Шыпшына (1927)/IV/Дарагія мае

Сёньня я ўспомніў Дарагія мае
Верш
Аўтар: Пятро Глебка
1927 год
Месяц нурцуе
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дарагія мае.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




…Слова безнадійні, а життя — проспект…
Володимир Гадзінський


IV


ДАРАГІЯ МАЕ

Дарагія мае, дарагія,
паглядзеце папросту у вочы,
бо ўжо заўтра дарогі другія
хто сьлязьмі, а хто песьняй аточыць.

А здаецца нядаўна, бы ўчора,
залатая была тады восень,
і дрыжалі, дрыжалі зоры,
асыпаліся сьпелым калосьсем.

Асыпалася лісьце у ветрах,
а вятры яго несьлі далёка.
Вось чаму мне хацелася верыць
ў хараство, што ня бачыла вока.

Мы спаткаліся ў гэтую восень,
быццам сьмех, цярусіўся дождж.
.............
Адцьвілі залацістыя косы,
маладосьць ты мая, маладосьць!

‘Шчэ нядаўна, як быццам учора,
любаваўся блакітам вачэй,
а каса, аж да сіняга чорная
засьнявала асмугласьць плячэй.

А цяпер галава адцьвітае
і усьмешкі вясёлай няма.
Жаўталісьцямі дні дагараюць
і зямлю засьцілае туман.

Ночы гэтыя цёмна-асеньнія
навяваюць вятрамі тугу…
А сапраўды, якое вясельле,
калі брата кладуць у труну?

Дарагое з усьмешкай аблічча,
я дарую за ласкі табе,
толькі вусны хай болей ня клічуць
ў гэтай страшнай, асеньняй журбе.

Няхай вецер жалобай ня сьвішча,
не шасьціць у кляновым гальлі,
бо вось гэта пажоўклае лісьце
шэпча мне, што калісьці любіў.

Можа так, але зараз другое:
бачыш восень — гаі адцьвілі,
і апрыкрала шмат дарагога,
быццам жоўкласьць асеньняя ліп.

І здаецца, што дзесьці далёка
зацьвітае шыпшына зімой,
а у нас на радзімых балотах
расьцілаецца ў шэрані мох.

Дык таму я гатоў валацугай
у далёкія мкнуцца краі,
каб і ты, Беларусь, па-над лугам
апранула зарніцы страі.

Будзе раніца, белая раніца,
замігаюць сьняжынкі, спадуць, —
мо‘ ня думы, дык сэрца параняць,
да ваколіц сваіх ня прыду.

Маладосьць тады толькі прысьніцца
і дзяўчыны асмуглай рука,
што калісь абняла над крыніцай,
будзе гнеўна нажом наракаць.

Але ўсё-ж разьвітаемся хіба?!
Хай імкненьні ня гаснуць, ня гінуць,
бо бяз радасьці — лепей пагібель,
дарагія мае, дарагія!

Верасень, 1926 г.
Менск