Шчаслівая дарога (1935)/Адкуль і куды на дарозе сляды

Ваўчанё пакідае нару Адкуль і куды на дарозе сляды
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1935 год
Вучоны сабака

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адкуль і куды на дарозе сляды

1

Грышка смела ўперад крочыць
Цераз рытвіны і кочкі.
Шлях балоцісты, сыры,
Крочыць Грышка, як стары.
Торбу ўспёр на паясніцу,
Закасаў ён нагавіцы,
Ў рукі ўзяў сукаты кій,
Як і ўсе вандраўнікі.
Хоць яму трынаццаць год,
Смелы выбраў ён паход:
Стаць сумленным чалавекам
І без бацькавай апекі.

2

Сонца ўзнялася высока,
Пачынае мучыць спёка,
Смага точыць, і — бяда! —
Ёсць, ды брудная вада.
Грышка ўзгорак
Бачыць справа,
Павярнуў туды рухава.
Пад узгоркам,
Як на шчасце,
Давяло яму напасці
Сярод зараслі балот
На крыніцу-быстраход.
— Эх, крынічка! піць хачу,
Дай напіцца ўцекачу!
І крынічка напаіла,
Хлопцу сілы аднавіла.
І шумліва льецца стужкай,
А над ёй крыляцца птушкі.
Грышка здзіўлен:
— Колькі дзічы,
Эх, каб я быў паляўнічы!
З‘еў кавалак хлеба з салам,
Каб пад сэрцам не смактала.
А затым на горку ўзлез,
Недалёка ўбачыў лес.
А з-за лесу лезуць хмары,
І не дзіва, гэтак парыць!
Уцякае ўсё жывое,
Ў норы, ў ямы з неспакоем.
Вецер долу гне кусты,
Хмары, быццам дым густы.
Гром ударыў, Грышка ўздрогнуў,
І зямля ад грому стогне.
Дождж, нібы з вядра, лінуў,
Грышка скокнуў пад сасну
І сядзеў, як баравік,
Покуль буры крык не знік.

3

Сціхла бура. Ў цёмным лесе
Колькі звону, колькі песень,
Колькі радаснага руху!
Хто-ж не згодзіцца паслухаць?
Грышка ўстаў…

Адна-ж уцеха —
Белкі шчолкаюць арэхі,
Каля нор шуршаць лісічкі,
Птушкі ўзнялі пераклічку,
Нават зайчык-даляход
З жабай водзіць харавод.

Нельга ўсё-ж сядзець без меры,
Час пасоўвацца наперад.
Сонца коціцца на захад.
Грышка знаць не знае жаху:

Вышаў з лесу, ўзяў напрамак
І пайшоў праз лужы, ямы.
Тут успомніў ён цяпер
Верш пад назвай „Піонер“,
І, каб смутак свой развеяць,
Верш чытае сам сабе ён:
„Падрасту і ў комсамоле
Папрацую, яшчэ як!

Палюбіў я ў нашай школе
Комсамольскі маладняк.
Ёсць-жа хлопцы, як вароны —
То на плошчу, то на сквер.
А мне гальштук дай чырвоны —
Буду добры піонер!“

4

Змрок павіс густой завесай,
Не відаць сяліб з-за лесу.
Лепш было-б да сонца ўсходу
Быць сярод людзей, народу.
Але што-ж, калі няма —
Хай прытуліць лес і цьма.
Каля вольхі, ў пухкі мох,
Грышка змораны прылёг,
Скурчыў ногі абручом
І заснуў салодкім сном…