Штурм (1930)/Вершы/Друкарня

Масква — сэрца сьвету Друкарня
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1930 год
Колгас „Най Лэбн“
Іншыя публікацыі гэтага твора: Друкарня (Лявонны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДРУКАРНЯ

Чыстыя камяніцы
разнаколерны бляск.
Друкарні фасад сьвіціцца
Сотняй электра-лямп.

Гады праляцелі шквалам,
Знарадамі —
па страсе,
І адышлі навалы,
І ў будаваньні ўсе.

А помніш,
калі працавалі
У дыме ліхіх пагроз?
Касы твае
і рэалы
Бачылі ўсякі лёс…

Дзе ты ўспаміны дзенеш?
Год —
на ілбу раўчак…
З поўначы йшоў Юдзеніч,
З Сібіру ішоў Калчак.

Недзе у полі загінуў
Наш баявы камісар.
— Трэба ў акопы кінуць
Сьвежых лістовак жар.
Часта ў начную цемень,
Як варта
давала знак,
„Сеялі“ поўнай жменяй
Літараў чорны мак…

… Вось адгулі франтамі
Крытыя кроўю дні.
Перастроенымі ладамі
Зараз друкарня зьвініць.

Арміі новай героі…
Учора —
гэта ня сьмех! —
Адмовіўся ад прастояў
Цэлы складальны цэх.

Кожны складальнік —
ударнік.
Кожны імкне ўпярод.
Нячуванае для друкарні
Робіць яе народ!
Гэты запал —
не ў мартэнах, —
Горача.

Сып дружней!
— Зьнізіць крывую расцэнак,
Якасьць узьняць вышэй!!!