Шчасьлівы муж (1922)
Шчасьлівы муж П’еса Аўтар: Францішак Аляхновіч 1922 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Шчасьлівы муж (Аляхновіч). |
ФРАНЦІШК АЛЯХНОВІЧ.
ШЧАСЬЛІВЫ МУЖ
КАМЭДЫЯ Ў 4 АКТАХ.
Уласнасьць і выдавецтва
Беларускага Музыкальна-Драматычнага Гуртка
ў Вільні
Віленскага Выдавецтва Б. Клецкіна, Вільня
1922.
ФРАНЦІШК АЛЯХНОВІЧ.
ШЧАСЬЛІВЫ МУЖ
камэдыя ў 4 актах.
1922.
Друкарня „Віленскага Выдавецтва“ Б. Клецкіна,
Вільня, М.-Сьцяпанаўская, 23.
АСОБЫ:
Гаўдэнт Залепка.
Магдалена, яго жонка.
Фэлька, яе прыяцелька.
Ільдэфонс Мацальскі.
Панна Уршуля.
Калістрат Мяшочак.
Мяшочыха, яго жонка.
Леокадыя, іх дачка.
Пышка.
Шышка.
Лапурка.
Галька, яго жонка.
Мар‘янна.
АКТ I.
Зьява 1.
Гаўдэнт і Магдалена.
Гаўдэнт (чэлавек немалады, лысы, вусасты, сядзіць ля століка. Твар яго намазаны мылам. На століку люстэрка, — Гаўдэнт голіцца).
Магдалена (у другім пакоі парадкуе на стале талеркі. Пасьля ўваходзіць на сцэну). Вось! — якраз знайшоў час галіцца! Зараз ужо пачнуць зьбірацца госьці, а ён сядзіць, як налпа, вымазаны мылам! Фу!
Гаўдэнт. Не было калі, коцік-Магдзя!.. Але я хутка, — толькі ты не крычы, калі ласка, бо рука ў мяне дрыжыць, парэжуся.
Магдалена. Скажы мне, нашто ты накупіў гэтулькі гарэліцы?!.. Каб хаця адну бутэльку віна, а то толькі гарэлка!
Гаўдэнт. Для баб ёсьць салодкая.
Магдалена (дразьнячы яго). Але! „Для баб! для баб!..“ А вось можа прыйдзе нейкі… лепшы госьць, тады што яму дасі?
Гаўдэнт. Для мужчын ёсьць спіртус і гарэлка.
Магдалена. Ты зноў сваё: гарэлка!.. Дурны!.. Але я кажу, калі прыйдзе раптам якая рыстакратычная асоба, што тады?
Гаўдэнт. Ня прыйдзе, коцік! Я гэтакіх не прасіў.
Магдалена. Дурны, як бот. А вось можа й прыйдзе!
Гаўдэнт (да сябе). А чорт! брытва тупая… (да жонкі). Не, Магдзя-коцік, ня прыйдзе.
Магдалена. А вось ты ня ведаеш! А я кажу, што можа прыйсьці. Справа ў тым, што да Фэлькі падлабуніваецца адзін граф і яна мне казала, што ён хоча разам з ёй сюды прыйсьці.
Гаўдэнт (вельмі зьдзіўлены). Граф!!
Магдалена. Ага! Вось разьзяўляй цяпер рот!.. Ты думаў, што на мае імяніны павінны зьбірацца толькі розныя шаўцы ды краўцы ды твае сябры пьяніцы. А вось можа прыйсьці й чэлавек з вышэйшага сьвету.
Гаўдэнт. Але лепш было-б, коцік, каб была свая кумпанія… Выпілі-б, паскакалі… А то гэтакі граф дык ён як пачне зараз праз нос барматаць: он-он! сон-сон! — а чэлавек нічагусенькі не разумее.
Магдалена. Дурны не разумее. А я вось разумею… Ну, ведама, ня ўсё, але шмат разумею… (ходзіць падскакваючы па сцэне і пяе пад нос). Жэ ву зэм, жэ ву задор, ком ле ш’ен, кі э мор!
Гаўдэнт (зьдзіўлены). А гэта-ж як? што-ж гэта значыць?
Магдалена. А вось: ты ня ведаеш, а я ведаю! (як выш.). Жэ ву зэм, жэ ву задор…
Гаўдэнт. Жывы сэм, жывы задор… Які гэта задор?
Магдалена. Гэта значыць: я вас люблю больш чымсь жыцьцё сваё… Ну, але ты хутчэй ідзі купі віна, бо скора ўжо мабыць госьці пачнуць зьбірацца.
Гаўдэнт (голіцца). Зараз, я толькі, коцік, кончу… Я ўжо зараз.
Магдалена. Ня трэба канчаць, і так добра будзе.
Гаўдэнт. Але як-жа ж так, Магдзя! Поў барады аголена…
Магдалена. Пасьпееш пасьля агаліцца, як прыдуць госьці: сядзеш сабе ў кухні і ніхто табе ня будзе перэшкаджаць… (крычыць). Ну, чуеш, ці не? Зараз ідзі, а то крамы зачыняць!
Гаўдэнт (ад яе крыку ўздрыгнуў). Ай!.. у! чорт, парэзаўся!.. А я-ж прасіў цябе, коцік, не крычаць, бо рука дрыжыць (абцірае твар ручніком).
Магдалена. А я табе даўно ўжо казала: ідзі! Каб паслухаўся, дык-бы й не парэзаўся… Чакай, я табе дам плястар. (Ідзе да камоды, выймае чорны плястар, адрэзвае кусок і дае мужу).
Гаўдэнт (перад люстэркам заклейвае сабе парэзаную частку твару).
Магдалена. Ну, хутчэй-жа! хутчэй!
Чуваць званок за сцэнай.
Магдалена (ўсхапіўшыся). Ах! нехта ўжо прыйшоў! (выбягае праз сярэднія дзьверы).
Гаўдэнт (апранаецца і бармоча пад нос). Жыві сам, жыві задор… Карнішон, кілёмэтр!.. (глядзіць у люстэрка).
Зьява 2.
Гаўдэнт, Магдалена, Фэлька.
Магдалена (уваходзячы з Фэлькай). Прыгожы, прыгожы, няма што глядзець!.. Ну, бойся-ж Божа! Калі-ж ты нарэшце пойдзеш?..
Фэлька (падае руку Гаўдэнтаму). Добры вечар, пан Гаўдэнт!
Гаўдэнт (да Фэлькі). Добры вечар… (да жонкі). Іду ўжо, пабег ужо, толькі ты, коцік, не крычы!.. (пайшоў праз кухню).
Магдалена (яму ў сьлед). Толькі памятай: добрага, загранічнага, францускага!..
Зьява 3.
Магдалена, Фэлька.
Магдалена (да Фэлькі). Ну, ну? чаму не прыйшоў?
Фэлька. Я бачылася з ім сягоньня… Казаў, што напэўна прыйдзе, але крыху пазьней бо мае якуюсь важную справу… Але, ведаеш? тады, як я была з ім у кінэматографе і мы спаткаліся з табой, я пасьля тады сказала яму ўсё. А ён кажа: „у мяне заўсёды так; адзін раз у Парыжы — кажа — адна графіня так была ўва мне закахаўшыся, што з свайго балькону скокнула проста ў мора і ўтапілася…“ Га, які фанфароністы!
Магдалена. Ну, не дзівота! Такі малады, прыгожы дый яшчэ — граф!.. Але, Фэлечка, памятай! Я свайму сказала, што ён маецца прыйсьці разам з табой, бо ён да цябе падлабуніваецца… Дык-жа памятай, не прагаварыся, бо мой стары йзноу зробіць авантуру, пачне біцца лобам аб падлогу і маліцца да сьвятога Язэпа…
Фэлька. Ну, мяне ўжо вучыць ня трэба!.. А куды-ж ты яго паслала?
Магдалена. Падумай толькі: ён накупіў спіртусу і гарэлкі! Да чаго-ж гэта падобна? Прыдзе граф, а ў нас няма ані воднай бутэлькі віна! Ён езьдзіў усюды па заграніцах і мусіць гарэлкі ня пье.
Фэлька. Пье, ня бойся! Я яго бачыла, як ён на адным баль-маскарадзе лактаў пры буфэце гарэлку, дык аж нос пачырванеў.
Магдалена. Але ўсёж-такі хай ня думае, што мы нейкія хамы, якія нічога лепшага ня бачылі.
За сцэнай чутно званок.
Магдалена. О, нехта прыйшоў! можа ён! (пудрыцца). Фэлечка! ты, калі ласка, зрабі з гэтым парадак… (паказвае на пакінутыя прылады мужа: місачку з мылам, брытву і г. п. ды бяжыць у сярэднія дзьверы).
Фэлька (кладзе ўсё на камодзе і пасьля таксама пудрыцца).
Зьява 4.
Фэлька, Магдалена, Пышка, Шышка.
Магдалена (уваходзіць; ціха да Фэлькі). Гэта прыйшлі Пышка і Шышка… А яго ўсё няма!
Фэлька. Мне казаў, што прыйдзе напэўна.
Пышка і Шышка (у другім пакоі выціраюць ногі, смаркаюцца, папраўляюць маншэты. Пышка з кветкамі, Шышка з цукеркамі).
Магдалена (да Пышкі і Шышкі). Прашу калі ласка сюды, бліжэй…
Пышка (уваходзіць). Перш-на-перш пазвольце павіншаваць вас, пані Магдалена, з імянінамі і… ўсяго найлепшага! (цалуе Магдалену ў руку).
Шышка (увайшоўшы). Віншую вас, пані Магдалена, з імянінамі і… ўсяго найлепшага! (цалуе Магдалену ў руку).
Магдалена. Дзякую, дзякую… Сядайце, калі ласка.
Усе селі. Паўза. Раптам абодва — Пышка і Шышка разам пачынаюць казаць, але глянуўшы адзін на аднаго спыняюцца і саромюцца.
Пышка і Шышка. Пагода сягоньня харошая…
Магдалена. Што вы казалі?
Пышка. Гм… таго… як яго?..
Шышка. Мы кажам, што пагода сягоньня харошая.
Магдалена. Ну… так сабе…
Паўза.
Пышка. Але бывае пагода лепшая.
Магдалена. У нас рэдка бывае добрая пагода… А вось заграніцай дык зусім што інакшае: там заўсёды добрая пагода, гэты год цьвітуць ананасы, усе гавораць толькі пафранцузку: жэ ву зэм, жэ ву задор… а ў нас што?!
Фэлька. А ты скуль ведаеш?
Магдалена. Калі кажу, значыць ведаю.
Шышка. А ў мяне быў знаёмы, каторага брат раз езьдзіў заграніцу, дык ён казаў…
За сцэнай званок.
Магдалена (ціха да Фэлькі). Гэта мусіць ён!
Фэлька. Хіба што ён.
Магдалена (я. в.). Хадзі, разам яго спаткаем, бо мне аднэй неяк нялоўка… (да Пышкі і Шышкі). Паны выбачайце, пасядзеце адны… (выходзіць з Фэлькай).
Зьява 5.
Пышка, Шышка.
Шышка. Ты зусім ня ўмееш гаварыць з дамамі.
Пышка. Бо з ёю трудна, — бачыў, якая вучоная! Але з іншымі дык я нічога… магу…
Шышка. Але! з ёю трудна. Ты з ёю аб пагодзе, а яна табе зараз аб заграніцы — і пафранцуску!
Пышка. Француская мова страшэнна смяшная. Я раз чуў як французы гутарылі: было вельмі сьмяхотна.
Зьява 6.
Пышка, Шышка, Магдалена, Мяшочак, Мяшочыха, Леокадыя.
Магдалена (да Мяшочкаў). Просім, калі ласка, бліжэй… Вы незнаёмы? Будзьце знаёмы: пан Пышка, а гэта пан Шышка, пан Мяшочак з жонкай, панна Леакадка…
Госьці вітаюцца.
Мяшочак (пьяны). Пышка-шышка… Тынды-рынды!.. (да Пышкі). Вось, браце, калі ты гэткая шышка, дык ты скажы мне, чаму Каін Абэля…
Мяшочыха (да мужа). Калістрат! Кінь ужо, годзі!
Мяшочак (да жонкі). Ідзі спаць і не перашкаджай нам… (да Пышкі). Вось калі ты гэткая пышка, дык ты скажы мне, чаму на месяцы Каін Абэля віламі колець?.. Вось гэта табе ня шышка-пышка! Вось і разгадай, калі вучоны!
Пышка (саромліва). Я… выбачайце, панок… той таго мусіць… ня ведаю…
Мяшочыха. Калістрат! Ды кінь ты ўжо дурыць галаву моладзі сваей астраноміяй! Ім ня тое ў галаве.
Мяшочак (да жонкі). Ідзі спаць, кажу… (да Пышкі). А я вось іду па вуліцы і бачу: месяц! Ну што месяц? Гэта не ліхтарня, гэта не шышка-пышка нейкая, як ты казаў, а гэта — месяц!!.. А на гэтым месяцы што? Вось я пытаюся, чаму Каін?..
Мяшочыха (да жанчын). Выбачайце, мой муж сягоньня пры абедзе трохі выпіў, а ён як выпіўшы, дык мае страшэнную ахвоту да вучонай гутаркі… (да мужа). Калістрат! годзі ужо аб астраноміі, прашу цябе! Моладзь хоча пагаварыць аб нечым весялейшым… (бярэ яго за руку і адводзіць у бок). Ці-ж ты ня бачыш, што ў яго вочы гараць, каб пафліртаваць з Леакадкай, а ты перэшкаджаеш сваімі вучонасьцямі.
Мяшочак. З якой кадкай?.. (успомніўшы). А Леакадка!.. (да дачкі) Леакадка! хадзі сюды! Пагавары з гэтым… астраномам. (Сядае на канапе).
Мяшочыха (варочаецца да жанчын). А мода цяпер пачалася — проста страх! Ужо пачалі насіць такія кароткія спадніцы, што ледзь не да кален… і то не палятухі якіясь, а навет асобы сталыя, паважныя. Я-бы ніколі не адважылася выйсьці на вуліцу ў кароткай спадніцы. Фу!
За сцэнай званок.
Магдалена (ціха да Фэлькі). Фэлька! ён! (да Мяшочыхі). Выбачайце, панічка, зараз… (выбягае з Фэлькай).
Зьява 7.
Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка.
Мяшочыха (гледзячы ў сьлед Магдалене). Мабыць спадзяваецца нейкага важнага госьця, што гэтак усхопілася. (Падыходзіць да дзьвярэй і глядзіць у другі пакой, пасьля варочаецца).
Мяшочак праз гэты час задрамаў.
Пышка і Шышка сядзяць каля Леокадыі, ня ведаючы аб чым гутарыць; адзін папраўляе маншэты, другі — каўнер.
Леакадка сядзіць, скромна апусьціўшы вочы.
Мяшочыха (да кавалераў). Ну чаму-ж вы нічога не гаворыце? Сумна так сядзець. Кавалеры павінны забаўляць паненку.
Пышка і Шышка (разам). А пагода сягоньня харошая!
Леакадка. А нічога сабе, толькі вецер…
Шышка. А мне здаецца, што ветру няма.
Леакадка. Не, вецер ёсьць.
Пышка. Ня так ужо каб надта, але трохі.
Шышка. Ну але, трошачкі дык ёсьць.
Паўза.
Мяшочыха. Ну, што-ж вы йзноў замоўклі?
Пышка. А вось учора быў дождж.
Леакадка. Няўжо ж? А я вось не памятаю.
Мяшочыха (да дачкі). Бо ты ўчора праз увесь дзень грала на фартэпьяні і зусім ня выходзіла з хаты, дык і ня заўважыла.
Леакадка. Ах, праўда, я праз увесь дзень грала!
Мяшочыха (да Пышкі і Шышкі). Вы любіце музыку?
Пышка і Шышка. Але, любім.
Мяшочыха. Мая Леакадка страшэнна любіць музыку. Яе нельга адарваць ад фартэпьяну, цалюсенькі дзень грае; ужо навет суседзі пачынаюць жаліцца. (Да дачкі, папраўляючы ей істужку на галаве). Ах, ты мая артыстка! (адыходзіць ізноў ад дзьвярэй і глядзіць углыб).
Леакадка (быццам засароміўшыся). Ах, што мама…
Паўза. Пышка і Шышка час-ад-часу кашляюць быццам хочучы нешта сказаць, але ня ведаючы з чаго пачаць. Леакадка клумсае сваю хустачку.
Шышка. І чаму гэта так дзіўна бывае, што ўлетку падае дождж, а ўзімку — сьнег!
Леакдка. Як падае дождж, дык надта дрэнна.
Пышка. Асабліва, калі парасона няма.
Мяшочыха (падыходзіць да заснуўшага мужа і тузае яго). Калістрат! У чужым доме!.. не выпадае!.. Калістрат!
Мяшочак. Дай паспаць… Адчапіся!.. Яшчэ рана.
Зьява 8.
Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка, Магдалена, Фэлька, Мацальскі.
Магдалена (уваходзячы). Калі ласка, просім бліжэй, просім… Будзьце знаёмы: гэта пан граф Мацальскі, а гэта — пані Мяшочыха, пан Мяшочак, панна Леакадка, а гэта пан Пышка і пан Шышка…
- Ува ўсіх, як пачулі слова „граф“, ад дзіву выцягнуліся фізяноміі. Кожны асьцярожна, з пашанай падае руку Мацальскаму.
Мацальскі. Вельмі прыемна… (горда гледзячы з гары на ўсіх, падае руку).
Шышка (да Пышкі ціха). Чуў? Граф!
Пышка. Я жывога графа першы раз бачу.
Шышка. А ў майго брата быў знаёмы, дык ён расказваў…
Мацальскі. Мэдам і мэсье! Проста кажучы, я вельмі рад, што я апынуўся сягоньня ў гэтай незнаёмай, але такой вясёлай кумпаніі. Я сам чэлавек вясёлы і люблю павесяліцца, і прыйшоў-бы сюды шмат раней, каб ня служба.
Магдалена (гледзячы на Мацальскага ачараваная). Няўжож вы, пан граф, маеце службу?
Мацальскі. Ня тое, каб служба, а гэтакая… Проста кажучы, калі глядзець на справу з погляду, дык і ня служба, а гэтакая гульня, можна сказаць, пур пассэ лятан…
Магдалена. Вы, пан граф, мусіць займаецеся палітыкай?
Мацальскі. Але, і палітыкай… Бо, ведаеце, такая нуда, такая страшэнная нуда, што трэба хоць чымсь займацца, каб было весялей.
Мяшочыха. А музыку вы любіце, пане граф?
Магдалена (да Фэлькі ціха). О, гэтая ідыётка ўжо вылезла са сваей музыкай.
Мацальскі. О, вельмі!.. Асабліва вальсы!.. Як зайграе музыка: тра-ля-ля, тра-ля-ля, тра-ля-ля, дык, проста кажучы, ногі самі скачуць… (балянсіруе перад Магдаленай і пяе): Тру-ля-ля, тру-ля-ля…
Мяшочыха (ціха да Леокадыі). Ідзі бліжэй, пагавары з ім аб музыцы. Ці-ж на тое я плачу грошы вучыцельцы, каб ты стаяла як пень, не адчыняючы рот.
Мацальскі. А вось заграніцай дык я чуў не такую музыку, як у нас бывае, а такі вялізны аркестр, мусіць дзесяць або сто тысяч чэлавек… Дык гэтакі аркестр так голасна грае, што ў другім горадзе, суседнім, так мусіць вярстоў за сто, людзі пад гэту музыку скачуць… (ізноў я. в.) Тру-ля-ля, тру-ля-ля…
Мяшочак (падсоўваецца). А вы, граф, любіце астраномію?
Мацальскі. Што? Каго? А! проста кажучы, зоркі глядзець… Ха-ха-ха! Вясёлая кумпанія! Люблю вясёлых людзей!.. Тру-ля-ля!.. Тру-ля-ля…
Зьява 9.
Тыя-ж і Гаўдэнт.
Гаўдэнт (з правых дзьвярэй высоўвае галаву, паказвае бутэльку з віном, псыкае і ківае пальцам да жонкі).
Магдалена (да гасьцей). Выбачайце, я зараз… (выходзіць на кліч мужа).
Зьява 10.
Тыя-ж без Магдалены і Гаўдэнта.
Мацальскі. А! гаспадарскія клопаты!.. Госьці нарабілі гаспадыні клопату!.. Калі ласка… калі ласка… (да Фэлькі). Я вельмі вам удзячны, што праз вас я пазнаёміўся з гэтай прыемнай кумпаніяй… А пані гаспадыня — гэта ягадка!.. Проста кажучы, я шчасьліў… як кажуць пафранцузку: я вельмі кантэнты! Гм… так… таго… (курыць папіроску; усе маўчаць і глядзяць на яго з пашанай).
Пышка. А… пагода сягоньня харошая…
Мацальскі (недачуўшы). Але, асабліва гэты носік, гэтая кругленькая мордачка… Люблю гэтакіх баб!.. Тру-ля-ля, тру-ля-ля…
Мяшочыха (да Мяшочка). Ты чуеш, што ён кажа аб нашай Леакадцы? Спадабалася!
Зьява 11.
Тыя-ж, Магдалена, Гаўдэнт.
Магдалена (уваходзячы да Мацальскага). Калі ласка, пан граф, будзьце знаёмы: мой муж…
Мацальскі (падае руку ўвайшоўшаму за Магдаленай Гаўдэнту). Шчасьліваму мужу гэтакай прыгожай жонкі маё, можа сказаць, прывітаньне… проста кажучы: о рэвуар!
Гаўдэнт (вітаецца раней з Мацальскім, пасьля з усімі пачарзе; бутэлька яму перэшкаджае, ён яе хавае за пазуху; прывітаўшыся, пайшоў у другі пакой праз сярэднія дзьверы і ставіць там на стале бутэльку).
Мацальскі. Мэдам і мэсье! Калі можна спытацца, ці скокі будуць?
Магдалена. Няўжож! Толькі ў нас музыка няважная, можа вы, граф, не прывыклі танцаваць пад гэтакую… (чутно званок за сцэнай; кліча да мужа ў другі пакой). Гаўдэнт! адчыні! спаткай гасьцей!
Мацальскі. Нічога… я прывык пад уселякую… Асабліва ў такой вясёлай кумпаніі… Вы пазволіце першага вальса з вамі… Тру-ля-ля!..
Магдалена. Калі ласка… з вялікай прыемнасьцю.
Мацальскі (гледзячы на яе, як кот на сала). Ох, мая ягадка чырвоненькая! пумпачка!.. (цалуе яе ў руку).
Магдалена (аглядаючыся навокал). Ах, што вы!.. пасьля…
Зьява 12.
Тыя-ж, Лапурка, Галька, Уршуля (уваходзяць).
Лапурка (вясёлы хлапец з гармонікам; увайшоўшы, цалуе Магдалену ў руку). Пані Магдалене наша паважаньне! Віншую з імянінамі… каб заўсёды было многа грошай, многа шчасьця і многа дзетак…
Магдалена. Фу!.. Ну, што вы!.. Дзякую!..
Галька (цалуецца з Магдаленай). Віншую цябе, Магдзя, і зычу табе ўсяго таго, чаго сама хочаш…
Магдалена. Дзякую… дзякую…
Уршуля (так-сама цалуецца). Усяго найлепшага…
Магдалена. Дзякую… Будзьце знаёмы: граф Мацальскі, — пан Лапурка з жонкай, панна Уршуля…
Мацальскі (падае руку). Граф Мацальскі… Я, можна сказаць, авэк плязір…
Магдалена. Ну, і ня будзем марудзіць. Калі ласка, прашу ўсіх сюды, у гэты пакой, закусіць крыху… Прашу!.. (паказвае рукой на сярэднія дзьверы).
- Усе, апроч Шышкі і Пышкі, ідуць у другі пакой і сядаюць навокал стала. Мацальскі пасярэдзіне.
Пышка (устрымоўваючы Шышку). Слухай, ты ня ведаеш, ці пры стале трэба з дамамі гутарыць, ці можна маўчаць?
Шышка. Пры стале, здаецца, можна маўчаць… але вось у часе скокаў дык трэба гаварыць камплямэнты…
Пышка. Гм… трудна…
Шышка. Есьць такая кніжка, называецца „самавар вівр“, ці што, дык у ёй напісана ўсё, як і калі трэба. Мы яе купім у складчыну. Добра?
Пышка. Але. Купім…
Магдалена (зварачваючыся да Пышкі і Шышкі). Калі ласка, просім да стала!.. Чаму-ж вы засталіся?..
Пышка і Шышка. Мы ўжо… выбачайце…
Магдалена (паказваючы ім іхнія месцы). Вось вы тут, пане Пышка, а вы, пане Шышка, тут…
Мацальскі (устае, трымаючы ў руцэ чарку). Мэдам і мэсье! У гэтакі ўрачысты мамэнт, калі можна сказаць, наша пані гаспадыня сьвяткуе свае імяніны, я прапаную выпіць гэту першую чарку за здароўе пані гаспадыні… Ура!
Усе. Уррра! (пьюць).
Заслона.
АКТ II.
Дэкарацыя тая самая.
Усе ўжо добра выпілі. Твары пачырванелі.
Зьява 1.
Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі, Фэлька, Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Уршуля, Лапурка, Галька, Пышка, Шышка.
(Усе сядзяць яшчэ пры стале).
Мяшочак (да Мацальскага). Вось калі ты такі вучоны граф, дык ты скажы мне, чаму Каін Абэля віламі колець? Вось я стаю, гляджу на месяц і бачу: Каін Абэля… Ну, чаму, пытаюся?
Мацальскі. Гэта мусіць ад ветру…
Мяшочак. Сам ты ад ветру… Я пытаюся, чаму…
Мацальскі. Выбачайце, але я не ад ветру, і абражаць сябе не пзволю! (Устае).
Мяшочыха (да мужа). Калістрат! Кінь ты ўжо аб навуцы!
Магдалена (да Мацальскага). Граф! Не зважайце на гэта!..
Мацальскі (цалуе гаспадыню ў руку). Для вас я гэта зраблю, але каб хто іншы… Я ўжо раз меў такое здарэньне… дык адразу на паядынак! (Уваходзяць на сцэну).
Магдалена. Ах, Божа мой! І забілі?
Мацальскі. Ці я дурны! Каб у турму папасьці! Фі донк!
Мяшочак (уваходзіць на сцэну з Гаўдэнтам; за імі іншыя госьці). Вось ты Гаўдэнт, а я Калістрат… А чаму, пытаюся, не я Гаўдэнт, а ты Калістрат… Але што я хацеў казаць?.. Ага! Чаму, пытаюся Каін Абэля… Або не! Давай лепш пацалуемся!.. (цалуюцца).
Мацальскі. А цяпер мэсье і мэдам, я думаю, можна пайсьці ў скокі.
Уршуля, Галька і Леакадка (радасна). Але! але! У скокі!
Магдалена. А вось пан Лапурка нам зайграе на гармоніку… Пане Лапурка, калі ласка!
Лапурка. Авэк мой плязір, як кажа пан граф. (Бярэ гармонік у рукі).
Магдалена. А стол перанясем сюды, тагды будзе больш месца. (Да мужа). Гаўдэнт! перэнясі стол, вось пан Пышка і пан Шышка табе памогуць… Пане Шышка, калі ласка!.. Пане Пышка!..
Пышка і Шышка. Авэк наш плязір!
- Гаўдэнт з Шышкай і Пышкай уносяць стол на сцэну. Лапурка ў другім пакою пачынае граць вальс на гармоніку. Праз адчыненыя дзьверы відаць, як Фэлька скача з Галькай, а Леакадка з Уршуляй.
Мацальскі (да Магдалены). Пазволіце, пані Магдалена, ангажыраваць вас да вальса?
Магдалена. Толькі выбачайце, граф, што ў нас няма фартэпьяну.
Мацальскі. Нічога, пад гармонік яшчэ ляпей, лягчэй злавіць тахт… Тру-ля-ля… (пайшлі ў другі пакой у скокі).
Зьява 2.
Пышка. Чуеш, я забыўся, з якой нагі трэба пачынаць: з правай, ці з левай?
Шышка (паказвае яму). Вось гэтак: раз, два, тры…
Пышка. Ага! ужо ўспомніў! але! вось так: раз, два, тры… (танцуюць).
Мяшочыха (уваходзіць). А фэ! паненкі танцуюць без кавалераў, а кавалеры тут!
Пышка і Шышка. А мы ўжо… ўжо йдзем!… (пайшлі за сцэну; Мяшочыха за імі. Пышка пачынае скакаць з Леакадкай, а Шышка з Уршуляй).
Зьява 3.
Мяшочак (сьпіць), Гаўдэнт.
Гаўдэнт (зьбіраючы талеркі, да сябе). Без патрэбы купляў віно… Гэты граф локча гарэлку ня горш за нас. (Выходзіць з талеркамі ў правыя дзьверы, у кухню).
Мяшочак (праз сон). Чаму, пытаюся… Каін Абэля… (лёг на канапу і сьпіць).
Мацальскі (за сцэнай). Мэдам і мэсье!… Ррон!… Шэн-шынуа!… Вальс з сваей дамай!…
Гаўдэнт (уваходзіць, ізноў зьбірае судзьдзё, але час-ад-часу паглядае на жонку, якая скача з Мацальскім). Чорт ведае, што гэта такое! Абняўшыся так, што аж гадка робіцца. А ён, гад, шапоча ей навуха, а тая, падла, рагоча… Ух, бязстыднікі!…
Зьява 4.
Мяшочак, Гаўдэнт, Фэлька.
Фэлька (уваходзіць, падыходзіць да стала, налівае сабе з бутэлькі ліманаду і пье).
Гаўдэнт. Панна Фаліцыя! А гэты граф… дык скуль ён тутака ўзяўся?
Фэлька. Гэта мой знаёмы.
Гаўдэнт (круціць галавой). Знаёмы… граф… гм… гм…
Фэлька. А што-ж? Няма дзіва! Я многа графаў ведаю, я навет знаю двох баронаў і аднаго князя.
Гаўдэнт (я. в.). Баронаў… князя… гм… гм.
Фэлька. А што-ж вы думалі! (Хоча ўжо йсьці).
Гаўдэнт (затрымліваючы яе). Панна Фаліцыя, выбачайце, яшчэ два слова… А чаго ён так прыклеіўся да мае жонкі?
Фэлька. Хто?
Гаўдэнт. Гэты граф.
Фэлька. Дык якжа-ж інакш? Цяпер такая мода… А вось вы ня бачылі самых модных танцаў, дык яшчэ горэй: зусім адзін пры адным прытуліўшыся і твар з тварам блізюханька…
Гаўдэнт. Ну, я-бы такіх танцаў не скакаў: Грэх!
Фэлька. Ну во! постнік які! (Пайшла).
Гаўдэнт. Не падабаецца мне ўсё гэта, страшэнна не падабаецца… Каб толькі гэтыя імяніны ня скончыліся блага! (Выходзіць з талеркамі ў кухню).
Зьява 5.
Мяшочак, пасьля Мацальскі з Магдаленай.
Магдалена (уваходзячы з Мацальскім). Я вас, граф, хачу нешта спытацца…
Мацальскі. О, мая багіня! пытайцеся! Усё скажу.
Магдалена (цішэй, з паўзачкамі). Ці вы, граф, былі калі закахаўшыся?
Мацальскі (цалуе яе рукі). Так, як цяпер, ніколі ня быў…
Магдалена (быццам саромячыся). Ах, граф!…
Мацальскі. Анёлачак! Не кажы: граф! Кажы Ільдэфонс! Мой дарагі Ільдэфонс!
Магдалена (сэнтымэнтальна). Ільдэфонс!… Гэта зычыць, як музыка… Ільдэфонс! мой дарогі Ільдэфонс! (схіляе галаву яму ня плячо).
Мацальскі (горача абыймаючы і цалуючы яе). Анёлачак мой залаты! Магдаленачка! Пумпачка!
Мяшочак (перэварачваючыся на другі бок праз сон). А я пытаюся, чаму Каін…
Мацальскі і Магдалена (адскочыўшы ад сябе спалоханыя). Ах!
Мацальскі (прыгледзіўшыся да Мяшочка). Не, нічога!.. Ён сьпіць… добра налізаўшыся… не пачуе.
Магдалена. Я тут баюся…
Мацальскі (цалуе яе). Ня бойся!.. Лікёрчык ты мой! Пумпачка ты!..
Магдалена. Не, ня тут, ня тут… Пасьля… Пойдзем цяпер паскакаць!..
Мацальскі. Ну, пойдзем! Ах ты ягадка! Тру-ля-ля!.. (выходзяць).
Зьява 6.
Мяшочак, Уршуля, Галька.
Уршуля (уваходзячы з Галькай). Ах, які гэты граф баламут! У часе вячэры ўсьцяж кідаў у мяне то галкамі з хлеба, то скурачкамі апальцыну, а цяпер танцуе толькі з аднэй Магдаленай!.. фу! які баламут! (няшчыра). Не падабаецца мне!
Галька. Гэтыя людзі з вышэйшага свету ўсе яны такія. Я чула, што яны, як паедуць заграніцу, дык не бяруць там шлюбу па нашаму, у касьцёле, а йдуць да нейкага чыноўніка, там расьпішуцца толькі і жывуць ужо, як муж з жонкай. Зусім як бальшавікі.
Уршуля. Ах, фі! фі!.. Што вы кажаце! Вось сорам!
Галька. Няма дзіва — усе яны бязбожнікі.
Уршуля. Пані Галена! Што я вас хацела спытацца… але ня ведаю як сказаць… трохі сорамна.
Галька. Ну?
Уршуля (саромліва апусьціўшы вочы). Ці як ужо пасьля шлюбу… і ўжо пасьля вясельля… дык вельмі страшна?
Галька. Ха-ха-ха! (сьмяецца і шапоча ей нешта на вуха).
Уршуля (млосна). Ах, ах! не кажэце! ах! як страшна!.. ах! я-бы ляпей пайшла ў манастыр, чымсь пазволіла…
Зьява 7.
Мяшочак, Уршуля, Галька, Пышка, Шышка.
Пышка (увайшоўшы, ціха да Шышкі). Ты з каторай?
Шышка (паказваючы вачыма на Гальку). Я з гэтай.
Пышка (паказваючы на Уршулю). А я з гэтай.
Шышка. Ну добра… (падыходзяць да жанчын, кланяюцца і вядуць за сцэну ў скокі)
Зьява 8.
Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка.
Мяшочыха (уваходзячы з Леакадкай). Ты, Леакадка, як граф пакліча цябе ў скокі, дык ты зірні на яго гэтак бокам і ўздыхні: ах! — каб ён, значыцца, сьцяміў, што ты вельмі рада. А як пачне гаварыць да цябе пафранцузку, дык ты не паказвай віду, што на разумееш, але скажы гэтак: ооох! каб, значыцца, можна было падумаць і не, і але…
Леакадка. Я ведаю, што рабіць, мамачка!
Мяшочыха (выймаючы з сваей торбачкі фляконык з парфумай). Чакай, я вось цябе папарфамую, каб ты не сьмярдзела потам… (Пырскае на дачку парфумай). А калі ён пацісьнець цябе за руку, дык так-сама яго, але не надта моцна, а так крыху і перэвярні вочы ўверх ды ціханька гэтак уздыхні: ох!
Леакадка. Я ведаю, мамачка!..
Мяшочыха. А калі ён будзе казаць, што цябе любіць і жыць без цябе ня можа, дык ты саромліва апусьці вочы ўніз і скажы яму: „пагутарце аб гэтым з маей мамай“…
Леакадка. Калі ён нічога гэткага і ня думае казаць, а толькі сьмяецца і шчыпаецца.
Мяшочыха (зьдзіўленая). Шчыпаецца?!
Леакадка. Але. Усё хапае за бок, то за іншае месца і ўсё сваё: „тру-ля-ля“…
Мяшочыха (я. в.). Гм, гм… Мусіць цяпер новая такая мода…
Мяшочак (праз сон). А я пытаюся… чаму…
Мяшочыха. Ах, Божа мой! Калістрат тут сьпіць, а граф можа пабачыць і будзе сьмяяцца… (да мужа, тузаючы яго). Калістрат! а Калістрат! Устань!
Мяшочак (праз сон). Адчапіся!.. (сьпіць).
Леакадка. Граф ужо бачыў, што папа пьяны.
Мяшочыха (убачыўшы ў дзьвярох Мацальскага, ціха да дачкі). А вось ён глядзіць на цябе! Ідзі, ідзі, можа ён хоча паскакаць з табой. (Ідуць да дзьвярэй, Мацальскі дае ім дарогу, у дзьвярох робяць цэрамоніі кланяючыся).
Мацальскі. О! мэдам!
Мяшочыха і Леакадка.. Ох, граф! (выйшлі).
Зьява 9.
Мяшочак, Мацальскі, пасля Уршуля.
Мацальскі (абцірае хустачкай пот на твары, падыходзіць да стала, пье піва. Закурывае папіроску).
Уршуля (уваходзіць, сядае, зіркае на Мацальскага. Паўза). Ах, як вы добра танцуеце!
Мацальскі. Я-ж з вамі здаецца не танцаваў, дык скуль ведаеце?
Уршуля. Але я бачыла, як вы… з іншымі.
Мацальскі. Але… я вучыўся ў танцклясе Шрайбмана.
Паўза.
Уршуля. Вы такі сумны: вы мусіць закахаўшыся, або вершы пішаце?
Мацальскі. За шмат гарэлкі выпіў… Я яшчэ перад тым, як прыйсьці сюды, спаткаўся з адным прыяцелям і мы здорава сербанулі.
Уршуля. Ці вам больш падабаюцца брунэткі ці бляндынкі?
Мацальскі (сьмяецца). О! я ўселякіх люблю, калі толькі прыгожая і маладая…
Уршуля. Ці вы маглі-б палюбіць асобу, каторай чыстае дзявочае сэрца яшчэ не спазнала каханьня і каторая ўсей душой першы раз у жыцьці палюбіла-бы вас?
Мацальскі. Чаму-ж не? Гэткія здарэньні ў мяне ўжо былі.
Уршуля. Ах, я бачу, што вы баламут… Граф! Павахлюйце крыху, я так змарылася! (дае яму свой вахляр).
Мацальскі (д. с.). Чаго баба да мяне прычапілася! (Голасна, узяўшы вахляр і вахлюючы). Ня трэба так многа скакаць, дык-бы й не замарыліся.
Уршуля. Ах, я так люблю скокі!
Мацальскі. Ну, выбачайце, рука баліць, не магу больш… (аддае ей вахляр і выходзіць).
Уршуля (адна). Ах, як ён на мяне глядзеў! ах, як глядзеў!.. Або цяпер або ніколі!.. Ён будзе мой, ён будзе мой! (выходзіць за ім).
Зьява 10.
Мяшочак і Гаўдэнт.
Гаўдэнт (уваходзіць і глядзіць за сцэну). А той гад ізноў прыклеіўся да мае Магдзі!.. О! хваціў яе за падпаху і цягне сюды… Схаваюся, даведаюся, аб чым яны будуць гутарыць. (Хаваецца за канапу, на якой сьпіць Мяшочак).
Зьява 11.
Мяшочак, Гаўдэнт, Мацальскі, Магдалена.
Магдалена. Ах, калі я так баюся!
Мацальскі. Ня бойся, ціпачка, ніхто-ж аб гэтым ня будзе ведаць, ты прыйдзеш праз другія дзьверы, — не ад вуліцы, значыцца, а праз браму, праз кухню…
Магдалена. Калі-ж так неяк… не выпадае…
Мацальскі. Праз кухню выпадае. Нікога ў кватэры ня будзе, буду толькі адзін я… буду чакаць…
Гаўдэнт (высунуўшы галаву з-за канапы, чуе ўсё гэта). А! вось як!..
Мацальскі (не бачучы Гаўдэнта). Каб ты, пумпачка, не забылася, я напішу табе свой адрэс…
Магдалена. Ах, каб толькі мой муж не даведаўся!
Мацальскі. Ніхто не даведаецца. Зачынім дзьверы на ключ… і будзем шчасьлівы!
Гаўдэнт (я. в.). Вось і даведаўся!
Мацальскі. Значыцца добра? Прыйдзеш ?
Магдалена. Ах, калі я сама ня ведаю… Ну, добра…
Мацальскі (абыймаючы яе). Ах, пумпачка ты мая! (цалуюцца).
Гаўдэнт (кашляе знарок).
Магдалена (усхопіўшыся). Ах!..
Мацальскі (не страціўшы рэзону). А гэта… вось гэты новы танец трэба так… вось значыцца тру-ля-ля…
Магдалена (да мужа). Пан граф наўчае мяне скакаць новы танец. (да Мацальскага). Як гэта завецца?
Мацальскі. Тіп-топ.
Магдалена. Але. Тіп-топ. Страшэнна трудны, але вельмі модны.
Гаўдент (вылезшы з-за канапы). Можа ён і модны, але не надта трудны. (Выйшаў).
Зьява 12.
Мяшочак, Мацальскі, Магдалена.
Магдалена (ціха да Мацальскага). Здаецца чуў?
Мацальскі. Ну, нічога, ён-жа майго адрэсу ня ведае, ён нам не перашкодзіць… Вось я табе зараз напішу свой адрэс, а ты яго добра схавай, каб раптам твой муж не знайшоў…
Магдалена. Ах, не, не! я баюся! Ня трэба, я не прыйду! (пайшла за сцэну).
Зьява 13.
Мяшочак і Мацальскі.
Мацальскі (д. с.). Э! прыйдзеш, пумпачка! я ведаю! трэба толькі пакінуць тут свой адрэс… (выймае з кішані паперку і алувок і піша). Вось!.. (разглядаецца па сцэне). Гдзе-ж бы яго тут палажыць? (пабачыўшы на камодзе торбачку Уршулі). А вось яе торбачка! вось тут я схаваю картачку, заўтра яна знойдзе, прачытае і прыдзе! тру-ля-ля!.. (выходзіць).
Зьява 14.
Мяшочак, Уршуля, Пышка.
Уршуля (уваходзячы з Пышкай). Пашукайце, калі ласка, маю хустачку… Ах, замарылася!
Пышка. А дзе яна, калі можна спытацца, гэтая хустачка?
Уршуля. Ах, Божа-ж мой! У торбачцы. Такая чорная торбачка.
Пышка (шукае і знайшоў на камодзе). А! ёсьць! (падае ей торбачку, у якую Мацальскі ўлажыў сваю запіску).
Пышка (пасьля паўзы). А пагода сягоньня харошая.
Уршуля. Заўсёды пасьля дрэннай пагоды бывае харошая… (знайшоўшы ў торбачцы запіску, чытае яе). Ах! што-ж гэта!? Адрэс!! яго адрэс! Просіць, каб я прыйшла да яго! О, Божа мой! значыць маё сэрца не памылілася…
Пышка. А бывае, што пасьля харошай пагоды бывае дрэнная…
Уршуля. Ах, пане Пышка, пакіньце мяне, калі ласка, у мяне галава разбалелася, мігрэнь…
Пышка. Калі трэба якога лякарства, дык я зараз… у мяне ёсьць знаёмы аптэкар…
Уршуля. Ах, нічога ня трэба, толькі я пасіджу тут гэтак адна, вы мяне пакіньце, гэта пройдзе…
Пышка (выходзіць).
Уршуля (д. с.). Ах, Божа мой! Нарэшце! Зьявіўся той, якога я так доўга чакала! Ён — граф, каралевіч — панясе мяне ў свой палац і будзе мяне любіць крэпка, горача… Ох, як сэрца бьецца…
Зьява 15.
Мяшочак, Уршуля, Мацальскі.
Мацальскі (уваходзіць, абціраючыся хустачкай, падыходзіць да стала і налівае сабе піва).
Уршуля (да Мацальскага). Ах, гэта вы! Чаму-ж вы мне адразу нічога не сказалі?
Мацальскі (не разумеючы ў чым справа). А? што? чаго?
Уршуля. Чаму вы са мной гэтакі нясьмелы? Трэба было адразу сказаць усё. Я вас так добра разумею. Ніхто гэтак не адчувае вашай душы, як я. Яны ўсе — гэта не для вас кумпанія. А нашы душы адразу адна адну зразумелі, хаця так мала слоў было сказана… Тады ўжо, як вы скурачкай апальцыну папалі мне ў лоб, я ўжо ўсё зразумела, усё адчула…
Мацальскі (д. с.). Гэта баба ашалела, ці што?
Уршуля. Пойдзем! Пойдзем скакаць! Закружымся ў віхры вальса апошні раз… да заўтра… я прыйду… ох! я прыйду!.. (цягне яго за сабой).
Мацальскі. Пачакайце-ж! Дайце-ж мне хоць піва выпіць.
Уршуля. Пойдзем! пойдзем! (пайшлі скакаць).
Зьява 16.
Мяшочак і Гаўдэнт.
Гаўдэнт (уваходзіць з самоварам, дзьмухае ў яго, пасьля ставіць на стале). Я тут увесь час тапчуся на кухні, як кухарка якаясь, а яна вось якія штукі майструе! Пачайкай-жаж! Гэтага я не пазволю! Няхай гэта будзе ня толькі граф, а навет сам губарнатар, а я не пазволю! (ідзе ў той пакой, дзе скокі).
Зьява 17.
Мяшочак, пасьля Гаўдэнт і Магдалена.
Мяшочак (пераварачваецца на другі бок і праз сон нешта бармоча).
Гаўдэнт (уваходзіць, цягне Магдалену за руку).
Магдалена. Ну, пусьці! Чаго хваціў як вар’ят за руку?
Гаўдэнт. Я цябе пытаюся, што ўсё гэта значыць?
Магдалена. Ну чаго дурыш? Што значыць?
Гаўдэнт. А вось чаго ты прыклеілася да гэтага графа?.. Глядзі ты мне!
Магдалена. А гэтага-ж што такое?! Ты пьяны, ці што? Хто прыклеіўся? Ён танцуе са мной, бо я найляпей за ўсіх танцую, а яны ўсе як козы скачуць.
Гаўдэнт. А куды гэта ён прасіў цябе прыйсьці, га? На рандаву? Я табе пакажу рандаву!
Магдалена. Прыйсьці? Калі? Першы раз чую.
Гаўдэнт. Але! „Першы раз чую!“ А я вось, сідзячы там за канапай, усё вельмі добра чуў.
Магдалена (ірон.). Ах, як хораша! Схаваўся як жулік пад канапу і падслухоўвае чужую гутарку! Фі! Які сорам!
Гаўдэнт. Ты мне зубы не загаварывай, а скажы мне вось, чаму ён казаў табе „ты“? Скуль-жа гэткае ўжо блізкае знаёмства?
Магдалена. Што?! Нічога падобнага! У цябе мусіць ужо ў вушох зьвініць ад злосьці або ты аглох.
Гаўдэнт. Не! Я добра чуў, як ён казаў табе „ты“… А чаму ён называў цябе „пумпачка“? Га? Можа й гэта няпраўда?
Магдалена. Казаў „пумпачка?“ Вось далібог не памятаю… Ну, калі казаў „пумпачка“, значыцца ёсьць такое слова.
Гаўдэнт. А я не хачу, каб ён называў цябе «пумпачкай»! Чуеш?
Магдалена. Вось яшчэ чаго! Ты думаеш, граф будзе цябе пытацца, што ты хочаш, а чаго ня хочаш… Падумаеш! Фігура вялікая! (хоча йсьці).
Гаўдэнт (устрымаўвае яе). Пачакай! Яшчэ ня ўсё… А чаму ты з ім цалавалася? Можа скажаш, што й гэта няпраўда?
Магдалена. Што?! Як ты сьмееш казаць мне гэтакае! Мы зусім не цалаваліся, а граф навучаў мяне скакаць адзін новы загранічны танец — «тіп-топ».
Гаўдэнт. Але! (дразьнячы яе) топ! топ!.. Ніякіх танцаў не скачуць сідзячы.
Магдалена (упарта). А не! Вось ёсьць такія, каторыя трэба скакаць сідзячы. Ты нічога ня ведаеш.
Гаўдэнт (бязьсільна). О, Божа, мой! Які ў яе язык! Божа мой! Не дам я з ёю раданьні… О, сьвяты Язэп! зьлітуйся нада мной!
Магдалена. О! ужо пачаў свае охі ды ўздохі! А калі-б спытацца: чаго? — дык дальбог няма ведама.
Гаўдэнт. Магдзя! зашто мучаеш мяне? Зашто?! Я-ж табе сягоньня купіў матэрыі на спадніцу, думаў зрабіць сабе новыя портачкі, але вось купіў табе на спадніцу, бо сягоньня твае імяніны; для цябе я купіў гэтага віна, якога ніхто піць не хацеў, праз цябе я брытвай парэзаўся, — я для цябе ўсё, а ты што? Ты з гэтым графам шашні заводзіш!.. Ах, Божа мой! Божа мой!
Магдалена. Ну, ужо пачаў стагнаць, быццам скуру хто з яго абдзірае!
Гаўдэнт. Ты сэрца мне з грудзей выдзіраеш, гадаўка ты!
Магдалена. Калі ласка! Толькі бяз гэтакіх хамскіх слоў! Вось яшчэ чаго! Лаяцца пачаў! „Гадаўка!“ Падумаеш!.. Сам ты гад, хам, мужык!
Гаўдэнт. Палятуха!
Магдалена. Мядзьведзь касалапы! Стары чорт!
Гаўдэнт. Магдзя! Змоўкні, бо не стрываю!
Магдалена. А што? біць будзеш? Ну, толькі папрабуй!
Гаўдэнт. А вось і папрабую! Памятаеш, як раз…
Магдалена. Ну, папрабуй!.. Пры людзёх не пасьмееш!
Гаўдэнт. А вось і пасьмею! (хоча яе лупцаваць).
Магдалена. Ня сьмей! Не чапай!.. Буду крычаць!.. Сорамна… там граф… пачуе… (тузаюцца).
Зьява 18.
Мяшочак, Гаўдэнт, Магдалена, Мацальскі і інш. госьці.
Мацальскі (уваходзіць, за ім госьці). А цяпер, мэсье і мэдам, я прапаную…
Гаўдэнт (да Мацальскага). А вось як я табе задам „мадам“, дык ты й сваіх не пазнаеш! (кідаецца на Мацальскага).
Мацальскі (баронючыся крэслам). Што гэта?! Гэта мавэтон!.. Мэсье і мэдам!..
Гаўдэнт. Я табе пакажу! Ня будзеш ты баб цягнуць да сябе ў госьці! Ня будзеш ты больш ў кутох цалавацца! Бачылі яго! А яшчэ граф!
Уршуля (падыходзячы да Гаўдэнта). Перш-наперш, выбачайце, я ня баба, а паненка, а па другое, якое вам дзела да гэтага, што між намі было?
Гаўдэнт. А вы чаго тут лезеце? Ніхто-ж вас не чапае, дык сядзеце ціха і ня лезьце!
Мяшочак (прачхнуўшся і лезе ў гушчу паміж людзей). Вось вы замест сварыцца, скажэце мне, чаму Каін…
Магдалена (да мужа). Вось калі так, калі ты гэтакі бязстыднік, што пры чужых людзёх авантуры робіш, дык вось на злосьць табе буду і цалавацца, і ўсё такое!.. Буду! буду! А нічога на гэта не парадзіш! Буду!
Гаўдэнт (кідаецца на жонку). Забью! забью!
Магдалена ўцякае. Мужчыны хапаюць Гаўдэнта за рукі.
Мацальскі таксама ўцякае.
Уршуля млее.
Заслона.
АКТ ІІІ.
- Налева дзьверы ў пакой Мацальскага. Далей дзьверы ўхадныя. Направа на першым пляне адчыненае вакно. Далей дзьверы. Наўпрост усходы, якія вядуць на гару ў панскія пакоі.
- Пасярэдзіне сцэны стол, крэслы.
Зьява 1.
Мацальскі (адзін).
Мацальскі (бяз сурдута стаіць ля вакна, чысьціць боты і гавора праз вакно). Учора прыйсьці ня мог… — Чаму? — быў на вечарыне… — Што? ці весела? (д. с.) Пад канец не надта было весела… (Голасна). Бяз панны Марыянны мне ніколі не бывае весела… — Гдзе? — а гэта ўжо сакрэт… Не! не скажу!.. — Панна Мар’янна! панна Мар’янна! Пачакайце! ну, скажу ўжо, скажу!.. Гэта, бачыце, былі імяніны. Я адзін раз пазнаёміўся ў кінематографе з аднэй гэтакай… — Панна Мар’янна! пачакайце!.. Вы, калі ласка, ня думайце чагосьці дрэннага… але!.. Ну вось папрасілі мяне на гэтыя імяніны, я й пайшоў… Не, вы толькі ня думайце, што… — Не! Старая ўжо і ўся ўжо сыплецца, як спарахнеўшае дрэва… Значыцца выпілі там, паскакалі — вось і ўсё!.. Ага! яшчэ не сказаў: я там збрахнуў, што я граф. Вось сьмех! ха-ха! Каб вы ведалі, як каля мяне ўвіхаліся! але! але! далібог!.. Панна Мар’янна! проша прыйсьці да мяне, я маю да вас справу… Што?.. — Пана няма, пайшоў кудысьці. Вернецца, здаецца, ня скора… — Што, хутка прыдзеце? — Добра! (пасылае рукой пацалункі). Ах, ты мая пумпачка!.. (Пры левых дзьвярох звоніць званок). А які там чорт?.. (ідзе да дзьвярэй і адчыняе).
Зьява 2.
Мацальскі і Уршуля.
Уршуля (уваходзіць, твар закрыты густой вуалькай).
Мацальскі (пазнаўшы яе, вельмі зьдзіўлены).
Уршуля (паднімаючы вуальку, скромна). Гэта я… Добры дзень!
Мацальскі (я. в.). А? што?.. ага!.. добры дзень выбачайце…
Уршуля. Можа вам гэта здаецца дзіўным, што я, знайшоўшы ў сваей торбачцы вашы запросіны, так адразу да вас прыйшла? Але ў мяне такая ўжо арыгінальная натура! Я шукаю перажываньняў… Толькі, калі ласка, вы, граф, не падумайце аба мне нічога дрэннага!.. Я толькі так… бо вы, граф, такі незвычайны чалавек! такі не такі, як іншыя, а апроч таго… (пабачыўшы ў яго руках бот і шчотку). Што гэта? Вы самі боты чысьціце, граф?
Мацальскі (зьбіўшыся з панталыку). Я?.. боты?.. (няшчыра сьмяецца). Ха-ха-ха! Гэта я так… для мацыёну, я гэта люблю… (кідае бот і шчотку ў кут і апранаецца).
Уршуля. А дзе-ж вашы слугі?
Мацальскі. Мае слугі? Дзе-ж мае слугі?.. Ах, праўда!.. Я пусьціў свайго лёкая на вечарыну, няхай хлопец пагуляе сябе трохі (д. с.) Добра, што цяпер пана няма!
Уршуля. Ах, якое ў вас добрае сэрца, граф!
Мацальскі. О, але! Як я прызываўся ў салдаты, дык доктар, аглядаючы мяне, сказаў: о! у яго сэрца важнецкае!..
Уршуля. Граф! Чаму вы не запрапануеце мне сесьці?
Мацальскі (усхопіўшыся). Ах, праўда!.. выбачайце! (Падае ей крэсла). Калі ласка! (д. с.) Чаго яна да мяне прыпёрлася?
Уршуля (сядаючы). Ах, учора было гэтак непрыемна! так прыкра! Вы першы раз прыйшлі да гэтых людзей, а яны прынялі вас, як грубіяны!.. Зараз біцца! фу! якое хамства!.. Мне было так нялоўка!..
Мацальскі. Нічога, глупства, гэта здараецца… (да сябе). Яе мусіць падаслалі, каб яна мяне перэпрасіла!
Уршуля. Гэты Залепка надта кепска выхаваны чэлавек. Ён гэтага не разумее, што ёсьць душы, якія бяз доўгага знаёмства, бяз лішніх слоў, ад аднаго першага погляду адчуваюць сваю блізкасьць
Мацальскі. Я ня ведаю, чым гэта кончылася, бо ўцёк… Што-ж? гэты вар’ят пабіў сваю жонку?
Уршуля. Не, куды там! Яго мужчыны схвацілі за рукі, а яна ўцякла да суседзяў і дома не начавала… Я цяпер, ідучы да вас, спаткалася з ёю на вуліцы недалёка ад вашай брамы… Я страшэнна засаромілася, баючыся, каб яна не падумала, што я йду да вас. Вы самі разумееце, што злыя людзі могуць падумаць, калі маладая паненка йдзе ў госьці да кавалера.
Мацальскі (д.с.). Маладая паненка… гм… гм!..
Уршуля. Дык я з ёю прывіталася і сказала, што йду на гэты падворак да швачкі… Праўда, што калі йдзе аб шчасьце двох людзей, дык можна сказаць няпраўду?
Мацальскі. Выбачайце, але я нічога не разумею… Значыцца, яна ня ведае, што вы пайшлі сюды? Гэта значыцца бяз яе ведама?
Уршуля. Што вы, граф! Як-жаж яна магла-б аб гэтым ведаць! што вы! (сароміцца).
Мацальскі. Ага! (д. с.). Значыцца сам муж прыслаў яе сюды, каб пагадзіцца… (голасна). Ну, што-ж! можаце сказаць гэтаму Залепцы, што я нічога проціў ня маю, — можна пагадзіцца, можна на згоду й выпіць.
Уршуля. Выбачайце, я не зусім разумею: вы значыцца хочаце з гэтым хамам пагадзіцца?
Мацальскі. Ну, што-ж такое, што ён раз мяне там ляпнуў, але-ж не скалечыў. Калі ён сам першы хоча…
Уршуля. Але скуль-жа вам ведама, што ён хоча?
Мацальскі. Як: скуль? Вы-ж, здаецца, гэта казалі.
Уршуля. Я гэтага не казала.
Званок зьвініць пры дзьвярох.
Уршуля (спалохалася). Ах, Божа! Нехта прыйшоў, можа гэта ваш лякай! Я не хачу, каб мяне хтоколечы тут бачыў… Раней чымсь адчыняць дзьверы, схавайце мяне, схавайце!..
Мацальскі (д. с.). Каго-ж там чорт нясе?.. (да Уршулі). Ну, хавайцеся вось сюды ў гэты пакой, сюды!.. (адчыняе дзьверы у пакой направа, упіхае яе туды і зачыняе ключом, пакінуўшы ключ у дзірачцы замка; пасьля йдзе да дзьвярэй налева і адчыняе іх. Уваходзіць Магдалена).
Зьява 3.
Мацальскі і Магдалена.
Мацальскі (рад і зьдзіўлены; ціха). А, пумпачка! А я й не спадзяваўся!..
Магдалена. А вось запамятала твой адрэс і прыйшла. Ты здаволены, што я прыйшла?
Мацальскі (зірнуўшы на дзьверы, за якімі сядзіць схаваная Уршуля, са страхам). Цсс! Не так голасна! Ціха!
Магдалена (зьдзіўленая). Чаму?
Мацальскі (ня ведаючы, што адказаць). Бо… бо… у мяне галава баліць, калі голасна гавораць… Такая, можна сказаць, настальгія…
Магдалена (спагадліва). Бедненькі! які дэлікатны! Якая ў цябе рыстакратычная натура!.. А ведаеш? і ў мяне так-сама галава баліць, калі хто голасна гавора, бо я так-сама з вышэйшага сьвету, хаця й выйшла замуж за гэтага хама Залепку… Ах, дарагі мой Ільдэфонс! Ты на мяне ня гневаешся за тое, што было ўчора?
Мацальскі. На цябе? А за што-ж на цябе? Ты-ж мяне ня біла!
Магдалена. Ух, як я ненавіджу гэтага… свайго мужа! Фу! мядзьведзь! без ніякага выхаваньня!.. Вось ты зусім іншы чэлавек!
Мацальскі. Ну, ведама, я, можна сказаць, маладзец! Гэтакі, проста кажучы, бон віван!
Магдалена (гледзячы на яго ачараваная). Ах, які ты прыгожы!.. Слухай, Ільдэфонс! Ты ня ведаеш, ці развод дастаць лёгка? Кажуць, што граніцай можна… бо я ўжо не магу болей з ім жыць, я яго ненавіджу!
Мацальскі. Гм… развод? Нашто, пумпачка, развод? Калі глядзець на справу, так кажучы, з погляду, дык можна й без разводу… (абыймае яе). Ух, ты! ты! пумпачка! (цалуе яе).
Уршуля за сцэнай чыхнула.
Магдалена (спалохаўшыся). Што гэта? Хто там?
Мацальскі. Не, ніхто!.. Гэта я там котку зачыніў, гэта котка мяўкнула.
Магдалена. Не, мне здаецца, што там нехта чыхнуў.
Мацальскі. Чухнуў? Няўжож? Ну, значыцца, котка чыхнула. Ну але! гэта котка чыхнула, бо там ляжыць адзежа і сьмярдзіць нафталінам.
Магдалена. Ах, я так люблю катоў! Пусьці яе сюды, я з ёю пагуляю. (Хоча ісьці ў пакой, дзе Уршуля).
Мацальскі (устрымоўваючы яе). Ды што ты, пумпачка! ня трэба! яна кусаецца. Гэта не звычайная котка, а такая дзікая… Лепш пойдзем сюды, у мой пакой, сюды, там спакайней… (абыймае яе і вядзе ў пакой налева).
Магдалена (як дзіця). Не, пакажы мне котку! я хачу бачыць котку!
Мацальскі. Добра, добра, але пасьля!.. (выходзяць).
Зьява 4.
Мар’янна (адна).
Мар’янна (таўстая, здаровая, чырвоная кухарка, уваходзіць праз уходныя дзьверы; глянуўшы, што на сцэне нікога няма, кліча:). Ільдэфонс! пан Ільдэфонс! я ўжо прыйшла… (Ідзе да дзьвярэй, у якія пайшоў Мацальскі з Магдаленай, хоча іх адчыніць, але дзьверы не адчыняюцца). Гм… дзьверы зачынены, яго значыць няма, а прасіў прыйсьці… Як-жаж так? (падслухоўвае пад дзьвярыма). Не! здаецца, нешта варухнулася! (кліча): пан Ільдэфонс! а пан Ільдэфонс! (паўза). Не, значыць яго няма… (Уршуля за сцэнай ізноў чыхнула). А вось дзе ён! Чыхае бедненькі! Бадзяецца па якіхсь вечарынках, позна варочаецца, а пасьля прасьцюдзіўшыся чыхае! Ах, трэба яго выдзерці за вушы… (ідзе да правых дзьвярэй, адчыняе іх і затрымоўваецца зьдзіўленая на парозе). А-а!.. А гэта-ж што? А вы хто такая? (ірон.). Вось гэта мне падабаецца! Са мной жаніцца абяцаўся, а другую ў пакоі на ноч зачыняе. Ну, я-ж яму задам, як ён прыйдзе!
Уршуля (уваходзячы без капелюша). Выбачайце, але хто вы і якое вы маеце права?
Мар’янна. Якое права? — А вось якое права: гарэлку маю пье, на сьвежыя блінчыкі ў кухню да мяне бегае, як зьбярэцца ў мяне якаясь лішняя капейка, дык зараз да мяне: „панна Мар’янна! пазыч! аддам, далібог аддам!“ (ірон.) аддае, каб ён скіс! — вось якім правам! Сьцямілі?
Уршуля. Выбачайце, але вы аб кім?
Мар’янна. Як аб кім? Ну, ведама, аб ім: аб графскім лёкаю!
Уршуля. Выбачайце, але я прыйшла да графа.
Мар’янна (зьмяніўшы тон). Ах, што я нарабіла!.. Выбачайце, панічка, калі ласка, выбачайце, я ня ведала, я думала… (адыходзіць задам, але раптам устрымоўваецца). Але хто-ж вас там зачыніў у гэтай каморцы на замок? Гэта-ж так непрыгожа…
Уршуля. Гэта ня ваша справа. Я тут прыйшла да графа Мацальскага і вам няма да мяне ніякага дзела.
Мар’янна (разьвязіўшы рот). Вы… вы… бачайце… Да каго?
Уршуля. Ну, я-ж кажу: да графа Мацальскага.
Мар’янна. Да якога графа?
Уршуля. Ах, Божа-ж мой!.. Дык-жа кажу выразна: да Мацальскага!
Мар’янна. Да Ільдэфонса?
Уршуля. Ну але! Да Ільдэфонса Мацальскага.
Мар’янна. Дык-жа і я аб ім кажу. Але якій-ж ён граф?
Уршуля. Выбачайце! Мне гэта ляпей ведама.
Мар’янна. Ха-ха-ха! Вось-жа гад, абдурыў! Дык-жа ён толькі служыць лёкаем у графа, а ён сам графам і ўва сьне ня быў.
Уршуля. Што?! Што я чую? Ён не граф!.. Ах! ах! ах! (ёй робіцца млосна і яна апускаецца на крэсла).
Мар’янна (дражніць яе). „Ах, ах, ах!“ Во і паахайце цяпер. Вось і добра. А то захацелася ганорнай дзяўчыне кавалера адбіваць!.. Ён абецаўся, што скоро ўжо запаведзі выйдуць, а я ўжо і пярсьцёнікі купіла, і белую спадніцу да шлюбу сабе пашыла, — а яна тут лезе са сваімі ахамі! Фі! фі! сорамна! не маладая ўжо, ужо трэба толькі Богу маліцца, а не аб каханьні думаць.
Уршуля (я. в.). Ах! ах! ах!..
Мар’янна. Вось цяпер табе і „ах!“
Чутно званок за сцэнай.
Мар’янна. Ай-ай! Мусіць ужо граф вярнуўся! Трэба ўцякаць…
Уршуля. Што вы кажыце? Запраўдны граф прыйшоў?.. Ох, Божа мой! Уцякаю… Дзе мой капялюш? (выбягае ў дзьверы направа).
Зьява 5.
Мацальскі. Ах, Божа мой! Скандал! Пан прыйшоў!.. (бяжыць па ўсходах на гару і чэзьне).
Пасьля за сцэнай чутно тузаніну і голас Гаўдэнта: «Я пытаюся, дзе мая жонка?..»
Зьява 6.
Гаўдэнт і Мацальскі
(ўбягаюць).
Мацальскі (ўцякае ад Гаўдэнта, трымаючыся рукамі за твар).
Гаўдэнт (ганяючыся за ім з кіём у руцэ). Я пытаюся яшчэ раз: дзё мая жонка? Дзе Магдзя?
Мацальскі. А чорт ведае, дзе ваша Магдзя! Што я? стораж вашай жонкі, ці што?! (д. с.). А крэпка гад б’ецца!
Гаўдэнт. Яна не начавала дома. Яна начавала тут!
Мацальскі. А што тут? начлежны дом, ці што?
Гаўдэнт (гонючыся за Мацальскім з кіём). Я яшчэ раз пытаюся…
Мацальскі. А я яшчэ раз кажу, што няма… І калі ласка прашу без палкі, бо я паліцыю паклічу.
Гаўдэнт. Я маю права… тут мая жонка, я ведаю… Дзе мая жонка?! (кідаецца на Мацальскага).
Мацальскі (ўцякаючы перад ім навокал стала). Пачакайце!.. пачакайце!.. Ах, праўда, я ўспомніў… забыўся… Але! але! ёсьць ваша жонка… яна тут, але!
Гаўдэнт. Дзе? дзе яна?
Мацальскі (паказваючы на дзьверы, за якімі сядзіць схаваная Уршуля). Яна там, вось там яна схавалася, вы ідзеце там, пагутарце з ёю.
Гаўдэнт. Ага! Вось я казаў, што яна тут. Не абмыліўся. (Ідзе направа, Мацальскі хутка зачыняе за ім дзьверы на ключ).
Зьява 7.
Мацальскі (адзін).
Мацальскі (уздыхнуўшы). Ух! нарэшце!.. Але што-ж мне цяпер рабіць? (раптам успомніўшы). Ах! парадныя дзьверы засталіся адчыняны, яшчэ злодзей забярэцца, гэтага толькі на маю галаву не хапала! (бяжыць па ўсходах, але раптам устрымоўваецца). Не, раней трэба выпусьціць яе, няхай уцякае. (Ворочаецца на сцэну і адчыняе першыя дзьверы злева, дзе Магдалена). Хутчэй! хутчэй! Муж прыйшоў. Хутчэй!
Зьява 8.
Мацальскі і Магдалена.
Магдалена (выходзіць, папраўляючы валасы на галаве). Ільдэфонс! Дай люстэрка, я мусіць чырвоная як рак, трэба папудравацца.
Мацальскі (шоптам). Няма часу для люстэрка… Хутчэй! хутчэй! там муж…
Магдалена. Дзе ён?
Мацальскі (паказваючы рукой на дзьверы). Там сядзіць, зачынены.
Магдалена. Ах, Божа мой!.. (хутка апранае на галаву капялюш і выбягае).
Зьява 9.
Мацальскі (адзін), пасьля Гаўдэнт (за сц.).
Мацальскі. Што-ж мне цяпер рабіць? Вось дык бяда!.. Хіба Мар’янна мне паможа… (бяжыць да вакна і кліча). Панна Мар’янна! а панна Мар’янна (д. с.) Гм… не адклікаецца… (я. в.) Панна Мар’янна!.. (адыходзіць ад вакна). Хоць ты галаву ў пятлю садзі! Вось палажэньне! Паліцыю паклікаць, ці што? Будзе скандал. Пан, як даведаецца, са службы прагоніць…
Чутно стук у правыя дзьверы.
Во! ўжо стучыць! ізноў пачне біцца… (гавора праз зачыненыя дзьверы). А што? я тут.
Гаўдэнт (за сц.). Як што?.. Адчыні!!
Мацальскі. Не магу… Ня ведаю, куды ключ падзеўся.
Гаўдэнт. Ключ сядзіць у дзірачцы.
Мацальскі. Ах, праўда, у дзірачцы… (варушыць ключом быццам прабуючы адчыніць). Але не круціцца, зайржавеў, ці што?
Гаўдэнт. Дык алівай памазаць…
Мацальскі. Ах, праўда! Добра, я памажу, я зараз памажу… (д. с) Я-бы цябе добра памазаў, калі-б не баяўся… Не, няма рады, пайду паліцыю паклічу… (хоча ісьці).
Зьява 10.
Мацальскі і Мар’янна (ўваходзіць).
Мацальскі. Ах, панна Мар’янна! пумпачка мая! шчасьце маё! Вось у самую пару прыйша. Панна Мар’янна! у панны Мар’янны ёсьць знаёмы паліцэйскі… Панна Мар’нна пабяжыць да яго і скажа, каб ён хутка сюды прыйшоў. Пратаколу пісаць ня трэба, але так толькі крыху напалохаць…
Мар’янна. Каго? Яе палохаць? (паказваючы на дзьверы). Дык я яе ўжо тут добра напалохала, ажно пачала ахаць і дрыгаць нагамі.
Мацальскі. Каго панна Мар’янна напалохала?
Мар’янна. Ну-ж гэтую старую, каторая прыйшла сюды да пана Ільдэфонса.
Мацальскі. Але-ж я не аб ёй. Яна нічога…
Чутно йзноў стук у дзьверы.
Мар’янна. Чаго яна стучыць? Чаму пан Ільдэфонс йзноў зачыніў яе на ключ?
Мацальскі (думаючы аб Гаўдэнце). Хоча, каб дзірачку памазаць… (да дзьвярэй). Я зараз…
Мар’янна (строга). Як гэта: дзірачку памазаць?
Мацальскі. Алівай памазаць… Цсс! панна Мар’янна! я гэтаму вар’яту сказаў, што ключ зайржавеўшы, засеў у замку і я не магу адчыніць дзьверы, дык ён крычыць, каб мазаць… Што рабіць?
Мар’янна. Які ён? які вар’ят?
Мацальскі. А ведае панна Мар’янна, ёсьць адзін гэтакі вар’ят, бегае з кіём па вуліцы і шукае сваю жонку, — такую ўжо значыцца фіксацыю мае, — ну дык вось парадныя дзьверы былі незачынены, ён уварваўся сюды і крычыць, што тут яго жонка… Дык вось я зачыніў яго на ключ у гэтай каморцы…
Мар’янна (недаверчыва). Эй, пан Ільдэфонс! ці толькі праўда? Бо мяне так, як гэтых учора на вечарыне не абдурыш, — я хітрая. Можа ён зусім і не вар’ят.
Мацальскі. Зусім вар’ят, панна Мар’янна! Як панна Мар’янна можа думаць… Дык-жа вось… проша паглядзець… Нідзе нікагусенькі няма, ніякай жонкі. Але-ж я панну Мар’янну так люблю, што ніколі ніякае… (Гаўдэнт стучыць у дзьверы). Ужо мажу, мажу ўжо!
Мар’янна. Ну, калі гэта ўсе праўда, што гавора пан Ільдэфонс, дык няма чаго палохацца. Я вар’ятаў не баюся, бо служыла калісь за кухарку ў вар’яцкай бальніцы і шмат іх бачыла… Адчыняйце дзьверы!
Мацальскі (адчыняе дзьверы і хаваецца за Мар’янну).
Зьява 11.
Мацальскі, Мар’янна, Гаўдэнт, Уршуля (уваходзяць).
Гаўдэнт (да Мацальскага). Паночку, я хачу вам пару слоў…
Мацальскі (са страхам). Не, не, не! Вы ўжо лепш не са мной, а вось з паннай Мяр’яннай пагутарце…
Мар’янна (да Гаўдэнта). Панок! Толькі спакойна, ша! Ня трэба крычаць, ня трэба нэрвавацца. Я ўсё ведаю. Вы шукаеце свае жонкі. Яе тут няма. Ідзеце на вуліцу. Ваша жонка там, па вуліцы ходзіць.
Гаўдэнт. Што?! Мая жонка па вуліцы ходзіць?
Мар’янна. Толькі ціха, спакойна. Не, не так ходзіць, як вы думаеце, але так сабе ходзіць, пайшла значыць на спацар… А яе тут няма.
Гаўдэнт. Я ведаю, што яе тут няма. Мне панна Уршуля ўжо ўсё сказала… І выбайчайце, панок, што я вас пакрыўдзіў…
Мацальскі (д. с.). Добра пакрыўдзіў.
Гаўдэнт. Але вы самі разумееце, што са мной робіцца! Жонка ўчора як выйшла з хаты, дык дагэтуль не вярнулася… Але яшчэ скажу вам вось што: нашто вы ўсё гэта зрабілі? нашто вы ўсіх нас гэтак ашукалі? нашто вы сказалі, што вы граф?.. „Граф! граф!“ — ну што граф? Мы людзі простыя, без царамоніі, мы-бы вас і так добра прынялі, дык нашто задзіраць нос у гару: „граф! граф!"
Мар’янна (ціха да Мацальскага). Ён зусім не вар’ят.
Мацальскі (таксама да Мар’янны). Не! Вар’ят! Зусім вар’ят.
Гаўдэнт. А яшчэ задурылі галаву панне Уршулі. Якіясь запісачкі, тынды-рынды… Не гожа!.. Калі-б захацелі жаніцца, дык трэба інакш, а не гэтак… Так сорамна, не ганорна.
Мар’янна (да Гаўдэнта). Штооо?! жаніцца? О! гэта дык выбачайце! Гэта ўжо дарма… Я ўжо пярсьцёнікі купіла, у гэту нядзелю першыя запаведзі будуць… О! зараз! жаніцца!! А фіга з макам!.. І годзі ўжо ўсяго гэтага. Зьбірайцеся і йдзеце сабе дамоў, або шукаць жонкі, як да спадобы, а з намі гутарка ўжо кончана. (Бярэ яго за падпаху і хоча весьці да дзьвярэй. У гэты час Гаўдэнт пабачыў на стале торбачку сваей жонкі).
Гаўдэнт. Чакайце! А гэта што? Гэта маей жонкі торбачка! Скуль яна тутака?
Мацальскі. Якая торбачка?.. Не! гэта панны Уршулі торбачка.
Уршуля. Не, гэта не мая. Я сваю маю.
Мацальскі. Дык значыць гэта мая торбачка. Я люблю іншы раз гэтак з торбачкай па вуліцы… (да Гаўдэнта). Дайце, калі ласка.
Гаўдэнт (не аддае, але адчыняе торбачку і выймае з яе хустачку). Не! вось і яе хустачка. (Разглядае хустачку). Вось і яе літары: М. З. — значыць, Магдалена Залепчыха. (Да Мацальскага). Га? Скуль торбачка? значыцца я добра дадумаўся! значыцца яна тут! Дзе яна? Я яе знайду! яна тут! (выбягае ў першыя дзьверы налева).
Зьява 12.
Мацальскі, Мар’янна, Уршуля.
Мацальскі (да Мар’янны). А што? Я казаў: вар’ят!
Уршуля. Садома і Гамора! што тут робіцца! (паказваючы на Мацальскага). І гэтакаму чэлавеку я даверыла сваё нявіннае дзявочае сэрца! о! страх падумаць! (хоча йсьці).
Мацальскі (за ёю ўсьлед). Панна Уршуля! Дык чаго-ж у канцы канцоў вы сюды прылезьлі? Клікаў я вас сюды, ці што?
Уршуля (нэрвова сьмяецца). Ха-ха-ха! Ён яшчэ пытаецца! У! нягоднік! (пайшла ў выхадныя дзьверы).
Зьява 13.
Мацальскі і Мар'янна.
Мар’янна. Пане Ільдэфонс! пачакай пан! (бярэ яго за руку і вядзе на аван-сцэну). Цяпэр я пана спытаюся: што ўсё гэта значыць? га? га?
Мацальскі. Ну што-ж? Усе павар’яцелі.
Мар’янна. Павар’яцелі? Быць можа, але я, дякуй Богу, яшчэ не звар’яцеўшы. (Выймае з кішані нейкую паперку). Вось, калі ласка, глянь пан Ільдэфонс і што пан Ільдэфонс на гэта скажа? У мяне ўсё запісана акуратна. (Чытае з паперкі). Дала пану Ільдэфонсу раз 500 марак, пасьля зафундавала паўбутэляк гарэлкі і фунт сальцэсону, пасьля грашыма дала йзноў 300 марак, пасьля новую манішку пану Ільдэфонсу купіла — і так далей — вось усё запісана! Аддай мне цяпер усё, пан Ільдэфонс!
Мацальскі. А я за тое заплаціў ксяндзу за запаведзі!
Мар’янна. Колькі пан Ільдэфонс заплаціў?
Мацальскі. Добра не памятаю, здаецца, што…
Мар’янна. Жулік! Мусіць не даваў на запаведзі, а толькі галаву дурыць ужо трэці месяц.
Мацальскі. Дык-жа панна Мар’янна! я ад шлюбу не адмаўляюся. Я, далібог, калі раз сказаў, дык ужо як ў газэце надрукаваў.
Мар’янна. А жулік! Не пайду я з гэтакім да шлюбу, які ўжо перад шлюбам шашні з бабамі заводзіць.
Мацальскі. Дык-жа панна Мар’янна! Я далібог… Гэта якійсь вар’ят… Тая таксама непрытомная.
Мар'янна. Але! але! круці цяпер пан Ільдэфонс языком, як цялё хвастом. (Дражніць). „Я далібог, я далібог…“ Той вар’ят, гэты вар’ят, толькі пан Ільдэфонс адзін гэтакі разумны знайшоўся… Не! мяне не абдурыш!
Зьява 14.
Мацальскі, Мар’янна, Гаўдэнт (убегае).
Гаўдэнт. Знайшоў!! На ложку шпільку жонкі свае знайшоў! Скуль шпілька маей жонкі на ложку?
Мацальскі. А хто яе ведае! Мусі з валасоў вывалілася… Чаго вы ўсе да мяне прычапіліся?
Мар’янна. Пан Ільдэфонс мяне яшчэ добра ня ведаеш. Я тут такую магу зрабіць авантуру, што сам ня рад будзеш. Я пайду да панскага пана, пан Ільдэфонс, і яму ўсё раскажу!
Гаўдэнт (з другога боку). І падушка памята, і коўдра памята, а на коўдры шпілька ляжыць! Га? Скуль шпілька, пытаюся?
Мацальскі. Ды адчапецеся вы ад мяне! За якуюсь дурную шпільку рабіць гэтулькі крыку!
Мар’янна. Не, пан Ільдэфонс! Я пану гэтага не дарую. Я да графа пайду, я яму ўсё скажу, няхай ён за мяне заступіцца… Я гэтага не дарую!
Гаўдэнт. І я свайго не дарую!
Кароткая паўза. Усе абамлелі. За сцэнай ізноў нехта кліча галасней: «Ільдэфонс»!
Мацальскі. Пан прыйшоў! (бяжыць на ўсходачкі і затрымаўшыся гавора да Гаўдэнта і Мар’янны). А каб вас чорт узяў! Што вы мне нарабілі!
Мацальскі. Іду, іду ўжо! (выбягае).
Заслона.
АКТ ІV.
Дэкарацыя тая самая як ў І-ым акце.
Зьява 1.
Магдалена, Фэлька.
Магдалена (да Фэлькі). Ціха!.. пачакай!. (бяжыць у другі пакой, асьцярожна аглядае кватэру, пасьля варочаецца). Парадныя дзьверы зачынены, яго яшчэ няма.
Фэлька. Ну, кажы-ж мне, як усё гэта было? (сядае).
Магдалена (сядае). Ну дык вось: граф прасіў, каб я зайшла да яго на шклянку кавы. Ну, думаю сабе, што-ж такое? пайду!.. Праўда, што ў гэтым няма нічога благога?
Фэлька. Ну але!.. Але кажы-ж, што далей?
Магдалена. Ну, значыцца, нічога… Сядзім у салёне, пьем гэтую самую каву, гутарым аб тым, аб сім — раптам… Гаўдэнт убягае! Я аднак пасьпела схавацца ад яго і ўцякла, а ён, Гаўдэнт, нарабіў там шуму, крыку, аж страх!.. Падумай толькі: які скандалісты!.. Ну што за бяда, што я зайшла да графа на шклянку кавы?
Фэлька. Толькі-ж каб ён не даведаўся, што ты начавала ў мяне, а то, не дай Божа, і мне устроіць такі самы скандал.
Магдалена. Ну не… не даведаецца… (шукае чагосьці наўкол сябе, пасьля ўскрыквае). Ах!..
Фэлька. Што?
Магдалена. Торбачку ў графа пакінула. Вось калі Гаўдэнт яе там знойдзе, тады ўсё прапала, тады ўжо ня выкручуся!
Фэлька. Гм… гэта дрэнна…
Магдалена. Але дзе-ж я яе пакінула, ня памятаю… Ці прыпадкам яна не засталася на ложку?
Фэлька. На ложку?! Значыцца ты была ў яго спальні?
Магдалена (усхапіўшыся). Што? Я сказала: на ложку? Хэ-хэ! Што я, далібог!.. у галаве ў мяне ўжо путаецца… Ня ў спальні, а на гэтай… як яна завецца?.. на этажэрцы… Але!.. Фэлечка! дарагая мая! пойдзем! ты там забяжыш і возьмеш маю торбачку, а я пачакаю на вуліцы, бо баюся там ісьці, каб ня выйшаў йзноў скандал.
Фэлька (устае). Ну, добра… пойдзем!.. Значыцца сягоньня ўжо ня будзеш начаваць у мяне, а вернешся да хаты?
Магдалена (апранаючы капялюш). Але.
Фэлька. А не баішся свайго скандалістага?
Магдалена. Калі толькі торбачкі ён не заўважыў, дык усё будзе добра. Ня ён мне, а я яму такога тут задам фэферу, што аж ну!.. Ну, і пайшлі! ізноў праз кухню, бо ад парадных дзьвярэй ключ у яго. (Выйшлі).
Зьява 2.
Гаўдэнт (адзін).
Гаўдэнт (уваходзіць праз сярэднія дзьверы, трымаючы ў руцэ жончыную торбачку). Ух, Божа мой! і зашто гэтулькі мук? зашто?! Ах, Магдзя! Магдзя! што ты нарабіла! (укленчыўшы перад вобразом, вісячым над ложкам, і злажыўшы рукі). Божа мой! Сьвяты Язэпе, апякуне сямейнага шчасьця, і ўсе іншыя сьвятыя! Выслухайце мяне! Памажэце мне! Зрабеце так, каб Магдзя не ашуквала мяне! Вы калі захочаце, дык усё гэта лёгка зрабіць можаце. Вам гэта столькі клопату, што адзін раз плюнуць, а для мяне гэта справа вельмі важная… Божа мой! зрабі так, каб Магдзя за хлопцамі не ўвіхалася, а сядзела пры мне…
За сцэнай званок.
Хтож-бы гэта? Можа яна?! (устае, ідзе, адчыняе дзьверы).
Зьява 3.
Гаўдэнт і Уршуля (ўваходзіць).
Уршуля. Пан Гаўдэнт, выбачайце… У вас цяпер такое няшчасьце, а я да вас лезу са сваімі справамі.
Гаўдэнт. Ах, няшчасьце, вялікае няшчасьце, панна Уршуля!
Уршуля. Я вас хацела прасіць, каб вы, пан Гаўдэнт, нікому не казалі аб тым, што здарылася… што я… што я там была…
Гаўдэнт. А нашто казаць! Нікому я не скажу. Што мне да гэтага!.. Сядайце, калі ласка.
Селі. Паўза. Гаўдэнт і Уршуля час-ад-часу охаюць-уздыхаюць.
Уршуля. Пан Гаўдэнт! Вы здаецца ходзіце да споведзі да ксяндза Кяпкевіча?
Гаўдэнт. Але. Да Кяпкевіча. А вы?
Уршуля. Я таксама да ксяндза Кяпкевіча.
Гаўдэнт. Малады, але спавядае добра.
Уршуля. Ох, як добра!.. Я ня ведаю як мужчын, але нас, паненак, вельмі добра.
Гаўдэнт. Я заўсёды хадзіў адзін раз у год, перад Вялікаднём, але цяпер думаю ў гэтым тыдні пайсьці, — шмат грахоў набралося.
Уршуля. Я вас хацела яшчэ прасіць… Пан Гаўдэнт! Не кажэце ксяндзу Кяпкевічу аб гэтым са мной здарэньні.
Гаўдэнт. А нашто мне?.. У мяне столькі сваіх грахоў!.. А вось Магдзя рэдка ходзіць да споведзі. Добра было-б, каб і яе ўдалося намовіць… Панна Уршуля! Як панна Уршуля думае: ці Магдзя вернецца да мяне?
Уршуля. Пасьля ўсяго таго, што сталася, хіба была-бы без ніякага стыду, каб да вас вярнулася, да вас — чэлавека такога набожнага, скромнага… Яна ня ўмее вас ацаніць. А ёсьць душы, якія шукаюць запраўднага каханьня, гэтакага чыстага анельскага збратаньня душ…
Гаўдэнт. Вось я хацеў-бы, каб Магдзя глядзела на справу так як вы: гэткае чыстае братаньне двох душ. Але яна хоча чаго іншага… Выпьеце гарбаты, панна Уршуля?
Уршуля. Калі ваша ласка…
Гаўдэнт. Зараз будзе, я падагрэю самавар… (ідзе ў другі пакой, бярэ са стала самавар і нясе яго).
Уршуля. Ах, што вы! Вы самі будзеце ставіць самавар?
Гаўдэнт. Я заўсёды сам, бо Магдзя ня хоча ручкі пэцкаць.
Уршуля. Ах, як-жаж можна! Гэта не мужчынская работа… Дайце мне… (хоча ўзяць ад яго самавар).
Гаўдэнт. Ну не. Я ўжо прывык.
Уршуля. Але не! Дазвольце мне быць у вас сёньня за гаспадыню.
Гаўдэнт. Ну добра… Вуглі ў кухні каля печкі…
{{рэпліка|Уршуля||Добра, добра… я знайду… (выходзіць з самаварам у кухню).
Гаўдэнт (адзін). Добрае сэрца ў гэтай панны Уршулі, і набожная! Каб-жа мая Магдзя была гэтакая, вось было-б шчасьце! Ах, Божа мой! Я-бы кожну сераду і пятніцу пасьціў-бы, я-бы ў брацтва цьвярозасьці запісаўся…
Уршуля (з правых дзьвярэй). Пан Гаўдэнт! Сярнічкі маеце?
Гаўдэнт. Маю. (Дае сярнікі). Але ўзапраўды, панна Уршуля, гэтак не выпадае: я тут сіджу сабе, а вы працуеце!
Уршуля. Ах, такое глупства! Няма аб чым казаць.
Гаўдэнт. Але гэты самавар з фанабэрыямі, з ім трэба ўмець, вы можа не патрапіце…
Уршуля. Ах, я ўмею ладзіць ня толькі з самаварнымі фанабэрымі! Я кожную душу адчуваю, і кожнага разумею… І калі-б хто палюбіў мяне, я-бы была яму вернай прыяцелькай і рабіла для яго ўсё прыемнае. (Сядае на канапе).
Гаўдэнт (сядаючы побач). А вы нікога яшчэ не палюбілі?
Уршуля (саромліва). Ах, не пытайцеся! (апірае галаву яму на плячо).
Гаўдэнт. Што вы? змарыліся?
Уршуля. Абыймеце мяне! (Гаўдэнт нялоўка абыймае яе). Ах, так!.. Ах, як я шчасьліва!.. Нарэшце я знайшла чэлавека, які зразумеў і ацаніў мяне! Бо ў мяне душа незвычайная, мяне зразумець трудна… Ах, які пан Гаўдэнт прыгожы! Як можна вас не любіць! (закідае яму рукі на шыю).
Зьява 4.
Гаўдэнт, Уршуля, Магдалена (уваходзіць).
Магдалена. А! смачнага апатыту!.. можа перашкодзіла?
Уршуля (адскочыўшы ад Гаўдэнта). Ах!!
Магдалена. Што-ж гэта? Жонка толькі на адзін дзень выйшла з хаты, а муж знайшоў ужо сабе другую і цалуецца!
Гаўдэнт. Але-ж гэта не я… гэта не я…
Магдалена (дражнячы). „Не я, не я…“ А хто-ж гэта? (тыкае яго пальцам). Партрэт твой, ці што?
Гаўдэнт (ашаломлены яе нахальствам). Але-ж гэта не я знайшоў сабе… Я не шукаў…
Уршуля (д. с.). А шчасьце было гэтак блізка!
Магдалена. А хто шукаў? Значыцца панна Уршуля шукала?.. (іронічна). О, гэта добра! Надта гожа! вельмі пекна! Да кожнага мужчыны, як смала, клеіцца! Фэ! сорам, панна Уршуля! А набожная! Падумаеш, сьвятая якая! А як пабачыць мужчыну, дык ажно млее… Усе ад яе ўцякаюць, дык вось маеш якога знайшла сабе анёлачка! (З агідай да мужа). Ах, ты мядзьведзь!
Уршуля. Што?! Ад мяне ўцякаюць? О, выбачайце!.. Каб я толькі хацела!.. Але я ня думаю задавацца з кожным графскім лёкаем…
Магдалена. Але з чужым мужам!
Уршуля. Але не з графскім лёкаем!
Магдалена. А гэта-ж што за прытычка такая? Хто-ж гэта з графскімі лёкаямі задаецца? Можа я? што? можа я?! га?
Уршуля. А ну ведама, што пані Магдалена. Усім ведама.
Магдалена. Што?! Мяне тут абражаюць, а той (да мужа) стаіць тут як балван якійсь і нічога ня кажа! Муж ты мой, ці ня муж? Як ты пазваляеш жонку сваю абражаць!
Гаўдэнт (нясьмела). Магдзя! Калі-ж навет торбачка твая там засталася…
Магдалена. Якая торбачка? Дзе торбачка? Сам ты торбачка, калі ня ўмееш бараніць сваю жонку ад напасьцяў. Стаіць як пень дурны… Што, можа-б хацеў тут цэлы гарэм устроіць? Бачыце, султан які!
Уршуля. Пані Магдалена! няхай пані так не крычыць, бо пані найбольш вінавата…
Магдалена. Што?! не крычаць? Вось-жа буду крычаць! Бо я маю права крычаць. Хто тут гаспадыня? Я! Гэта мая хата і я крычу, а пані, калі не падабаецца, дык можаш сабе йсьці вон!
Гаўдэнт (да жонкі). Ах, што ты, Магдзя! Ня трэба так…
Уршуля. Што?! Можа яшчэ будзеш за яе заступацца? Прысягаў, што мяне не пакінеш? Прысягаў, пытаюся, ці не?
Гаўдэнт. Я прысягаў… Але, коцік, ня трэба так…
Магдалена. Я ведаю, як трэба… А пані, панна Уршуля, вон пайшла і ня сьмей ніколі больш сюды прыхадзіць — і канец!
Уршуля. Пан Гаўдэнт! Ці вы ня чуеце? Як вы пазваляеце гэтак мяне абражаць?
Гаўдэнт. Ведаеце што панна Уршуля! Ідзеце ўжо сабе дамоў, я ўжо сам самавар пастаўлю.
Уршуля. Эх, вы мужчыны! Гады хітрыя! Чорт вас хіба выдумаў на наша няшчасьце дзявочае! Ніводнаму ўжо з вас ніколі не паверу (выходзіць).
Гаўдэнт. Ідзеце ўжо дамоў, панна Уршуля! ідзеце ўжо сабе.
Магдалена (у сьлед Уршулі). Праклінай у сваёй уласнай хаце, а тут крычаць табе не пазволю.
Зьява 5.
Гаўдэнт і Магдалена.
Магдалена. Гэта мне падабаецца! Чужому мужу кідаецца на шыю і яшчэ крычыць… Але й ты добры! Як толькі застаўся на адзін дзень без мяне, дык зараз і завёў тут шуры-муры!
Гаўдэнт. Але, коцік, нічога такога не было…
Магдалена. Не дуры галавы! Я бачыла.
Магдалена (падыходзіць да яго і вырывае яму з рук торбачку). Нашто ўзяў маю торбачку! Не чапай! (кідае яе на стол).
Гаўдэнт. Вось ты, коцік-Магдзя, уляцела сюды й ўсё крычыш ды крычыш. А несправядліва. Папраўдзе кажучы, дык я павінен крычаць, а ня ты.
Магдалена. Чаму-ж гэта? цікавасьць! Таму, што я не начавала дома? Я начавала ў Фэлькі. Не магу-ж я начаваць у аднэй хаце з чэлавекам, які без прычыны на людзей кідаецца. Я баялася, каб ты мяне ў начы не зарэзаў.
Гаўдэнт. Не, не аб тое йдзе… Але вось торбачка…
Магдалена. Што торбачка?
Гаўдэнт. Твая торбачка была ў гэтага лёкая, у Мацальскага, ці як яго?
Магдалена (няшчыра). Торбачка? Ха-ха-ха! Торбачка! Дык-жа ты нічога ня ведаеш, што гэты жулік Мацальскі як прычапіўся да мяне, дык я ніяк не магла адчапіцца… Усё прасіў, каб я дала яму на памятку сваю хустачку. Я не давала, дык ён узяў разам з торбачкай. І добра, што ты пайшоў і адабраў ад яго… Гм! Жулік які! І падумаць толькі! Кажа: граф! граф! „авэк плязір“, і „мадам-мэсье“ — усё толькі вучоныя словы, усё пафранцузку, а бач! — лякай! А каб яму пуста было!..
Гаўдэнт. А, коцік, а шпілька? А якім чынам шпілька…
Магдалена. Якая шпілька?
Гаўдэнт (выймае з кішані шпільку). А вось твая шпілька… на яго ложку валялася…
Магдалена. Гэта не мая шпілька!
Гаўдэнт. Як не твая? Я-ж добра ведаю, я-ж сам табе купляў гэтыя шпількі.
Магдалена. Вось яшчэ чаго! Што-ж гэта — адна на ўсім сьвеце ёсьць такая шпілька? Шмат такіх шпіляк! Хто яго ведае, чыя гэта шпілька! Выкінь яе вон!.. Або не! дай лепш мне, у мяне не хапае, валасы раскідаюца. (Бярэ з яго рук шпільку і ўсаджвае сабе ў валасы). Але што гэта ты мяне так дапытываеш? Ці ня думаеш ты толькі, што можа я… О! гэтага толькі не хапала-б! Няма дзіва, што гэткая панна Уршуля мяне не паважае і ўселякія глупствы гавора, калі мой уласны муж чорт ведае, што аба мне думае!.. Ах, Божа мой! Вось лёс! Вось доля! Салодкае жыцьцё з гэтакім чэлавекам, няма што казаць!
Гаўдэнт. Ты, Магдзя-коцік, на мяне ня гневайся, але калі, ведаеш, як толькі што: ці вечарына, ці маёўка, дык хлопцы каля цябе так і круцяцца, так і круцяцца!
Магдалена. А што-ж? Ты-б мо’ хацеў, каб ад мяне ўцякалі так, як ад гэтае панны Уршулі? Ты-ж павінен цешыцца, што твая жонка ўсім падабаецца.
Гаўдэнт (скрабецца ў лысіну). Так то яно так… але… калі… таго… як той казаў… не таго!
Магдалена (гладзіць яго па лысіне). Ну, ідзі падагрэй самавар, бо мне хочацца гарбаты, у горле перасохла ад гэтай дурной гутаркі.
Гаўдэнт. Добра, коцік! Я зараз… Хутка будзе… (ідзе ў кухню).
Зьява 6.
Магдалена (адна), пасьля Гаўдэнт.
Магдалена (уздыхнуўшы). Ох! выкарабскалася з бяды! Ну і дзякуй Богу! (ідзе да люстэрка, пудрыцца). Гм! падумаць толькі! жулік які! Кажа: „граф!“ (іроніч.). Добры граф! з кухаркамі шуры-муры заводзіць. Кухарка выкінула Фэльку за дзьверы так, што тая ледзь нагу сабе не зламала! (падыходзіць да правых дзьвярэй). Гаўдэнт! што там робіш?
Гаўдэнт (за дзьвярыма). Я дзьмухаю.
Магдалена. Ну добра… Дзьмухай, дзьмухай! (д. с.). Але добра гад танцуе і такі аляганцкі. Няма дзіва, на службе сваей наглядзеўся на паноў, дык і сам як пан… Лоўка танцуе… (пяе мелёдыю вальса і кружыцца па сцэне).
Гаўдэнт (уваходзіць з самаварам). Вось ужо пачаў шыпець, зараз закіпіць. (Паставіў самавар у другім пакоі на стале, вярнуўся і сеў на канапе).
Магдалена (сядае яму на калены). Ах, ты мой мядзьведзь дурны! налпа ты касматая! пумпачка ты! (кляпсае яго рукой па твару і па лысіне).
Гаўдэнт (шчасьлівы). Коцік мой! Магдзенька мая!.. Божа мой! Ты-ж гэта, ці ня ты? Якая ты добрая, якая прыгожая… Ведаеш што? Я сягоньня маліўся і прасіў усіх святых, каб яны перэрабілі цябе… І стаўся цуд! Сьвятыя пачулі мае малітвы, і сталася іншай, добрай… Ах, Магдзя, коцік мой! які я цяпер шчасьлівы!
Магдалена (я. в.). Жэ ву зэм жэ ву задор ком ле ш’ен кі э мор…
Заслона.
КАНЕЦ.
Люты, 1922.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.