Шчаслівая дарога (1935)/Выстрал на граніцы

Турэцкая трубка Выстрал на граніцы
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1935 год
Шчаслівы пуць

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Выстрал на граніцы

1

Палахліва, ніжай, ніжай,
На зямлю садзіўся змрок.
На канькі, на санкі, лыжы
Зваў фанфарамі каток.

Ледзяною стройнай сцежкай
Вецер з венікам прабег —
І на радасць канькабежцам
Вецер віхрам вымеў снег.

Гул бадзёры, вечар звонкі,
Маладзёжны карнавал.
І спаборніцтва, і гонкі,
І закалка, і запал,

І ракеты, як маланкі,
Зіхацяць пражэктары.
Тут і санкі як лядзянкі
Самі коцяцца з гары.

Рэжуць лыжныя палозы,
Срэбрам выкатаны шлях.
Не пужае хруст марозу,
Кроў гарачая ў грудзях!

Фейерверк шматкаляровы
Узлятае ў стынь высот.
Нават месяц сівабровы
Водзіць зорны харавод.

Глянеш, хочацца ўпрыпрыжку
Бегчы, бегчы на каток…
А чаму-ж у хаце Грышка,
Як запёрты на замок?

І канькоў сваіх не точыць,
І жаданняў не відно…
Грышка злосны, ён не хоча
Нават глянуць у вакно.

Грышка злосны, і не дзіва —
Ў вочы глянуць сарамліва,
Кожны знае, кожны кпіць:
— Грышка, дай, брат, закурыць!

— От, паддаўся зману, блазан, —
Грышка сам сябе даймаў.
Тую-ж трубку ён адразу
Сам выкладчыку аддаў.

Думаў сойдзе справа проста,
Дый былі пазвалі ў зал,
Там сабраўся сход фарпоста —
Свой-жа школьны трыбунал.

Сход гарачы, бурны, колкі,
Кожны словам, як іголкай,
Грышку сэрца з лютай боллю
Свідравалі і калолі.

Вось чаму не быў на гонках,
Вось чаму адзін заўжды,
Хоць мінула пяцідзёнка
І прабегла шмат вады.

Праўда, быў-бы на ігрышчы
Разам з іншымі і Грышка,
Дый дзеткораўскай рукой
Сапсавалі ўвесь настрой.

Ёсць у школе сценгазета
(Хто-ж не ведае пра гэта?)
Ну, і Грышка, зразумела,
Пад дзеткораўскім абстрэлам!

Перадоўка баявая
Грышку б‘е і навучае,
Што ў совецкай нашай школе
Нельга быць такім ніколі!

А затым нарысаваны
На шырокіх двух лістах
Пад турэцкага султана —
Грышка з трубкаю ў зубах.

2

Грышку гэта прапрацоўка
Грудзі точыць, як чарвяк.

Непрыемна і нялоўка
І дасадліва аднак —
Зрыў бывае, як сумысна,
І балючым і карысным!
Ён адзін. Халодны гоман,
За вакном драты гудуць…
Грышка думаў:
— Зручны момант…
Быццам канула ў ваду…
— А чаму яна сарвана?..
— Разбяры яго аллах!..
І не будзе больш… султана
З жоўтай трубкаю ў зубах.
Падышоў ён да газеты,
Ўжо кранаецца рукой.
Раптам чуе голас Нэтты:
— Грышка, стой! Не можна, стой!..
— Знаеш, — Нэтта гаварыла, —
Што было-б, каб ты сарваў?..
… Нэтта з Грышкаю дружыла,
Грышка з Нэттай сябраваў…

3

Хутка першае поўгоддзе,
Час іспытаў надыходзе.
Добра вытрымаць іспыты
Гонар кожнаму, таму —
Хто за кнігу, хто за сшытак
Гуртам і па аднаму.

Да вакацый
Многа працы,
Многа трэба рыхтавацца.
А як скончаць працу, зноў —
На граніцу, да бацькоў.

З імі хочацца спаткацца
З добрым поспехам у працы.
Ўсе ў рабоце, сціхлі крыкі,
Заліковая пара!
Кожны хоча здаць залікі,
Здаць на Дэ-О-Бэ-эР-А.

Грышка ўпартасцю нязломнай
Працаваў адзін, аднак —
Што для Грышкі аксіома,
Для другіх пытальны знак.

Вучнем першым выйсці хоча,
Лепшым быць імкнецца ён.
Нават сніцца Грышку ўночы
Кроў рабочых і Гапон.

У сваіх жаданнях гэтых
Ён зайздросны і скупы.
Хай памылку зробіць Нэтта,
Грышка быццам, як сляпы.

Ён не справіць, не паможа,
І таму — з кім сябраваў.
Што рабіць так непрыгожа,
Грышка як-бы і не знаў.

Хоць малы, а ўжо скалечан,
Цяжка быцьяму ў страю, —
— Грышка, дай канспект на вечар, —
— Гэта мой, я не даю!..

Грозны час не за гарамі,
Кожны свой спакой сцярог.
Так міналі дні за днямі,
Дні работы і трывог.

4

Стаў блакіт зарой займацца,
Сонцаясны дзень прышоў…
Едуць, едуць (час вакацый!)
На граніцу да бацькоў!

Серабрыстай пуцявінай
Мчыцца грузны аўтабус.
Пераможан чорны мінус,
Кожны вёз здабыты плюс!

Гул матора, посвіст ветра,
Трэск марожаных галін.
Сорак восем кілометраў —
Сто чатырнаццаць хвілін.

Да бацькоў, на пагранічча
Насцеж ім адкрыты шлях.
Колькі сілы навальнічай,
Колькі радасці ў грудзях!

З імі ў госці Грышка едзе.
У машыне ён не ўседзіць:
Шустрай птушкай вочы скачуць,
Шмат знаёмага ён бачыць,
Гадаваўся-ж тут і рос.

Стромкі лес, белагаловы,
Пахмурнеў, яго сурова
Скуў уздыблены мароз.

Зацярушыў снег паляны,
Елкі, глянеш, як курганы,
А курган — нібы шацёр.

Стынуць лозы, стынуць вербы,
Выйсці з лыжамі цяпер-бы
Ў замурованы прастор!

— А найлепш у лесе летам,
Колькі ягад і грыбоў, —
Грышка кінуў зрок на Нэтту,
З Нэттай гутарку завёў…

5

А прыехалі, надзіва
Хутка дзень вірлівы бег.
Колькі гутарак шчаслівых,
Колькі матчыных уцех.

Нават повар у сталовай
Для гасцей, для дарагіх,
З захапленнем падрыхтоўваў
Гусі, каву, пірагі.

Шмат навінаў, шмат расказаў,
Вабіць ласкі цеплата.
Грышка быў з сябрамі разам
І адзін, як сірата.

Да начальніка-ж заставы,
Як да бацькі, ён ідзе.
Кроў гудзіць бунтоўнай лавай…

— Добры дзень вам!
— Добры дзень!
— Я прыехаў…
— Малайчына!

І сустрэча ў іх была
І прыветнай, і гасціннай…
Радасць Грышкава расла.

І начальнік рад сустрэчы,
Ветла Грышку трос за плечы.
Грышка слухаў, як стары,
Што начальнік гаварыў: —

А начальнік гаварыў: —
— Чалавекам-будаўнічым
Станеш ты на паграніччы.
Будзь-жа ўпартым, ваяўнічым!
І расці і ў глыб і ў шыр!

І ў адказ быў голас зычны:
— Ёсць, таварыш камандзір!

6

Дружна ў ленкутку гулялі
Грышка з Нэттаю ў пінг-понг.
Мяч лавілі, падкідалі,
Заліваўся патэфон.

Раптам выстрал. Бліскавіцай
Вочы бліснулі.
— Ўста-авай!
Выстрал чуеш на граніцы —
На граніцу выбягай!

Выбег Грышка, Нэтта ўслед:
— Што такое?
Ў чым сакрэт?

Гоман бег,
Снег трашчаў.
— Дзе стралялі?
— Хто страляў?

А выпадак быў такі:
У дазоры два стралкі
Раптам бачаць — ля крыніцы,
Ўжо ля самае граніцы,
У кустах густой асіны
Прытаілася жанчына.

А павінен хто ў дазоры,
Даць каманду:
— Рукі ўгору!
— Стой!
… Яна ўцякаць…

За ёй —
Куля выбегла стралой.

Як пачула рэха стрэла,
Дык і села, абамлела.

Вунь ідуць яны…
І шустра, —
Дзетвара бяжыць насустрач.

— Малайцы-байцы, шпіёнку
Падлавілі!..

Радасць звонка
Льецца водгуллем — „ура“
Бушавала дзетвара!
Сэрца Грышкава ў прыбоях,
Грышка здзіўлен: што такое,
— Маладзіца-Палавіца
Уцякала за граніцу?
Што? Яна?
Яна! сястра!
Як зрабіць? маўчаць, азвацца?
Мабыць, лепш не прызнавацца?
Страх праняў, стаў калаціцца,
Як ступіць, за што ўчапіцца?
І стаяў, як укапаны:
Стынуць вочы, рукі вянуць,
А ў грудзях, што ў горле косць
Гнеў, трывога, страх і злосць.

Шумам поўніцца застава.
Ён адзін, лясы гудуць…
Думкі ўюцца, як праявы,
У вачах імжыцца муць.

Вые ў лесе вецер люты,
Як падбіты вые звер.
Як успомніў Грышка хутар,
Тут успомніўся і клер.

— Дзе-ж ён, клер, дзе-ж ён цяпер
Выкшталцоны кавалер?
І аблаяў згарача
Таго клера-паніча.

І як хто пад ногі кінуў
Агняжгучую лучыну —
Грышка ўздрогнуў і ў заставу
Паляцеў праз пераправу.

А ў заставе, як заўсёды,
Цішыня, хоць шмат народу,
Там спакойна, без пагроз,
Адбываецца дапрос.

І ля печкі, у заставе,
Прытаіўшыся на лаве,
Грышка скурчаны сядзеў,
Слухаў, як дапрос ідзе.

— Як завешся?
— Кацярына!
— А па прозвішчу?
— Трыгор.
— Хто бацькі? — Я сіраціна,
Бацька мой даўно памёр.
Быў бядняк…
І плакаць стала.

Злосць у Грышкі грудзі рвала.
Ён затросся, як асіна,
Цёмна стала ў галаве:
— Зваць цябе не Кацярына,
Бацька наш яшчэ жыве!
Што ты круціш, Палавіца!

І здалося навальніцай
Бушаваў не Грышка гэта,
Хоць і голас Грышкі быў.

Як сястра падбегла Нэтта,
Нэтту Грышка прытуліў.