараюцца гаварыць чужой мовай, унікаючы свае, бываюць або шэльмы-душапрадаўцы, ды перакульшчыкі, або людзі цёмныя, якіх аблуталі ворагі нашага народу. Першыя не гавораць па-беларуску дзеля свае асабістае карысьці, бо пайшлі у найміты да чужынцаў і працуюць зусім сьведама на шкоду Беларускаму народу, каб яго выгубіць. Другія не гавораць праз цемнату сваю, бо паверылі нашым ворагам, што мова нашая «брыдкая», «простая» і за рознымі нашымі зладумцамі ідуць, як авечкі, на бойню. Павіннасьць кожнаго сьвядомаго беларуса з першымі — ворагамі — змагацца, а другіх — цёмных — усьведамляць, выясьняючы ім праўду і навучаючы гісторыі нашай ды шыручы беларускае друкаванае слова.

Што сталася-б, каб мы забыліся свае роднае мовы?

Калі-б мы нашую родную, Богам нам дадзеную і усьвячоную, беларускую мову закінулі, забыліся, а прынялі чужую, - тагды па усіх нас і сьлед загінуў-бы на зямлі.

Наш поэт Мацей Бурачок у прадмове да «Беларускай Дудкі» кажа: «Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш сваю мову, так як той чалавек перад скананьнем, катораму мову займае, пасьля і зусім замерлі. Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня умерлі! Пазнаюць людзі людзей па абліччу ці па адзежы, якую хто носіць. Вось-жа мова — гэта ёсьць аблічча і адзежа душы людзкой».

Хто не шануе родную мову, той не шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў— бацькоў, каторыя гэтай мовай гаварылі. А хто стыдаецца роднай мовы, варты таго, каб і яго добрыя людзі стыдаліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як недалюдкам. Бо стыдаючыся роднай мовы, ён крыўдзіць ня толькі дзядоў — бацькоў сваіх, але і увесь народ. Справядлівы, добры чалавек ніколі не стыдаецца роднай мовы. Ён і сам гаворыць сваёй роднай мовай і глядзіць каб і іншыя яе шанавалі:

IV. Гісторыя Беларусі

Што такое нашая гісторыя?

Нашая гісторыя — гэта мінуўшчына роднае старонкі, усё тое, што калісь было на Беларусі.

Якая нашая мінуўшчына?

Нашая мінуўшчына — гэта безупынная барацьба за лепшую долю і волю нашага народу.

У найдаўнейшых часох беларусы кіравалі усім сваім жыцьцём праз веча, гэта значэ старшыны нашага народу радзілі і пастанаўлялі аб усем. Пасьля беларусы пачалі выбіраць сабе князёў. Княжацкая ўлада была дзедзічнай, пераходзіла з бацькі на сына. Нашыя князі мелі сваю вяліка-княжацкую сталіцу у Полацку, а удзельныя княжацкія сталіцы былі у Віцебску, Менску, Друцку, Смаленску і шмат яшчэ гдзе. Каля XIII сталецьця Беларусь была падзеленая на многа дробных княстваў, а гэта таму, што пасьля сьмерці бацькі-князя сыны дзялілі «вотчыну», як цяпер, прыкладам, дзеляцца у нас на вёсках сяляне. Ад гэтага народ беларускі вельмі аслабеў быў вельмі і чуць не падпаў пад абладу чужынцаў. Важнейшыя з нашых князёў былі: Рагвалод (князяваў у Полацку у Х сталецьці), Ізяслаў, Брачыслаў ды Усеслаў. Гэты апошні найболей уславіўся: яму у чэсьць і свае і чужыя складалі песьні пахвалы. Аб ім адна старасьвецкая песьня кажа: «Князь Усяслаў людзей судзіў, князём гарады парадкаваў».

З роду князёў полацкіх былі і князі Вялікага Княства Беларуска-Літоўскага. З гэтых князёў найбольш уславіўся Альгэрд ды Вітаўт. Альгэрд хадзіў вайною на Маскву і Маскву здабыў ды шчыт свой прыбіў на Маскоўскіх варотах. Вітаўт уславіўся мудрасьцяй і сілай, ён хацеў каранавацца на караля Беларуска-Літоўскаго, але палякі адабралі ад паслоў залатую карону, якую прыслаў яму папа на каранацыю. З роду беларуска-літоўскіх князёў паходзілі і каралі польскія (Ягеллоны). А Ягэлло, які быў каралём польскім, да канца жьшьця свайго ня умеў гаварыць па-польску, а толькі па-беларуску. І ні дзіво, бо маці ягоная была княгіняй Віцебскай, ён гадаваўся у Віцебску і быў там князем.

У Вялікім Княстве Беларуска-Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай, гаспадарсьцьвенай. Па-беларуску адбываліся усе суды і соймы, пісаліся усе дакумэнты, па-беларуску гаварылі усе паны, вяльможы, князі, па-беларуску вучыліся у школах і маліліся у цэрквах і касьцёлах. Словам, усё жыцьцё, увесь лад, звычаі і абычаі былі беларускія.

Пасьля Беларуска-Літоўскае Князство злучылася с Польшчай, як «роўны з роўным і вольны з вольным». Але еднасьць гэтая ні прынесла дабра ні беларусам, ні літоўцам. Палякі адабралі ў нас і нашу волю і роўнасьць, упраглі беларускі народ у паншчыну, а паноў і духавенства папалячылі. За 200 год польскай вольнасьці і роўнасьці Беларусы асталіся нівольным, мужыцкім толькі народам, без свае пісьменнасьці, без дзяржаўнаго і грамадзкаго права. А ў канцы XVIII сталецця, посьля раздзелу Польшчы, беларусы трапілі із агню ды у полыме — з польскіх у «братнія» маскоўскія абоймы. Посьля палякоў беларусы засталіся чуць жывыя, а тут маскоўскія «браты» пачалі саўсім іх душыць, каб сьцерці сьлед Беларускага народу, каб беларусау абмаскаліць. Палякі цягнулі беларусаў-каталікоў да сябе, а маскалі –праваслаўных беларусаў да сябе. Адныя і другія стараліся, каб беларусы забыліся, што яны беларусы, асобны народ, што нашая зямля ні нашая, а маскоўская або польская, і што яны тут воўчым правам сталіся гаспадарамі. Але народ наш і у гэтай чужацкай напасьці выявіў нязвычайную жывучасьць і моц.

Ніякія польскія путы, ніякія маскоўскія нагайкі і вастрогі ня здолелі адабраць ад нашага народу ягонага найдаражэйшага скарбу — роднае мовы. Усё, што маглі яны адабраць, адабралі: і школы, і цэрквы, і зямлю, і лясы, і рэкі і гарады, і багацьце, а мовы у нашага народу ня здолелі адабраць! А калі наш народ захаваў мову, то ён жыве і будзе жыць. Праз мову наш народ здолее адрадзіцца ды зноў зрабіцца вялікім, дужым і слаўным.

V. Вера (рэлігія) Беларуса

Якая вера у беларуса?

Беларусы усе хрысьціянскае веры, часткаю каталікі, а часткаю праваслаўныя.

У Гродзеншчыне і Віленшчыне многа есьць беларусаў каталікоў, а ў Магілеўшчыне, Віцебшчыне, Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне болей беларусаў праваслаўнае веры, хоць есьць там і каталікі. Даўней многа было сярод беларусаў вуніятаў, прыняўшых царкоўную еднасьць, але царкоўную вунію збурыў Маскоўскі ўрад, хочучы абмаскаліць беларусаў. Але вера, ці, як кажуць, рэлігія, ні перашкаджае людзям заховываць народную еднасьць. Сярод немцаў, напрыклад, есьць каталікі і протэстанты, але ж яны складаюць адзін нямецкі народ. Так і беларусы – праваслаўныя і каталікі – складаюць адзін беларускі народ.

Ці вера можэ азначаць народнасцьць?

Не, вера што іншае, а народнасьць што іншае, і таму вера ня можа азначаць народнасьці. Напрыклад, палякі есьць каталіцкае і кальвінскай веры; немцы ёсьць каталікі, лютэране і кальвіны, але і палякі і немцы становяць адзін народ – адны польскі, а другія нямецкі. Каталіцкай веры італьянцы, французы, ёсьць ангельцы, немцы, беларусы, але гэта розныя, чужыя сабе народы.

Усе беларусы, ці яны праваслаўныя, ці каталікі, роўныя дзеці аднае маткі Беларусі, то і трэба нам жыць паміж сабою ў згодзі і узаемна шанаваць адну і другую веру. Гэта таму, што родзімся мы беларусамі, а праваслаўнымі, ці каталікамі — становімся посьля хрысьцін. Падобна і партыйнымі людзьмі (соцыяль-дэмакратамі, соцыялістамі-рэвалюцыянерамі, радыкаламі, нацыяналь-дэмакратамі) робімся куды пазьней, але ўсё гэта ні перашкаджае нам быць добрымі беларусамі і разам стаяць за народную волю, за лепшую будучыню усяго нашага народу і краю.

VI. Бацькаўшчына

Што такое Бацькаўшчына?

Бацькаўшчына — гэта той край, гдзе мы нарадзіліся і вырасьлі, гдзе жывуць нашыя бацькі і жылі дзяды, дзе жыве увесь беларускі народ.

Дзе маюць Беларусы сваю Бацькаўшчыну?

Нашая Бацькаўшчына — гэта беларуская зямля, дзе беларусы жывуць спакон веку, абрабляючы гэтую зямлю сваімі рукамі, паліваючы яе сваім потам і крывёй, баронючы яе ад ворагаў. І ў нас самых, у нашым характару адбілася нашая Бацькаўшчына, а у сэрцы носім ясную, ніколі ні загасаючую памяць аб ёй. Бацькаўшчына — гэта нашыя бацькі і нашыя дзеці. У кожным з нас захавана мінуўшчына і будучыня роднае нашай зямлі. Таму мы са сваімі сем’ямі, маетнасьцю, з усімі нашымі таварыствамі, з усімі нашымі таварыствамі, з нашымі сёламі і гарадамі належым да вялікай нашай Бацькаўшчыны — Беларусі.

Адкуль узяліся на гэтай зямлі Беларусы?

Гэтую зямлю Беларускую засяляе наш народ ад найдаўнейшых часоў. Як памяць людзкая сягае, заўсюды на гэтай зямлі жылі Беларусы. Яны аселі на гэтай зямлі ў той час, як яна была неабробленая і дзікая і сваймі рукамі, сваёю няўтомнай працай перарабілі яе на ураджайную і багатую.

VII. Адзнакі Беларусі

Якія адзнакі беларускай дзяржавы?

Адзнака Беларускае дзяржавы – гэта гэрб даўнейшаго Вялікаго Князства Беларуска-Літоўскаго: віцязь на белым каню у чырвоным полі. Гэтым гэрбам адзначаліся даўней усе беларускія землі, або – як іх пазьней звалі – ваеводзтвы.

Які нацыянальны беларускі колер?

Нацыянальны беларускі колер – бела-чырвоны. З гэтых колераў зложан і беларускі флаг, які складаецца з трох, удоўжкі, палосак: белай, чырвонай і зноў белай.

VIII. Патрыотычныя павіннасьці

Што такое патрыотызм?

Патрыотызм — гэта шчырая любоў да свайго роднага народу і да свайго роднаго краю. А патрыёт — гэта той чалавек, каторы стараецца дапамагчы свайму народу і працуе у гэтым кірунку з усіх сіл.

Чаго мы хочэм для свае Бацькаўшчыны?

Кожны з нас любіць Беларусь і хацеў-бы бачыць яе шчасьлівай. А гэта станецца тагды, як усе беларусы будуць сьведамымі сынамі свайго народу і калі самі беларусы стануць гаспадарамі у сваёй зямлі. Дзеля гэтага ня толькі самым трэба любіць Бацькаўшчыну і працаваць для ейнага дабра, але трэба яшчэ навучаць і прыхіляць да гэтага усіх беларусаў, з якімі спатыкаешся, будзіць у іх гэтыя высокія добрыя пачуцьці.

Якая патрыотычная павіннасьць кожнага беларуса?

Сьвятая павіннасьць кожнага беларуса заўсёды і усюды прызнавацца да свайго народу, дбаць аб гонар свае нацыі ды пільна выпаўняць усё, што спрычыняецца да узмацавання і адукацыі нашага народу.

Дбайма-ж аб родны край, пільнуймася-ж сваіх павіннасьцяў перад ім! Стараймася, каб імя Беларус заўсёды, у усіх народаў сустракалася з пашанай.

Якім спосабам беларус можа дбаць аб умацаваньне і адукацыю свайго народу?

Кожны чалавек павінен свой народ любіць, ім гардзіцца, для яго дабра і славы жыць і працаваць; усёй сілай дбаць аб падняцце славу і гонар яго. Кожны патрыёт-беларус болей, чым хто іншы, няхай стараецца выпаўняць свае патрыотычныя павіннасьці, бо у нас болей, чым у іншых, працы, бо мы адсталі ад іншых. Беларускі патрыот можа дбаць аб узмацаваньне і расьцвет свайго народу праз сям’ю і школу і праз грамадзянскую працу.

IX. Беларус у сямьі

Якія павіннасьці беларуса у сям’і?

Першая павіннасьць, каб у сям’і беларускай гаварылі і маліліся па-беларуску і каб захоўваліся звычаі і абычаі беларускія; каб па асобах ды па рэчах і па усем, што ёсьць у гасподзе, выяўляўся беларускі характар: усялякія узоры, малюнкі, вышыўкі павінны быць у беларускім гусьці. У кожнай беларускай сям’і павінны быць кніжкі беларускія і часопісі. Благі той беларус, што чытае у сваёй сям’і не сваю беларускую, а чужую, у чужой мове газэту.

Як-бы далейшым працягам сям’і для маладзежы зьяўляецца школа. Беларуская сям’я павінна старацца, каб дзеці яе вучыліся у беларускай школе. Чужая школа дагэтуль навучала беларускіх дзяцей любіць чужое і зьневажаць сваё роднае і свой народ, сваю мову і звычаі. Чужая школа гадавала з нашых дзяцей людзей чужых для нашага народу. Дзеля гэтаго, кажны патрыёт павінен дакладаць усіх сіл, каб усюды, дзе жывуць беларусы, былі беларускія пачаткавыя, сярэднія і вышэйшыя школы. Сям’я — гэта аснова, фундамант нацыі, а школа — яе будучына. Беларускі патрыот павінен дбаць яшчэ і аб тое, каб у беларускіх сем’ях сьпяваліся беларускія песьні і каб у школах навучалі сьпяваць патрыятычныя беларускія песьні.

Беларус у грамадзянскім жыцці

Беларускае грамадзкае жыцьцё твораць грамады, суполкі, таварыствы, установы, а такжэ наш тэатр, канцэрты, забавы, часопісі, промысел, гандаль — усё гэта месцы публічнага грамадзянскага жыцьця і лучнасьці.

Дык і трэба, каб усюды у грамадзянскім жыцьці беларус выступаў з гонарам і развагай, а галоўнае - справядліва і слушна. На сабраннях і нарадах — будзь-то гаспадарскіх, купецкіх, духоўных, палітычных ці іншых — сьвядома беларус павінен судзіць аб усем, выходзячы з патрэб і карысьці беларускага народу.

Выбіраючы людзей у урады і прадстаўніцтвы, трэба пільнавацца, каб ня выбіраць людзей чужых, ворагаў нашага народу і нашае справы. Наадварот, трэба заўсёды старацца ува усякія урады выбіраць добрых, сумленных і сьвядомых беларусаў. Высьцерагайцеся даваць уласьць над сабою людзям чужым і нівядомым!

Як паступаць, каб нашае становішча было ясным?

Каб наша становішча было ясным, мы павінны быць наскрозь беларусамі. Ні толькі ўсюды з усімі гаварыць па-беларуску, але і вымагаць, каб подпісы у крамах, дзе мы купляем тавары, былі па-беларуску, а такжэ жадаць беларускіх тавараў і вырабаў. Словам, старацца, каб наша Бацькаўшчына наскрозь мела наш родны беларускі выгляд.

Як паступаць у ўрадах?

У ўрадах, воласьці, судзе і ўсюды трэба нам гаварыць толькі па-беларуску і бараніць свайго на гэта нацыянальнага права.

X. Беларус на чужыне

Ці мае беларус аглядаць чужыну?

Сьвет — гэта найлепшая школа жыцьця. Хто многа бачыў, той многа ведае. Кожны, хто толькі можа, ніхай аглядае ні толькі свой родны край, але і заграніцу.

Як павінен трымацца беларус на чужыне?

Ніхай памятае, што чужынцы, угледаючыся на яго, будуць судзіць аб усім народзе. Дык ніхай беларус на чужыні годна і паважна прэдстаўляе сваю нацыю.

Ці трэба вучыцца чужой мове?

Трэба. Чым болей чалавек ведае, тым яму лепей, бо ён робіцца больш адукаваным. А толькі добра адукаваны чалавек можа многа зрабіць для свае Бацькаўшчыны. Хто ведае чужую мову, той можа чытаць чужыя кніжкі і часопісі, можа даведацца з іх многа для нас карыснага, што трэба было-б, каб і ў нас было. Гаворачы з чужымі людзьмі, раскажа такі чалавек і аб нашым народзе і аб нашым жыцьці. Бо часам на чужыне ведаюць аб нас толькі тое, што напішуць аб нас нашыя ворагі. Але перш за ўсё, і на чужыне будучы, кожны беларус павінен добра знаць сваю мову, сваю географію, гісторыю, мастацтво, літаратуру, словам — усё жыцьцё, каб, будучы на чужыні, не рабіў сам сораму нам, але годна заступаў і абараняў наш народ ды дзеля яго дабра працаваў.

XI. Чым можэм гардзіцца

Мы гардзімся, што мы беларусы. Бо мы — народ здольны. З нашага народу выйшла багата славутых людзей, за якіх ніколі нявыплачаны доўг маюць перад намі і палякі (Касьцюшка, Міцкевіч, Сыракомля, Крашэўскі і шмат інш.), і маскалі (Дастаеўскі, Сымон Полацкі і шмат інш.), і іншыя нашыя суседзі. Пра нашую здольнасьць сьведчаць такжэ нашыя звычаі і абычаі, нашае будаўніцтва, усякія культурныя памятнікі і інш.

Мы горды са свае мовы! Бо нашая мова мэлёдыйная, багатая і вельмі надаецца да песьні і паэзіі. А да таго-ж яна — адна з найчысьцейшых славянскіх моваў.

Мы гордыя з свае песьні! Беларусы маюць вельмі многа песянь. Нота нашых песьняў вельмі багатая і адбівае у сабе душу нашага народу. Наша народная песьня займае адно з выдатнейшых мейсц між песьнямі ўсіх народаў сьвету. Ёю цікавяцца вучоныя людзі чужых народаў.

Мы гордыя з свайго народу! Усякі іншы народ, жывучы ў такіх цяжкіх варунках, якія выпалі на нашу долю, загінуў-бы, а наш народ выказаў нізвычайную жыцьцёвую сілу. Ён ператрываў усякія злыбяды, ліхалецце і напасьці ды перахаваў у сабе сваю родную мову і любоў да свае Бацькаўшчыны Беларусі. Наш народ любіць праўду і красу — ён спакойны і разважны, а пры гэтым цьвёрды.

Мы гордыя са свае гісторыі! Наша гісторыя — гэта нісупынная барацьба за волю, барацьба за захаваньне свае нацыянальнае душы. Пры тым, мы ніколі ня галіліся на чужое. Нашая гісторыя — гэта Гольгота нашага народу, якая чыніць яму чэсьць і славу.

Мы горды за сваю родную зямлю! Наша Бацькаўшчына — пекны край. Многа ў ей красы: пекная у нас весна і лето, восень і зіма. Нашы пушчы, лясы і абшары апавітыя паэзіяй, з якое праглядае нашая мінуўшчына.

Адным словам, мы гордыя, што мы беларусы.

XII. Ніколі (верш А. З.)

Над гонар і славу,
Над чары каханьня
Народную справу
І перакананьне,
Што розум дыктуе,
Заўсёды, я волю,
Ні здраджу ніколі.

Хай хмара навісьне
Над соннай зямлёю,
Хай гора прыцісьне
Залезнай рукою, —
Я роднае мовы,
Ні кіну ў нядолі,
Ні здраджу ніколі!

Бушуе хай бура,
Віхор хай злуецца.
Хай вецер панура
Завые на рэчцы, —
Я роднага краю,
Што рвецца да волі,
Ні здраджу ніколі!

Хай гром з пярунамі
Грыміць і страляе,
Маланка агнямі
Хай бліскае, зьзяе, —
Свайго я народу —
Бяз хлеба і волі —
Ні здраджу ніколі!

Хай срэбра, дукаты
Мне сыплюць пад ногі
І скажуць: «Багаты будзь!
Кінь род убогі!» -
Я плюну з пагардай,
Народу-ж і волі
Ні здраджу ніколі!

Да самага скону
Усякім прымусам
І сіле прыгону
Скажу: «Беларусам
Па век застануся!» -
Свае ўласнай волі
Ні здраджу ніколі!